«Ля аднаго вогнішча»

1976

Описание

У кнізе расказваецца аб творчасці Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, В. Зуёнка і іншых. Гэта майстры розных творчых індывідуальнасцей. Сёння яны разам са сваімі старэйшымі таварышамі нясуць «галоўную службу» ў літаратуры, пішуць таленавіта і цікава. Ідэйна-мастацкая праблематыка іх творчасці, звернутай да сучасніка, выключна багатая і разнастайная. Аб гэтым і вядзе гаворку аўтар.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Уладзімір Гніламёдаў Ля аднаго вогнішча Літаратурна-крытычныя артыкулы

Уступ

Развіццё літаратурнага працэсу адбываецца, можна сказаць, хвалямі: тут ёсць свае прылівы і адлівы, уздымы і спады. Помніцца, як некалі, у пачатку 50-х гадоў, крытыка трывожылася адсутнасцю маладых талентаў. У беларускай паэзіі гэтага часу называліся толькі два новыя імені: Аляксей Пысін і Пятрусь Макаль. Вядомы рускі паэт М. Луконін з уласцівым для яго гумарам шкадаваў: «Старэем, таварышы! Амаль няма каму напісаць: „іду — прыгожы дваццацідвухгадовы…“ Прыгожых шмат, а дваццацідвухгадовых не відаць…» («Литературная газета», 1954, 10 жніўня.)

У другой палавіне 50-х-60-х гадоў адбылося паскоранае станаўленне творчых індывідуальнасцей Сцяпана Гаўрусёва, Ніла Гілевіча, Міколы Арочкі, Уладзіміра Караткевіча, Еўдакіі Лось, Рыгора Барадуліна, Алега Лойкі, Кастуся Цвіркі, Івана Калесніка, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Паўлава, Сямёна Блатуна, Янкі Сіпакова, Дануты Бічэль-Загнетавай, Марка Смагаровіча, Веры Вярбы, Анатоля Вярцінскага, Генадзя Кляўко, Уладзіслава Нядзведскага, Уладзіміра Карызны, Артура Вольскага, Юрася Свіркі, Міхася Рудкоўскага, Анатоля Грачанікава, Валянціна Лукшы, Васіля Зуёнка, Рамана Тармолы і іншых.

Бачыце, колькі цікавых мастакоў, з сур’ёзнай жыццёвай школай і загартоўкай, дало гэтае пакаленне (а я ж не ўспомніў аб празаіках, драматургах, публіцыстах, крытыках — іх таксама багата) — пакаленне, якое добра запомніла словы Льва Талстога: «У мастацтве самае галоўнае — сказаць нешта сваё». Гаворка ідзе пра цэлае сузор’е таленавітых, самабытных мастакоў, якія як асобы, індывідуальнасці фарміраваліся ў ваенныя і пасляваенныя гады.

Гэта паэты майго пакалення, яны ўяўляюцца мне неяк усе разам, ля аднаго вогнішча, якое зырка гарыць, выразна высвечваючы іх абліччы. Аблічча, зразумела, у кожнага сваё, але ў многім іх аб’ядноўвае агульнасць жыццёвых дарог і чалавечага лёсу. Як жа інакш — ля кастра збіраюцца звычайна аднадумцы.

З чаго яны пачыналі тады — у 50-я гады?

Перш за ўсё кожны імкнуўся неяк асэнсаваць свой жыццёвы і эмацыянальны вопыт, набыты за час вайны і ў цяжкія для ўсёй краіны пасляваенныя гады.

Маладыя прыйшлі ў літаратуру з усім, што з’яўлялася ім блізкім і дарагім, што зведалі асабіста. А перажыла было шмат…

Адны — такія, як Аляксей Пысін, — з першага дня на фронце, другія — маладзейшыя — аказаліся ва ўмовах нямецка-фашысцкай акупацыі і ўсенароднага супраціўлення ворагу.

Час быў цяжкі.

Па працягу вайны, як вядома, фашысты спалілі 9200 беларускіх вёсак і гарадоў. Большую частку — разам з жыхарамі.

І якой толькі ў свеце бяды Не спазнала я ў тыя гады!.. Што такое бяздом’е сцюжнае, Што такое бяссонне мужнае, Што такое, як есці хочацца, Што такое, як раны сочацца… (Е. Лось)

Не суцішыўся боль, перажытае і сёння стукае ў сэрца:

Жвірам аслепіць адчаю вока Просьба малых да ката: — Не засыпай зямлёю глыбока, А то нас не знойдзе тата… (Р. Барадулін)

Гэта — праўда. Такое не прыдумаеш.

З насельніцтва рэспублікі загінуў кожны чацвёрты. А на Віцебшчыне — там яшчэ больш — кожны трэці! І ўсё ж такі душы людскія не зачарсцвелі, не вычарпалася прага дабра і прыгажосці, прага жыцця, цікавасць да яго шматстайнасці. Перажытае, выпакутаванае навучыла паважаць жыццё, цаніць мір, думаць высокімі маральнымі катэгорыямі дабра і справядлівасці. Гэта перадалося і маладзейшым, падказала лепш, больш свядома вырашаць гуманістычныя задачы, якія стаяць перад грамадствам.

К. Маркс лічыў, што «багаты чалавек — гэта ў той жа час чалавек, які мае патрэбу ва ўсёй паўнаце чалавечых праяў жыцця» Цяпер паўната «праяў жыцця» нашмат павялічылася. У 50-60-я гады ў сферу мастацтва ўваходзяць новыя бакі рэчаіснасці, узбагачаецца канцэпцыя героя. Пазнаваўчыя магчымасці паэзіі аказваюцца неаддзялімымі ад развіцця самога чалавека, звязанага з народам, з яго ідэалогіяй і мараллю. Чалавечая асоба ўбірае ў свой унутраны свет значныя праблемы эпохі і сваё «прыватнае» мысліць у арганічнай сувязі з вялікім светам народнага жыцця.

Паэты, пра якіх мы гаворым, амаль усе пасля заканчэння сярэдняй школы набылі універсітэцкую філалагічную адукацыю, аднак менш за ўсё іх можна было папракнуць у залішняй літаратурнасці. Не, да рэчаіснасці яны ставіліся з тым своеасаблівым жыцейскім «рэалізмам», які з самага дзяцінства абумоўліваў усё іх светаўспрыманне: спачатку жыць, потым пісаць.

Адным з першых заўважыў тагачасных маладых і сардэчна вітаў іх старэйшы пісьменнік Піліп Пестрак: «Гэта, можна сказаць, — пісаў ён, — выйшла на шлях літаратуры новая, свежая плеяда здольных паэтаў. І хоць у іх паэтычных галасах нямала агульнага, аднак кожны так ці інакш мае сваю адметнасць, наметкі ўласнай мастацкай манеры» (Літаратура і мастацтва, 1960, 9 студзеня).

Калыскай маладых талентаў стаў часопіс «Маладосць», які пад кіраўніцтвам П. Панчанкі і іншых пісьменнікаў вёў з імі вялікую выхаваўчую працу, пасылаў у творчыя камандзіроўкі, абмяркоўваў і друкаваў творы.

Маладыя паэты пільна ўслухоўваліся ў шматгалоссе свету. Іх таленты ў многім раскрыліся і ў першых кнігах, некаторыя з якіх з’явіліся ў сярэдзіне і другой палавіне 50-х гадоў, а таксама ў пачатку 60-х. Яны звярнуліся да жывой чалавечай споведзі, у якой асабіста перажытае аб’ядналася з грамадскім вопытам, прыпалі да жывой «ракі па імені факт». У іх творчасці рэзка ўзрасла павага да факта, дакладнасці, праўды і разнастайнасці жыцця, узятага як мага паўней, у шматмернасці грамадскіх сувязей. Моладзь плённа развівала сацыяльна актыўны верш, У сваёй паэме-рэпартажы «Будні салігорскія» У. Нядзведскі задзірыста пісаў:

Я шчыра кажу: не першы, Не першы і не апошні Налез я, сябры, па вершы У пыл і ў пясок дарожны.

На заводзе, на будоўлі, у цалінным стэпе паэзія адчувала сябе як дома, — паэты паспявалі, здаецца, усюды. Грамадзянская смеласць іх праявілася ў тым, што яны рашуча шукалі і ставілі пытанні нялёгкія, вострыя, складаныя, пытанні, адказы на якія не заўсёды былі запраграміраваны. Асабісты, індывідуальны пачатак у паэзіі многіх з іх вызначыўся вельмі ярка і выразна.

У другой палавіне 60-х гадоў гэта пакаленне разам з усёй літаратурай ідзе ўглыб, пачынае шырока звяртацца да каштоўнасцей народнага быцця. У іх — у любві да працы і міру, адзінстве чалавека і прыроды, у імкненні рабіць дабро — яно шукае процівагу ідэалогіі «атамнай смерці», разбуральным сілам імперыялістычнай рэакцыі, капіталістычнаму адчужэнню асобы.

Галоўнае ў савецкай рэчаіснасці гэтага перыяду склаў бурны рост народнай актыўнасці, прыліў творчых сіл, які ўзмацніў адчуванне глыбокіх зрухаў у грамадскай вытворчасці, навуцы, мастацтве, уяўленнях аб сусвеце і месцы чалавека ў ім. Час велічных сацыяльных і палітычных зрухаў супаў з паласой капітальных навуковых адкрыццяў, з векам атамнай энергіі і асваення космасу. Па ўсім было відаць, што ўзрастала роля суб’ектыўнага фактару — актыўнасці людзей, іх стваральнай дзейнасці. Перадавыя імкненні ўсяго грамадства дыялектычна ўзаемадзейнічаюць з асабістай ініцыятывай людзей, якая апладняе агульны рух.

У паэзіі праламляўся сам час.

А гэта быў час аднаўлення і развіцця ленінскіх дэмакратычных норм жыцця, рэзкага абнаўлення духоўнага, маральнага «клімату» савецкага грамадства, росту яго самасвядомасці, пачуцця адказнасці, гуманізму. Чалавек спраўджваў свае індывідуальныя магчымасці ва ўсіх галінах сацыяльна-грамадскага жыцця — эканоміцы, палітыцы, культуры і мастацтве.

«Прыйшоў час вершаў», — так называецца адзін з артыкулаў у альманаху «День поэзии», які выйшаў у 1956 годзе ў Маскве.

Янка Непачаловіч тонка адчуў:

Я рад, што змоўклі оды — Апрыкрылі яны: Дзе оды, там заўсёды Ёсць месца для маны…

Вершы выйшлі на плошчы і паркі, у людныя аўдыторыі клубаў і тэатраў. Лірыка аб’ядналася з «шершавым языком плаката». Гэты час называюць «парой эстрады» (канец 50-х — пачатак 60-х гадоў). У меншай ступені эстрада закранула беларускую паэзію. Але і тут узмацнілася, так сказаць, персанальная цікавасць чытачоў да асобы паэта, які часта дапаўняў сілу сваіх вершаў асабістай чалавечай абаяльнасцю.

У гэтага пакалення быў моцны духоўны кантакт са старэйшымі паэтамі — П. Броўкам, А. Куляшовым, М. Танкам, П. Панчанкам, А. Вялюгіным і іншымі, не гаворачы ўжо пра Купалу і Коласа, без глыбокага ўплыву якіх немагчыма ўявіць працэс маральна-эстэтычнага станаўлення сучаснай беларускай паэзіі. Маладзейшыя перанялі ад Купалы і Коласа пачуццё каранёў, народнасць і дэмакратызм. Яны адчувальна — пад уздзеяннем часу — узбагацілі са цыяльна-эстэтычную аснову беларускай паэзіі, паглыбілі духоўна-псіхалагічную сутнасць лірычнага характару і пашырылі пазнавальную сферу. Крытыка з поўным правам на гэта загаварыла пра інтэлектуальнасць, асацыятыўнасць мыслення, урбанізм, касмічную маштабнасць бачання.

Маладыя — гэта ўласціва ўсім — інтэнсіўна аднаўлялі змест і форму паэзіі, яе тэматыку і. праблематыку. Яны свядома ставілі задачу стварэння літаратуры актыўнай думкі, здольнай перадаць інтэлектуальную атмасферу часу, інтэнсіўна аднаўлялі выяўленчую сферу, прыцягваючы дзеля гэтага шмат у чым агульныя прыёмы жывапісу, графікі, музыкі.

Сёння той-сёй скардзіцца на інфантыльнасць цяперашняй маладой паэзіі. Пра маладых пісьменнікаў — «шасцідзесятнікаў», як іх называлі, так нельга было сказаць, але вакол іх творчасці, асабліва на раннім этапе, было шмат гарачых спрэчак. Некаторыя з іх — гэтых спрэчак — мы прыгадваем далей, на наступных старонках, калі гаворка заходзіць пра асаблівасці творчага станаўлення і развіцця мастацкіх індывідуальнасцей нашых «шасцідзесятнікаў». Значнасць укладу іх у літаратуру ні ў кога не выклікае сумнення.

Зварот да карэнных, вузлавых пытанняў сучаснасці ва ўсёй іх складанасці і ўзаемасувязі ставіў перад паэтамі высокія патрабаванні, пашыраў ідэйна-стылявыя магчымасці верша, прымушаў часцей адмаўляцца ад інфармацыйнасці, апісальнасці ў карысць мастацкай выразнасці, лірычнага самавыяўлення. «Высокі стыль», які ў пачатку 50-х гадоў пераважаў, адступае на задні план, даючы месца больш натуральнаму сінтаксісу, размоўнай інтанацыі, разнастайнасці гукавых асацыяцый. Праз нарысавасць, дзённікавасць, «непрычасанасць» стылю, фармальна-мастацкае наватарства паэзія шукала выйсцяў да іншага светаадчування і творчага стану.

Героя беларускай паэзіі на ўзмежжы 50-60-х гадоў цяжка было папракнуць у ідылічнасці светаўспрымання. Паэзія шырока выяўляла яго «суб’ектыўны», «асабовы» падыход да складаных з’яў рэчаіснасці.

Сур’ёзная заслуга паэзіі адзначанага перыяду — паглыбленне яе лірыка-публіцыстычнага гучання, у якім індывідуальнае, асабістае спалучаецца з шырынёй грамадзянскага гучання твора. Гэта вынікае з таго, што паэзія ўзяла накірунак у глыбіню сацыяльнай і маральнай праблематыкі, псіхалогіі, побыту.

Словам, паэзія ўзбагачала сваю эмацыянальную палітру. Сам час стымуляваў шырокі размах паэтычных пошукаў. Адбывалася тое, пра што пісаў некалі І. Бэхер:

«Новы герой, які думае і адчувае, паступова пачынае звяртацца да палітычных і маральных праблем сучаснасці — і вось адраджаецца і абагульняецца жанр філасофскай, інтэлектуальнай, грамадзянскай лірыкі. Новы лірычны герой можа быць іранічны, насмешлівы — і вось вам умова для адраджэння гумару ў паэзіі. Ён можа быць рэзкі і бязлітасны — і вось вам уздым сатыры. Ён вольны ў выражэнні сваіх любоўных пачуццяў — і вось вам росквіт любоўнай лірыкі. Ён не хавае свайго захаплення прыгажосцю прыроды — вы бачыце ажыўленне пейзажнай лірыкі і г. д. Для яго няма забаронных сфер».

Мы былі сведкамі, як плённа развівалася паэзія — палітычная, філасофская, інтымная, пейзажная…

Рэдкая рэцэнзія абыходзілася без заахвочвальных заўваг (калі былі на тое падставы): паэт імкнецца быць арыгінальным, мець свой почырк, гаварыць па-свойму, заставацца самім сабой.

Не абыходзілася, вядома, без некаторых экстравагантных крайнасцей, залішняга суб’ектывізму, супярэчнасцей. Але час усё паставіў на сваё месца, узмацніў у іх творчасці цвярозую рэалістычнасць светаўспрыняцця, адказнасць, паглыбіў унутраную змястоўнасць творчых індывідуальнасцей.

Блажен, кто смолоду был молод. Блажен, кто вовремя созрел.

Мудрую думку Пушкіна ўспамінаеш, гартаючы творы паэтаў гэтага сярэдняга пакалення, назіраючы за тым, як выспявалі іх таленты, якімі яны сталі сёння дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў агромністай стваральнай дзейнасці савецкага народа. На іх вачах адбываюцца вялікія сацыяльна-рэвалюцыйныя пераўтварэнні на планеце, іх хвалюе ўсё.

Свет адкрываецца ва ўсёй сваёй складанасці і маральнай глыбіні, выклікаючы пачуццё саўдзелу і суперажывання. Адточваецца аналітычная думка:

Я — камуніст. І не люблю хавацца. Ды я прыйшоў пад Ільічовы сцяг Не для таго,              каб глухнуць ад авацый — Каб несці рэвалюцыі працяг. А на шляху да светлых камяніц Яшчэ чакаюць чорнай працы горы… (Г. Бураўкін)

Паэзія, знаходзячыся ў пастаянным пошуку, адкрывае ў народзе новыя духоўныя рэсурсы. Абавязак крытыкі — паказаць ідэйна-мастацкую адметнасць і непаўторнасць кожнага з удзельнікаў гэтага пошуку.

У час працы над гэтымі нарысамі мяне не пакідала думка, што мы мала ведаем сваіх паэтаў, што пра іх варта больш пісаць, прапагандаваць іх творчасць. Аднак, вядома, расказаць пра ўсіх — у адной кнізе — немагчыма. На першы раз мы спыніліся на тых, пра каго ўжо даводзілася, у той ці іншай сувязі, пісаць у перыядычным друку, гаварыць, выступаючы па радыё і тэлебачанні (ёсць у літаратурнага крытыка і такая трыбуна).

Сягоння гэтыя паэты разам са сваімі старэйшымі таварышамі нясуць «галоўную службу» ў літаратуры. Так, «сталасць» з’яўляецца найбольш прыдатным агульным паняццем для іх ацэнкі, аднак кожны з іх — на працягу апошніх дваццаці, прыкладна, год — ішоў сваёй дарогай.

Тым не менш іх і сёння можна ўявіць ля аднаго вогнішча, што зырка гарыць, асвятляючы твары сяброў…

Кніга адрасавана шырокаму чытачу — перш за ўсё моладзі. Такая акалічнасць вымагала ад аўтара спыняцца не толькі на адметнасці творчага шляху герояў гэтай кнігі — паэтаў, але і раскрываць змест і значэнне некаторых тэрмінаў і паняццяў: лірычны характар і лірычны герой, тып вобраза і верша, сюжэт, стыль і іншае.

Свет паэта (Аляксей Пысін)

Гэта была, здавалася б, даволі звычайная сустрэча некалькіх пісьменнікаў з мінскімі чытачамі. Асаблівы поспех выпаў на долю Аляксея Пысіна, які літаральна паланіў усіх вершамі з новай кнігі «Ёсць на свеце мой алень», — яна тады, у 1978 годзе, толькі што выйшла з друку.

Ні той час, ні той міг не забыты. Бачу я: на зямную мяжу Мой камбат апусціўся забіты І я побач з камбатам ляжу. Хто там скардзіцца, што ў батальёне Шмат знямелых штыкоў, мала рук?.. З батальёнам, лічы, нас мільёны — Так засведчыць бы мог палітрук.

Зала прыціхла, слухаючы пысінскую «Баладу пра камбата», суперажываючы лёсу яе героя.

Лёсаў колькі вайна памалола!.. Чорным снегам сыпнула зіма. Ні дачушкі, ні сына малога Ў маладога камбата няма. І атаку мы зноў адбіваем, За сябе і за вас пастаім. Хоць вам, дзеці, якіх уяўляем, Нарадзіцца, напэўна, не ўсім. …Ты, журба, як адчутая страта, Вы, трывогі, адкуль, ад каго? — А мы — дзеці, мы — дзеці камбата, Мы — адзіныя дзеці яго.

Аўтар скончыў чытаць, але воплескі пачуліся не адразу: людзі былі душэўна ўзрушаны пачутым, кожны думаў пра нешта сваё, сэрцам дакранаючыся да гераічнага подзвігу паэта і яго равеснікаў.

Думалася пра сілу і моц паэзіі, якая здолела сабраць у адным перажыванні жыццё цэлага пакалення і намаганнямі таленту ўзняць яго на такую вышыню душы!

Лёс паслаў Аляксею Пысіну нялёгкую жыццёвую дарогу. Нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пра свой жыццёвы «пачатак» ён гаворыць у аўтабіяграфіі, успамінаючы песні, якія хораша спявалі хлопцы і дзяўчаты, і — гэтая дэталь здалася мне вельмі цікавай у дачыненні да яго паэзіі — мноства крынічак у ваколіцах роднай вёскі Высокі Борак: «Ці ты ў лузе, ці на папасе — усюды знойдзеш паблізу крынічку. То яна трапеча ў замшэлым пазелянелым зрубе, то струменіць адкуль-небудзь з-пад горкі ці проста ўзнікае там, дзе конь капытом ступіў».

З адной з іх і пачалася ручаіна паэзіі Аляксея Пысіна, плынь якая з цягам часу ўсё больш мацнела.

Пісаць ён пачаў яшчэ да вайны, калі вучыўся ў вясковай школе, а затым — у канцы 30-х гадоў — у Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску. Першы верш быў надрукаваны ў газеце «Чырвоная змена» ў 1938 годзе. Аднак першая кніга — «Наш дзень» — выйшла толькі ў 1951 г. Тыя вучнёўскія вершы ў яе не трапілі, а ўвайшлі творы, напісаныя пасля вайны. Па іх відаць было, як знудзіліся рукі былога воіна па мірнай стваральнай працы — сеяць, жаць, будаваць. Праўда, нельга сказаць, каб вершы яго вызначаліся нейкімі асаблівымі эстэтычнымі якасцямі. Паэзія Пысіна была вельмі прадметнай: аўтар браў нейкі факт, дэталь, рэч — жолуд, серп, крэмень — і праз іх апісанне ішоў да мастацкага абагульнення рэчаіснасці. Гэтым вершам («Шлях Гастэлы», «Крэмень», «Медаль», «Летапіс» і інш.) нельга адмовіць у паэтычнасці, аднак яны недастаткова (не ў меру магчымасцей аўтара) судакраналіся з жыццём і з душэўным светам аўтара. Адсюль — некаторы недахоп унутранай праўдзівасці, пагроза штучнасці (скажам, там, дзе ён прапануе Млечны Шлях назваць шляхам Гастэлы, каб такім чынам увекавечыць подзвіг героя), фактаграфічнасці («Наш дзень»), інфармацыйнасці («Крэмень») і г. д. Стваралася ўражанне, што паэт выступаў не столькі ад сябе, ад сваёй асобы, колькі ад нейкага празмерна абагульненага, абстрактнага «я», пазбаўленага так неабходных у паэзіі жывых, непаўторных рыс.

Падобныя недахопы ў нейкай меры былі ўласцівы і наступным яго зборнікам — «Сіні ранак» (1959) і «Сонечная паводка» (1962). Разам з тым яны сведчылі пра накапленне ў творчасці паэта новых якасцей. В. Тарас трапна пісаў пра «Сонечную паводку»:

«А. Пысін вельмі арганічна звязаны з навакольным светам, з роднай прыродай; ён проста і шчыра размаўляе і з лесам, і з вавёркай, і з чайкай… Яго паэзію можна параўнаць „з ціхай крыніцай, што бруіцца ў зялёнай дуброве“. Каля такой крыніцы міжволі цяплее голас, залішне гучнае слова становіцца ненатуральным, светлы сум уваходзіць у сэрца» (Полымя, 1962, № 7, с. 181).

Добрых вершаў з’яўлялася ўсё больш: «***Сок бяроз і начлежны дымок», «Ручнікі», «Рэха», «Рабіны», «Сланечнік» — у гэтых і іншых творах знайшлі адлюстраванне дабрата паэта, любоў да жыцця і чалавека-працаўніка. Яны сведчылі, што яго мастацкае станаўленне працягвалася. А некаторыя вершы прадвяшчалі будучага Пысіна.

Перад фатографам жанчына Хавае рукі пад фартук, Нібы ёсць нейкая прычына Саромецца ўласных рук. Фатограф і суседкі раяць: — Без фартука лепш зняць бы Вас… Але не ведае старая, Што ў рукі ўзяць на гэты час. Палола лён… Снапы вязала… Дзяцей люляла па начах…  Часіны не гэткае не знала, Каб не трымаць чаго ў руках.

Паглядзіце, які праўдзівы, філасофска насычаны (гаворка ідзе пра сэнс жыцця) партрэт вясковай жанчыны намаляваны тут. Жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы… За гэтым партрэтам бачны другі — партрэт лірычнага героя, ці самога паэта, — разумнага, добрага, чалавечнага.

Дарэчы, пра лірычнага героя Лірычны герой перш за ўсё мае адносіны да паэзіі, асабліва да лірычнай паэзіі. За ім стаіць постаць паэта, яго душэўны стан, перажыванні, выкліканыя той ці іншай жыццёвай сітуацыяй. Верш «***Перад фатографам жанчына…» можна разглядаць як праяўленне лірычнага героя паэта, чыё ўнутранае жыццё ўсё мацней зрасталася з быццём народным.

Верш быў напісаны ў 1958 годзе. Тады, на ўзмежжы 50-60-х гадоў, у паэзіі Пысіна ўсё больш заўважалася прыкмет новага. Прыходзіць цвёрдае разуменне, што ісціны, якія ён, так сказаць, абараняе ў сваіх вершах, павінны быць перажыты ім асабіста, а не ўзяты, як кажуць, напракат або пазычаны ў некага і толькі загорнуты ў прыгожую ўпакоўку.

У тым жа 1958 годзе ён надрукаваў вядомы свой верш «Вузел», надаўшы яму ў пэўным сэнсе праграмнае значэнне.

Не ведаю, якім вузлом Навекі я прывязак Да старых сосен за сялом, Да яблынь, груш і вязаў; Да кладак гладкіх, Валуноў, Да траў, жытоў на ўзлесках, Да партызанскіх курганоў І помнікаў гвардзейскіх… Адно я знаю: гэткі меч На свеце не скуецца, Каб мог ён вузел мой рассеч, Не закрануўшы сэрца.

Гэта быў час, калі перабудоўвалася, набліжаючыся да рэчаіснасці, творчая пазіцыя паэта, калі яго лірычнае «я» ўсё паўней убірала ў сябе галасы самога жыцця, бясконца разнастайнага і зменлівага. Гэта вяло да ўзбагачэння асобы. Таму што ўнутранае багацце асобы зыходзіць з багацця яе рэальных сувязей. Літаратура імкнецца да больш канкрэтнага і больш праўдзівага даследавання пачуццяў чалавека, за якімі стаяць яго грамадскія сувязі.

У «Сінім ранку», здаецца, упершыню далёкім рэхам адгукнулася ваенная біяграфія паэта: «Мы маладосцю баранілі усё, ў што верылі, любілі». Пра вайну, пра страты нагадваюць яму рабіны на палявым узмежку — «Нібы кагосьці з далёкіх пуцявін чакаюць на сваім парозе». У «Сонечнай паводцы» гэты матыў узмацняецца:

Ляглі сябры ва ўсім паходным, Гарматы сціхлі. Цішыня. Што сніцца ім пад небам родным На досвітку, ў пачатку дня? Над імі жаўранак цвіркоча, Трапеча, долу дастае. Нібы падняць забітых хоча, Ды толькі сілы не стае.

Свет, жыццё ўсё шырэй адкрываюць перад паэтам сваю прыгажосць і патрабуюць ад яго чалавечнасці.

Я пазнаю цябе, зямля, Па тым, як пласт кладзецца, Як пахне свежая ралля, Па тым, як колас гнецца, Па тым, як сэрца б’ецца.

Імкненне да адлюстравання праўды жыцця ў яе шырэйшым і глыбейшым аб’ёме вяло да больш поўнага выяўлення асобы паэта, якой яна ёсць, у багацці перажытага. У вершах часцей знаходзім «кардыяграму лёсу», згустак біяграфіі паэта, перажытае ім, сваё. «Са мной душа і мова матчына і песня вечная яе».

Ва ўсёй савецкай паэзіі ў гэты час — на пачатку 60-х гадоў — узрасла цана на талент гаварыць «ад сябе» пра сацыяльна-агульнае, уключаючы яго ў сферу сваіх перажыванняў, на ўменне ператвараць «пазаасабовыя» каштоўнасці ў асабовыя. І тое, што ў пысінскай паэзіі 60-х гадоў пабольшала ўнутранай думкі, гарачай «суб’ектыўнасці» ў яе сапраўдным, творчым сэнсе, азначала, што працэс станаўлення і ўмацавання яго мастацкай індывідуальнасці пайшоў шпаркімі тэмпамі. Паэт больш уважліва і паслядоўна звярнуўся да ўласнага вопыту, падзей і фактаў сваёй біяграфіі.

У 1965 годзе выйшла кніга яго вершаў «Мае мерыдыяны», якая паказала, што асноўнае, вызначальнае ў жыццёвым і духоўным вопыце паэта — вайна, у якой яму давялося ўдзельнічаць і пра якую ён шмат піша: «Дні мае — маўклівыя сапёры — ўсё ідуць яшчэ з вайны». Аўтар прайшоў вайну ад першага да апошняга дня, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. У свеце паэта навекі засталіся і тыя Падгор’і, Селішчы, Вусці, Баркі, што трапляліся яму на франтавых дарогах. Якраз у сферы гэтай тэмы лірыка паэта вельмі моцна і натуральна спалучаецца з усёй яго асабістасцю: «Мне пажары, пажары ўсё сняцца, я баюся аслепнуць ад іх».

Пяць патронаў у абойме, Пяць патронаў. Падымаемся у бой мы Ў полі роўным. У патроне кожным — куля, Дзевяць грамаў. Не чакай, мая матуля, Тэлеграмы. Ні з санбата палявога, Ні з пагоста, Ходзіць ціха (бо дарога!..) Наша пошта…

Гэта была сапраўдная паэзія, вельмі праўдзівая паводле перажыванняў яе героя — салдата. Трагічнасць яго лёсу («Не чакай, мая матуля, тэлеграмы») падмацавана гістарычнай сувяззю з матывамі старадаўняй песні-скаргі воіна. Талент паэта, яго незвычайная лірычнасць асабліва поўна і свабодна раскрыліся на другім этапе творчасці. Менавіта ў гэты час яго паэзія прыйшла ў найбольшую ўзгодненасць і суадпаведнасць з глыбіннай сутнасцю яго характару, з яго чэснасцю і сумленнем: «Бо незваротныя ёсць страты, і сам я ў чымсьці вінават». Не дзіўна таму, што ў «Маіх мерыдыянах» паэт звярнуўся пераважна да ваеннай тэмы, звязанай з галоўным у яго біяграфіі. Кранаў ён гэту тэму і раней, але вершы пра вайну аказаліся непараўнальна вышэйшыя па ўзроўню і глыбіні паэтычнай думкі, па эмацыянальным напале і мастакоўскай дакладнасці.

Пра А. Пысіна шмат пісалі.

Р. Бярозкін і У. Калеснік адзначалі «дзве сілавыя трасы» яго паэзіі: «адна бярэ пачатак у барознах на родным полі, другая — у акопах і траншэях мінулай вайны» (Літаратура і мастацтва, 1967, 28 ліпеня). Гэтыя трасы — дзве грані духоўнага вопыту паэта.

Межы часавых паняццяў для яго паступова рассоўваюцца: мінулае становіцца такім жа творчым фактарам яго паэзіі, як і сучаснасць. Паэт вельмі востра адчувае дыялектычную еднасць традыцыйнага і наватарскага, сучаснага і вечнага ў жыцці. Гэта — адна з галоўных праблем яго лірычнага роздуму. У маральным, духоўным плане для яго няма падзелу лсыцця, часу на цяперашняе і мінулае: «са мною ўсё, што не сплыве ніколі». Адсюль, думаецца, такія, на першы погляд, можа, нават і дзіўныя адчуванні: «Не знаю — многа альбо мала ў сваім стагоддзі я пражыў». З другога боку, усё перажытае «належыць на свеце не мне аднаму». Вечнае — усё тое добрае, што зрабіў ты для людзей, што пакідаеш ім у спадчыну. У гэтым няма нічога дзіўнага: гісторыя для нашага сучасніка — не забытае мінулае, а звяно ў бесперапынным працэсе жыцця, вопыт, які моцна ўплывае на сучаснасць. У лірычным роздуме паэта перш за ўсё знаходзім выразнае адчуванне рэальнай праблематыкі сучаснага жыцця ў багацці яго новых асаблівасцей і прыкмет, уменне адлюстраваць іх глыбока, непаўторна ў сваім ракурсе бачання.

Гэта адчуванне хвалюе нас у вершы «Станцыя Гушчына». Праз станцыю Гушчына праходзіла некалі лінія фронту, паэт успамінае замецены снегам бліндаж, ваенны лёс сяброў, жывым з якіх, магчыма, астаўся ён адзін. Тыя, хто едзе з ім у поездзе праз Гушчына сёння, — моладзь — «песні юныя і смех».

Вы, песні юныя і смех, Былі тады зямлёй і снегам, Кастром салдацкім пры сасне. І мы на гэтым кіламетры, Ля камялёў і ля жарствы, Пазнаць імкнуліся прыкметы, Угадвалі — якія вы?

Сучаснае вырастае з мінулага; усё гэта месціцца ў сэрцы паэта.

Творы А. Пысіна ўсё больш прывабліваюць сваёй духоўнай актыўнасцю. У «Маіх мерыдыянах» і ў наступнай кнізе «Твае далоні» (1967) асабліва выразна праступае маральна-філасофская канцэпцыя жыцця. Аўтар бачыць сваю задачу ў тым, каб злучыць мінулае і цяперашняе ў адзін тугі вузел, у якім чалавек — звяно з ланцуга пераемнасці пакаленняў: «Шукаюць рукі тых зярнят, каб нас таксама дзесь пачулі». Паводле яго паэтычнай філасофіі, жыццё чалавека не канчаецца з яго смерцю. Пры дарозе, на тым месцы, дзе загінулі салдаты, узышлі чырвоныя кветкі Іван-чая:

Узышлі травой і гарыцветам, Узышлі на радасць ці жальбу? Вунь стаіць Іван па-над кюветам. Галавой ківае: «Вось жыву. Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны. Восем куль было — крывёю сцёк. Скора восень. Каркаюць вароны. Жоўты каля ног маіх лісток. Хочаш, пачастую нашым чаем, Я ж цяпер навекі вадахлёб». Не, Іване, з чаем — пачакаем, Закурыць не лішняе было б. Мы цыгарку скруцім па-былому, Пусцім шызы дым на правады; Першая зацяжка — мне, жывому, Бо занадта ў сэрцы гаркаты… Чырвань, чырвань — колер праваты.

Салдат прарос кветкай. Пачатак узнаўлення дабрыні, маральных каштоўнасцей закладзены ў самой прыродзе. Такім чынам, гэты верш — «Іван-чай» — не толькі пра вайну. «Салдацкая правата — правата сучаснасці,— гаварыў паэт. — Правата дружбы і кахання, трывог і летуценняў, высокіх ідэалаў. Правата роздуму аб вечных катэгорыях. Кожная з’ява ў жыцці мае тры вымярэнні: мінулае, сучаснае, будучае…» Сэрца паэта ахоплена трывогай за стан свету: ён баіцца, каб не распалася сувязь часаў, каб не паўтарылася трагедыя веку — вайна, бо гэта азначала б смерць, канец свету. Такую думку прачытваем у вершы пра Раберціна Ларэці, чый дзіўны голас скалануў і прымусіў здзівіцца ўсю планету. Каб перадаць напружанасць сітуацыі, аўтар звяртаецца да парадаксальнасці:

Маці-планета войкнула,— Што нарабіла? Маці-планету палохае Уласнае дзіва. Боязна ёй становіцца: Так звонка спявае хлапчук італьянскі, Што могуць атамныя бомбы Узарвацца ад дэтанацыі.

Адказнасць за сучаснасць, якая сінтэзавана ў сабе, і мінулае («Мінулае належыць нам так, як і будучыня», — заўважыў неяк паэт), — арганічная для характару лірычнага героя, які не аддзяляе сябе ад народа, жыве з ім адным жыццём. Такое разуменне адказнасці шырока раскрывае творчыя магчымасці паэта, узнімае яго гуманізм на ступень сацыялістычнага гуманізму, аптымістычнага па сваёй сутнасці. Свет убачанага і перажытага, тое, што стала аўтарскім вопытам, цікава і своеасабліва пераламляецца ў вершах паэта. І калі мы гаворым, што Пысін з цягам часу ўсё больш пераносіць сваю ўвагу на асобу, на індывідуальную псіхалогію, то гэта зусім не значыць, што яна ў нейкай ступені абыходзіць гістарычныя паняцці і грамадскія рамкі. Наадварот, большая ўвага яго да чалавечай асобы, да індывідуальных лёсаў (у тым ліку да свайго) мае гістарычную падсветку. У свой час, працуючы над новымі раманамі «Палескай хронікі», І. Мележ дамагаўся «паказаць праз асабістае страсць эпохі». Менавіта так асвойвае складанае пачуццё гісторыі паэзія Пысіна: мінулае гаворыць голасам лірычнага героя, чый лёс блізкі лёсу самога паэта. І сябе самога ён адчувае не інакш, як сувязным паміж былым і наступным. Адсюль і вострая памяць на пражытае, і ўпэўненасць, што лепш за яго аб перажытым ніхто не раскажа. Паэзія Пысіна, уласна кажучы, і ёсць мастацкае ўвасабленне гэтай адказнасці. У яго шмат вершаў, якія хочацца запомніць, зрабіць сваім душэўным набыткам. Вось як, напрыклад, гэты шырокавядомы шэдэўр яго лірыкі:

Забыта многа ў жыцці, З дарог змецена і змыта. Мне ў жыта хочацца ўвайсці, Мне вечнасцю здаецца жыта. Вазьму шурпаты каласок На чуйным провадзе саломы — І адзавецца мне здалёк Мой продак — сейбіт незнаёмы; Жней невядомых галасы Ўсплывуць над постаццю сухою. Раскалыханы каласы Густой паўдзённаю смугою. Тут даспявае пад смугой Зліццё надзей, жаданняў сумесь. Гудзе жытнёвы провад мой — Часоў былых і новых сувязь. І даспявае далягляд У трапяткім мембранным гуле. Шукаюць рукі тых зярнят, Каб нас таксама дзесь пачулі.

Залатая нітка гісторыі — той провад, які аб’ядноўвае, родніць нас з продкамі нашымі, каму мы больш абавязаны, чым часам думаем. Бацькам, продкам мы абавязаны і тым, што карыстаемся створанай імі мовай. Паэт перапоўнены сыноўняй удзячнасці «маці — словатворчы». Ён цесна звязаны са сваім, родным. Вось радкі пра сад:

Быў я нягодамі сечаны — Яблыкі шрамамі мечаны. Усё, з чым душа сутыкнулася, У садзе, напэўна, адчулася.

Так можна сказаць і пра сад, і пра радзіму — вялікую і малую. І гэтую сувязь паэт, у сваю чаргу, завяшчае нашчадкам: «яблык ад яблыні коціцца ў руку таму, хто народзіцца». Асоба змяшчае ў сабе гісторыю як працэс, як пераемнасць эпох, як сувязь часоў. «З-пад пліт, з-пад дрэў гусцей сышліся цені; даўно не грэліся каля кастра». На гэтым будуецца канцэпцыя паэта (не так часта даводзіцца гаварыць пра канцэпцыю ў дачыненні да лірыкі). Яго погляд разгорнуты ў мінулае і ў будучыню: «Дальнія нашчадкі! Я гляджу — вашых прадзедаў нясуць у яслі». Пра дзіцёнка ён гаворыць, што гэта нітачка, якая вядзе ў будучыню.

З гэтым, нам здаецца, і звязана тое новае, чым ён узбагаціў сучасную беларускую паэзію.

Імкненне да дакладнасці пачуцця адбіваецца ў мове. Слова паэта становіцца «плынным» (выраз Л. М. Талстога): «цені неданесеных штыхоў», «густая медзь з галін сцякае», «бярозавае святло» ці, яшчэ больш нечакана, — «сухое святло». У яго з’яўляецца такое, скажам, параўнанне: «Ідуць наўпрост мінуты і секунды, як сотні радавых на маршы дня». У другім выпадку: «Куды спяшаюцца дажджоў калоны, не зведаўшы дарог і перапраў?» Засяроджанасць на былым не азначае ні тэматычнай вузкасці, ні адсутнасці, як мы ўжо казалі, сувязі з сучаснасцю. Наадварот, яго паэзія актыўна фарміруе светапогляд сучасніка:

І даспела песня,                         і праліта На зямлю,                на маладое жыта. І душа адчула:                      лёс нас песціць, Пакуль песня — ў хлебе,                                   хлеб — у песні.

Асацыятыўны свет паэта шырокі, ён глыбока карэніцца ў роднай зямлі і звязаны з сённяшнім днём. Але мерка ваеннага часу — калі справа ідзе пра чалавечае сумленне — застаецца. Вайна са сваім трагізмам і героікай, драматызмам і самаахвярнасцю фармавала жыццеўспрыняцце паэта і шмат у чым вызначыла яго погляд на рэчы. Яго лірычны характар — характар гераічны, бескампрамісны, гатовы на самаахвяраванне ў імя людзей і ясыцця. А. Пысін быў вельмі патрабавальны да тых, хто піша пра вайну. Вайна, заўважае ён, увайшла ў беларускую паэзію «палатамі мінёраў», «бязбацькавічамі», спляценнем жахлівых, трагічных сітуацый. Пра яе нельга пісаць «з лёгкасцю», як гэта робяць некаторыя. Яго вершы даносяць да нас франтоў «няроўнае дыханне», драматызм і героіку салдацкіх лёсаў, як, напрыклад, у вершы пра лётчыка, які не дацягнуў да сваіх і згарэў у сорак першым «на жалезным кастры самалёта». Згарэў, загінуў, застаўся, можна сказаць, невядомым… І паэт намаганнем душы і памяці ўваскрашае ягоны подзвіг, перадае нашчадкам грамадзянскую самаахвярнасць і боль страты…

А. Пысін, як, мабыць, ніхто з яго калег — сучасных паэтаў, умеў выключна праўдзіва і дакладна маляваць ваенныя будні. Адзін з лепшых на гэту тэму — верш «Асвейскія ручнікі». Пярэдні край, ірвуцца варожыя снарады…

І выбухі ўстаюць бязліста, Як марсіянскія кусты. На тых кустах — кара зямная, Цагліны, трэскі, сашнікі. На тых кустах — бель ільняная: У чырвоных пеўнях ручнікі.

Адкуль тут вышытыя ручнікі? Мо гэта толькі паэтычная метафара? Не, так было ў жыцці:

Байцоў на фронт паслалі сёлы, І — закапалі сундукі: Свой добры хлеб, гасціннасць солі І вышытыя ручнікі.

І далей:

Таму чужынец азвярэлы Снарады ўвінчвае ў пласты, І выбухі ўстаюць, як дрэвы, Як марсіянскія кусты.

Вайна — супраць прыгажосці, гасціннасці, хлеба і працы. Вайна — трагедыя чалавецтва — і пра гэта нельга забываць.

Паэзія А. Пысіна вызначаецца пільнай увагай да чалавека, да яго боляў, клопатаў, трывог. У адным з вершаў ён прыгадвае, як байцы, вярнуўшыся з вайны, аддавалі маткам бушлаты: «У зялёным, нібыта салдаты, і касілі, і жалі яны». Але не ўсе дачакаліся сваіх бушлатаў:

Хоць бы цёплы бушлат той прымераць Пасля ўсіх халадоў і трывог. І сягоння яны яшчэ вераць, Не спяшаюцца рана вячэраць, Усё з надзеяй глядзяць на парог…

Нярэдка карыстаючыся бытавым матэрыялам, паэт заўсёды ўзнімаецца над бытам: думка А. Пысіна духоўна ёмістая. Р. Бярозкін цікава пісаў пра яго ў сувязі з творчасцю савецкіх паэтаў ваеннага пакалення, — у прыватнасці, С. Арлова:

«У Сяргея Арлова ёсць шырокавядомы верш пра салдата: „Положен парень в шар земной, как будто в мавзолей…“ Пойдзем за дзёрзкай, неардынарнай вобразнай логікай Пысіна: ён доўга чакаў, каб і гэты салдат, і многія, многія іншыя пакінулі, як яно скрозь бывае ў класічных баладах, свае „маўзалеі“-магілы і ў задымленых шынялях, пры ўсім рыштунку і зброі, нават з паходнай кухняй у „ар’ергардзе“, не раз і не два абагнулі зямлю.

І каб мы, жывыя, змаглі іх непамерную мужнасць, пакуты і мары разгледзець ужо не так, як раней (равы, варонкі, бліндажы) — ва ўсім аб’ёме, у супрацьстаянні і раўнавазе „структурных“ сіл і элементаў свету, як фактар ледзь не касмічны» (у кнізе: Аляксей Пысін. Выбраныя творы ў двух тамах, т. І, с. 7–8).

Загінуўшыя працягваюць стаяць на варце міру, на варце будучыні. Абавязак перад імі і любоў да жывых мыслілася Аляксеем Пысіным як адно непадзельнае цэлае. Ён быў упэўнены, што тыя, каго сягоння ўжо няма з намі, узмацняюць нашу маральную адказнасць. «Усё прымаю, усё цаню па праву пабрацімства мёртвых і жывых», — гаварыў ён у адным з вершаў. І гэта не проста звонкія словы, а важная грань светаўспрымання паэта, праяўленне яго душэўнай актыўнасці.

У нарысе «Вышыня майго камбата», прысвечаным любімаму камандзіру, капітану М. С. Гальпіну, што здзейсніў подзвіг пры ўзяцці вышыні і загінуў смерцю героя, ён пісаў: «Тры дзесяцігоддзі мінула з часу майго апошняга развітання з камбатам. А ён жыве ў памяці маёй. Бачу капітана Гальпіна, бачу вышыню капітана Гальпіна, якую мы, яго радавыя, можам лічыць і сваёй. Зноў іду да гэтай вышыні.

Вайна тады рушыла далей, за вышыню, і туды ж пайшла наша перамога. Там — дзесьці за вышынёй — усё наступнае наша жыццё, усё, што намі зроблена, створана, праспявана, ды і самі мы, сённяшнія. І ёсць патрэба яшчэ і яшчэ раз узысці на гэтую вышыню; з яе лепей бачыцца наша мінулае і наша будучае» («Маладосць», 1974, № 6, с. 167).

Маральная патрабавальнасць і духоўнае багацце вельмі ўласцівы кнізе Аляксея Пысіна «Да людзей ідучы» (1972).

Чэснасць і сумленнасць ён заўсёды быў гатоў вымяраць меркай ваеннага часу.

Праўдзівы бой вядзе сумленне, Ваюе сэрца не без страт. І можа, ў гэтым абнаўленне Ўсіх подзвігаў, былы салдат!

Вастрыня маральнага стаўлення да жыцця спараджае і вечную незадаволенасць самім сабою: «крычу, здаецца, а маўчу; спяшаюся, — а ўсё на месцы, раблю не тое, што хачу, і не магу бяду адвесці», «самых блізкіх дакараю, са зласліўцамі міруся». Вайна для Пысіна не толькі і сёння вызначае маральна-этычныя нормы, але і абумоўлівае патрабаванні да паэтычнага слова: «У бой не бралі халастых патронаў. Рознакаляровыя ўспышкі франтавых ракет былі патрэбны для баявых сігналаў…»

Лірычнае «я» не патрабуе ад паэта, каб ён абавязкова абапіраўся на дакументальна-дакладныя, анкетныя падрабязнасці сваёй біяграфіі. Унутранае жыццё паэта ці яго героя нярэдка знаходзіць выяўленне ў фактах па-забіяграфічных, якія, аднак, садзейнічаюць стварэнню цэласнага вобраза. Тут вельмі важная маральная факусіроўка. Справа ў тым, што для паэта-лірыка «расказаць» абавязкова азначае «спазнаць самому», гэта значыць, перажыць. Гэтага правіла цвёрда трымаўся А. Пысін, і на гэтай аснове павялічвалася духоўная ёмістасць яго лірыкі.

«Паэт адной тэмы» — сказала пра яго беларуская крытыка (Ф. Яфімаў). Тут ёсць, вядома, перабольшанне, але, калі тэму разумець як усёабдымную ўнутраную ідэю (а ў Пысіна яна праяўляецца глыбока знутры), то з крытыкай спрачацца не даводзіцца. Пысіну сапраўды падуладны самыя тонкія адценні душэўнага стану і самаадчування асобы.

Рэзкае ўзмацненне ідэйнай і мастацкай ролі аўтарскага «я» прыводзіла да таго, што нярэдка асабісты лёс мастака станавіўся «сюжэтам» твора. І ў фарміраванні сюжэта дзейсны ўдзел бярэ пачуццё, перажыванне.

…А ў той варонцы верас, верас, Дымяцца сны на тых гадах, Жыве затоеная вернасць Сержантам — маршалам атак. Ёсць майстры славы — прычасацца, Мне ж з пасівелай галавой — Мінулым сёння прычашчацца І жыць надзеяю сваёй.

Тут спалучыліся ў адно і лёс і адказнасць нашага старэйшага сучасніка. Вось тут якраз і можна гаварыць пра наяўнасць у паэта яго ўнутранай тэмы. Нездарма пра паэзію Пысіна гавораць, што яна — на ўзроўні чалавечых паводзін.

Зборніку вершаў «Ёсць на свеце мой алень» (1978) суджана было стаць апошняй прыжыццёвай кнігай паэта. Зборнік «Палёт» выйшаў пасля яго смерці — у 1982-м.

Бываюць вершы празрыстыя, як тая рачулка, у якой адразу бачыш дно і можаш нават палічыць каменьчыкі. Яны мілыя ў сваёй празрыстасці і яснасці і нават вабяць гэтымі сваімі якасцямі. Бываюць вершы другога парадку — глыбейшыя, шматзначныя, насычаныя шматмернаю думкай. І гэта адна з абавязковых, незаменных уласцівасцей сапраўднай паэзіі — яе невычарпальнасць. У добрым вершы не відаць дна, а мастацкі вобраз нельга вычарпаць, ён, так сказаць, не перасыхае, сам асвяжае яго змест.

Пушкін сказаў пра Баратынскага: «Ён у нас арыгінальны, таму што мысліць». Самае галоўнае ўражанне ад апошніх кніг А. Пысіна — актывізацыя яго паэтычнага мыслення, яшчэ большая заглыбленасць у рэчаіснасць. Перажыванне робіцца па-сапраўднаму аналітычным, больш і больш спавядальным, арганічна звязаным з усім тым, што давялося зазнаць на жыццёвых дарогах.

Спавядальнасць стала для яго маральнай, духоўнай патрэбай.

А снег — у кожнага ён свой, Як сон, як госць каля парога, Як зноў адчутая трывога, Як суцяшэнне і спакой…

Канцэпцыя рэчаіснасці развівалася і ўзбагачалася. Але, думаецца, было ў яго нешта такое, што заставалася пастаянным. Гэта — дар здзіўляцца свежасці і прыгажосці жыцця, гатоўнасць падзяліцца незвычайным паэтычным адкрыццём.

Быццам вяртаюся ў тое былое, У дапатопны той век; Першае поле не ўздыбіў раллёю, Першае дрэва не ссек.

Убачана гэта неяк вельмі ж адметна, па-пысінску.

Індывідуальнасць лірычнага перажывання падмацоўваецца нават падкрэсліваннем той мясціны, дзе нарадзіўся паэт, дзе ён жыў. Для Пысіна — гэта Магілёўшчына, Краснапольскі раён. Жалезніца, Касцягаўка, і Горна, і вёска маці — светлыя Мануйлы… Гэтая сардэчная, немітуслівая любоў да жыцця, да людзей вельмі ж кранае. Працэс індывідуалізацыі выяўлення пачуццяў, індывідуалізацыі ўспрыняцця вёў да больш глыбокага зліцця асабістага і сацыяльнага ў паэзіі, да напаўнення інтымнага шырокім маральна-этычным зместам.

Што яшчэ і яшчэ раз заўважаеш у характары паэта — гэта яго незвычайную дабрату ў сэнсе багацця чалавечнасці, шырыні кроўных сувязей са светам — з людзьмі, падзеямі, прыродай. «Добрай чалавечнасці галінка ў кожным слове хоча вырастаць», — гаворыць Пысін. Дабрата яго не паказная. Яна найбольш у самім стаўленні паэта да рэчаў, аб ёй можна меркаваць па тым, што трапляе ў поле зроку, як ён бачыць жыццё. Яго пошукі і знаходкі звязаны з псіхалагічна заглыбленым раскрыццём сацыяльнай і духоўнай сутнасці сучасніка.

Чым паўней мастак убірае ў свой унутраны свет вялікія грамадскія пытанні жыцця і чым арганічней сваё, інтымнае ўспрымае ў непадзельнай сувязі з вялікім светам народнага жыцця, тым большае ідэйна-мастацкае значэнне яго твораў. «Свая» тэма не звузіла светаўспрыняцце А. Пысіна. Наадварот, і паглыбіла, і пашырыла яго. Думка паэта багатая на чалавечнасць, на адчуванне сваёй далучанасці да ўсяго свету.

Ёсць на свеце мой алень, Ёсць і гэткае маленне: Будзь заўсёды у аленя, Цёмны мох і светлы дзень! Бы, разумныя браты — Я і сам страляць умею — Дайце жыць майму аленю Пад галінкай дабраты.

Варта звярнуць увагу не толькі на сэнс радкоў, але і на іх гукавую арганізацыю і строфіку, тыя «званочкі», што сабраны ў канцы радкоў (алень — маленне — дзень…). Яны «вядуць» думку паэта, робяць яе чутнай і пластычнай. У гэтых радках з кнігі «Ёсць на свеце мой алень» шырока і поўна — і свабодна, нязмушана! — выяўляецца асоба паэта. Асабісты пачатак, як бачым, не вынік адлучэння паэта ад аб’ектыўна-гістарычных працэсаў, наадварот — ён вынікае з іх глыбокага ўсведамлення. Іменна пры гэтай умове асабістае ўзнімаецца і ўзбуйняецца да асабовага, агульназначнага. Для А. Пысіна гэта была звычайная з’ява: за ўсіх і кожнага ён хацеў заступіцца.

І чаму не стаў я лесніком, Лес мой, брат мой… Быў бы я тваім замком І тваёю брамай.

Прыгажосць лесу безабаронная, нехта «з помстаю ідзе да дрэў і сячэ без жалю іх на дровы», а лес варты таго, каб яго ашчаджалі і бераглі.

У А. Пысіна кожнае дрэва поўнае вялікага сэнсу і значэння:

«Пад арэшынай — любімай быць, Пад вярбінаю — ліць слёзы, Пад рабінаю — чужых любіць, Удавой застацца — лёс бярозы». Гаварыла маці гэтак мне, Калі сад скідаў ліству сырую. Я глядзеў на дрэвы у акне, Я глядзеў на маці нестарую.

Ізноў міжвольна ўзнікае паралель: зялёнае дрэва і жывы чалавек, прыроднае адлюстроўваецца ў чалавечым, а чалавечае — у прыродным. А. Пысін прадстае ў гэтым вершы глыбокім чалавеказнаўцам, чалавекам мудрым і добрым. У мудрасці, кажуць, шмат смутку, але смутак не зніжае жыццесцвярджальнасці верша, наадварот, ён робіць гэту рысу больш праўдзівай і пераканаўчай.

І чаго журылася яна: Можа, лісце тое шкадавала, Ці яе дзявочая вясна Белаю вярбою ашукала?

Гэта — пра маці і разам з тым пра сябе.

Як бачым, у эмацыянальным вопыце А. Пысіна адлюстроўваўся вопыт іншых, вопыт яго пакалення, які паэт здолеў так дакладна і пранікнёна выразіць, тыпізаваць у цікавым чалавечым характары.

Ён шмат і ахвотна піша пра лес. Тут паэту добра думаецца, і сам душэўны стан нейкі незвычайны:

Я вучань, першакласнік я нясмелы, Вучуся ў мудрых дрэў, а не ў магіл. Хай упадзе мой дзень, як жолуд спелы, З тугім запасам жыццядзейных сіл. Аб вечным думаю, амаль цвярозы, На імянінах векавых дубоў. Ляпеча штось касцёр. Іскрынкі-восы Мільгаюць ля маіх маўклівых броў.

А. Пысін праз вобраз лесу выяўляе сваё ўспрыняцце рэчаіснасці, свой унутраны свет, у якім празрыста адбіваецца аблічча нашага часу. Яго вершам уласцівы смелы ахоп рэчаіснасці, уменне за сціплым фактам бачыць патаемныя глыбіні быцця. «Аб чым гаворыць з берагам вада, — мне невядома; у яе свая любоў, і правата, і немата, і мова…» Б. Пастарнак некалі афарыстычна вызначыў: «Паэзія — у траве», гэта значыць у самым будзённым, «празаічным» жыцці. Можна здзівіцца і нават пазайздросціць тонкасці і нейкай, я б сказаў, першапачатковасці адчування прыроды: «Хітры карась затаіўся ў пастцы, мудрыя травы спяць у стагах». Паэту добра відаць, як вясновае адраджэнне прыроды ўплывае на чалавечыя душы: «прырода вучыць нас, яна ўмее заўсёды быць саўдзельнікам вясны». У яго пейзажных вершах мне чуецца той «водгук неспазнаных настальгій», які ўладна цягне на жывое ўлонне — у поле, на луг, у лясныя нетры. «І штосьці ад дрэва ў мяне, і штосьці ад птушкі журботнай», — прызнаецца ён у адным з вершаў. Гэты паэтычны пантэізм — натуральны, непрыдуманы — заўсёды глыбока ўражвае: «Сасна паклікала, як маці, працягла, глуха: „Аляксей“».

У адным з вершаў паэт гаворыць: «Пасля дажджу шумяць яшчэ нябёсы, яшчэ ў паветры пругкі цень вады». «Пругкі цень вады» — мяне літаральна паланіў гэты вобраз сваёй дакладнасцю і прыгажосцю. Вобразы прыроды напрамую звязаны з самасвядомасцю чалавека, яго духоўным светам, які несупынна пашыраўся ў паэзіі А. Пысіна. У якасці аб’екта ў яго ўсё часцей выступае не асобны факт, бытавая дэталь, здарэнне, а сукупнасць фактаў, важныя праблемы часу. Такі аб’ект патрабуе актывізацыі мастацкай думкі, падключэння ўсіх духоўных магчымасцей чалавека. Пысін разумеў, што для сучаснай паэзіі мала аднаго толькі багацця адчуванняў і абаяння непасрэднасці. Мудры вопыт і аналітычнае мысленне становіцца сёння адной з важнейшых, умоў паэтычнага засваення хуткаплыннага жыцця. Гэта ўласціва яму літаральна ўсюды: і там, дзе ён размаўляе з франтавымі сябрамі, і там, дзе вядзе размову з прыродай, з сучаснікам — у кожным душэўным жэсце… Гэта не магло не адбіцца на развіцці мастацкага мыслення — самой паэтыкі. Такія словы-вобразы, як жыта, корань, крыніца, вада, снег, вузел, споведзь, жыццё можна было сустрэць у яго вершах і раней, але цяпер яны напоўніліся больш значным асацыятыўным зместам. Слова паэта аказалася дастаткова ёмістым і гнуткім, каб адлюстраваць эмацыянальную напружанасць і драматызм перажытага. Яно паглыбляе традыцыйны верш. Старое слова, становячыся ў новую сістэму, само абнаўляецца, набывае свежыя фарбы. Адкрываюцца новыя перспектывы выразнасці. Здаровая суб’ектыўнасць знаходзіць выяўленне ў рэзкіх кантрастах (у тым ліку эмацыянальных), нечаканых супастаўленнях, імклівых пераходах, нават у эксцэнтрыцы. Яна значна актывізавала метафарычнае мысленне. Верш пераадольвае хранікальную фатаграфічнасць, эмпірычнасць, а таксама павярхоўную эмацыянальнасць. Факт становіцца грунтам для роздуму, ён стымулюе думку, што рухаецца па лабірынтах асацыяцый.

Звяртаўся Аляксей Пысін і да іншых жанраў, шукаючы сябе не толькі ў лірыцы, але і ў паэме.

У паэме «Белы камень» (1965) моцна адчуваецца лірычны пачатак: яна пабудавана ў форме расказа салдата, які пасля шпіталя адпачываў па пуцёўцы ваенкамата ў татарскім ауле. Герой паэмы ўсхваляваны выключна прыязнымі адносінамі да сябе з боку, здавалася б, чужых людзей, якія шчодра дораць яму сваё цяпло і чалавечнасць.

Паэма «Кавылёк» (1964) адрасавана дзецям. А. Пысін з усмешкай расказвае пра займальныя франтавыя эпізоды з ваеннага жыцця. Аўтар праявіў майстэрства ў пабудове дасціпнага прыгодніцкага сюжэта.

Духоўны, маральны ідэал паэта заставаўся вельмі высокім. Пра гэта сведчыць яго паэма «Жураўліны бераг» (1964), якая малюе мірныя будні нашых людзей — сучасных калгаснікаў, іх барацьбу за высокае прызначэнне чалавека тварыць дабро, змагацца за новы побыт, за камуністычныя адносіны да працы. Магчыма, не ўсе героі выглядаюць пераканаўча, ёсць тут характары і супярэчлівыя, але паэма «Жураўліны бераг» — уся! — прасякнута верай у чалавека, у яго высокае прызначэнне на зямлі.

У сакавіку 1980 года грамадскасць рэспублікі адзначыла 60-годдзе з дня нараджэння паэта, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Аляксея Пысіна, які сустрэў свой юбілей у росквіце творчасці. Пра гэта сведчылі яго новыя публікацыі — вершы, нарысы. Смерць падкралася неўзаметку — сказаліся старыя раны, атрыманыя на вайне. 27 жніўся 1981 года Аляксея Пысіна не стала.

Зборнік вершаў «Палёт» выйшаў праз год пасля сумнай весткі.

Лёс паэта і яго пакалення, якое ў цяжкую часіну засланіла Радзіму сваімі грудзьмі, адлюстраваўся ў вершах.

Палім мы маршанскую махорку, Бачым мы Дняпроўскую граду. Будзе сёння бой. На тым узгорку, Можа, я таксама упаду. Будуць травы над курганам. Будуць Адлятаць у вырай жураўлі. Нас, напэўна, ў свеце не забудуць, Успомняць, што на свеце мы жылі.

І апошняя, вельмі арганічная і натуральная для Аляксея Пысіна страфа:

Я гляджу на даўняе курганне, На траву, на рыжых мурашоў. Ведайце, калі мяне не стане — Я ў сваю дывізію пайшоў.

Праўда перажытага (Еўдакія Лось)

Можа, ты не такая і белая, А празвалі бялянкай, Можа, ты не такая і смелая, А слывеш партызанкай…

Гэтыя радкі Еўдакіі Лось чамусьці заўсёды выклікаюць у памяці першую сустрэчу з ёю.

Улетку 1962 года прыехаў я ў Мінск паступаць у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Сустрэў мяне, навічка, мой даўні старэйшы сябар, былы выкладчык Брэсцкага педінстытута, дзе я некалі, да прызыву ў армію, вучыўся, Іван Клімавіч Германовіч. Стаім мы з ім ля будынка Акадэміі, пад знакамітымі калонамі, размаўляем, раптам, бачу, падыходзіць да нас прыгожая светлавалосая маладая жанчына, вітаецца з Іванам. Аказваецца, яны даўнія прыяцелі, разам вучыліся — на пачатку 50-х гадоў — у Мінскім педагагічным інстытуце. Знаёмімся — Еўдакія Лось. «Дык вось яна якая, Еўдакія Лось!» Адразу ўспомнілася яе першая кніжка — «Сакавік», што выйшла ў 1958 годзе, якую мы, тады яшчэ студэнты, з захапленнем чыталі і абмяркоўвалі на сваіх семінарах і дыспутах.

Абуджаюцца зямныя сокі, Бродзяць хмелем п’яным, маладым. На палях з праталін чарнавокіх Ўецца туманоў бялявы дым.

Дык вось яна — жывая паэтэса, вершы якой так своеасабліва адкрылі нам прыгажосць жыцця, хараство і непаўторнасць гэтага цудоўнага свету, у якім наканавана чалавеку жыць…

Звярнулі ўвагу тонкія, адухоўленыя рысы яе твару, прыгожая постаць. Падумалася: вось такой і павінна быць паэтэса.

Цікавая, таленавітая моладзь расце, — гаварыла яна пра сваіх равеснікаў, аднагодкаў, пра сваё пакаленне — Уладзіміра Караткевіча, Міколу Арочку, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Нядзведскага, Алега Дойку, Рыгора Барадуліна і іншых. — Добрыя яны і розныя, а, паглядзіце — крытыка іх не разумее!

— Адвыкла, відаць, наша крытыка ад сапраўднай паэзіі,— зазначыў Іван Клімавіч, — рыторыка для яе бліжэй…

— Напісаў Уладзімір Караткевіч цудоўны верш «Заяц варыць піва». «Новый мир» нават надрукаваў — у Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага густ выдатны! А крытык узяў і збэсціў верш…

Абараняла Караткевіча Еўдакія Лось! І выказвала пры гэтым тонкае адчуванне і разуменне яго паэзіі:

«У. Караткевіч — вельмі арыгінальны, разнабаковай творчай культуры чалавек. Але напамінак аб гэтым паэце вымушае кінуць і папрок крытыцы. Караткевіча крытыкавалі ў некаторых выпадках якраз за тое, што ў яго ёсць, арыентуючы быць такім, якім ён не можа і не хоча быць. А вось гэтага, на нашу думку, трэба пазбягаць, калі сур’ёзна клапаціцца пра выхаванне паэтычнай індывідуальнасці» («Літаратура і мастацтва», 1960, 23 студзеня).

У ёй жыло прыроджанае пачуццё справядлівасці.

— Новае ў літаратуры абавязкова праб’е сабе дарогу… — спрабаваў гаварыць Іван Клімавіч.

— Праб’е то праб’е, але маладую паэтычную індывідуальнасць трэба падтрымліваць, маладыя патрабуюць асаблівай увагі. Гэта — маё перакананне, — Еўдакія Якаўлеўна гаварыла страсна, з запалам. — Дзе тут у вас Каваленка, мне трэба яго бачыць, — раптам запытала яна пра вядомага ўжо тады маладога крытыка Віктара Каваленку, аднаго з прыхільнікаў новай літаратурнай генерацыі, які неаднаразова і слушна пісаў пра вершы Еўдакіі Лось. — А ты, значыцца, навуцы хочаш дапамагчы? — звярнулася яна да мяне, — што ж, давай, пасабляй, працы шмат.

І пайшла.

— Баец наша Дуся! — пракаменціраваў усё Іван Клімавіч.

Еўдакія Якаўлеўна таксама была з тых, чыё дзяцінства адабрала вайна і хто мужнеў у цяжкія пасляваенныя гады. Пра гэта расказвалі вершы: суровае дзяцінства, трагедыя вайны, цяжкасці пасляваеннай пары…

Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі                                                з вайны? Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны…

А вось у іншым інтанацыйным ключы:

Снегу, снегу — не праехаць, Снегу, снегу — не прайсці! Хоць бы стомленай, у сне хоць Да Лучосы дабрысці… Ад Лучосы можна босай Да зажуранай Дзвіны — Да маёй праставалосай, Ад рыданняў безгалосай, Сэрцам выклятай вайны…

У такіх выпадках неяк няёмка гаварыць пра майстэрства, хаця кожнаму відаць, што гэта «праставалосая вайна» напісана выдатным майстрам: у двух словах перададзена ой як шмат! У лірыкі свае спецыфічныя магчымасці паказу жыцця, якое яна адлюстроўвае найбольш праз думкі і перажыванні паэта. Але тут, дарэчы, як у прозе і драматургіі, вельмі важны яго духоўны вопыт, веданне народнага жыцця, глыбіня погляду ў мінулае і ў будучыню. У Еўдакіі Лось гэта якраз было. Яна адчувала сябе дачкою сваёй зямлі. У лепшых творах паэтэсы выразна бачылася сувязь чалавечага лёсу і лёсу народнага. Гэтае зліццё стала асноўным зместам яе лірычнага перажывання, сацыяльнай асновай творчасці.

З першых крокаў ёй спадарожнічала разнастайнасць тэм, матываў, настрояў, якая адпавядала шматстайнасці жыцця, яго шырокім абсягам. «Клічуць дарогі дальнія, клічуць дарогі блізкія, клічуць асфальтам люстраным, прасёлачнаю смугой» — тут была ўнутраная праўда і настрой. Сёння яна ў заводской кузні, заўтра — на сустрэчы з дзецьмі ў школе-інтэрнаце, паслязаўтра сэрца пакліча яе на братаву магілу ў Фэстаў, што пад Кіевам.

Першая кніга называлася «Сакавік» — у месяцы сакавіку паэтэса нарадзілася, нават у гэтай акалічнасці, у гэтым супадзенні адбілася ўнутраная, душэўная ўстаноўка на непрыдуманае, перажытае, сваё. На гэта яе натхніў і Пётр Усцінавіч Броўка, калі ў канцы саракавых гадоў, ці не ў сорак восьмым нават, наведаў Глыбокае, дзе, сустракаючыся з выбаршчыкамі, спаткаў маладую паэтэсу — студэнтку Глыбоцкага педвучылішча Дусю Лось, паслухаў яе вершы, паверыў у яе творчыя сілы і падтрымаў. І Еўдакія Якаўлеўна засталася на ўсё жыццё ўдзячнай яму за гэта, вучылася ў яго зацікаўленаму і добраму погляду на жыццё…

Шчырасць, асабовасць, аўтабіяграфічнасць — тэматычныя і стылёвыя рысы многіх, найбольш удалых вершаў паэтэсы — складалі жыццёвую сілу і моц яе таленту. Нездарма ж ёй асабліва, на маю думку, удаваліся вершы, прысвечаныя сыну, родным — «сынок, сынок, бялюткі бацянок!..» Адна з першых удач Е. Лось — верш «Маці» (зборнік «Сакавік»): «Дзякуй, маці, што мне падарыла ты любоў да зямлі маёй роднай, дзе ўсміхаецца сонца так міла, дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных…» Нямала прачулых радкоў прысвечана сёстрам, бацьку, сыну…

…З доўгіх дошак труну майстравалі, Брус дубовы часалі на крыж, На пясчаным пагорку хавалі… Тата, тата, як спіш ты, што сніш? Я стаю ля сасны на каленях, Ціха вецер калыша траву… Нібы рукі твае,                        праменні Мякка гладзяць маю галаву…

Ёй помніцца бацькава пяшчота: «Дуня, ягадка мая!..»

Цудоўныя радкі, поўныя любві і ласкі, прысвяціла яна сёстрам — Мані і Марусі:

Вербы, абпаленыя перуном, Вокал старога сяла — стаўкі… Зляпілі гняздзечка над школьным акном Дзве белагрудыя ластаўкі:                 Віць-віць-віць… Перад кастрычнікам золкім, глухім Птушак пацягне ў вырай. Гняздо ж застанецца… І ўспомніцца ім Радзіма з песенькай шчырай:              Віць-віць-віць,              Жыць-жыць-жыць!

Уся інтанацыя, стылістыка, пачуццё такту, сардэчнасці — у духу непаўторнай творчай індывідуальнасці Еўдакіі Лось…

Непаўторнасць… З гэтым паняццем, з гэтай якасцю, з гэтай праблемай мы абавязкова сустракаемся, калі гаворка заходзіць пра сапраўдную паэзію, пра сапраўдны талент. Непаўторнасць — хаця ўсе пішуць быццам бы пра адно і тое ж: адзіная тэма, адзіны прадмет паэзіі (лірычнай у асаблівасці) — чалавек, ягонае ўнутранае жыццё ў яго агульным значэнні для ўсіх. Аднак агульнае, такім чынам, праламляецца праз індывідуальнае. На гэтым і грунтаваўся поспех «Сакавіка» і наступных кніг: паэтэса даверылася свайму ўнутранаму жыццю, пісала аб асабіста пералітым, адчутым. За радком стаяла праўда. Разам з тым яе паэзія не стала вузкім самавыражэннем аўтара. Душэўны свет паэтэсы быў раскрыты для чалавечых радасцей і трывог, для ўсяго, што адбывалася навокал.

У творах сапраўднага мастака не можа не адлюстравацца яго час, лёс пакалення, гісторыя, усё, чым жыве народ. У гэтым дыялектыка творчасці. І тое, што паэтэса адразу вырашыла — як яна сама дакляравала — быць сама сабой і што гэта ёй шмат у чым удалося, — добра. Грамадзянская шчырасць без натугі і прымусу паядноўвалася з асабістым, прыватным, чужое са сваім, агульнае з інтымным. Гэта стала добрым грунтам развіцця, разгортвання таленту.

Яна з самага пачатку праявіла значную грамадскую, творчую, эстэтычную актыўнасць. Гэта былі гады казахстанскай цаліны, шматлікіх новабудоўляў, асваення космасу, творчасці, росту народнай ініцыятывы, дынамічнага духоўнага жыцця. Е. Лось стала адной з выказніц свайго пакалення.

З натруджаным добра крыллем… Яму не было ля чаго пагрэцца — Бо каміны не дымілі… А ўсё-такі раслі, прыгажэлі на дзіва! Калі не было і хлеба, Вершы пісалі пра дзень шчаслівы… Напэўна, гэтак і трэба… Загартаванае наша натхненне, Яно адгарыць няскора! Кажуць, шчаслівае пакаленне Тое, што зведала гора.

У далейшым паэтэса яшчэ не раз будзе звяртацца — у вершах, паэмах — да тэмы лёсу свайго пакалення, аналізаваць яго ўклад у грамадскае жыццё, яго шматгранную стваральную дзейнасць. Літаратура 60-х гадоў жыла вялікім творчым неспакоем. Е. Лось трымала руку на пульсе жыцця. Яна ўсюды хацела пабываць, усюды паспець, да ўсяго дакрануцца.

У кожным імгненні паэзія ёсць, У кожным здзяйсненні — яе прыгажосць. У кожнай істоце — яе хада, У кожнай бядоце — яе бяда.

Вось так — мужна, адкрыта і шчыра звярталася яна да жыцця. Адкрыццё хараства чалавека і навакольнай рэчаіснасці ў адзінстве маральнага і эстэтычнага, праўды і прыгажосці стала яе галоўнай творчай патрэбай. Яна ўмела за асобным фактам, падзеяй, справай разгледзець веліч рэчаіснасці, стваральны характар народнага быцця.

Здаралася, не ўтоім, часам і так, што паэтэса абмяжоўвалася адлюстраваннем знешніх прыкмет жыцця сваіх герояў (асабліва ў некаторых так званых партрэтных вершах), не заўсёды выходзіла на значную думку, абагульненні. Вярнуўшыся з дарогі, паэтэса гаворыць:

І клопат мой пасля дарогі ўвесь — Забыла на спружынавым сядзенні Пірог пшанічны, што далі мне дзесь!

Пасля гэтага думаеш: ці варта было ехаць? Так, думка выдавалася часам драбнаватай — і не толькі ў яе адной. Але побач з гэтым нельга было не заўважыць другога: крытыка ў артыкулах пра Е. Лось адзначала, што «яе лепшыя творы… народжаны сапраўдным натхненнем і кранаюць сэрца арганічным спалучэннем маляўнічасці, шчырасці і музычнасці» (С. Гаўрусёў). Сапраўды, яе паэзія ўсё больш насычалася сацыяльнымі, маральна-этычнымі праблемамі, грамадзянскай страсцю, што бачна і ў «Палачанцы» (1962), і ў такіх кнігах, як «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1979) і іншых, у тым ліку самай апошняй — «Лірыка ліпеня», адзначанай тым лірычным пачуццём, якое праўду жыцця ўзнімае да ўзроўню сэрца.

Паэтэса ўмела пісаць буйнымі мазкамі, эмацыянальна:

Ах, Беларусь, мая ты доля, Мая сляза і пацалунак, Маё ў бярозках белых поле. Мой песнямі набіты клунак!..

Купалаўскае, да болю шчымлівае пачуццё радзімы напаўняла гэту паэзію, у якой, мне здаецца, адлюстраваўся працэс паглыблення адчування сваёй роднасці, каранёў, зямлі.

Хаціна між бульбоўніку, як дача, І дзедава магіла за гарой… Нейкая забытая сваячка З парога кліча радасна «сястрой».

Тэма Радзімы — скразная ў яе творчасці. Трывалая повязь злучала яе з роднай зямлёй, продкамі, народным бытам і культурай. Яе паэзія прасякнута пачуццём гістарызму — стыхійнага і глыбока ўсвядомленага. Часта ў вершах згадвала яна сівую даўніну і працавітых продкаў. І не дзеля таго, каб «уміліцца» іх самабытным укладам жыцця. У сваіх продках — крывічах («Продкі») яна цэніць і захапляецца іх майстэрствам, уменнем рабіць «Зрубы залатыя, нарогі, гонкія чаўны і сцены белыя Сафіі над плынню быстрае Дзвіны». Дыханне гісторыі чутно ў яе маштабных лірычных абагульненнях:

Мая радзіма — Жытні колас, Сінь мурагу, язміну цвет. Яна — Пілы гарачай голас, Калёс цяжкіх глыбокі след…

«Я тут расту. Мне соладка і горка. Мяне адсюль вятры не адарвуць…», — і гэтаму верылася, як верыцца праўдзе. У вершах Е. Лось была ўласцівая лепшым творам сучаснай беларускай паэзіі глыбіня і даль памяці. Хто толькі не пісаў пра бярозу! А вось яе радкі пра бярозу: «Хто аглядаўся на свой кут здалёк, запамінаў яе нібы ўрок айчыназнаўства…»

Пра першую сустрэчу і знаёмства з Е. Лось я ўжо расказаў. Потым сустрэч было шмат. Сустракаліся ў Саюзе пісьменнікаў, у выдавецтвах, у паездках па рэспубліцы і проста выпадкова — на вуліцы.

Уражваў яе непакой, шчодрасць душы, пастаяннае жаданне выправіць нешта ў лепшы бок. Радавалі кнігі, якія сведчылі пра ўзбагачэнне мастацкай думкі паэтэсы, шырыню даляглядаў.

У 1965 годзе выйшаў чарговы зборнік лірыкі «Хараство», і захацелася напісаць пра яго. «ЛІМ» надрукаваў маю рэцэнзію пад назвай «Радасцю свет надзяліць». Мне здавалася, што ўдалося схапіць эстэтычную сутнасць яе паэзіі — непасрэднасць адчування свету, уласцівую ёй народнасць, высокую культуру мастацкага мыслення.

— Дзякуй за падтрымку, — сказала яна пры сустрэчы, — але не ўсё вы ў мяне зразумелі…

— Еўдакія Якаўлеўна, можа, так і павінна быць: паэзія па сваёй прыродзе невычарпальная… «У кожным імгненні паэзія ёсць, у кожным здзяйсненні — яе прыгажосць…»

— Дык вось гэту прыгажосць і крытыку добра было б бачыць! І ўвогуле дабрэйшым трэба быць.

Еўдакіі Якаўлеўне немагчыма было адмовіць у слушнасці, яна, як сама паэзія, была, кажучы па-руску, права.

Прага жыцця і прыгажосці зрабіла яе страснай вандроўніцай. Дзе яна толькі не пабывала — скалясіла, можна сказаць, усю Беларусь, наведала, здаецца, усе братнія рэспублікі і многія замежныя краіны. Адусюль прывозіла і новыя, свежыя ўражанні, і новыя творы — вершы, паэмы, апавяданні… Перачытайце іх яшчэ раз — і вы знойдзеце сляды тых вандраванняў. Гэта былі перш за ўсё вандраванні душы, якая шукала блізкага сабе, роднаснага свайму ўнутранаму вопыту.

Крочу гасцінцам адратаваным — Недзе з журбы падзецца… Часта пагорак здаецца курганам, Нечай магілай здаецца…

Паэтыка яе ў многім была традыцыйнай. Такой, у значнай ступені, яна заставалася да апошняга дня. Характэрная ёй задушэўнасць інтанацыі ўвасаблялася ў вершы напеўным, разлічаным на непасрэднае эмацыянальнае ўздзеянне, вельмі гаваркім, часцей за ўсё з канкрэтным вобразам, рэалістычнай дэталлю. Той жа С. Гаўрусёў пісаў, што Е. Лось — «паэтэса мяккіх фарбаў, і прыгажосць душэўнага аблічча нашага сучасніка ёй лепш за ўсё ўдаецца перадаць у лірычным плане, без непатрэбных перавелічэнняў і перабольшванняў». Паэтэса імкнулася даказаць, якімі значнымі магчымасцямі валодае гэты плаўны, напеўны верш, здольны выразіць розныя інтанацыі. І трэба сказаць, што ў асноўным, за рэдкімі выключэннямі, гэта ёй удавалася. Ратаваў талент, уменне знайсці прапорцыі грамадзянскага і інтымнага, дапамагала праўда жыцця, праўда перажытага, якая павялічвала магчымасці верша. Назаўсёды запомніўся (з кнігі «Людзі добрыя» — 1963) яе выдатны верш «Я зусім не баюся старасці…»

Я зусім не баюся старасці,— Хай прыходзіць, калі захоча… Я была ўжо бабулькай хілай На дванаццатым годзе жыцця…

Страшныя ўспаміны з вайны, роздум над перажытым — у форме белага верша, рыфмы маглі аказацца тут лішнімі…

Паэтэса адкрытай душы, яна не маніла ў сваіх вершах: пісаць, як дыхаць — было яе правілам. Душэўная, грамадзянская актыўнасць з’яўлялася галоўным зместам яе паэзіі, усебакова і глыбока ўнутрана звязанай з жыццём, з роднай зямлёй.

Разам з тым, відаць, памылкай было б спрашчаць творчы шлях паэтэсы, уяўляць яго роўным і гладкім — ад перамогі да перамогі. Не, ён — як у кожнага сапраўднага паэта — быў драматычным, унутрана канфліктным і мала лагодным. Дзесьці ў сярэдзіне 60-х гадоў яна адчула, што залішняя «замілаванасць» і «задушэўнасць» шкодзяць некаторым вершам, што напеўнасць традыцыйных паэтычных форм не ўзмацняе выразнасці думкі. Застаючыся паэтэсай — гэта яе галоўнае і адзінае прызванне ў літаратуры, — яна паралельна звярнулася да іншых жанраў, да прозы.

З’яўляюцца кнігі апавяданняў, навел «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1971).

Проза Е. Лось — проза паэтэсы, вельмі лірычная і асабовая па сваёй стылістыцы, з рысамі «інтыму» і той своеасаблівай далікатнасці і тонкасці ў пачуццях, якая сагравае творы, робіць іх адметна шчырымі і прывабнымі. Мне добра запомнілася апавяданне «Яська». У Яські — так называлі ў вёсцы сямейнага чалавека Івана Казіміравіча — здарылася бяда: памерла жонка, пакінуўшы яму чатырох дзяцей — адно другога, як кажуць, не падніме: «Стасі — дзесяць, Галюсі — шэсць, Юзіку — пяць гадкоў, а малодшай Ірэнцы ўсяго два з хвосцікам». І сам бацька нямоглы: «Пасля смерці жонкі аслабеў Яська на вочы. Прачнецца раніцай — і аж галавой круціць, як певень: левым вокам ці правым глядзіць на рэч, каб разабрацца, што перад табой — кашуля ці парткі, чапяла ці качарга. З дзецьмі цяжка. Паспрабуй спраўся з імі ледзь не сляпы: апрані ранічкай, навары есці і накармі, памый пялёнкі, соску зрабі». Пісьменніца нібыта правярае характар свайго героя, меру яго чалавечых магчымасцей, наколькі ён «чалавечны», гэта значыць, наколькі ён адчувае сваю адказнасць за сябе і за іншых.

Яська не аддае малых на выхаванне ў дзетдом. Ён добра разумее, што пры дзецях ніхто яго не можа замяніць, што бацька ў дзяцей адзін. У гэтым героі адлюстраваліся ўяўленні пісьменніцы пра чалавечнасць, пра хараство чалавека.

Яе душэўнасць, дабрата выразна праявіліся і ў творах для дзяцей…

Так, мастацтва Е. Лось сагрэта актыўнай любоўю да чалавека. Мне добра помніцца яе верш «Косы» — пра жанчын, дзяўчат, што не дачакаліся з вайны сваіх мужоў і каханых:

Вясновы дым над горадам малым… Кіно — дзядам, дзіцячы сад — малым… А што сярэднім — з косамі, як лён, І нават пасівелымі з тых дзён, калі каналі ў полымі сады І за вінтоўку браўся малады? «Сярэдніх» пашкадуйце, салаўі… Ні шчасця ў іх, ні людскае сям’і, Ні паратунку ад таемных слёз, ні радасці ад кос,                        цудоўных кос, Бо тыя, для каго яны раслі, ляжаць, непакароныя, у зямлі.

Подзвіг народа, гераічнае мінулае, Айчынная вайна не пераставалі хваляваць паэтэсу. «На ваенную тэму пачала пісаць куды раней, чым на ўсе іншыя», — гаворыць яна ў артыкуле «На магіле брата». Старэйшы брат Еўдакіі Якаўлеўны, Сяргей, загінуў на фронце пад Кіевам, у Фаставе. «Імкнуся сказаць, — прызнаецца яна, — не толькі пра свайго брата, а і пра ўсіх братоў і бацькоў, што ваявалі на фронце і ў партызанах, цаной сваіх жыццяў здабылі перамогу, абаранілі ўладу Саветаў. Так была напісана брэсцкая рэч — „Гавораць бессмяротныя“, і фастаўскі вянок, і паэма пра Хатынь, і партызанскія рэчы, і маналог пра Сотую дывізію…»

Да вайны ва Ушацкім раёне было 54 тысячы жыхароў, пасля вайны засталося 20 тысяч, — паведамляе яна ў эпіграфе да аднаго з вершаў. Услаўленню народнага подзвігу аддадзена шмат сіл. Хто не памятае яе вершаў «Абеліскі», «На магіле бацькі Міная», «Вёскі, якія не ўсталі», «Беларускія хлопчыкі», «Пісьмо ў Фастаў» або «Дзяўчаты мінулай вайны»… Праўда жыцця, праўда перажытага, што шырокай плынню ўвайшла ў творчасць Е. Лось, рэзка павялічыла магчымасці яе паэтыкі і інтанацыі, якая таксама хвалюе і актыўна працуе на змест. Узросшая на народнай глебе, мастацкая індывідуальнасць паэтэсы паўстае вельмі выразна. Багаты жыццёвы вопыт, пафас чалавечнасці, вастрыня пачуццяў, высокі і непаўторна асабісты ўзровень майстэрства — усё гэта неад’емныя ўласцівасці яе паэтычнай постаці.

Зацікаўленасць жыццём, глыбіня душэўнага позірку — вось што апладняла яе песню, рабіла яе нацыянальна непаўторнай і цікавай далёка за межамі рэспублікі. Голас беларускі чуецца мне ў пяшчотным вершы «Беларускія хлопчыкі»:

Найсціплейшыя вочы ў хлапчукоў з Беларусі,— да работы ахвочых і спагадных у скрусе… Мне з маленства вядома, як вы, хлопцы, каналі, як у лесе і дома вас пяском засыпалі… Беларусь галасіла, і пыталі дарожкі: — Што ж вас гэтак скасіла, дзе вы, босыя ножкі?

Ужо ў самых першых сваіх кнігах Е. Лось спрабуе сілы ў больш маштабным жанры — паэме. «Гавораць бессмяротныя» — гэтая паэма, напісаная ў 1961-62 гадах, прысвечана абаронцам Брэсцкай крэпасці. Аўтар у дыялогах з абаронцамі хоча раскрыць іх мужнасць, ідэйны і маральны змест подзвігу, яго значэнне для нашчадкаў. «Вянок», «Мая Хатынь», «Слова гіра вечныя зоркі», «Мінчанка», «Высакосны год», «Мой свет», «Матчына трывога» — такія яе здабыткі ў галіне паэтычнага эпасу. Паэма — адзін з самых тонкіх і складаных жанраў, які патрабуе не толькі майстэрства. Яе паэмы наскрозь лірычныя, спавядальныя. Сюжэтна-апісальны элемент у іх амаль адсутнічае. Гэта шчырая размова з сучаснікам пра набалелае, мінулае і будучае, пра тыя духоўныя карані, што лучаць чалавека з народам.

Калі я стала гараджанкай? Пытаюся ў самой сябе. Расла рахманай ушачанкай, Пры ворыве і пры сяўбе.

Так, у паэме «Мінчанка» паэтэса ставіць праблему «каранёў», вытокаў, якія не павінны губляцца альбо забывацца ў наш час. Яе паэзіі ўласціва вострае адчуванне сучаснасці, клопат аб захаванні і памнажэнні нашых душэўных набыткаў, каб перадаць іх наступным пакаленням.

Гледзячы на цяперашняе жытнёвае поле, яна раптам засумавала, што «ўжо не жнуць сярпамі жыта»:

Падумаюць: зашкадавала ды супраць тэхнікі пайшла… А я таму, што сумна стала, што песня з нівы уцякла. Камбайнер свішча зухаваты, Валкі нячэсана ляжаць… Ужо не зведаюць дзяўчаты адвечнай асалоды — жаць…

У яе творчасці была глыбокая повязь са светам народнага жыцця.

Прыкметна расло псіхалагічнае майстэрства, майстэрства змястоўнага падтэксту. Адна за другой з’яўляліся кнігі, талент уваходзіў у пару творчай сталасці, прыйшла слава і не абы-якая. Добра помніцца выступленне паэтэсы перад працоўнымі ў Смаргоні, дзе яна чытала вершы, расказвала аб сабе, аб убачаным і перажытым, адказвала на шматлікія пытанні. Гэта была сустрэча сэрцаў. Не забуду, як яна чытала.

З кужалю кашулю вышыла б для брата — на яго магіле васількі ды мята… З кужалю кашулю вышыла б для мужа — ён не надта хоча, я не прагну дужа. Гэтую кашулю вышываю сыну па сваёй ахвоце, па свайму пачыну. Хай за брата носіць, хай за мужа носіць, у маёй кашулі хай любві не просіць! Хай любоў знаходзіць сына па вышэўцы, каб з-за васілёчкаў спадабаўся дзеўцы. Каб з-за каласочкаў запрашалі ў хату, з-за рамонкаў белых называлі братам…

Верш узрушваў, браў за жывое, многія жанчыны выціралі хусткамі вочы, зала хвалявалася, грымела воплескамі. Гэта было яднанне паэта са сваім народам.

Думка пра народнасць творчасці Еўдакіі Лось усё больш западала ў маю свядомасць. Пры гэтым яна ніколі не зніжалася да ўзроўню непатрабавальнага чытача, ніколі не прыкрывалася фальклорам і не злоўжывала ім. У Еўдакіі Якаўлены ўсё было сваім, індывідуальным, перажытым, выпакутаваным. І ў той жа час не толькі не гублялася — павялічвалася кроўная сувязь з вялікімі абсягамі народнага жыцця, з агульнымі трывогамі і клопатам. Ліпень — месяц лета, яго зеніт. «Лірыка ліпеня» — так назвала яна сваю кнігу вершаў і паэм, якая ўбачыла свет на пачатку 1977 года.

Самы белы строй у бяроз — лірыка ліпеня… Самы цяжкі лёт у пчалы — лірыка ліпеня. Самы чысты мёд — на сталы… Лірыка ліпеня!

Гэты мастацкі вобраз — «лірыка ліпеня» — выдатна характарызуе душэўны стан паэтэсы, сутнасць яе светаўспрыняцця, мастацкага бачання, у якім паядналіся лірычная пранікнёнасць і мудрасць пражытых гадоў. Яна таленавіта ўславіла вялікі, паўнакроўны і шматстайны свет быцця савецкага чалавека — свайго сучасніка.

Апошняя кніга Еўдакіі Якаўлеўны «Лірыка ліпеня» разнастайная па зместу, думках і пошуках, але і тут паэтэса засталася вернай памяці сэрца, успамінам пра пару ваеннага ліхалецця, якую немагчыма выкрасліць з памяці — «Гараць гарады, стогне зямля, захлынаюцца рэчкі крывёй… Я развяжуся з вайной, пасля, калі стану сама зямлёй…»

У першай палавіне чэрвеня 1977 года ў Доме літаратара адбыўся яе вечар, якому наканавана было стаць таксама апошнім яе такім вось творчым вечарам — сустрэчай з прыхільнікамі свайго багатага таленту. Мне даручана было выступіць з кароткім словам пра яе жыццёвы і творчы шлях. Я расказаў усё, што ведаў пра паэзію Еўдакіі Якаўлеўны, пра тое, як трэба, на мой погляд, разумець яе вершы, пра іх своеасаблівасць. Яна, здаецца, засталася задаволенай маім выступленнем. Пасля творчай часткі паэтэса запрасіла сваіх сяброў на таварыскую вячэру, дзе давялося выступіць і ў другі раз — з тостам. Я прапанаваў падняць бакалы за яе здароўе, сказаўшы, што ў асобе Еўдакіі Якаўлеўны наша літаратура мае непаўторнага народнага паэта. Мяне падтрымалі астатнія.

— Уладзімір Васільевіч, чаму гэтага вы там не сказалі — у сваім выступленні на вечары? — раптам пачулася — ні то жартам, ні то ўсур’ёз — з другога канца — ад Еўдакіі Якаўлеўны.

Я і сам тады пра гэта пашкадаваў і цяпер шкадую, калі ўжо сказаць так, каб пачула сама паэтэса, няма магчымасці. Паэты — гэта заўважана Карлам Марксам — маюць асаблівую патрэбу ў чалавечай пяшчоце, увазе.

Яна жыла, як кажуць, страсцямі, захаплялася — кнігамі, людзьмі, працай, жыццём, паездкамі, жыла з поўнай аддачай, шчыра. Такой яна і засталася і ў сваіх творах, і ў маёй памяці.

Ды ці толькі ў маёй?

Літаратар з Палесся Уладзімір Верамейчык, успамінаючы «паэтку» (яго выраз), прызнаецца: «Еўдакія Лось усё жыццё была для мяне каталізатарам, нейкім эталонам, па якім я правяраў сваю літаратурную работу, паскараў яе, зрушваў з мёртвай кропкі. Відаць, не ў кожнага, хто піша, быў такі строгі і бязлітасны суддзя. Цяпер, з далечы пражытых гадоў, я разумею, што такая строгасць і патрабавальнасць лепш, чым бяздумнае, бязладнае захвальванне».

Мы мала любім сваіх паэтаў пры жыцці, мала ганарымся імі. А яны больш, чым хто, маюць патрэбу ў чалавечай пяшчоце і ласцы.

Паэзіі Е. Лось суджана доўгае жыццё, бо яна былга пераканана: праўда і чалавечнасць вышэй за ўсё.

Грамадзянскасць — якасць паэтычная (Ніл Гілевіч)

Прачытаўшы Гілевічавы радкі:

Пакуль паэты будуць пець — Не быць Радзіме безыменнай, Зямлі бацькоў — не анямець! —

я падумаў, што вось тут, у іх, заключаны ўвесь пафас яго дзейнасці, крэда, ідэя патрыятызму. Пакуль родная зямля будзе нараджаць паэтаў — яна будзе мець сваё імя, сваё адметнае аблічча. Сам Ніл Сымонавіч, трэба сказаць, многае робіць дзеля гэтага. «Патрыятычнае выхаванне — наша важнейшая задача», — падкрэсліў ён у сваёй прамове на V з’ездзе пісьменнікаў Беларусі ў 1976 годзе.

Не так даўно ён справіў свой «залаты юбілей» — пяцідзесяцігоддзе, з нагоды якога Рыгор Барадулін пісаў, што «наш Ніл Гілевіч сваё пяцідзесяцігоддзе сустракае незвычайна — не ўкладваецца яго паўвекавая дата ў традыцыйныя рамкі і прывычныя паняцці. Здаецца, наадварот — па крайняй меры на два дзесяткі год спазнілася першая круглая дата: надта вялікі аб’ём работы, работы, зробленай грунтоўна, па-майстэрску. Гэта, відаць, таму, што не было ў паэта таптання на месцы, прымервання, прыкідай…» (Книжное обозрение, 1981, 25 верасня). Зроблена сапраўды шмат — тут з Р. Барадуліным нельга не згадзіцца. Але ж, думаецца, было і прымерванне, былі і прыкідкі. А як жа без іх? Іншая справа, што ў юбілейным артыкуле гаварыць пра іх не заўсёды выпадае.

Першыя, юнацкія радкі з’явіліся на свет з-пад яго пяра. недзе адразу пасля вайны. У многім яны былі пераймальныя: успаміналіся знаёмыя з дзяцінства Пушкін, Колас, Купала…

Як туман, зімовы вечар Апусціўся на палі. Задымілі ў вёсцы печы — Быццам хмаркі паплылі. Змрок гусцее па марозе, Загараюцца агні. Па прасёлачнай дарозе Хтосьці едзе на кані.

Гэта былі простыя, але шчырыя вершы пра родны край і мову, пра радасці мірнага жыцця і працы, пра хлапцоў — равеснікаў, першае каханне…

Апісальнасць нярэдка падмацоўвалася пранікнёным лірызмам:

Я ў гэту ноч ліпнёвую Іду сцяжынкай вузкаю, Сцяжынкай жытнёваю, Зямлёю беларускаю.

Уважліва ўглядаецца юнак у аблічча роднай зямлі, у твары землякоў. Гэтаму, здаецца, садзейнічала таксама і работа, якую ён выконваў. Яна была ў яго таксама паэтычная — калгасны паштальён! Калі на веласіпедзе, калі пешшу — разносіў ён людзям пісьмы, газеты, кнігі… Уражанні і жыццёвыя назіранні дабратворна адбіваліся на складанні вершаў, але да першай кнігі заставалася яшчэ далёка. З’явілася яна — зборнік «Песня ў дарогу» — у 1957 годзе. К гэтаму часу аўтар паспеў скончыць Мінскае педвучылішча імя Н. К. Крупскай, папрацаваў год настаўнікам, паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна, а затым пасля яго заканчэння, — у аспірантуру пры гэтым жа універсітэце.

У першай кнізе, якую ў асноўным станоўча сустрэлі і чытачы, і крытыка, адчувалася імкненне аўтара асэнсаваць свой эмацыянальны вопыт, набыты ў цялекія для ўсёй краіны ваенныя і пасляваенныя гады. У ёй у пэўнай меры выявілася асоба аўтара. Гілевіч ішоў у літаратуру з усім тым, што было яму блізкім і дарагім, шчыра вітаючы новае ў жыцці пасляваеннай беларускай вёскі. Вершы расказвалі, чым жылі людзі у той час, як успрымалі жыццё. Прывабліваў аптымізм паэта, непасрэднасць пачуццяў, вера ў жыццё, у будучыню. Гэта знайшло яскравае адлюстраванне ў вершы «Песню бярыце з сабою», які з’яўляецца, на маю думку, лепшым у яго першай кнізе. Ён адзначаны пячаццю ўлюбёнасці, юнацкага бязвоблачнага настрою, яго герой гатовы аддаць усе творчыя сілы на карысць радзімы.

Калі не жадаеце знацца ў жыцці З назойлівай скрухай — журбою,— Куды ні прыйдзецца паехаць, пайсці,—                        Песню бярыце з сабою!

Пазней некаторыя з крытыкаў, гаворачы пра гэты верш, упікалі аўтара ў «легкадумнай павярхоўнасці», «ружовым падбадзёрванні». Але наўрад ці ў іх былі падставы для такіх папрокаў: лірыка немагчыма без шчырасці, без адкрытасці душы і праўдзівасці. Шырокі эмацыянальны жэст паэта — «Песню бярыце з сабою!» — выклікаў суперажыванне, сугалоссе пачуццяў і настрояў, ён падабаўся равеснікам.

Гэты перыяд — 50-я гады — адзначаны ростам грамадзянскай самасвядомасці савецкага народа, узмацненнем працоўнай актыўнасці, больш поўным увасабленнем прынцыпаў сацыялістычнага гуманізму. Вершы паэта ўвабралі ў сябе ідэалагічную і псіхалагічную атмасферу таго часу. «Мы свой вымяраем узрост не гадамі, а электрастанцыямі, гарадамі…» Асабліва свежа прагучалі тыя вершы, у якіх аўтар гаварыў ад імя свайго пакалення, сам становячыся лірычным героем сваёй паэзіі. Дарэчы, такую акалічнасць крытыка сустрэла ў штыкі. Б. Бур’ян у часопісе «Полымя» пісаў: «Перш за ўсё, нам здаецца, Нілу Гілевічу трэба адыходзіць ад павярхоўнага разумення ўбачанага. Якой бы змястоўнай біяграфія асобнага чалавека ні была, толькі яна не можа быць бясконцай крыніцай для мастака. Мы ўпэўнены, чым хутчэй Н. Гілевіч адмовіцца ад разумення лірычнага героя як свайго двайніка, тым хутчэй ён здолее замацаваць у сваёй творчасці ўсе тыя станоўчыя, самабытныя рысы, аб якіх гаварылася вышэй» (Полымя, 1957, № 5, с. 195). Магчыма, Бур’ян у нечым і меў рацыю. Тады, найперш, калі гаварыў пра неабходнасць узбагачэння жыццёвай біяграфіі літаратара. Аднак ці можна аспрэчваць права апошняга дайсці да самой сутнасці — аналізаваць, узважваць, прымаць рашэнні, адмаўляць і г. д. Паэт, асабліва паэт-лірык, відаць, не можа зразумець навакольны свет, не зразумеўшы самога сябе. А не зразумеўшы сябе, ён будзе ў канфлікце з грамадствам. Але цікавасць да «я» мастака залежыць ад таго, у якой ступені індывідуальны вопыт яго «я» адлюстроўвае жыццё іншых людзей.

Гаворка, такім чынам, ішла пра больш поўнае раскрыццё — у самабытных мастацкіх вобразах — асобы не толькі героя, а і самога паэта, пра ўласцівы для яго творчы пачатак, актыўнае стаўленне да рэчаіснасці, намер па-свойму «мадэліраваць» свет.

Над гэтым даводзілася задумвацца; паэт спрабуе свае сілы ў галіне дзіцячай літаратуры — піша вершы, паэмы, казкі, загадкі, адрасаваныя маленькаму чытачу. Творчасць для дзяцей узбагачала яго.

У 1959 годзе выйшла другая кніга «Прадвесне ідзе па зямлі», а ў 1961 — трэцяя «Неспакой». Яны паглыбілі канцэпцыю жыцця ў творчасці паэта, узмацнілі грамадзянскасць. «Часцей, часцей прыпамінай імёны паўшых смерцю храбрых…» У іх паэт з хваляваннем малюе лірычны вобраз роднага краю — Беларусі: «Без гэтых бароў задуменных, без гэтых азёр, без гэтых палеткаў я шчасця на свеце не знаю». Родным пейзажам, краявідам, прыродзе беларускія паэты прысвяцілі шмат вельмі прачулых радкоў. У гэтым радзе — вершы Н. Гілевіча:

Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі, Дзе такія густыя лясы І такія спакойныя рэкі. Дзе вясной непаўторна штораз Зелянеюць разлогі — палі, Дзе ўладар гэтай дзіўнай красы — Ты, парод мой, на вечныя векі!

Любоў да роднай зямлі вельмі плённа адбілася на творчасці паэта, абвастрыла яго сацыяльны і маральны зрок, здольнасць у асобным факце разгледзець з’яву («Замок», «Роднае слова», «Сцежкі да родных магіл» і інш.). Развіваецца публіцыстычны струмень: ён умеў быць, так сказаць, нязмушана ўзрушаным, калі заклікаў рыхтаваць сэрцы да палёту, прызнаваўся ў любві да роднага краю, прасіў помніць імёны герояў. Яго творчасць прасякнута пафасам услаўлення чалавека і яго высакародных спраў.

Разам з тым паэт пакідаў месца і для твораў інтымнага характару. Каму не помняцца з тых год вось гэтыя — вельмі непасрэдныя і чыстыя — радкі пра дзяўчыну, што страчаецца са сваёй шаснаццатай вясной:

Лёгкая, як воблачка, Як прыпеўка ў песеньцы, У бліскучых лодачках Збегла ўніз па лесвіцы. Стала на пагорачку, Глянула навокала, «Ой, як сёння хораша!» — Ад здзіўлення войкнула…

Вядомы крытык Леанід Навічэнка вельмі трапна сказаў: «У наш час, час фармавання ўсебакова развітай асобы будаўніка камунізма, дзіўным анахранізмам было б лічыць малаважным у паэзіі, скажам, інтымна-псіхалагічныя або пейзажныя матывы, калі яны сцвярджаюць высакародства чалавечых адносін, сапраўдную культуру пачуццяў, высакаразвітую здольнасць успрымаць і тварыць прыгожае» (Литературное обозрение, 1973, № 1, с. 35).

Пра гэтую здольнасць Н. Гілевіча якраз і сведчыла яго паэзія.

Недзе ў 60-я гады, а можа і раней, у яго нечакана выявіўся талент сатырыка і гумарыста. З таго часу выйшла ўжо некалькі кніг яго сатырычных твораў. Аўтар пераконаны, што «смех ёсць пажыццёвы спадарожнік усякага здаровага духам чалавека». Гумар — адна з адзнак народнасці яго паэзіі. Сатыра, гумар пранікаюць і ў лірыку, узнімаючы яе грамадзянскі ўзровень («Мяне вучылі асцярожнасці», «Ананімшчыкі і безыменныя пісьмы» і інш.).

Што яшчэ хацелася б адзначыць у паэзіі Н. Гілевіча — дык гэта яго пастаянную цікавасць да вуснай народнай творчасці. У яго ёсць нямала ўзораў удалага яе выкарыстання. І ў іншых паэтаў сувязь з фальклорам яму заўсёды імпанавала.

«Адна з добрых асаблівасцей паэзіі С. Дзяргай, — пісаў ён у свой час, — блізкасць яе да нацыянальнага фальклору. Паэт умела карыстаецца гэтай невычэрпнай крыніцай паэтычных скарбаў, ён нястомна вучыцца майстэрству ў народа. Матывы, вобразы, прыёмы вуснай народнай творчасці можна ўбачыць у многіх вершах паэта. Нават такі ўстарэлы, адмёршы від вуснай народнай паэзіі, як загавор, паэт ажыўляе і прымушае загучаць па-новаму». Тут Н. Гілевіч прыводзіць у якасці прыкладу вядомы верш С. Дзяргай «Паўзіце, словы, ад мяне…» (Полымя, 1959, № 4, с. 174).

Але ж нешта падобнае можна назіраць і ў самога Н. Гілевіча.

Вы шуміце, шуміце Нада мною, бярозы, Калышыце, люляйце Свой напеў векавы. А я лягу — прылягу Край гасцінца старога На духмяным пракосе Недаспелай травы.

Фальклорная паэтыка ў дадзеным выпадку дапамагае выявіць унутраны свет лірычнага героя, рух яго настрою, нараджэнне новага душэўнага стану. Аднак бывалі выпадкі, калі паэт залішне «прычэсваў» свае вобразы пад фальклор, што вяло да гладкапісу, павярхоўна зразуметай народнасці. У некаторых выпадках мела рацыю і крытыка, выказваючы ў дачыненні да яго пажаданне большай канкрэтнасці перажывання.

У гэтым сэнсе этапным для Н. Гілевіча стаў, на нашу думку, зборнік «Бальшак» (1965), які пачынаўся знамянальнымі радкамі:

Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай. Я не нахлебнік твой. Я на зямлю Не для таго прыйшоў, каб жменяй поўнай Уцехі браць. Я — аддаваць люблю —

і гэта былі не проста словы: за імі стаялі новыя веды, новы вопыт. Паэту давялося шмат паездзіць па рэспубліцы і па краіне, пабываць за мяжой. Убачанае, пачутае будзіла думку.

Усё гэта, безумоўна, дабратворна адбілася на пашырэнні кругагляду паэта, на яго агульным творчым пасталенні. Яго талент і грамадзянская смеласць праявіліся ў тым, што ён рашуча шукаў і ставіў пытанні нялёгкія, вострыя, якія патрабавалі сур’ёзнага падыходу і асэнсавання.

У 1970 годзе, паводле перапісу, гарадское насельніцтва ў рэспубліцы складала З мільёны 907 тысяч чалавек (43 працэнты). У 1979-м яно павялічылася да 5 мільёнаў 263 тысячы чалавек (55 працэнтаў). Колькасць сельскага насельніцтва зменшылася за гэты час на 797 тысяч чалавек (Звязда, 1980, 10 студзеня).

Паэзія Н. Гілевіча па-свойму рэагуе на гэта. У кнізе «Бальшак» сустракаем цікавы верш «Пра дзядоў і зямлю», які нібыта вяртаў нас да забытых каштоўнасцей народнага жыцця. Прывядзём яго поўнасцю.

…Дзеркачом абабіўшы валёнкі (На працы быў дзесьці), Ён прысеў каля грубкі. Ільдзінкі плывуць з барады. — Цяжкавата зімою? — Памог бы! — А дзе вашы дзеці? — Дзеці? Там, дзе і ты, брат — Па шчасце пайшлі ў гарады. — Ну, чаго так глядзіш? — Пераняў мой збянтэжаны позірк. — Я адсюль не сыду ўжо, Калі не сышоў малады. Ад зямлі ўцякаем. А хлеб сюды з горада возім… Чым далей ад зямлі мы збяжым, Тым бліжэй да бяды…

У вершы «Пра дзядоў і зямлю» аўтар задумваецца над лёсам вёскі, над тымі дэмаграфічнымі працэсамі, якія адбываюцца. Ён упэўнены, што трэба захаваць усё тое добрае, маральна-перспектыўнае, што выпрацаваў народ на працягу вякоў і што спатрэбіцца нам у будучыні.

Лёс вёскі — блізкі беларускай літаратуры. Большасць пісьменнікаў выйшла адтуль. Можа, таму і Н. Гілевіч з такім шкадаваннем успрымае аддаленне чалавека ад зямлі, у яго вершы гучыць родзум пра сэнс жыцця і месца ў ім чалавека. Ён любіць вёску не толькі ў памяці, але і сённяшнюю, якая яна ёсць, з яе душэўнымі, высакароднымі людзьмі.

У яго творчасці паступова пашыраюцца ўяўленні аб часе, аб яго супярэчнасцях, аб людзях і іх узаемаадносінах з часам. Шмат чаго расказала нам пра паэта, яго жыццёвы вопыт змешчаная ў «Бальшаку» паэма «Сто вузлоў памяці», у якой адлюстраваліся даваенныя і пасляваенныя падзеі на Лагойшчыне, у адной з вёсак. Гэты «кавалак гісторыі» паказаны аўтарам псіхалагічна праўдзіва. Вось, скажам, урывак з раздзела «Перамога», у якім перададзены перажыванні тых, каму пашчасціла адолець цяжкую дарогу праз вайну.

Франтавікі пілі і партызаны, Тылавікі і мацеркі сірот. Адны — ўразмешку з ціхімі слязамі, Другія — з гучным тостам за народ. Адны ад крыўды мыліцы ламалі І, нібы дзеці, плакалі сп’яна. Другія «бронь» употай цалавалі, Што ўратавала ім жыццё яна…

Аўтар звярнуўся да таго, што ведаў па ўласнаму жыццю. Ён узнаўляе героіку партызанскай барацьбы. Пакаленне паэта добра памятае таксама і пасляваенныя гады: людзям даводзілася есці гнілую бульбу, але песні былі бадзёрыя — «пра росквіт палёў». Але паэма «Сто вузлоў памяці» пры ўсім сваім непрыдуманым драматызме, трагічнасці некаторых старонак у цэлым мела жыццесцвярджальны характар, яна ўслаўляла гераізм простага чалавека, паказвала неадольнасць маральнай сілы народа.

У «Бальшаку» зліліся ў адно і канкрэтнасць і абагульненасць і лірычнага вобраза, якая добра выявіла сябе ў аднайменным вершы, які даў назву ўсёй кнізе:

Праз долы-нізоўі, дзе ўвечар туманы ўстаюць, Праз водар мядункавы спелых лугоў у пракосах, Праз рэкі і рэчкі, што петлі блакітныя ўюць, Праз ранішні гоман стозыкі пасёлкаў і вёсак, Праз пушчу, дзе сосны струменяць жывіцу-пяршак, Праз ліўні густыя, што раптам заслоняць паўсвета,— Спяшаецца ўдалеч стары беларускі бальшак, Спяшаюцца людзі, спяшаецца век-непаседа.

У творчасці Н. Гілевіча знаходзім роздум над шляхамі гісторыі беларускага народа, якія вядуць яго ў будучыню. Падзейнасць саступае месца думцы, скіраванай на самааналіз, на работу розуму, акрыленую эмоцыямі, страсцямі, імкненнямі сэрца. Цікавыя ў гэтым сэнсе аказаліся вершы «*** Я хацеў бы слова даць любові…», «Спадчына», «*** Зямля бацькоў…», адзначаныя паглыбленнем пачуцця гістарызму. Гэтае пачуццё ўзнікла не адразу, але ўзнікшы — ад кнігі да кнігі — пастаянна ўмацоўваецца. Паэт імкнецца асэнсаваць свае сувязі з гістарычным часам, напісаць партрэты выдатных дзеячаў мінулага — Якуба Коласа, Хрыста Боцева, Міхася Чарота, Паўла Постышава… Адсюль — павелічэнне філасофскай ёмістасці лірыкі.

У 1967 годзе з’явілася кніга «Перазовы». Гэта былі вершы, прасякнутыя народным светаўспрыманнем і вопытам, разуменнем дабра і зла.

Кніга вельмі шматстайная. У тым сяле, дзе я не быў ніколі І нават дзе яго шукаць — не знаю, Ёсць хата ў яблынях, парог якое Я толькі ў сне парой пераступаю. І зноў і зноў там, ледзь сцямнее                                                 ў полі, Хаджу, як прывід, з вечара да ранку — Усё запаветную шукаю брамку У тым сяле, дзе я не быў ніколі.

Па-мойму, гэта, сапраўдная паэзія. У яе вялікія магчымасці, якія не можа замяніць іншы жанр ці род літаратуры. Гётэ ў сваіх лістах пісаў: «Я амаль што пачынаю верыць, што, відаць, толькі адной паэзіі можа ўдацца выразіць да пэўнай ступені такія тайны, якія ў прозе звычайна здаюцца абсурднымі, таму што яны могуць быць выражаны толькі ў супярэчнасцях, якія непрыймальныя для чалавечага розуму».

Фарміруючы асобу эмацыянальна і інтэлектуальна, паэзія Н. Гілевіча ўмее закрануць самыя патаемныя струны чалавечай душы. Яго лірыка стала тонкім інструментам, які вельмі дакладна фіксуе асабістае самаадчуванне і самасвядомасць чалавека ў наш трывожны, навальнічны век, падтрымлівае маральны клімат грамадства.

В. Каваленка, які шмат пісаў пра творчасць Н. Гілевіча, добра падмеціў, што філасофія ў яго вершах «не існуе ў якасці нейкай асобнай вылучанай філасофскай формулы, а сам паэтычны сюжэт утрымлівае, нараджае філасофскую думку» (В. Каваленка. Жывое аблічча дзён. Мн., 1879, с. 180).

Вось пра гэта якраз і сведчыць працытаваны вышэй верш.

Сіла паэзіі — у сіле асобы паэта. Гэта мы адчулі ў вершах «Старыя друкарні», «Мова майго народа», «У старажытным гарадку пад Ганнаю» і іншых, якія сталі новым крокам паэта ў спасціжэнні народнага жыцця і гісторыі. Ён прыгадвае характэрную для XVI — першай палавіны XVII ст. на Беларусі з’яву — бурнае развіццё кнігадрукавання, заснавальнікам якога быў выдатны асветнік-гуманіст Францыск Скарына. Друкарні дзейнічалі ў Нясвіжы, Брэсце, Лоску, Заблудаве, Магілёве, Еўі і многіх іншых месцах. Друкарскае майстэрства стаяла вельмі высока, пра што сведчаць дайшоўшыя да нас старадрукі.

О, як бы разросся той кветнік, той сад, Хоць вёсны былі неспагаднымі, Калі б не стаптаў заваёўнік-магнат, Калі б чужакі не спаганілі! Але, як зярняты з угрэтай раллі, Слязамі і кроўю палітыя, Ізноў прарасталі, буялі, цвілі Бяссмертныя родныя літары! І чулася, чулася ў стуку станкоў, Што ім не замоўкнуць заклятымі, Што будуць яны за хрыбтамі вякоў Грымець паліграфкамбінатамі.

Н. Гілевіч асэнсоўвае рух гісторыі, яе сацыяльны і духоўны вопыт, адчуваючы на сабе погляд бацькоў, абавязак перад імі. І тут таксама выяўляецца адна з асаблівасцей яго грамадзянскасці, якая складае маральна-эмацыянальны нерв яго паэзіі і ўсёй дзейнасці.

«У чалавека, — сцвярджае паэт, — заўсёды павінны быць у душы святыні, праз якія ён не можа пераступіць, не можа ігнараваць іх і апошліць» (Літаратура і мастацтва, 1979, 9 лютага).

Гэта — паэт нарастаючай сілы, якая жывіцца сокамі часаў. Звяртаючыся да вопыту гісторыі, ён хоча глыбей зразумець сучаснасць. Ён ведае, што пераўтварэнне свету — справа складаная і што вопыт гісторыі можа ў многім дапамагчы.

Гавораць, што ў вершах сучасных паэтаў паэзія думкі пераважае над паэзіяй пачуцця. Вершы Н. Гілевіча застаюцца эмацыянальна вельмі пераканальнымі. Мне даўно, напрыклад, падабаюцца вось гэтыя цудоўныя радкі (з кнігі «Перазовы»):

Замірае, Сціхае Мая залатая дуброва, Асыпае, Скідае на дол Свой задумлівы ўбор. Не звініць і не льецца Раздольна-вячыстая мова, Толькі шоргат сухі пад нагамі, Як скарга-дакор…

У вершы адбіўся своеасаблівы антрапамарфізм сялянскага мыслення. Метафорыка паэзіі Н. Гілевіча звычайна вельмі канкрэтная, але ў працытаваных радках адчуваецца падтэкст, заклапочанасць паэта ўмацаваннем тых глыбінных сувязей, якія лучаць чалавека з роднай зямлёй, сучаснасцю і гісторыяй.

Здольнасць на вельмі эмацыянальнае суперажыванне дапамагла яму асвоіць жанр балады: «Апошняе спатканне з Веранікай», «Слёзы шчаслівага чалавека», «В’етнамская балада», «Неадкрытыя зоркі паэта», «Балада пра краіну ў чорным», «Сустрэчы ў снах» — гэтыя і многія іншыя выдатныя творы далі права Г. Бураўкіну — назваць яго «майстрам балады». Шырокі рэзананс меў яго своеасаблівы цыкл вершаў-балад «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», названы паэтам «патрыятычнай араторыяй». Стылёвы тон гэтаму твору і маштаб задала вядомая партызанская песня «Горит, горит село родное, горит вся Родина моя».

Пацвердзіліся даўнія сувязі з народным словам, яго вершу па-ранейшаму ўласціва афарыстычнасць думкі, эмацыянальная пераканальнасць, арыентацыя паэта на духоўныя каштоўнасці.

Мастацка-стылёвая шматстайнасць паэзіі Гілевіча нясе ў сабе сляды гістарычнага развіцця і традыцый, развіцця паскоранага, сціслага. Яе пранікаюць токі, што ідуць ад Ф. Багушэвіча праз творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, абумоўліваючы і ўзмацняючы яе сацыяльна-маральнае і эстэтычнае гучанне.

Словам, творчасць Н. Гілевіча актыўна ўключана ў літаратурны, працэс, тэндэнцыі якога выразна праглядваюцца ў яго паэзіі. Для яго, напрыклад, таксама ўсё больш характэрным з’яўляецца павышэнне цікавасці да індывідуальнага ў чалавеку, імкненне ўбачыць яго душу. Светапогляд паэта, яго эстэтычныя ідэалы, ваяўнічая грамадзянскасць знайшлі адлюстраванне ў такіх кнігах, як «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (1979) і інш. Тут знаходзім працяг роздуму паэта пра грамадзянскі абавязак чалавека, які павінен адчуваць час, у які ён жыве. Ніл Гілевіч да гэтага якраз імкнецца, ён паэтызуе жыццё, працу, святло Ленінскіх ідэй, вучыцца разумець дыялектычную ўзаемасувязь часаў.

Раскладайце, паліце купалля агні! Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына, А каб лепей убачыць наступныя дні, Да вытокаў душой дакрануўшыся…

Паэт імкнецца асэнсаваць, «абжыць» новыя бакі і з’явы жыцця, павялічыць свае магчымасці мастацкага пазнання і абагульнення рэчаіснасці. Яго рост непарыўна звязаны з духоўным светам сучасніка, з тым, пра што добра сказаў Юрый Бондараў: «Задача мастацтва застаецца і непахісна вечнай, і непахісна новай: пазнанне чалавекам самога сябе як часцінкі прыроды, а значыць — зразуменне сэнсу жыцця».

Беларуская паэзія заўсёды адчувала непадзельную сувязь з лёсам народа, яна была і застаецца духоўна-эстэтычным эквівалентам грамадства, яна творыць, «збірае» чалавека, асвятляючы яго месца і ролю ў агульнай карціне сучаснага свету. Яна зандзіруе глыбіні яго духоўнага жыцця.

Такім шляхам рухаецца і аўтар «Бальшака».

Г. Бураўкін, які добра ведае і любіць паэзію Н. Гілевіча, адзначаў, што «адна з самых характэрных рыс яго паэзіі — спакойная засяроджанасць і абсалютны давер да народнага вопыту» (Полымя, 1969, № 10, с. 191).

Аналізуючы ўзаемадзеянне асобы і грамадства, паэт хоча дазнацца, як, у чым змяніўся сам чалавек, што каштоўнае ён набыў, што страціў і наколькі захаваў генетычную сувязь з часамі былымі, з народнымі вытокамі. У паэтычным характары Н. Гілевіча нам вельмі дарагі маштабны народны характар, абумоўлены рознымі бакамі грамадскага жыцця і працы, чалавек, якога не пакідае пачуццё адказнасці. Такі чалавек відаць у паэмах «Недзяленя» і «Крынічанка» (1970). Вельмі розныя паводле сваіх сюжэтаў і зместу, абедзве яны ўслаўляюць духоўны вопыт народа, пранесены ім праз вякі. Духоўны воблік лірычнага героя вызначаецца высокім узроўнем грамадзянскай свядомасці і творчай актыўнасці, вострым пачуццём адказнасці за тое, што адбываецца ў жыцці, любоўю да народных эстэтычных уяўленняў і мастацкіх каштоўнасцей. І гэта знайшло адбітак у індывідуальным стылі паэта з уласцівай для яго блізкасцю да народна-фальклорных сродкаў выяўлення, класічнай гарманізаванасцю верша, рэалістычнай яснасцю і празрыстасцю творчай манеры.

Мы спыніліся на паэзіі Н. Гілевіча, але ён вядомы не толькі як слынны паэт. Ён мае адносіны да ўсяго, імкнецца актыўней умешвацца ў жыццё — і не толькі радком. Фронт яго дзейнасці шырокі. Ён выступае як крытык і публіцыст, даследчык гісторыі роднай літаратуры. Дзейнасць яго па-сапраўднаму шматгранная. Н. Гілевічу належаць працы па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (паэзія „Маладняка“)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам. Сучасная балгарская паэзія. 1956–1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978, даклад на VIII Міжнародны з’езд славістаў), зборнік літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978). Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979).

Нельга не адзначыць перакладчыцкай працы Н. Гілевіча, які ўжо даўно вядзе шматстайную работу па ўмацаванню сувязей з літаратурамі краін сацыялістычнай садружнасці. У 1965 годзе ўбачыў свет зборнік вершаў балгарскіх паэтаў «Ад стром балканскіх» у яго перакладах. У перакладчыцкай дзейнасці асноўнае месца займаюць пераклады з балгарскай: аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1959), раман С. Даскалава «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча — безбілетнік» (1958), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталагічны зборнік апавяданняў «Скарб» (1967, разам з В. Нікіфаровічам), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай балгарскай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (1973, сумесна з А. Разанавым), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень» (1978).

У 1966 г. за пераклад і прапаганду балгарскай літаратуры ў Беларусі ўрад Народнай рэспублікі Балгарыі ўзнагародзіў паэта ордэнам Кірыла і Мяфодзія І ступені.

Н. Гілевіч паспяхова перакладае таксама з польскай, серба-харвацкай, лужыцкай і іншых славянскіх моў. У 1978 г. у яго перакладзе выйшла кніга вершаў славенскай паэзіі XIX–XX стст. «Маці мая, Славенія».

Зборнік лірыкі, сатыры і гумару Гілевіча «У добрай згодзе» (1979) разам з перакладчыцкай дзейнасцю адзначаны Дзяржаўнай прэміяй за 1980 год.

Кнігі беларускага паэта выходзілі на рускай, украінскай, балгарскай і іншых мовах.

Па-ранейшаму шмат ён піша для дзяцей.

Без Ніла Гілевіча сёння цяжка ўявіць сучасную беларускую літаратуру. Яго ўклад у яе развіццё адчувальны. У яго паэтычным набытку адгукнулася гераічная гісторыя народа, маладосць і сталасць нашага сацыялістычнага ладу. Паэт паслядоўна сцвярджае сваю крэўную роднасць з бацькоўскім краем, з народам і яго культурай.

Ён пісаў: «Сапраўдная культура чалавека, чалавека-творцы, чалавека-будаўніка новага свету, ёсць перш за ўсё глыбокае ўсведамленне свайго месца ў бесперапынным ланцугу пакаленняў, у іх вялікай стваральнай працы на карысць радзімы і месца свайго народа ў гістарычным руху чалавецтва па шляху прагрэсу. Быць прыналежным да такой культуры, ігнаруючы духоўную спадчыну мільёнаў людзей працы, немагчыма» (Правда, 1975, 13 верасня).

Ёсць усе падставы спадзявацца, што поспехі і дасягненні Н. Гілевіча — паэта і вучонага — з цягам часу будуць яшчэ больш узрастаць, памнажаючы здабыткі роднай культуры.

Абсягі сучаснасці (Пятрусь Макаль)

Сучаснасць у кожным паэце адлюстроўваецца па-свойму. Свой аспект — у Петруся Макаля. У яго адчуваннях пераважае матыў руху, хуткасці, дынамікі: час імкне, свет імкне, чалавек імкне… Куды? Навошта? Якая мэта? Што ён пры гэтым губляе і што набывае? — вось, на мой погляд, кола пытанняў, на якія ён хоча знайсці адказ. Думаю, не перабольшу і не надта памылюся, калі скажу, што творчасць П. Макаля, які працуе ў літаратуры ўжо больш трыццаці год, будучы сама па сабе з’явай глыбока індывідуальнай і непаўторнай, з’яўляецца своеасаблівай анталогіяй духоўных і эстэтычных пошукаў беларускай паэзіі нашага часу.

Вакол кнігі «Акно» ў 1988 г. на старонках «ЛiMa» завязалася адна з вастрэйшых літаратурных дыскусій 60-х гадоў. Паэта і некаторых яго калег абвінавачвалі ў неарганічнасці майстэрства, у раз’яднанасці эстэтычнага і маральнага ў паэзіі, вузкасці тэматыкі і інш. Трэба сказаць, што крытыка ў некаторых закідах мела рацыю. Недастаткова ўлічвала яна адно: паэзія 60-х гадоў актыўна, напружана, часам залішне шумліва, экспрэсіўна, шукала — шукала новы змест і новыя формы.

П. Макаль — асабліва.

Ягоны «Першы след» (так зваўся першы зборнік вершаў — 1955 год) ужо выветрыўся з памяці. І не толькі ў чытачоў. З тае пары ў кнігу выбранага ўвайшлі толькі лірычныя вершы. Самыя лепшыя. Напрыклад, «Сустрэча з братам» (1952). У Закарпацце на магілу да помніка загінуўшаму ў вайну брату прыехаў разам з сябрамі паэт — з паклонам «ад далёкіх гродзенскіх прысад».

А ён рукой нас прывітаць не можа: Трымае зброю воіна рука, Бо чуе ён За морам брэх варожы І палец не адводзіць ад курка.

Логіка думкі — сапраўды паэтычная. Ужо ў гэты час П. Макаль выявіў густ да мастацкага пошуку, да ідэйнага ўзбагачэння сваёй паэзіі. За фактам стаяла абагульненне.

Добры верш «Гамоняць калоссі», прасторны свет адкрываецца ў ім:

Гамоняць калоссі, Шугаючы хвалямі, З блакітнымі высямі, З сінімі далямі…

Гэта ўбачана паэтам, сялянскім сынам…

Нарадзіўся Пятрусь Макаль 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне. «Калі я прыгадваю маленства, — успамінае ён, — здаецца, чытаю кніжку з часоў старажытнасці. Ціснуцца адна да адной драўляныя хаткі з саламянымі стрэхамі, паросшымі мохам. Насупраць кожнай — гумно… Галоўны сродак асвятлення ў дамах — лучына. Газавыя лямпы мелі толькі некалькі з самых заможных гаспадароў. Агонь здабывалі крэсівам — крэмень аб крэмень…»

Пісаць ён пачаў будучы студэнтам Гродзенскага педагагічнага інстытута, на пачатку 50-х гадоў.

Найбольшая ўдача чакала П. Макаля там, дзе ён не адступаў ад праўды, грунтаваўся на ўласным асабістым вопыце, як, скажам, у вершах «Маё маленства», «Святло». Ён успамінае сваю Радзіму — давераснёўскую Беласточчыну, плач пастуховага ражка, дарогу, «якая вяла з бацькоўскай хаты ў батракі…» Пакаленне Макаля абпалена вайной, загартавана цяжкім пасляваенным часам. Здавалася б, не да вершаў было, але талент, жаданне расказаць аб перажытым бралі сваё: следам за першай кнігай выходзіць другая («Вятрам насустрач» — 1958 г.) і трэцяя («Вечны агонь» — 1960 г.). Аўтар пісаў пра тое, што і ўсе: ён імкнуўся раскрыць у вершах велічны поступ нашай дзяржавы, славіў творчую працу савецкіх людзей, барацьбу за мір, апяваў каханне. Але значнага якаснага росту яны не паказалі. Бракавала сваёй унутранай тэмы, асабістага падыходу. Хоць асобныя творы былі вельмі ўдалыя. Напрыклад «У паход», у якім па-сапраўднаму паэтычна перададзена пачуццё адказнасці, глыбока ўсвядомленае савецкім салдатам: «Не, не ад ранца прыліпае кашуля да плячэй маіх. Сягоння цэлы свет, я знаю, абапіраецца на іх». Які ёмісты, насычаны і эстэтычна перспектыўны вобраз!

Новыя якасці мастацкай думкі назапашваліся спакваля. Існавала памылковае пераконанне (тады, а часткова нават і цяпер), што ў лірыцы, у адрозненне ад эпасу і драматургіі, не можа быць канфліктнасці. Аказалася, што гэта не так. Жыццё прымушала задумвацца, ставіць, хай сабе пакуль што ў агульнай форме, пытанні: «Гранітны камень кропля дробіць — чаму ж глядзець на кроплю як на дробязь?» Не цяжка зразумець: гаворка ідзе пра чалавечую асобу.

Грамадзянскасць і бесканфліктнасць у лірыцы — рэчы несумяшчальныя. Ісціна гэта ўсё глыбей адкрывалася ў неабвержанасці свайго значэння.

Служба ў арміі (1954–1956) — у сэнсе набліжэння да жыцця, пашырэння грамадскіх даляглядаў — дала вельмі шмат. Пра гэта сведчаць вершы, што перадаюць «адчуванне локця», ідэйную і маральную вышыню абавязку, калектывізм, пяшчоту салдацкай суровасці, пачуццё чалавечай годнасці. Паступова фарміравалася свая, унутраная тэма, звязаная з павелічэннем адказнасці свайго героя, узбуйненнем яго асобы. Выспяванне паэтычнага майстэрства ішло адначасова з тымі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі зрухамі, якія адбываліся ў нашай краіне і якія выклікалі хвалю незвычайнай творчай актыўнасці савецкіх людзей.

Паэт праз сваё асабістае перажыванне хацеў перадаць грамадзянскі рост асобы савецкага чалавека на глебе пашырэння сацыялістычнай дэмакратыі, узмацнення сувязей з грамадствам і яго велічнымі справамі — палітычнымі, вытворчымі, навукова-тэхнічнымі поспехамі і дасягненнямі. «Сёння нас да нябёс усё вышэй зямля ўзнімае. Неба — мошчаны зорамі брук — хутка ляжаш пад ногі прахожым…» Гэта — з кнігі «Вечны агонь» (1960). Там былі такія радкі:

А я… Я на зямлі стаю, Зусім маленькі ростам, Ды галавою дастаю Да яснай зоркі проста!

Гэта былі першыя гады асваення космасу, пачатак «касмічнай эры», актывізацыя навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У святле гэтых маштабных з’яў па-іншаму сталі бачыцца праблемы чалавека. Яны запатрабавалі ўнутранай перабудовы, новай паэтыкі, больш таго — новай пазіцыі. І паэт пайшоў на гэта!

П. Макаль, дарэчы, валодае пахвальным уменнем маўчаць, не друкавацца, калі бачыць, што напісанае яго не задавальняе, што па-ранейшаму працаваць нельга, ці, правільней, не трэба. Ён, відаць, адчуў вычарпанасць ранейшай сваёй манеры.

Станоўчы ўплыў на яго творчасць аказала вучоба на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве ў пачатку 60-х гадоў…

Новае ў яго не адразу было зразумета. «Стаў паэт на хадулі,— пісаў адзін з яго калег, — і абвяшчае ўрачыста: „Глядзіце, вось які я волат! Галавою дастаю да яснай зоркі проста!“ Наіўна і смешна. Гэта літаратуршчына. Мноства паэтаў яшчэ да П. Макаля галовамі зоры даставалі!» (Полымя, 1961, № 3, с. 180). Крытыку турбавала, што паэта пакідала прастата і душэўнасць. А сам ён думаў пра іншае, пра новыя дарогі… Адносіны да свету станавіліся ўсё больш зацікаўленымі, радок робіцца больш энергічным.

Поспехі маладых літаратараў канца 50-х — пачатку 60-х гадоў у многім залежалі не толькі ад вывучэння самога жыцця, але і ад інтэнсіўнасці мастацкіх пошукаў, арганічнага засваення і ўдалага выкарыстання разнастайных форм і прыёмаў раскрыцця ўнутранага свету чалавека. Паэзія асвойвае асацыятыўную вобразнасць, сімволіку, умоўнасць.

Пасля выхаду чацвёртай кнігі «Круглы стол» (1964) крытыка ў адзін голас сказала: «Макаль стаў пісаць інакш». Яна мела рацыю. Шмат у чым змяніўся характар вобразнасці, узрасла яе канкрэтнасць, пластычнасць, эмацыянальнасць. Узбуйняецца метафара. Адзін з цікавых вершаў кнігі — «Футбол», верш-прытча, узор шматпланавай лірыкі, з пэўным асацыятыўным напаўненнем. Перапоўнены стадыён паэт параўноўвае з раскроеным кавуном («і вось-вось, здаецца, як зярняткі, выпырснуць балельшчыкі з трыбун»), футбольны мяч нагадвае зямны шар. Ідзе гульня. І паэт выступае супраць бяздумнасці, безадказнасці, калектыўных псіхозаў, калі знікае чалавечая пільнасць. Ён сцвярджае чалавека, здольнага да разумнай дзейнасці.

Якраз у гэты час быў напісаны верш «Мера», у якім аўтар выклаў сваё разуменне рэчаў і грамадзянскую праграму. Паэт беглым штрыхом робіць накід сучаснай панарамы свету, «безразмернага» веку, як ён яго называе (хоць, магчыма, і не зусім удала).

К д’яблу метры і мэтры! Пакрысе, пакрысе Напаўняецца ветрам, Напінаецца ветразь, Што твой човен трасе. Дні, як белыя ватманы, Перачэрчвае быт. Прагнуць людзі і атамы Непамерных арбіт. Кантрабандай з таверны — Пырсне слова з пяра. Выспеў верш безразмерны У душы песняра. Брацкіх могілак горы — У зямлі на гарбе… Невымернае гора, Чалавек, у цябе. Дрэмле завязь у кветках — Не прагледзь, чалавек! У безразмерных шкарпэтках Скача атамны век.

Верш вельмі істотны па зместу і бліскучы па форме. Успамінаецца думка С. Залыгіна, які казаў, што верш пачынаецца для яго «з метафары, якая дае прадмету новы, незнаёмы нам раней і ўласна паэтычны сэнс і вызначэнне» (Литературная газета, 1980, 11 чэрвеня). «Выспеў верш безразмерны ў душы песняра» — такога тыпу метафорыка паэтычнага мыслення П. Макаля і вызначыла яго далейшае развіццё.

Падобныя публіцыстычныя матывы хораша чыталіся ў кантэксце кніг Э. Межалайціса, А. Куляшова, М. Танка, А. Вазнясенскага і іншых паэтаў.

Узмацненне «я» вяло за сабой паскораны працэс станаўлення яго творчай індывідуальнасці. З сённяшняга ён рабіўся сучасным, бо выходзіў на важныя, сацыяльна важкія праблемы народнага лсыцця, грамадскай свядомасці, на тое, што найбольш хвалявала чалавека. Яго своеасаблівасць вельмі дакладна адчуў Г. Бураўкін, які перш за ўсё адзначыў інтэлектуальнасць паэта, «Яна, безумоўна, не ў тым, — пісаў ён, — што П. Макаль даволі часта і свабодна аперыруе імёнамі Бетховена, Баха, Шэкспіра, Гамера, Галілея. Яна ў тым, што паэт стараецца ў кожным вершы думаць, аналізаваць, стараецца асэнсоўваць кожную драбніцу жыцця. Імкненне да роздуму заўсёды прываблівае, а калі яшчэ бачыш і ўменне мысліць шырока і паэтычна, дык, я думаю, ёсць падстава радавацца» (Літаратура і мастацтва, 1965, 2 лістапада).

Гэта ўсё так, але з адным у выказванні Бураўкіна нельга, на нашу думку, поўнасцю пагадзіцца — з тым, што паэт «стараецца асэнсоўваць кожную драбніцу жыцця». Гэта ўжо, як кажуць, эпічнае заданне, якое больш падыходзіць празаіку. Макаль імкнецца да маштабнага вобразу, праз які хоча перадаць стан сучаснага свету.

Дарэчы, для пісьменнікаў гэтага пакалення ўласціва ўзаемная добразычлівая цікавасць да творчасці сяброў. Амаль кожны з іх ахвотна і звычайна вельмі трапна пісаў пра кнігу таварыша. Скажам, у паэзіі С. Гаўрусёва П. Макаль захапіўся яго «ўменнем засяродзіцца на з’яве, на факце, выпісаць іх дакладна і ярка, падаць „буйным планам“, так, каб яны гаварылі самі за сябе, без аўтарскага прымусу выяўлялі тое, што па-чалавечы хвалюе мастака» (Літаратура і мастацтва, 1967, 10 сакавіка).

Такое ўменне бачым і ў самога П. Макаля, які шырока выкарыстоўвае буйны план, плакат, публіцыстыку.

Таму, нягледзячы на характэрную некаторым вершам маналагічную форму, лірычны герой з уласцівымі для яго біяграфічнымі рысамі (пададзенымі хаця б сумарна) ў вершах Макаля амаль не відзён. Яго «я» вельмі абагульненае, яно імкнецца змясціць турботы ўсёй планеты. У адным з артыкулаў пачатку 60-х гадоў ён назваў наш век векам думкі. Такі вывад вынікаў з сацыяльнага аблічча часу.

Маякоўскі некалі пісаў, што ў паэзіі ён змагаўся за канструкцыі замест стыляў. Нешта падобнае бачым і ў творчасці Макаля другой палавіны 60-х гадоў, аднак поспех да яго прыходзіць далёка не ў кожным вершы. Яму не заўсёды ўдаецца дабіцца сінтэзу думкі і пачуцця. Несуадпаведнасць тэмы і стылю назіраем, скажам, у вершы «Нашы хлопцы», дзе прыземлена-сялянская вобразнасць (барозны, ворыва, абшары цалінныя) дрэнна стасуецца з касмічнай тэмай.

Але паэт эсперыментаваў.

Праз своеасаблівасць часу хацеў зразумець яго веліч, поступ наперад, выразіць яго ўнутраныя працэсы, зрабіць іх сваім асабістым адчуваннем. Так ён асэнсоўвае тэму Кубінскай рэвалюцыі — свабоды, свята «з кабурай на паяску» («Кубінскі танец»).

Гаворачы ў адным са сваіх артыкулаў пра А. Пышна, П. Макаль перш за ўсё адзначыў маштабнасць яго паэтычнага мыслення, якая вынікае не з моды, а грунтуецца на імкненні асэнсаваць складанасць часу, памагчы чалавеку «адказаць на пытанне, як жыць, каб быць вартым прызначэння». І ў самога П. Макаля ўсё галасней гучыць тэма чалавечага сумлення, тэма праўды («Сікейрас»), рэзка павышаецца каэфіцыент мастацкага абагульнення.

У зборніку «Круглы стол» ён узнімае голас супраць мяшчанскага быту, які абмяжоўвае чалавечыя магчымасці. Гэта тэма будзе замацоўвацца ў наступных кнігах і ў першую чаргу — у «Акне» (1968). У ёй знаходзіць больш глыбокае і паслядоўнае ўвасабленне старая ісціна, якая сцвярджае, што рэалізм у паэзіі азначае шчырасць і праўдзівасць, што чалавечнасць немагчыма без праўды. У адным з ранніх вершаў «Будучай жонцы» паэт казаў:

Хоць назавеш сваім, але дарэшты Мяне ўсяго адна не забярэш ты: Я частку цеплыні сваёй аддам Садам І нерасплаўленым ільдам. Ты будзеш раўнаваць мяне да кніг, І да гудкоў, што клічуць у дарогу, І нават да сумётаў снегавых, Што затрымаць мяне ў вандроўцы могуць. Ты слухаеш і моршчышся? Тады Лепш будучай застанься назаўжды!

Герой гэтага верша рыгарыстычна, з непатрэбнай самаахвярнасцю вырашае для сябе праблему асабістага і агульнага. Ён упэўнены, што каханне не дазволіць яму быць грамадзянінам, аддаваць сілы на карысць грамадства. Дзеля гэтага ён становіцца ў позу, так сказаць, «ідэальнага чалавека», які аб’ектыўна аддаляе сябе ад астатніх людзей, хоць і мае на мэце быць для іх узорам. Пазіцыя гэтага героя, нягледзячы на сваю «ідэальнасць», не шчырая, бо яна не жыццёвая, а хутчэй вычытаная з кніг. Гэта зразумеў і сам паэт. Кахаць — гэта азначае, як сказаў Луі Арагон, «перш за ўсё выйсці за межы самога сябе».

У кнізе «Акно» П. Макаль змясціў цэлы цыкл інтымных вершаў, дзе шчыра і адкрыта, без непатрэбнай сарамлівасці загаварыў пра каханне, пра сябе, пра сваё шчасце. А як жа інакш: каханне — быццё, а быццё — дзеянне.

Мне сто вякоў спаткаць цябе карцела. Мільгаюць тут,—                         скажы,                                   з якіх часоў? — Спякотны дзень твайго тугога цела, Густая ноч жытнёвых валасоў; Нябёсы воч —                  блакіт бяздонных тоняў, Турботай затуманены пагляд, Скуластыя мацерыкі далоняў, Прычальны родны бераг немаўлят… Люблю цябе зямную, не ікону! Люблю цябе, нібы ратай раллю! Тут я адзін.                 Не стукайце.                                    Нікому У тваім сэрцы месца не ўступлю!

Паэт вяртаецца ў гэтым вершы «да самога сябе», скарачае адлегласць паміж сабою і сваім героем, і ад гэтага вобраз не траціць тыповасці, а робіцца больш праўдзівым, пераканаўчым і гуманістычным. Каханне трактуецца як адна з рыс камуністычнага гуманізму, які сцвярджае ўсю паўнату чалавечага шчасця. Да такога — поўнага, усебаковага і, падкрэслім, натуральнага разумення гуманізму набліжалася паэзія П. Макаля.

Кніга «Акно» (менавіта кніга!) — рэч надзвычай цэласная, праблемная, падкрэслена антрапалагічная. Яе эпіцэнтр — чалавек, яго зямное існаванне, яго сучаснасць і будучыня. Вышыня крытэрыяў, ідэйны маштаб, значнасць і маральная насычанасць абагульненняў,— усё гэта тут было. Яна гаварыла пра інтэнсіўнасць інтэлекту паэта.

Няўжо мы толькі камяні ў фундамент, Каб іншыя дабудавалі гмах, Каб здолелі вышынны дах пакласці?.. Але ж і мне                         не потым, а цяпер, Таварыш бог,                         адрэж акраец шчасця І долю чалавечую адмер!

Гартаючы кнігу, міжвольна спыняешся на радках, якія, здаецца, выдыхнуты паэтамі адразу, за адзін раз: «Яснасці, яснасці, яснасці! — хочацца па-цвярозаму яснасці — чэснай уласнасці, незакілзанага розуму». Або: «Сплю ў каменным сховішчы кватэры. Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — хлеб». У індывідуальным вопыце паэта адлюстравалася душэўная прага яго сучаснікаў, «грамадзян XX стагоддзя». Не толькі асоба для гісторыі, але і гісторыя для асобы! У кнізе «Акно» ён вядзе страсную спрэчку з сабой учарашнім. І выйграе яе паэт сённяшні! Свет наш не настолькі ўладкаваны, хоча сказаць ён, каб сядзець склаўшы рукі. На гэтым грунтуецца яго душэўная актыўнасць; інтымнае і грамадскае ў кнізе нельга размежаваць, настолькі яны сплаўлены, уключаны ў гістарычны прагрэс. Грамадства не можа развівацца насуперак інтарэсам чалавека — вось што сцвярджае паэт, выступаючы супроць нівеліроўкі асобы пад уздзеяннем працэсаў масавай камунікацыі і «масавай культуры».

Што П. Макаль выдатны майстар верша — несумненна. Ён, скажам, бездакорна валодае самай разнастайнай і багатай рыфмай:

Хвала напятай хвалі, што пяе! Хвала ўзбярэжным дзюнам,                                     што як горы! На пляжы спляжу немачы свае І змору патаплю                         у бяздонным моры.

Рыфмуюцца не толькі паралельныя радкі, але і словы ўнутры радка, верш набывае выключную гнуткасць і музычнасць. Прадметы паўстаюць пластычна, аб’ёмна, і хаця аўтар амаль не адмаўляецца ад строгіх класічных рытмаў, верш яго не выглядае старамодна, бо само душэўнае багацце мастака, яго паэтычнае мысленне ў аснове сваёй вельмі сучасныя.

У 60-70-я гады можна было назіраць, як пашыраўся яго творчы дыяпазон. Ён звяртаецца да драматургічнага жанру: п’есы П. Макаля «Адчыніце, казляткі!», «Дай вады, калодзеж», «На ўсіх адна бяда» (яны напісаны ў вершах паводле фальклорных матываў) з поспехам ідуць на сцэне Беларускага тэатра юнага гледача. Супрацоўнічае з кампазітарамі: разам з Я. Глебавым створана араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства», шэраг песень. Майстэрства, тэхніка надта спатрэбіліся Макалю ў перакладчыцкай працы. Буйнейшыя яго работы — анталогія вершаў сучасных славацкіх паэтаў «Татры пяюць» (1976) і кніга Міраслава Валека «Крылы» (1979), якія атрымалі станоўчую ацэнку ў друку: Макаль як перакладчык умее глыбока пранікнуць у дух першакрыніцы…

У 1979 годзе яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. І невыпадкова: сёння ён працуе асабліва інтэнсіўна. Вельмі сучаснымі і сур’ёзнымі кнігамі ўяўляюцца мне зборнікі «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Смак яблыка» (1981), якія сведчаць, што паэт трымае руку на пульсе жыцця. Яны нагадваюць нам адно са шматлікіх метафарычных вызначэнняў паэзіі, якое сцвярджае, што паэзія — гэта «адчуванне зямлі босай нагой».

«Дотык да зямлі» — выраз гэты ўзяты паэтам у яго вобразным, шматмерным значэнні, але абапіраецца ён на свой пачатковы, самы непасрэдны сэнс, укладзены ў звычайныя словы:

Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два: Зямля, Вада, Паветра І трава…

Што ж гэта — паэзія простых слоў, простых рэчаў?

Так. Але паэт — як і яго сучаснікі — па-новаму адчуў гэтыя «рэчы», іх каштоўнасць і значнасць у святле вядомай супярэчнасці нашых дзён:

Ракеты і аўтамабілі У нас адлегласць узялі, А мы, здаецца, разлюбілі Хадзіць нагамі па зямлі.

Паэзія гэтых радкоў падказана і нашым днём і памяццю. Нельга не заўважыць, што найбольш удалыя вершы Макаля будуюцца на арганічным сінтэзе сучаснага і мінулага, калі час прадстае як частка яго жыццёвай і духоўнай біяграфіі. «Я з вёскі» — прызнаецца ён у адным з вершаў: «Я выйшаў з вёскі, выйшаў з баразны, — і ворывам мае далоні пахнуць». Вясковая тэма — не новая для беларускіх паэтаў, аднак кожны асэнсоўвае яе па-свойму. Паэты, яны таму і мастакі, што, расказваючы, здавалася б, пра адно і тое ж, ніколі не паўтараюць адзін аднаго, бо кожны гаворыць, так сказаць, пра сябе, пра свае праблемы і турботы, якія вынікаюць з яго разумення, біяграфіі, жыццёвага вопыту, а гэтыя рэчы, як вядома, заўсёды непаўторныя, адзінкавыя. П. Макаль на новым этапе вяртаецца да зямных вытокаў свайго лёсу. Памяць праз гады захавала пах сырадою, што быў хлебам дзіцячых год. Але разважанні паэта не абмяжўваюцца аднымі ўспамінамі. Сёння, калі трава «жылплошчу аддае бетону» і гудок глушыць галасы птушак, калі штучным шляхам, хімічна, сінтэзавана нават малако, ён сцвярджае першапачатковую натуральнасць і свежасць быцця, яго неабходнасць у светаадчуванні сучасніка. У яго паэзію прыходзяць вобразы нівы, баразны, плуга, хлеба, нават вобраз каровы, з якой ён звязвае «млечны шлях» свайго лёсу.

Але гэта толькі адна з граней вялікай тэмы «дотыку да зямлі» ў асэнсаванні паэта. Грань вясковая, звязаная з яго духоўна-«экалагічным» роздумам над «фатальнай» цвёрдасцю бетона, які бярэ ў свой шэры палон планету. Гэта думка мае шмат адценняў, матываў, якія гучаць па-грамадзянску пераканаўча і наступальна. Матыў, так уласцівы сучаснай паэзіі: «У травы забіраюць правы — хіба гэта не бачыце вы?» Некалі У. І. Ленін надта ўхваліў думку Гегеля аб тым, што чалавек у сваіх тэхнічных сродках мае ўладу над знешняй прыродай, а ў сваіх мэтах хутчэй падпарадкаваны ёй. Гэтая думка блізкая П. Макалю. Гаворачы пра першапачатковыя каштоўнасці, бласлаўляючы «зялёны бунт», «зялёны ўзлёт травы», паэт далучае нас да духоўных крыніц эпохі.

Свет «простых слоў» разглядаецца ў самых разнастайных планах, у спалучэнні, так сказаць, матэрыяльнага і духоўнага. Адкрываецца складанасць свету і сцвярджаецца яго гарманічнасць: «Калі б, зямля, ты не дала мне хлеба, ці змог бы дацягнуцца я да неба, аб зорны келіх губы апячы?»

«Дотык да зямлі» — формула грамадзянскага мыслення паэта, формула яго рэалізму, скіраванага супраць «паветраных замкаў», супраць тых, хто «ману з туману лепіць». «Страцім сілу мы, адарваўшыся ад зямлі», — непакоіцца ён.

Думка аб несумяшчальнасці грамадзянскасці і бесканфліктнасці вельмі характэрна для сённяшняга П. Макаля. Ён — майстар канцэптуальнага верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця.

Сацыяльна-філасофская аснова яго паэзіі — шырокая. Ён — востра сучасны, праблемны. Дэталі і падрабязнасці вясковага побыту часцей за ўсё патрэбны яму для асэнсавання больш агульназначных дэталей. Паэта хвалюе чалавек, яго быццё і ўзаемаадносіны са светам, накіраванасць яго актыўнасці, будучыня. Як раз менавіта гэтыя матывы складаюць змест напружанага роздуму. Своеасаблівасць яго вершаў у тым, што яны спалучаюць публіцыстыку з філасафічнасцю. Гэта надае ім эстэтычную аб’ёмнасць, глыбіню. Часта звяртаецца ён да духоўнага вопыту народа.

«Шчаслівейшы не той, хто жне, а той, хто сее», — нагадвае ён даўнюю сялянскую мудрасць, хаця і ведае, што адлегласць да жніва іншы раз бывае даўжэй за чалавечы век. Але сеяць трэба. Паэт славіць урадлівасць зямлі, ніву, поле, якія насычаны для яго вялікім духоўным сэнсам.

Пластыка яму таксама не чужая. Але не ў ёй справа. Яна падпарадкавана больш агульным паэтычным ідэям. П. Макаль здольны ўзбуйняць рэчаіснасць, бачыць касмічныя рысы ў фарбах асенняга саду: «Адсвечвае галактыкаю сад, у барвы шчодрай спеласці адзеты». Ён — майстар ёмістай, маштабнай метафары. Славячы важкасць «пладоў, зярнят і дум, цяжкіх ад сонца», паэт бачыць, як

Сам космас,                 быццам просьбіт,                                      басанож, Сыходзіць ноччу да Зямлі з паклонам, Дрыготка падстаўляе зорны кош Пад яблыкі, што падаюць са звонам.

Садовая груша — звычайная слуцкая «бэра» — уяўляецца яму малой планетай. Паэт настойліва імкнецца да маштабных вобразаў, смелых абагульненняў, у якіх сінтэзуецца дзень сённяшні з глыбокімі пластамі народнага вопыту.

Высокую паэзію адкрывае ён у вобразе свайго зялёнага друга — лесу. Наш лес — наша гісторыя. У ім адлюстраваўся характар народа, яго мужнасць, высакародства. У вайну пад шматпавярховыя лясныя шаты лезлі з факеламі чорныя карнікі. Але лес выстаяў. У ягонай жывіцы і дасюль стынуць кулі. Паэт чуйны да жыцця прыроды, яна ўладарна вабіць яго да сябе. Чалавек у яго адчувае сябе не толькі часткаю грамадства, але і прыроды: «З упартасцю вучуся разумець маўклівы камень, і бетон, і медзь»; «Зямля і неба, вецер і агонь — бяссонныя настаўнікі мае». «Мой лес — мой лёс», — кажа ён. У такой вось маштабнасці вобразаў, метафары — аснова паэтыкі П. Макаля. Такія паняцці, як поле, лес, хлеб, бетон, трава, агонь і г. д., ён разглядае буйным планам, у багацці іх сацыяльных сувязей і жыццёвага зместу. Не рэдкія ў яго выразы тыпу «я — кола», «я — выйшаў з баразны».

Бачна велізарная цяга да падкрэсленай метафарычнасці, прытчавасці, мастацкай умоўнасці. «Бор, як роздум, глыбокі…», — гаворыць ён, удала спалучаючы ў адным вобразе вельмі аддаленыя паняцці. Гэта відаць у вершах «Прас», «Маналог сабакі», «Песня заваднога салдаціка», «Пласцінка», «Кумір» і іншых. Умоўнасць П. Макаля — пры ўсёй нечаканасці формы — не супярэчнасць зместу, бо накіравана на асэнсаванне пэўных рэальных з’яў. Сумяшчаючы малое з вялікім, звычайнае з незвычайным, паэт па-свойму абжывае свет, у многім дабіваецца жаданага выніку.

Лётаем вышэй за птахаў І нават гук абганяем. Не баючыся страхаў, Падэшвамі Месяц кранаем. Чаму ж нам раніцай весняй Шчыміць салодкім болем, Калі жаўруковай песняй Неба звініць над полем? І я ўжо малю па сакрэту: Выратуй век ад шаленства, Вярні таямніцы свету, Вёска майго маленства!.. Там, на мурожным улонні, Хлапчук у кашулі зрэбнай Узважвае на далоні Сузор’е, што ў кропельцы срэбнай.

Гэта — з кнігі паэзіі «Смак яблыка».

Ручаіна паэзіі П. Макаля пачалася з акіяна шматфарбнага мастацтва Я. Купалы, з якім яго яднае глыбока ўсвядомлены гістарызм: «Адродзіцца тое, што страчана. І ты застанешся, як спадчына, поле маё старажытнае — доля мая жытняя!»

Сцвярджаючы гуманістычную прывабнасць сённяшняй явы, паэт імкнецца сцвердзіць пераемнасць мінулага і будучыні, жыццёвасць народных традыцый.

Майстэрства яго пастаянна расце. Сёння яно стала віртуозным:

— Вы адкуль? — Мы — ад куль. Мы — з вайны. Мы — званы. Мы — дамы. Мы — дымы. Каміны. Камяні.

Прыкметай сучаснага мастацкага мыслення П. Макаля стала філасофскае пранікненне ў сэнс падзей, псіхалагічнае даследаванне характару сучасніка. Паглыбленне псіхалагізму характэрна для ўсёй сучаснай літаратуры, у тым ліку і для паэзіі, якая выходзіць на шырокія філасофскія праблемы часу, шукае свае сродкі апалітычнасці, свой эстэтычны інструментарый. Псіхалагізм неад’емны ад этычнага зместу, ад духоўнасці, а сапраўдная духоўнасць — у імкненні да гармоніі думкі і этыкі. У яго светаадчуванні спалучаны сацыяльнае і асабістае, зямное і «нябеснае», «дзелавое» і духоўнае, бытавое і інтэлектуальнае. Свет яго ідэй стаў значна шырэй. Паэт сцвярджае сувязь галін і каранёў, што так глыбока пранікаюць у родную зямлю, сувязь часоў і пакаленняў. Сённяшняе ён хоча зразумець у аспекце гісторыі. Такія катэгорыі, як гісторыя, народ, нацыянальны характар пастаянна прысутнічаюць у яго паэзіі. Адсюль — змястоўнасць і шырыня паэтычных абагульненняў.

«Для мяне, — пісаў нядаўна ў „Литературной газете“ Яўг. Вінакураў,— верш павінен быць у першую чаргу шматпланавым, поліфанічным па сэнсу, — у ім павінен быць пададзены не абы-які факт, а факт шматзначны, таму што, паводле слоў Л. М, Талстога, мастацкае слова тым і адрозніваецца ад немастацкага, што выклікае бясконцае мноства думак, уяўленняў і тлумачэнняў».

Мяркуючы па ўсім, да гэтага вельмі блізка эстэтычнае крэда П. Макаля, які таксама імкнецца павялічыць мастацкія магчымасці слова. Пажадаем яму новых поспехаў на гэтым шляху.

Хацелася б засцерагчы яго ад аднаго.

Эстэтычная, грамадская актыўнасць паэта адзначана ў лепшых яго дасягненнях пячаццю непаўторна асабістага ўспрыняцця рэчаіснасці, адносін да яе з’яў. Гэтым талентам варта даражыць і не аддаваць яго ў ахвяру паэтычнаму прыёму, хай нават самаму сучаснаму. Інакш цяжка будзе дасягнуць маральнай і эмацыянальнай цэласнасці і адзінства, так неабходных у паэзіі. Тым больш што ягонае лірычнае «я» надта абагульненае, часам пазбаўлена сваіх біяграфічных рысаў. Што ж, такая асаблівасць Макаля, які імкнецца больш расказаць пра час, чым пра сябе. Яго паэзія — паэзія інтэлекту, не пазбаўленага рацыяналістычнасці. У гэтым няма нічога благога, але яму трэба быць пільным, каб інтэлектуальнасць не ператварылася ў сухасць, зададзенасць, каб паэзія не аддалялася ад чалавека.

Яшчэ раз нагадаю, што майстэрства не заўсёды ратуе ад банальнасці. Ёсць радкі, якія ўражваюць не столькі сваёй думкай, колькі самім паэтычным уменнем:

Душа — не лёд. Душа — палёт.

Там, дзе траціцца ідэйная, духоўная ёмістасць слова, яно выглядае даволі плоскім, ардынарным. У Макаля можна прачытаць пра ўсё. Такая універсальнасць, заўважу, даволі негатыўна ўплывае на яе арганічнасць як кнігі лірыкі, якая патрабуе нейкай адзінай, унутранай, вядучай тэмы. Універсальнасць часам заглушае гэту тэму, дробніць унутраны свет паэта.

П. Макалю — аднаму з вядучых нашых паэтаў — варта падумаць і пра гэта.

Свежасць першаадкрыцця (Рыгор Барадулін)

Пімен Панчанка прысвяціў яму верш «Паходжанне майго друга Рыгора Б.»

Ты прыйшоў з вайны і гора, Ты — з малітвы, Ты з разгневанага бору, Ты смалісты. Сто паэтаў цягнуць хорам, Ты салістам. Ты нібы святло у лесе Ад каліны, Ты ад самай добрай песні — Ад Куліны.

Гэта — мастацкі партрэт паэта, напісаны выдатным і дабразычлівым майстрам старэйшага пакалення. Партрэт напісаны, прама скажам, віртуозна, па манеры нагадваючы стыль самога Барадуліна, які быў і застаецца адным з самых яркіх, самабытных, шчодрых нашых паэтаў. Яго слова, — як заўсёды, канкрэтнае і прадметнае — адлюстроўвае час, рэчаіснасць, прыроду, — словам, жыццё ў багацці яго матэрыяльнай плоцевасці, пластыкі, колераў, гукаў і пахаў.

Рыгор Барадулін — гэта імя вельмі шмат значыць у сучаснай беларускай паэзіі. У яго — дзесяткі кніг арыгінальных вершаў і перакладаў.

Пачаў публікавацца ён у 1954 годзе, будучы студэнтам БДУ імя У. І. Леніна. У 1956 годзе разам з аднакурснікамі ездзіў у Кустанайскую вобласць (Казахстанская цаліна) убіраць ураджай. Яго першы зборнік вершаў «Маладзік над стэпам» (1969) выявіў незвычайную душэўную шчодрасць і прыгажосць лірычнага героя. Гэта — малады хлопец, студэнт, які вось пасля напружанай вучобы вяртаецца дамоў (а радзіма яго, па ўсім відаць, Ушаччына), і ўся істота яго адкрываецца дзіўнаму шматгаллоссю навакольнага жыцця, усім яго праявам. Ён рады сустрэчы з землякамі і іх справамі, рады адчуць «як над бруістаю рэчкаю быстраю пахнуць лілеі, аер і чарот, і першацвет далікатны парэчкавы, і чарназём той, што вывернуў крот». Нават крапіва становіцца эстэтычна прывабнай. А чаму не?

І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін.

Так, яшчэ ў першых вершах аўтар паказаў уменне адкрыць эстэтычную каштоўнасць бытавой дэталі, падрабязнасці, розныя грані біяграфіі свайго лірычнага героя.

Калі б трэба было падшукаць прыклад для ілюстрацыі думкі, што паэзія — гэта мысленне ў вобразнай, пачуццёва-канкрэтнай форме, то вершы Р. Барадуліна аказаліся б тут вельмі дарэчы. Элементы рацыянальнасці ў яго мастацкай сістэме зведзены да мінімуму. Гэта, калі сказаць словамі А. Блока, лірык па светапогляду, па светаадчуванню, па вельмі асабіста-эмацыянальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, што ўласціва далёка не кожнаму. Паэтычны вобраз у Р. Барадуліна — амаль адзіная форма існавання думкі і перажывання.

Прынцыповае значэнне для ідэйнага станаўлення паэта меў верш «Бацьку». Ён вельмі асабісты: паэту выпала доля расці без бацькі, бацька, Іван Рыгоравіч, не вярнуўся з вайны, і цяпер няма каму выйсці за вёску, спаткаць сына, падаць руку. Такі боль не загойваецца… У гэтым асабістым таксама выяўляўся лёс пакалення — пакалення «бязбацькавічаў», аб’яднаных агульнай доляй:

Паверыць цяжка мне таму, Што больш не прыйдзеш ты дадому. А шапку я заўжды зніму Перад магілай невядомай…

З іменем Р. Барадуліна ў беларускай паэзіі звязаны рэдкасны дар асабліва эмацыянальна, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет. Ягоны творчы шлях, — пры ўсёй неадналінейнасці развіцця — з’яўляецца пацвярджэннем таго, што рост творчых магчымасцей паэта непасрэдна звязаны з росквітам і ўзбагачэннем яго асобы. Добра памятаецца нізка вершаў «Вечар над Таболам» (якая ўвайшла ў першы зборнік) — маладая свежасць пачуццяў, радасць калектыўнай працы, камсамольскі энтузіязм, якія так поўна і непасрэдна выявіліся ў гэтым «цалінным» цыкле. Перачытваючы яго сёння, бачыш, што ў светаўспрыманні паэта пераважаў калектыўны пачатак, як быццам бы паэтычнае «я» аўтара «раствараецца ў масе», у калектыве студэнтаў, што працавалі ў цалінным саўгасе. З цягам часу ўсё часцей і часцей на першы план у вершах паэта выступае паўнакроўнае і шматзначнае «я» ў непаўторнасці свайго індывідуальнага быцця.

«Лицом к лицу лица не увидать» — гэтак сказаў С. Ясенін. Сучаснікі не заўсёды дакладныя ў вызначэнні каштоўнасці і маштабнасці тых мастацка-эстэтычных з’яў, сведкамі якіх яны з’яўляюцца. Некаторым крытыкам здалося, што пасля «Маладзіка над стэпам» малады паэт сцішыў сваю хаду. Не, гэта не так. Сёння добра відаць, што і другі зборнік «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961) быў крокам наперад. У гэтым пераконвалі вершы «Трэба дома бываць часцей», «Палата мінёраў», той жа «Вятрак» і іншыя.

Развіццё паэта — ад кнігі да кнігі — ішло натуральным чынам. Пабольшвалася матываў роздуму, радок стаў інтанацыйна больш свабодным, гнуткім.

Сонцу і ветру батрак, Стаіць на пагорку вятрак. Суседзі сваё адмахалі. Адзін сірацее. Пыльна. Дзе ж гэта падводы з мяхамі? Чакае, углядаецца пільна… («Вятрак»)

Першая кніга Р. Барадуліна, яго стылёвы код, адчуваецца і ў другой, і ў трэцяй, і ў чацвёртай… Сакавітасць, рэчыўнасць пісьма — яе мы сустракаем паўсюль.

У верасня свой, асаблівы пах: Курыць сівец — плыве дымок гаркавы. Зямлёю пахне бульба у капцах, Антонаўкамі зоры па начах І туманы — ляжалаю атавай.

Тэма Радзімы гучыць шматстайна, напорыста; эмоцыі ўзбагачаюцца ідэйна і душэўна. На грунце свайго, асабістага вопыту паэт выходзіць на шырокія абагульненні.

Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем, Каб душою не ачарсцвець, Каб не страціць святое штосьці…

Верш паглыбляе свой ідэйна-маральны змест, становіцца з’явай грамадскай свядомасці.

Трэцяя кніга мела характэрна барадулінскае найменне — «Нагбом». І. Шклярэўскі ў адным з артыкулаў пра Р. Барадуліна тлумачыў: «„Нагбом“ — гэта калі бярэш у рукі заледзянелае вядро і п’еш з яго, здзьмухваючы звонкія ільдзінкі і леташняе лісце». Добра сказана! Нагбом — метафара ўсёй барадулінскай паэзіі з яе свежасцю і першароднасцю фарбаў.

Мохам зязюльчыным                           ідуць маладзіцы, Губы засмяглыя                           ў спелых суніцах — На сонцы ягады                           спакойна вымлелі. Холадам ногі                           рачулка вымыла. Ляціць над звонкімі баравінамі песня дзяўчынанькаю                           нявіннаю: — А я ў бару Грыбы бяру, Каля межы — Сыраежы!..

Паэзія рэчаіснасці жыве ў слове — слова гэта непаўторнае. Прынамсі, перакласці слова паэтычнае на мову празаічна-апавядальную цяжка. Аднак хіба мы не бачым у сваім уяўленні гэтых ягадніц, што ідуць — сёння, і сто, і тысячу год таму назад — тымі самымі «звонкімі баравінамі»…

Гістарычны зрок паэта станавіўся ўсё больш відушчым. Учытайцеся ў гэту баладу:

Гналі роднай зямлёй палонных. Смерць,             як лёхі,                         калоны палола. Ля знаёмага шчырага бору, Дзе ігліца падсохла,                           як порах, Дзе карэннем спавіты сцежкі, Крок                салдат сінявокі прыспешыў. І, сабраўшы апошнія сілы, Ірвануўся                у верас сіні. Верас сіні                паплыў кругамі… Дзе сасонка на горку кульгае, Птушкі                цёплае лета хвалілі, Злыя кулі                лічылі хваіны… За прыгоркам бацькоўская хата. Абкульгала сасонка салдата…

Гэта балада — як помнік, яна прымушае спыніцца, памаўчаць…

Паэзія Р. Барадуліна пастаянна ўзбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, імкнецца да свежых мастацкіх форм, здольных ярчэй, эмацыянальней выявіць унутраны сэнс падзей, светаадчуванне сучасніка. У кнізе «Нагбом» узмацнілася імкненне да большай маштабнасці ўспрыняцця рэчаіснасці: «Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў, услед за сонцам доўга мне брысці». У эпоху асваення космасу гэты вобраз «сына зямлі» выглядаў не так ужо і абстрактна. Зрэшты, слову паэта хапала і канкрэтнасці, нават дакументальнасці. Яго паэзія паглыбляе разуменне духоўных каштоўнасцей чалавека — узнікае вобраз маці. Той, Акуліны Андрэеўны, пра якую ўспомніў у сваім прысвячэнні П. Панчанка. Яе вобраз упершыню ўзнікае ў цыкле вершаў «Трыпціх», у якім аўтар расказаў пра сваю зямлю і яе працавітых і гераічных людзей («Кожны мае свае Ушачы»), «Трыпціх» — гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі.

Ад бацькі свайго                           ў радню Я атрымаў                 з дзяцінства Шырокую даланю — Тапарышча               любое                         сцісну!

Паэт звяртаецца да такіх дэталей, падрабязнасцей, якія знаходзяць для сябе ў запасніках нашай памяці, індывідуальным жыццёвым вопыце вельмі спрыяльную глебу. Мы суперажываем разам з паэтам; вобраз пашыраецца, вырастае, кранаючы ўсё новыя бакі нашага светаадчування.

Адна за другой выходзяць кнігі: «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972) і іншыя. Паэт, расказваючы пра сябе і сваё пакаленне, здолеў шырока адлюстраваць прыгажосць Радзімы і роднай прыроды, паказаць вялікую чалавечнасць і гераізм савецкіх людзей, веліч іх подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне і пафас стваральнай дзейнасці, дружбу народаў. У паэзіі Р. Барадуліна знаходзім вострае адчуванне роднага дома, радзімы, прыроды, мовы, гісторыі. Яго паэтычнае майстэрства надзвычай высокае: багацце мовы, шматстайнасць вобразна-стылёвых сродкаў, своеасаблівы псіхалагізм дапамагаюць дакладнаму і паўнакроўнаму выяўленню жыцця.

Паэт напружана працуе.

У «Нерушы» ён імкнецца яшчэ больш павялічыць каэфіцыент вобразнай перадачы жыцця, стараецца ўзмацніць ёмкасць паэтычнага вобраза. Р. Барадулін верны свайму імкненню да адказу грузіць слова, радок, страфу асабістай ацэнкай, думкай, перажываннем. У яго амаль не знойдзеш «прахадных» або чыста «інфармацыйных» мясцін.

Трэба адзначыць і ўзросшае адчуванне грамадскай адказнасці паэта за сваю творчую працу — гэта выразна прасочваецца не толькі ў фармальных пошуках, але і ў пашырэнні ідэйна-тэматычнай сферы яго інтарэсаў. Ужо адно тое, што па розных і дальніх дарогах прайшоў паэт і яго герой — няўрымслівы беларускі хлопец з Ушаччыны, — сказана ў анатацыі, «ад няскоранай цытадэлі Брэста да туманных берагоў Японскага мора, ад самых паўночных на зямлі гарадскіх агнёў да суровых перавалаў Паміра», — шмат гаворыць пра абсягі яго паэзіі. Іншая справа — наколькі ўсё гэта «адстаялася словам», як казаў Маякоўскі.

Цыкл «Еўразія» — лірычны дзённік, які сабраў уражанні паэта ад падарожжа па Далёкім Усходзе і Сібіры, — асабліва яскрава сведчыць аб пашырэнні паэтычнай «геаграфіі» барадулінскай паэзіі. Шуканскае, Усінскі тракт, шыракаплечы Енісей — «малодшы брат Акіяна, сібірскіх рэк стырнавы…», порт Дудзінка, дзе паэту сустрэлася дзяўчына з Гродна, Тува, Залаты Рог, гарады Таджыкістана — гэта новыя пункты на паэтычнай карце Р. Барадуліна. Аднак, паўтараем, «геаграфія» ў паэзіі хоць і сведчыць пра пэўнае пашырэнне кругагляду, яшчэ нічога не вырашае. Трэба, каб колькасць перайшла ў якасць.

Калі пра многія вершы цыкла «Еўразія» можна сказаць, што пазнанне ідзе тут не па вертыкалі, не ўглыб, а па гарызанталі, па лініі колькаснага назапашвання ўражанняў, то «Адам і Ева» — добрае выключэнне.

Пра што гэты верш? У далёкім Прымор’і паэт сустракае землякоў, якія, бог ведае калі і якімі шляхамі, трапілі сюды, — «яны ўдваіх, Адам і Ева, капаюць бульбу ў тайзе». Гэта дало штуршок паэту для роздуму аб пакручастасці чалавечага лёсу і ўстойлівасці народных традыцый, пастаянстве народнага побыту.

Крычу на ўсё Прымор’е:                                    — Бульба! Прымі паклон                       ад земляка. Расці,             з гарачых снежак гурба, Што маці сыпле              з саганка. Ні дождж,              ні град цябе не песціць, Надзейны хлеб                         маёй зямлі. Не грэбвалі                         табой і песняй — З сабою землякі ўзялі.

Услед за паэтавай думкай і ў нашай душы спее гордасць за свой народ, які ідзе сцежкаю ўсяго чалавецтва, несучы з сабою сваё духоўнае багацце.

У вершы «Адам і Ева» ён дамогся плённага сінтэзу мастацкасці і філасафічнасці. Дарэчы, паэт усё часцей і часцей «пасягае» на філасафічнасць, але дасягае яе не заўсёды. Слова «вечнасць» — часты госць у яго вершах: «Што ў вечнасці, што ў раі рабіць?» — Адчуванне вечнасці ў сённяшнім дні, напоўненым працаю, карыснымі справамі, творчасцю — гэта і была, на нашу думку, прадумова філасафічнасці ў творчасці Р. Барадуліна.

Аднак у новых кнігах яго паэзія не губляла сваёй непасрэднасці: «Лісток цялячай мокрай пыскай з даверам торкнуўся ў руку».

Плённа развіваецца інтымная лірыка, даючы прастор чалавечай пяшчоце, багаццю пачуццяў, асабістасці. Паэт пераканаўча — вобразная сіла мастацтва! — паказвае, што пачуццё кахання дапамагае чалавеку глыбей і паўней адчуваць свет, прыгажосць яго аб’ектыўнай рэальнасці, Інтымная лірыка пашырае сваю «зямную» аснову, эстэтызуе не только высокі духоўны пачатак, але і здаровую рэчыўнасць.

Сябе я пераконваю, Тут нечая правіннасць: Тры ў небе поўні — конаўкі, На дне па тры травінкі. Гайдалася,              гайдалася Вядро —              і ў студню села. Чаму ж не здагадалася Паслаць і мне на сене?..

Пашыраецца сацыяльны змест яго творчасці. Хочацца ўспомніць у гэтай сувязі верш «Нянечкі» з кнігі «Лінія перамены дат» (1969), у якім паэт глыбока задумваецца над складанасцю жыцця, над лёсам вясковых дзяўчат, што «за гарадской прапіскаю» ідуць у нянечкі.

Вас на алейках сватаюць, Кахаюць у сцілых скверыках. Смяюцца піжоны цыбатыя З «произношения скверного». Дзябёлыя вы, як пранікі. Цвітуць вашы вочы лубінам. Вясною, як бульбінкі раннія, Насы кірпатыя лупяцца. І песню, што жала, бабіла, Ішла басанож за баронамі, Удовіны ночы бавіла,— Ціха спяваеце, нібы забаронена…

Тут, як і ў вершы Н. Гілевіча «Пра дзядоў і зямлю», пра які мы ўжо гаварылі, па-свойму адлюстроўваецца пэўная грань душы нашага сучасніка, боль за чалавечую годнасць.

Асоба, яе ўнутраны свет і свядомасць — вось што кранае паэта. Яго цікавяць духоўныя патэнцыі чалавека, права на індывідуальнасць, самастойнасць выбару і рашэнняў: «Хоць ісціна адна, усё ж сам ёю думку растрывож!»

Верш «Нянечкі» — пераканаўчы адказ паэта тым крытыкам, хто ўпікаў яго ў недахопе канцэптуальнасці, грунтоўнасці абагульненняў.

Прыйшла сталасць.

У яго паэзіі назіраецца не толькі больш адкрытасці, шчырасці (гэтага заўсёды хапала), але і імкненне да паглыблення набытага жыццёвага вопыту. Р. Барадулін прад стае перад чытачом — у кнігах «Лінія перамены дат», «Вяртанне ў першы снег» і іншых — рэальнай, нявыдуманай асобай свайго героя, які перажыў жах фашысцкіх блакад, бачыў і гнеў, і выскароднасць душы народа, гераізм сваіх бацькоў, братоў і сясцёр. «Вайна ўва мне, — гаворыць ён аб сабе, — як перанасычаны раствор, у крыві маёй, у маёй свядомасці, у кожнай тканцы маёй існасці… Запас памяці… прыпадае ў мяне якраз на час вайны» (Маладосць, 1975, № 5, с. 164). Для яго паэзіі вельмі характэрны матыў вечнага чакання тых, хто не вярнуўся з вайны — бацькоў, мужоў, сясцёр і братоў.

Шырокі рэзананс мела паэма «Блакада» (1968), прысвечаная светлай памяці бацькі Івана Рыгоравіча. Напісана ў роднай вёсцы — Ушачах. Паэт успамінае пекла вайны, трагедыю фашысцкіх блакад, з дапамогаю якіх вораг хацеў расправіцца з партызанамі і мірнымі жыхарамі.

Людзі збліжаюцца на хвалях вялікіх усенародных уздымаў, успамінаюць сваю родавую супольнасць, калектывізм. Паэма «Блакада» паглыбіла гістарычную памяць аўтара, яго «родаводную». У ёй эпічна абагульнена многае з перажытага паэтам і яго землякамі ў дні вайны, паказана трагедыя і гераізм партызанскага змагання перыяду апошніх блакад. 16 брыгад вялі бой на тэрыторыі Лепельска-Ушацкай партызанскай зоны, бой крывавы і гераічны, у якім так ці інакш удзельнічала, пакутавала мірнае насельніцтва зоны — дзеці, жанчыны, старыя. Форма паэмы аказалася дастаткова ёмістай для адлюстравання напружанасці, трагедыі і драматызму перажытага. У падзеях удзельнічае прырода і гісторыя, чутны голас продкаў. Але больш за ўсё чутны голас лірычнага героя — голас індывідуальнай памяці самога паэта.

Удалая таксама паэма «Вяртанне ў першы снег» (1971), у якой паэт ізноў прыгадвае маленства, першыя ўражанні дзяцінства, юнацтва і маладосць. Праўда, тут (як, дарэчы, і ў паэмах «Неба тваіх вачэй», «Лінія перамены дат») няма той эпічнай грунтоўнасці, што ўласціва знакамітай «Блакадзе»…

Р. Барадулін адносіцца да паэтаў надзвычай эмацыянальных. Новыя кнігі вершаў — «Рум» (1974), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980) — пацвярджае гэту прыродную своеасаблівасць яго таленту, яго, калі хочаце, паэтычную канцэпцыю. У яго паэзіі па-ранейшаму шмат непасрэднасці, жыццёвых «ліўняў», матэрыяльнасці быцця, жывых аўтабіяграфічных фактаў. І цяпер асабліва цяплее голас паэта, калі ён дакранаецца сваім талентам да блакіту азёр, зелені бароў і лугоў роднай Ушаччыны, калі любуецца і захапляецца добрымі справамі сваіх землякоў. Так, ён не адмаўляецца ад традыцыйнай сваёй паэтыкі — умення прадметна і шматфарбна ўспрымаць навакольны свет. Аднак сёння ўменне гэтае ўсё часцей падпарадкоўваецца задачам пранікнення ў новыя «абсягі» рэчаіснасці і духоўнага свету чалавека, выхаду на больш маштабны ўзровень мастацкага абагульнення. Сённяшнія творы паэта ў большай ступені пазначаны рысамі ўдумлівасці і развагі.

Зборнік «Рум» разам з перакладам выбранай лірыкі Ф. Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» ў 1976 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Купалы. І гэта знамянальна яшчэ і ў тым сэнсе, што «Рум» — кніга вельмі купалаўская.

Ад сівых гадоў,                         ад дзядоў, Для мяне              ашчаджона спадчына: Песні жніўнай              смутак удоў, Мох зязюльчын,              гняздо курапатчына.

У радку паэта прысутнічаюць далягляды купалаўскай думкі пра Радзіму, пра яе гістарычны лёс. Творчы ўплыў Купалы на паэзію Р. Барадуліна можна прасачыць у змесце і ў форме яго паэзіі, у імкненні паэта ахапіць і выразіць — вельмі асабіста, «праз сябе» — усю паўнату народнага быцця, схільнасці да выкарыстання свежага, гутарковага слова, арганічна звязанага з жыццём, побытам, эстэтыкай, з усім аб’ёмам народнай свядомасці.

«Перамогі ідуць праз Беларусь» — вось што сцвярджае ён у сваёй кнізе, выходзячы на шырокую інтэрнацыянальную тэму, прызнаючыся ў каханні ўсім народам — братам ад Брэста да Уладзівастока.

Новыя рысы набывае паэтыка. У кнізе «Абсяг» пейзажы і краявіды будуюцца з адчуваннем унутранай перспектывы, шматпланавасці, з праекцыяй на духоўнае жыццё. Такі, скажам, верш «Пад восеньскім небам», дзе вельмі дакладна перададзены напружаны псіхалагічны стан чалавека.

Востры локаць выраю — Востры боль. Лес яшчэ задзіраю — Хвост трубой. З восенню адносіны Так сабе. Хмар перапалосіны Шпак саб’е… Ходзіць ненажэраю Ветравей. Неба, бросняй шэраю Не травей! Чым цябе, высокае, Ацаліш? А вавёрка цокае: «Цот ці ліш?..»

Паэтычнае перажыванне набывае новы аб’ём і глыбіню. Якраз у гэтым — у пашырэнні асацыятыўнага кола душэўных адценняў — мне бачыцца ўзбагачэнне рэалізму лірыкі Барадуліна. За прадметамі і праявамі жыцця ён хоча ўлавіць другі і трэці іх план, спасцігнуць іх неадназначнасць і філасофскую сутнасць.

«У чым жа існасць існавання?..» — сёння такое пытанне паўстала і ў паэзіі Барадуліна, абумовіўшы новыя аспекты ў яго ўзаемадачыненнях з рэчаіснасцю, жаданне паэта зазірнуць у сутнасць з’яў і рэчаў: «Пакуль жывеш, датуль пытайся. Пытаннем сутнасці жывеш…» З гэтай мэтай ён звяртаецца да даўніх, здавалася б, ужо не раз асэнсаваных ім фактаў, пластоў свайго жыццёвага вопыту, паглыбляе ранейшыя вывады.

Жыццёвы і ідэйны мастацкі вопыт паэта адлюстраваўся ў «Баладзе Брэсцкай крэпасці» (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі). Гэта — паэма, якая асэнсоўвае подзвіг абаронцаў Брэсцкай цытадэлі з вышыні сучаснасці.

Паэт ідзе ў гісторыю, яму дапамагае багатае асацыятыўнае мысленне. Здаецца, што яму ўсё падуладна. «Дзён сівое прадзіва ніткаю суроваю на сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае».

Тая ж тэма вайны па-ранейшаму гучыць і ў яго вершах, але не так, як раней!

«Мае гады — як электрычкі» — прызнаецца ён у адным з вершаў. Але нам куды больш гавораць другія радкі — пра свае гады — з большым асацыятыўным напаўненнем:

Мой узрост Паўтарае гады вайны — Сорак першы,                Сорак другі,                          Сорак трэці…

Яны адкрываюць нам нешта надзвычай істотнае, важнае ў маральным абліччы самога паэта і яго пакалення. Духоўныя крытэрыі суровага ваеннага і пасляваеннага часу для яго жывыя і актуальныя і сёння, нездарма ён патрабуе «так адзін аднаго паважаць, як пасля вайны паважалі!» З гэтым, думаецца, пэўным чынам звязаны паказальны для сённяшняга Р. Барадулін^ матыў самааналізу і пераацэнкі каштоўнасцей: «Куды ж так імчаўся на злом галавы, каго я гукаў і шукаў?»

Гады прад’яўляюць рахунак: «Падумай, што пакінеш на зямлі» — да паэта падступае векавечнае. Яго ўсё больш займае тэма ўзросту, часу, чалавечай адказнасці за пражыты век.

Як у госці здарыліся Да крутой кумы, Той, якую старасцю Клічам мы,— Вочы паказеліўшы, Плечы не сутуль, Памяці вузельчыкі, Дзён хатуль Развяжы не ўтаіста, Выкладзь не ў хвальбе, З чым жа ты вяртаешся Да сябе!

Дарэчы, зборнік «Абсяг» і пачынаецца цудоўным вершам «З гары» — пра той узрост, калі чалавек адолеў перавал і ідзе ўжо з гары, калі «заняўся веташок на макаўцы віхрастай, забудзь стажок і муражок і ў сад чужы не шастай!». Паэт знаходзіць дакладныя вобразы, каб перадаць адчуванні чалавека ў гэтым «пераходным» узросце, калі насустрач усё часцей трапляюцца вёскі з невясёлымі назвамі, калі даводзіцца гадзіць сваім гадам — «яны — як тыя госці». Словам, «узмах вясла, узмах крыла. Чакае ўзмах рыдлёўкі…» Трэба сказаць, што паэт дастойна выходзіць з гэтай супярэчнасці:

Зняверцу-роспач пратуры: Азёрна, Борна, Гойна! Далёка бачыў на гары — Ідзі з гары спакойна.

Рыгор Барадулін адчувае імкненне сучаснага верша да значных сінтэзаваных абагульненняў. Цікавы ў гэтым плане верш «Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ», у якім паэт думае над будучым лёсам свайго маладога героя. Ён далёкі ад таго, каб маляваць гэты лёс аднымі ружовымі фарбамі. Не, кажа ён, будзе ўсяго:

Будзе кладка рыпкаю, Будзе лёд і жвір. Залатою рыбкаю Выхітрыцца вір. Будуць юшкай хмарыста Трызніць саганкі. Будзе ўдача скнарыста Абрываць кручкі…

Трэба, сцвярджае паэт, аптымістычна глядзець у будучыню, і яго паэзія здольна на гэта.

Не глядзі зняверыста, Пазірай задзірыста. Будзе рыбе нерасту І надзеі — вырасту!

Паэт спалучае ў сабе прастору і час, ён сочыць, ён занепакоены, каб не рваўся «трос, што ад зор да рос». Па-сучаснаму гучаць яго трывожныя думкі: «Адрываемся ад зямлі самалётамі і ракетамі…» або «зоры наўрад ці возьмуць нас да сябе на пастой…» Час перадае яго паэзіі свае прыкметы, трывогі, «суравеі», як кажа сам Р. Барадулін: «Няўжо на дзьмухавец падобны выбух зямлю здзьмухне, як вецер — дзьмухавец?»

Актыўнасць думкі ў яго паэзіі падтрымліваецца нястрымным мастацкім пошукам. Яго пазіцыя — гэта пазіцыя адкрывальніка новых земляў і новых слоў.

Р. Бярозкін — крытык, які шмат спрыяў творчаму станаўленню Р. Барадуліна, — у свой час адзначаў, што яго паэзія пачынаецца з мовы.

Словатворчасць — асобная тэма ў дачыненні да яго паэзіі. Я. Сіпакоў пісаў: «У Р. Барадуліна свой моўны неруш. У яго раса „халадае“, слова „крылле“, раніца „залачае“, а коннік „скача наўскапыта“ — цохкаюць лёгка падковы», сонца «было на ўскоце»…

Нават наватворы гучаць у Барадуліна зусім па-народнаму і добра ажыўляюць мову: «у Белавежы — лосьна, язьна ў Шчары», «з далёкага цяплыньскага павета» (Маладосць, 1967, № 7, с. 160).

Сучасная беларуская літаратурная мова дынамічна развіваецца, чэрпае з жывой гаворкі, успамінае старыя словы, пераасэнсоўвае іх, стварае новыя. Словатворчасць для Р. Барадуліна вельмі характэрна: лацно, погарбы, харашба, галута, парух, прысмеркі, імасць, чалавек-земляня — гэтыя і іншыя словы ўзяты паэтам з дыялектнай мовы або створаны ім самім. А дзеясловы і прыметнікі: славяніцца, галініцца, антэніцца, ратоўчы, стахлая… Любіць ён карыстацца прыслоўямі, іх у яго безліч (сваіх!), і ўсе крамяныя, свежыя: калодна, вульна, прадоння, прыплодна, ліхвярка, борна, азёрна і г. д. Думаецца, што намаганні паэта ў галіне моватворчасці плённыя, яны супадаюць з агульным рэчышчам духоўнай дзейнасці народа як моватворцы.

Яго паэзія развіваецца ў бок шматмернага, аб’ёмнага паказу жыцця. Яе рост непарыўна звязаны з ростам асобы, яе духоўным светам, стваральнай памяццю. Пашырэнне гістарычных, часавых абсягаў паэзіі павялічвае асацыятыўныя магчымасці мастацкага вобразу. «Вечалле» — так назваў сваю нядаўнюю (1980) кнігу Р. Барадулін, зачапіўшы цэлае «гняздоўе» слоў: Вечалле — веча — вечар — вечнасць… Паэзія, на яго думку, заклікана вярнуць асобе разуменне ўсёабдымнасці яе быцця, паказаць, на якой тоўшчы часу стаіць сённяшні чалавек.

Колькі год Беларусі? Колькі дочкам, сынам, Колькі радасці, скрусе, Колькі снам, курганам…

Ідучы ў глыбіню, паэт не расстаецца са сваім уменнем разгледзець прадмет, палюбавацца яго канкрэтыкай, пластыкай. Засталася і яго ранейшая метафарыстыка.

Думка і пластыка — два крылы верша. Барадулін ведае: абодва яны павінны быць моцнымі, надзейнымі, калі паэт усур’ёз хоча спасцігнуць складаны свет чалавека. Пластычныя рашэнні ў яго надзвычай дакладныя, ёмістыя па сэнсу. «Схіл паўтарае хіб вала» — у гэтай метафары адчуваецца вечаровы час, спакой, цішыня, душэўная раўнавага, стома працоўнага дня.

Здзіўляе яго майстэрства рыфмы, гукапісу. Мастацкая форма мысліцца ім як форма змястоўная, пластычна-аб’ёмная.

Пра ліўні («Папрасіліся ліўні ў верш») сказана: «патопалі па-то-па-мі…» Цудоўная знаходка!

Рыфмовыя сугуччы напаўняюцца ў яго разнастайнымі асацыяцыямі: пратэз — пратэст, кульмінацыя — кулямі нацыя, няшчадна — нашчадкам, белаты — балаты і г. д. Але часам, не ўтоім, рыфма пакідае ўражанне нават залішняй вынаходлівасці, аддае штучнасцю.

Р. Барадулін вядомы як майстар дэталі, у якой матэрыялізуецца думка, якая здольна вырастаць да сімволікі. «Край мой спакойны — азімы дуб з выпаленай сэрцавінай…»

Ёмістасць дэталі, яе метафарычны сэнс, павялічваецца: «хлеб у кмене зорак»; бярозы для яго — «пасівелыя скроні зямлі». Свет адкрываецца сваёй патаемнай сутнасцю.

Гэта сосны адны Над абрывам кар’ера Ці над вырытым ровам Заложніцы-ўдовы?..

Да сімвала чалавечых пакут і мужнасці, ахвяраваных у імя жыцця, вырастае вобраз маці, што «паправодзіла ўсіх сыноў — аніводнага не сустрэла» і ператварылася, чакаючы іх, у дрэва.

Жывапіс і пластыка паэта больш і больш насычаюцца філасофска-інтэлектуальным зместам. Мяняецца ракурс, павялічваюцца маштабы ўспрыняцця свету: паэт гаворыць пра «ганчарны круг планеты», пра тое, што «планета нявесціцца», «нараджаюцца маладыя дзяржавы».

Або вось своеасаблівы «касмічны» вобраз:

Шлях Млечны — прасекай. Аблокі — яміны. Сляды ад вялізнага пастала. А можа, замятаюць рукі маміны Крошкі хлебныя са стала?!

Уражанне такое, што свет паэта расхінаецца ва ўсе бакі. Паглыбляюцца разам з тым гістарычныя далягляды. «На сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае». Землякі — ушацкія хлебаробы («Зямля рунела ім руном») збліжаюцца ў яго адчуванні са старажытнымі арганаўтамі, што плылі небяспечнымі шляхамі за жаданым залатым руном. І хай у гэтай асацыяцыі ёсць некаторая надуманасць, паэт мае права на такое збліжэнне: дзякуючы яму, сучасны чалавек бачыцца ў дальняй рэтраспектыве народнага вопыту, у святле культурнай традыцыі (верш «Арганаўты»).

Сучасныя вершы і паэмы Р. Барадуліна сведчаць, што вяртанне да першаснага мастацкага мыслення, да старадаўніх вытокаў і каранёў — істотная рыса сучаснай беларускай паэзіі. Гэта і зразумела: «хаця чалавек надзвычай пластычны, — гаворыцца ў адным з сучасных даследаванняў,— аднак у яго індывідуальнасці змяшчаюцца, у дыялектычна знятым выглядзе, усе этапы яго папярэдняга развіцця, з усімі іх зігзагамі і супярэчнасцямі». Так, напрыклад, фальклорная спадчына і сёння ўплывае на літаратурны працэс, застаючыся каштоўнай крыніцай ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларускай паэзіі. Сучасны асацыятыўны верш увабраў у сябе народную паэтыку і індывідуальны вопыт класікаў.

Каб паўней адлюстраваць сучаснасць, ён усё настойлівей і з большай духоўнай патрэбаю звяртаецца да фальклору. Барадулін і фальклор — удзячная тэма спецыяльнага даследавання. Яна, гэтая сувязь, існуе ў яго на розных узроўнях. У яго паэзію ўвайшоў народны вобраз лёсу-талану, які наканаваны паэту і які патрабуе вернасці. Час ад часу пракідаецца ў ёй вобраз казачных коней, у якіх сімвалізуецца палёт паэтавых думак — «і зоры мелі за гонар дзядамі ўплесціся ў грывы».

Пры ўсёй жыватворнасці фальклорнай паэтыкі яна патрабуе індывідуалізацыі і псіхалагізму. Барадулін ставіцца да яе актыўна. Ён пераасэнсоўвае змест фальклорных матываў. «Журавіны не ўзышлі… Ка мне хлопцы не прыйшлі…» — гэтыя радкі з народнай песні пастаўлены эпіграфам да аднаго з вершаў. Страфа, якой пачынаецца верш, прымушае па-сучаснаму прачытаць іх:

Тут чые правіны? Глохнуць баравіны. Моўкнуць жаўранкі, Сохнуць імшарыны…

Часам паэт вельмі вынаходліва звяртаецца да цытавання народных песень (як, напрыклад, у вершы «Дробненькі дожджык дый накрапае…»), тактоўна і ўдала спалучаючы асобныя радкі са сваім вершам, стварае прыслоўі і прымаўкі («град — бобам, пот — градам», «свет з прысветкам» і г. д.).

Што яшчэ дадаць да ўсяго гэтага?

Творчасць паэта шматжанравая: лірыка, эпас, сатыра, мастацкі пераклад.

Сатырычныя і гумарыстычныя творы сабраны ў кнігах «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі…» (1977), дзіцячыя — у зборніках «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай, не буду, не хачу» (1971) і іншыя. Пераклаў «Ветрык, вей!» Я. Райніса, паасобныя творы Дж. Байрана, С. Ясеніна, У. Бранеўскага, Э. Межалайціса. Вершы Барадуліна таксама перакладаліся на многія мовы народаў СССР і за мяжой.

Паэзія Р. Барадуліна — у дарозе.

Сёння яна патрабуе ад чытача большага саўдзелу ў перажыванні, большай увагі. Верш яго знаходзіцца ў актыўным, плённым пошуку. Хай яму шчасціць на гэтым шляху!

Вершы мае — пісьмы (Анатоль Вярцінскі)

Упершыню вершы Анатоля Вярцінскага з’явіліся ў друку, здаецца, яшчэ на пачатку 50-х гадоў, калі аўтар вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце імя У. І. Леніна, але чагосьці незвычайнага яны, па праўдзе кажучы, не абяцалі. «Я іду зялёным лугам, сцелецца трава. І чамусьці кругам-кругам галава». Гэта маналог дзяўчыны з верша пра каханне — так тады пісалі многія, у тым ліку паэты, нашмат старэйшыя за Вярцінскага. Хто іншы мог бы задаволіцца набытым і працягваць пісаць у ранейшай, раз і назаўсёды знойдзенай манеры. А. Вярцінскі ж на самым пачатку паказаў характар: ён, пасля заканчэння універсітэта, з’ехаў з Мінска на пераферыю і замоўк, поўнасцю аддаўся журналісцкай рабоце. Працаваў у рэдакцыях раённых газет — Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў… У Мінск вярнуўся ў 1962 годзе, маючы добрую жыццёвую загартоўку і вопыт, так неабходныя пісьменніку. Тады ж выйшла з друку першая кніга — «Песня пра хлеб». Многія яе старонкі былі пазначаны прыкметамі грамадскага непакою і зацікаўленасці.

Хачу знаць, колькі будзе зелені, Будзе свежасці для людзей І ці вырасце ўсё,                                    што сеялі, З чым звязалі столькі надзей.

Вось чаму яго лірычны герой радуецца зарніцам — прадвесніцам дажджу, якога даўно чакаюць засмяглыя палі. За гэтымі радкамі і выказанымі ў іх перажываннямі адчуваецца даўняя беларуская традыцыя. Успамінаеш Якуба Коласа, які сярод засушлівага лета пільна ўглядаецца ў гарызонт, неспакойна стукае пальцам па барометры: ці будзе дождж, ён жа так патрэбен!

Лепшым творам у першай кнізе была, напэўна, паэма «Песня пра хлеб», якая дала назву ўсяму зборніку. У ёй паэт уславіў хлеб як вялікую, не толькі матэрыяльную, але і маральную, духоўную каштоўнасць, у якой увасоблены сэнс жыцця і працы хлебароба. Усё, пра што ішла гаворка ў паэме, аўтару было вядома з дзяцінства. Адсюль ішлі і перадаваліся чытачу яго любоў і замілаванне, з якім былі выпісаны многія мясціны паэмы. Напрыклад, тая, дзе маці пячэ хлеб з новага жыта.

Цеста мясіла яна кулакамі, сценкі дзяжы абірала рукамі, вады падлівала, мукі падсыпала… І нам было клопатаў тут нямала. Былі мы ў мінуту гэтую рады Выканаць матчыны ўсе загады. Мы ёй памагалі рукаў закасваць, муку падсыпаць — па яе заказу, хусцінку мы ёй папраўлялі ахвотна ці лоб выціралі матчын потны. Было ўрачыста і ціха ў хаце — хлеб з новага жыта ўчыняла маці.

Калі гэты твор перачытваеш сёння, пераконваешся, што сучасны А. Вярцінскі генетычна вырас з яго — і не толькі ідэйна, але і стылёва. Ужо тут у наяўнасці былі індывідуальныя асаблівасці стылю паэта — непаспешлівасць апісання, свядомыя лексічна-сінтаксічныя і гукавыя паўторы, мяккасць тону.

У сваіх дзённіках А. Блок аднойчы запісаў: «На днях я падумаў пра тое, што вершы мне пісаць не трэба таму, што я надта ўмею гэта рабіць. Трэба яшчэ змяніцца (або — каб вакол змянілася), каб ізноў атрымаць магчымасць пераадольваць матэрыял». Нешта падобнае, відаць, здарылася — пасля першай кніжкі — і з А. Вярцінскім. Яго творчасць рэзка пачала пашыраць свае тэматычныя рамкі, паглыбляць маральны, грамадзянскі пафас. Зрэшты, гэта назіралася не толькі ў аднаго яго. І маладыя, і старэйшыя на працягу 60-х гадоў — гэта характэрна для ўсіх — асабліва інтэнсіўна абнаўлялі змест і форму паэзіі, яе тэматыку і праблематыку. Яны свядома ставілі задачу стварэння паэзіі актыўнай думкі, здольнай перадаць інтэлектуальную атмасферу часу, інтэнсіўна аднаўлялі выяўленчую сферу, прыцягваючы дзеля гэтага разнастайныя прыёмы жывапісу, музыкі, пластыкі.

Другая кніга — «Тры цішыні» (1966) — стала падзеяй у беларускай паэзіі. Яна была не падобна на сваю папярэдніцу — «Песню пра хлеб», пра якую Вера Палтаран некалі справядліва пісала, што аўтар яе «ў свеце эмоцый адчувае сябе вальней, чым у свеце думкі» (Полымя, 1962, № 8, с. 169). Аднак ужо гаворачы пра зборнік «Тры цішыні», В. Каваленка адзначаў, «што самая характэрная рыса паэзіі А. Вярцінскага — роздум, які нават не грэбуе блізкім да празаічнага разважання» (Літаратура і мастацтва, 1964, 14 кастрычніка). Ён і сапраўды рабіў упор на думцы, не баючыся пры гэтым ні сухасці, ні празмернай разумовасці. Паэт пастаянна дбае пра выяўленчыя сродкі, эксперыментуе. З аднаго боку, ён «агаляе» паэтыку: каб аблегчыць вершу дарогу да чытача, ён звяртаецца да амаль што бязвобразнай мовы («Мама мыла раму»). З другога боку, часам вынаходзіць надзвычай вытанчаную, скажам, такую карнявую рыфму: фасады — фазаны; пашаны — пажары; верачы — велічы і г. д. Гэта вымагалася ідэйнаякаснымі зрухамі. У зборніку «Тры цішыні» яго лірыка выявіла свой філасофскі змест, які вынікаў з больш глыбокага асэнсавання жыццёвых праблем і супярэчнасцей. Здзіўляючыся і захапляючыся навукова-тэхнічнаму прагрэсу, паэт не мог не бачыць, што ён не заўсёды адпавядае прагрэсу маральна-духоўнаму. Чалавек пераадолеў гукавы бар’ер, светлавы, бар’ер зямных гравітацыі.. А «ці хутка дойдзе чарга да бар’еру глухой адчужанасці людской, неразумення і недаверу?» — такое пытанне пастаўлена і актыўна абмяркоўваецца ў зборніку «Тры цішыні». Гэта кніга вострай, аналітычнай думкі, скіраванай супроць абыякавасці, несправядлівасці, бюракратызму, падазронасці, маніі велічы… Паэт, здавалася, узяў на сябе абавязкі калі не сатырыка, то празаіка — раскрываць, аналізаваць, даследаваць, асэнсоўваць. Але ад гэтага паэзіі ў яго вершах не толькі не паменшылася — павялічылася. Абвастрэнне маральнага ўспрыняцця жыцця не зрабіла з яго голага маралізатара. Яго паэзія ў лепшых сваіх узорах па-сапраўднаму хвалявала. Аўтар меў права і падставы сказаць:

Я так не магу, каб стрэцца і холадна абмінуць, каб сэрцам другое сэрца горача не крануць.

Сацыялістычны гуманізм у разуменні паэта перш за ўсё вызначаецца глыбокай любоўю да жыцця, да сацыялістычнай явы, пачуццём патрыятызму. З любві да жыцця і нараджаецца неабходнасць яго ўдасканаліць, упрыгожыць зямлю. А гэта немагчыма таксама па-за агульначалавечымі маральнымі нормамі, значэнне якіх у адносінах паміж людзьмі падкрэслівалася ў Праграме КПСС: «Простыя нормы маралі і справядлівасці,— гаварылася там, — якія пры панаванні эксплуататараў нявечыліся або бессаромна зневажаліся, камунізм робіць непарушнымі жыццёвымі правіламі». А. Вярцінскі зноў і зноў сцвярджае: «чалавечнасць, яна — ад слова „чалавек“». І хай гэта выглядае наіўна ці нават банальна — паэт не стамляецца яшчэ і яшчэ раз напамінаць чалавеку пра яго маральныя абавязкі.

Вядомы амерыканскі пісьменнік і філосаф XIX ст. Генры Тора пісаў: «Я не лічу праведнасць і дабрату галоўным у чалавеку — гэта толькі яго сцябло і лісце… Мне патрэбен ад чалавека яго цвет і плады: мне трэба адчуваць яго водар, і зносіны з ім не павінны быць частковым і недаўгавечным актам, але бесперапынным, пераліўным цераз край багаццем, якое нічога яму не каштуе і якога ён нават не заўважае» (Г. Д. Тора. Уолден, или жизнь в лесу. М., 1980, с. 92).

Такая вось мара і ў А. Вярцінскага, якую паэт спасцігае сваімі — мастацкімі — сродкамі. У цэнтр яго ўвагі стаў чалавек з багатым светам перажыванняў. Ён блізка браў да сэрца чужую радасць і чужы боль і ўмеў заглянуць у сваю ўласную душу, знайсці там шмат такога, што варта агульнай увагі. Грамадзянскасць, непакой, вастрыня сацыяльнага і маральнага мыслення садзейнічалі таму, што А. Вярцінскі на вачах вырастаў у сур’ёзнага паэта і вельмі патрабавальнага мастака. Пра гэта і сведчыла кніга «Тры цішыні».

У ёй паэт, здаецца, упершыню зрабіў спробу расказаць пра тыя страты і ахвяры, якія панёс беларускі народ у мінулую вайну, і пра вышыню яго грамадзянскай мужнасці. «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем», «Бой» — гэтыя вершы вядомы вельмі шырока. Усе, хто пісаў пра А. Вярцінскага, не абміналі яго верш «Дынамік», напісаны ў пачатку 60-х гадоў. Гэта сюжэтны верш, у аснове якога будзённы факт. Старая жанчына ідзе ў канец вёскі прасіць радыста, каб той паправіў дынамік у яе хаце. У сям’і радыста радасць — нарадзіўся сын. Старая таксама рада такой падзеі. Але яна не можа не ўспомніць сваіх сыноў, якіх у яе было трое — і ўсіх забрала вайна. Гэта верш пра вялікую чалавечую трагедыю, якая праступае ў абрысах звычайнай паўсядзённасці. І вельмі прыдатнай аказалася тут уласцівая паэту размоўная манера пісьма, унутрана скіраванага на духоўна-псіхалагічнае асвятленне чалавечай душы…

Ні сынкоў няма, нікога. Толькі радзіва адно. Толькі радзіва —                            мне падмога. Што б рабіла, каб не яно? І пагаворыць і паспявае, добрай ночы жадае мне. І паплачам з ім, бывае, як успомнім аб вайне.

Гэты верш даўно і па справядлівасці ўваходзіць ва ўсе анталогіі сучаснай беларускай паэзіі…

У творчасці паэта паглыбляецца пафас абнаўлення, актывізуецца грамадская думка, узмацняецца працэс страснай барацьбы за чалавечнасць, за высокую маральнасць, якая «служыць для таго, каб чалавечаму грамадству ўзняцца вышэй» (У. І. Ленін).

Пры гэтым ён не абмяжоўваецца адною толькі канстатацыяй пэўных ісцін, а імкнецца перажыць і сцвердзіць іх нанава, у сучасных акалічнасцях жыцця, яго лісця і каранёў.

Ідэі грамадзянскасці і гуманізму знайшлі далейшае развіццё ў новай кнізе — «Чалавечы знак», якая выйшла з друку ў 1968 годзе і пацвердзіла, што ядро грамадзянскасці паэта — «высокае неба ідэалу», неба праўды, а межы — межы яго асобы, яго «я», якое адлюстроўвае ў сабе надзённыя пытанні часу. Пра аўтара загаварылі як пра паэта значнага маштабу. У зборніку знайшлі адбітак важнейшыя праблемы духоўнага жыцця сучасніка, тыя велічныя ідэалы справядлівасці і дабра, да якіх імкнецца наша сацыялістычнае грамадства і якія актыўна сцвярджаў паэт.

Добрае слова «чалавецтва» — усеагульнае наша імя! Светлае слова «чалавецтва», як ліства, дзятва, сям’я…

Гэтыя радкі паказальныя для кнігі «Чалавечы знак»: аўтар імкнецца да такой паэзіі, дзе асоба праяўляецца свабодна і шматгранна, дзе чалавек зліваецца з чалавецтвам, касмічнае спалучаецца з зямнымі турботамі. Свет паэта ўключае ў сябе «чацвёртае вымярэнне», якое, у яго разуменні, увасабляе гармонію ў чалавечых узаемаадносінах. «Падаюць крыўды і няпраўды… Бачу: сустрэліся, як жывыя, дзве паралельныя прамыя».

Вось што пісаў А. Вярцінскі пра творчасць П. Панчанкі: «Ён верыць. У справядлівасць. У лепшае заўтра. У высокі ідэал чалавечага жыцця. У паэта, я сказаў бы, вельмі развіта пачуццё „трэцяй рэчаіснасці“, г. зн. будучыні, інакш кажучы, пачуццё ідэалу. І для яго будучыня — не ружовая утопія, не манілаўскі лужок і не гучныя словы „языкачосаў безадказных“, аматараў „бадзёра каркаць“. Яна для паэта — зямное жыццё, дзе паспяваюць да чалавека „раней за гора на дзве хвіліны“, дзе ведаюць „сінюю роснасць“, дзе няма „рабства чаркі, паперкі, блату, біркі званняў і крэслаў чынуш“, дзе людзі пазбавіліся „ад шаблонных слоў, ад папугайных паўтарэнняў“, дзе ў пашане „ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці“» (Літаратура і мастацтва, 1966, 12 жніўня).

Так звычайна і бывае: адзін мастак шукае ў другога нешта блізкае, роднаснае — падтрымкі сабе. Пошук А. Вярцінскага працягваецца.

У першых кнігах ён, разглядаючы разнастайныя з’явы жыцця, адстойваў простыя нормы маралі: «Адбываюцца ўсе здрады па закону цепластраты…» Цяпер ён ідзе ўглыб, шукае шлях да асобнага чалавека, імкнучыся зразумець яго месца і ролю ў свеце, сэнс яго быцця. «Высокае неба ідэалу» ў яго было сапраўды высокім, нават «падвышаным»: у кнізе сцвярджаецца чалавек, варты свайго прызнання — «быць чалавекам на зямлі». Правобраз такога чалавека ён шукае ў вобразе Уладзіміра Ільіча Леніна, у духоўным багацці яго асобы. Бліскучым укладам у беларускую паэтычную Ленініяну з’яўляецца вядомы верш «Ленінскі смех», прасякнуты глыбокім гістарычным аптымізмам і гуманізмам, верай у перамогу ленінскіх ідэй. На прыкладзе ленінскага вобразу паэт сцвярджае чалавека актыўнага, дзейснага, гарманічнага. Правадыр глыбока верыць у неадольную сілу дабра, якое рухае гістарычны прагрэс.

Ленінскі геній ведаў даўно, Рэвалюцыю робіць дабро,                                     а не зло. Дабро рэвалюцыю параджае, Рэвалюцыя дабро сцвярджае.

Рысы Леніна-гуманіста паэт знаходзіць у абліччы нашага сучасніка, які сцвярджае дабро і справядлівасць.

Ні адна з кніг А. Вярцінскага, як ужо гаварылася, не паўтарае папярэднюю: «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979)… Кожная з іх, развіваючы думкі і вобразы папярэдніх кніг, узбагачае іх новымі фарбамі і адценнямі. Скажам, успаміны аб цяжкай вайне, аб перамозе, якая дасталася такой цаной, усё больш арганічна спалучаюцца з роздумам над сучаснасцю. Стоячы перад брацкай магілай, паэт задае сабе пытанне: «А ці браты мы, калі жывём?» Ён піша выдатны верш пра апошнюю волю, ці запавет тых, хто не вярнуўся з вайны, хто завяшчаў нам, сваім нашчадкам:

Варожасць — самае горшае у свеце людскім пачуццё. Дружыце! — І будзе прыгожае, харошае наша жыццё. Вы паўшымі даражыце. Ды першая ўвага — жывым. Адзін аднаго беражыце, дружыце адзін з адным!

Так, памяць вайны арганічна звязана з клопатам пра наш дзень і пра будучыню. Прыгадваюцца яго словы: «Справа, вядома, не толькі ў тым, каб помніць вайну і выказваць свае ўспаміны, свой боль, свой смутак, сваю жалобу. І справа не толькі ў тым, каб услаўляць подзвіг народа… Справа ў тым, каб пераплаўляць у нашых творах боль і смутак у любоў да жывых, у добрыя справы і пачуцці» (Маладосць, 1975, № 5, с. 161). Вось на гэтым і грунтуецца свядомы гістарызм паэта. Цэласнасць чалавечай асобы немагчыма, на яго думку, без цэласнага ўспрыняцця часу — у адзінстве мінулага, сённяшняга і будучыні.

Роздум паэта актыўна звернуты ў наша сёння.

Яшчэ невядома, хто болей жывы, а хто яшчэ мёртвы болей,— хто паў, не схіліўшы галавы, ці выжыў цаной хто любою. А зрэшты, вядома, вядома здаўна. Насмерць хто стаяў за край родны, хто чашу ахвярную выпіў да дна — па праву той бессмяротны…

І хіба гэта не цікава, калі выпрабаванне праходзіць грамадзянскае сумленне паэта. Мукі сумлення — гэта характэрна для героя сённяшніх яго кніг. Чалавек у яго вершах пастаянна і паслядоўна звяртаецца да самога сябе з пытаннем: які след, які «знак» застанецца пасля цябе? Праз яго кнігі праходзіць думка аб неабходнасці маральнага ўдасканалення чалавека. Паэт ставіць пытанне каштоўнасці асобы і даводзіць, што яна вызначаецца не тым, што чалавек накапіў, а тым, што ён аддаў, што пакідае пасля сябе.

Абставіны вымушаюць па-грамадзянску пільна ўзірацца ў стракатую панараму навакольнага свету, у якім адбываюцца трывожныя перамены: «кароткае чалавечае жыццё, — паводле слоў С. Залыгіна, — можа цяпер аказацца больш працяглым, чым прырода, якая існуе ў сваёй нязменнасці тысячы год» (Правда, 1980, 10 сакавіка).

У абсягу гэтай тэмы А. Вярцінскім напісаны розныя творы.

У сувязі з крытыкай некаторых выдаткаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі хочацца ўспомніць яго паэму «Начны бераг». Твор гэты прэтэндуе на праблемнасць гучання. Аўтар на прыкладзе ракі Сож хоча паказаць, да чаго прыводзяць занадта «валявыя» адносіны да прыроды, да эксплуатацыі яе багаццяў.

Для нас прырода — маці, хоць і маці строгая, суровая. Якія ж мы, калі з мячом ідзём, накшталт варожай раці, скараць і рабаваць багацці      (чые багацці? — роднай маці!). Сук, на якім сядзім, сячом!

Гэта правільна, але выхад паэта на праблему, як вынікае з паэмы, з’яўляецца ў многім выпадковым. На самай справе, а калі б не адбылося так, што герою паэмы не хапіла месца ў гасцініцы і каб ён не вымушаны быў правесці ноч на беразе Сожа, дык і не заўважыў бы, што «плёнка брудна-тлустая пагойдваецца на вадзе». Не ўпрыгожваюць паэму і такія радкі: «прыйшоў на пушкінскі я круг», следам за якімі цытуюцца словы Пушкіна «Восстань, пророк, и виждь, и внемли». І ёсць усё-такі ў паэме — пры паўторным чытанні ў гэтым пераконваешся — значная доза экалагічнага песімізму, заснаванага на нейкай асабістай крыўдзе:

Адплата йдзе…                Чытаю ў прэсе (ты не чытаеш, Сож, газет?): «На самай воднейшай з планет вады хапаць не будзе прэснай…» Была, плыла, цякла вякамі, і больш не будзе тых крыніц, і будзе ўся зямля, як каня, прасіць адчайна: «Піць-піць-піць!»

І ўсё ж такі ў гэтых радках шмат праўды. Некалі Пушкін сказаў: «равнодушная природа». Сёння так пра яе не скажаш, таму што прырода востра адчувае прысутнасць чалавека ў свеце, і гэта ісціна добра вядома беларускім паэтам, якія імкнуцца глыбей асэнсаваць адзінства чалавека і прыроды, іх супольны лёс.

А. Вярцінскі не стамляецца сцвярджаць чалавека маральна актыўнага, багатага на любоў да жыцця.

Паміраюць ад кулі шалёнай, ад вады, ад жуды, ад бяды. І яшчэ — ад зялёнай-зялёнай, ад зялёнай, як раска, нуды.

І гэта яшчэ адзін з аспектаў яго маральнай канцэпцыі: не стой у баку ад жыцця, абараняй справядлівасць, дзярзай!

Яго паэзія звязана з развіццём псіхалагічна заглыбленага, аналітычнага стылю. Маральнае быццё чалавека, свет яго духоўнай дзейнасці — вось што асабліва цікавіць паэта. Адным з асноўных законаў мастацтва для яго з’яўляецца, паводле ўласнага прызнання, «закон пераходу энергіі любві, маральнай энергіі ў ідэйна-мастацкую якасць» (Літаратура і мастацтва, 1971, 10 снежня). Паэзію ён разглядае як адну з цудоўных магчымасцей раскрыць глыбінны сэнс жыцця.

— Што значыць сапраўдным другам быць? — Любіць — Што значыць аддана справу рабіць? — Любіць. — Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць? — Любіць. — Што значыць зямное шчасце здабыць? — Любіць.

Акно паэта шырока расчынена ў сучасны свет. Трывогі свету ўваходзяць у яго душэўны вопыт, хвалююць і непакояць. Пра гэта, дарэчы, сведчаць не толькі вершы. Яго творчая дзейнасць дастаткова шматгранная. Набыла вядомасць паэма «Дажынкі» — надзвычай усхваляваная, эмацыянальная — вучыць паважаць у чалавеку працаўніка, цаніць яго і даражыць ім. Паэт гнеўна асуджае раўнадушша і чэрствасць. «Заазер’е» прысвечана роднай маці. Гэтая тэма ўзнікла яшчэ раней — у кнізе «Тры цішыні», нават у самай першай — «Песня пра хлеб», пра якую мы ўжо вялі гаворку. Паэма «Заазер’е» вылілася з сэрца, гэта — паэма развітання з роднай маці…

«Даруйце!» мае падзагаловак «паэма віны». У ёй гэта пачуццё віны перададзена, хаця, прызнаюся, не зусім ясна, у чым герой вінаваты перад тымі людзьмі, у якіх ён просіць прабачэння.

Кожная з гэтых паэм патрабуе асобнай гаворкі, і думаецца, што па часе мы вернемся да яе. Зазначым толькі, што не ўсякія пачуцці віны, болю садзейнічаюць стварэнню сапраўднай паэзіі, а толькі тыя, у якіх праяўляецца супольнасць перажывання з усімі людскімі нягодамі. У гэтым сэнсе «чалавечы боль, — як добра сказаў Алесь Ганчар, — інтэрнацыянальны, як інтэрнацыянальна і вечнае парыванне чалавека да шчасця, да свабоды, да свабоднай творчасці».

Пра пашырэнне інтэрнацыянальных даляглядаў паэта сведчыць яго паэма «Колькі лет, колькі зім!», якая мае падзагаловак: «паэма надвор’я з метэаралагічнымі звесткамі, гістарычнымі экскурсамі і лірыка-псіхалагічнымі эцюдамі». Мастацкая думка рухаецца ў ёй у межах раскаванага лірычнага сюжэта, які шырока ахоплівае разнастайныя з’явы і прадметы розных часоў і эпох: «жалобны трыпціх», «голас Францішка Багушэвіча», «маналог Напалеона», «апошні дождж камунара Мільера», «сон пад шум зімовага дажджу», першыя маёўкі і г. д. Паняцце «надвор’е» трактуецца ў маральным плане і характарызуе адносіны паміж людзьмі. «Якое надвор’е — такі і дзень». Раздзелы, з якіх складаецца гэтая незвычайная паэма, нераўнацэнныя па сваіх ідэйна-мастацкіх вартасцях; у лепшых з іх аўтар узнімаецца да сцверджання чалавечай адказнасці за лёс планеты, за мірную будучыню.

А. Вярцінскі працуе і ў жанры драматургіі. Вядомы яго п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікае дзякуй» (1978) і «Скажы сваё імя, салдат» (1977). Шмат перакладае, выступае як крытык і публіцыст. Увесь творчы шлях яго на нашых вачах — ад першай кнігі да самай новай, пад назвай «Ветрана». Інтэнсіўнасць успрыняцця жыцця, прага адкрыццяў, заглыбленасць у сучаснасць, імкненне да самасцвярджэння на падставе пашырэння грамадзянскіх інтарэсаў абвастраюць у яго пачуццё формы, стылю, развіваюць паэтыку, адкрываюць умоўна-асацыятыўныя магчымасці верша. Яго паэтычная мова «графічная», «лагізаваная» — не ў прыклад, скажам, «жывапіснаму» Р. Барадуліну. Стылістыка адзначана мноствам «бязвобразных» выразаў, паэт даволі часта звяртаецца да прыёмаў паняційнага мыслення. Аднак у лепшых сваіх вершах ён пераадольвае пэўную «аголенасць» думкі, сцвярджае прыналежнасць чалавека да чужога лёсу, да трывог і радасцей іншых людзей.

У апошніх кнігах А. Вярцінскага ўзрасла схільнасць да ўмоўнасці, прытчывасці. Яму дапамагае апора на фальклор, сувязь з якім адчувалася, яшчэ ў самай першай яго кнізе. Праўда, цяпер гэта сувязь у многім змянілася. Паэт не абмяжоўваецца, як у некаторых выпадках раней, стылізацыяй пад фальклорныя ўзоры, а ідзе ў глыб народнага светаразумення, яго эстэтычных і этычных уяўленняў.

Шарая гадзіна.              Вечара адзнака. Шарая гадзіна.              Ні воўк, ні сабака. Ні сонца, ні месяц.              Ні дзень і ні вечар. Ні цёмна, ні светла.              Ні ціша, ні вецер. Ні суша, ні мора.              Ні плывём, ні едзем. Ні радасць, ні гора.              На якім мы свеце? Пагасаюць фарбы.              Патанаюць гукі. Адпачніце, сэрцы!              Адпачніце, рукі! Сціраюцца грані.              Знікаюць кантрасты. Гаіцеся, раны!              Заціхайце, страсці!.. Давайце ціха, моўчкі              З табой пасядзім мы. Я люблю чамусьці              Шарую гадзіну.

Аўтар выкарыстоўвае элементы замовы (гукавыя і сінтаксічныя паўторы), але фальклорнай зададзенасці тут няма, верш прасякнуты роздумам і запрашае да яго чытача. У гэтым змястоўная асаблівасць яго паэзіі — спалучэнне логікі і інтуіцыі, высокай культуры творчасці з фальклорнай спадчынай, звернутай да «пралагічных» форм свядомасці. Актыўнасць формы неабходна паэту, каб сцвердзіць сваю індывідуальнасць, адзінства маральных адносін да жыцця. С. Гаўрусёў, вядомы трапнасцю сваіх літаратурна-крытычных ацэнак, пісаў пра Вярцінскага: «Спалучэнне абвостранага інтэлекту і напружанай эмацыянальнасці, чуйнасць да навальніц веку трывала і даўно забяспечылі яму адно з найпершых і самастойных месцаў у сённяшняй нашай паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1980, 28 сакавіка).

Аднак на дасягнутым А. Вярцінскі, здаецца, не спыняецца. У адной з кніг ён кажа: «Вершы мае — пісьмы». Гэта можна зразумець так, што пісьмы абавязваюць і запрашаюць да шчырасці, даверу, самавыяўлення. І ў гэтым сэнсе вершы яго падобны на пісьмы. Прынцып самараскрыцця мае важнае значэнне ў паэзіі, пазнанне здзяйсняецца як самапазнанне. Думаецца, што гэта перспектыўна ў адносінах і да яго творчасці.

А. Вярцінскі — у дарозе. Ад кнігі да кнігі (а іх у яго ўжо добры дзесятак) ён натуральна мяняецца, расце. Але галоўнае — сувязь са сваім народам, грамадзянскі неспакой, шчырасць, шчодрасць, спалучаныя з пастаяннай нацэленасцю на эстэтычны пошук, — застаецца.

Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін)

Гэта запомнілася:

Сёння я незвычайна радасны. Ну, не хлопец —                усмешка адна: Цеплынёю дваццаціградуснай Абагрэла мяне вясна. І паветра здаецца мядовым, І нябёсы —                чысцей і сіней, Я іду — дваццацігадовы, І дзяўчаты глядзяць на мяне…

Чаму яны запомніліся — простыя, крыху наіўныя радкі з верша «Я іду…», якімі адкрывалася першая кніга Г. Бураўкіна «Майская просінь», што ўбачыла свет ажно ў 1960-м?

Запомніліся перш за ўсё, думаецца, сваёй непрыдуманасцю, непасрэднасцю, маладой прагай жыцця, незвычайнай паэтычнай узрушанасцю, здзіўленнем, што выліліся з самога сэрца дваццацігадовага хлопца (верш напісаны ў 1956 годзе). Словам, лірычны характар відаць быў адразу.

Тут жа, побач, былі вершы іншага тэматычнага плана, больш, калі можна так сказаць, сур’ёзныя па гучанню, сацыяльна-грамадзянскія па скіраванасці. Але ў той жа час такія ж шчырыя і па-юнацку пранікнёныя. Яны паказалі нам другую грань таго ж самага лірычнага характару.

Я з твайго неспакойнага племені,                                         Партыя, Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу. Гэта ты разам з маці дала мне ўпартую І няўрымслівую душу. Гэта ты мне адкрыла прасторы шырокія І ў дарогу ўручыла свой дапытлівы зрок. І заўсёды               з тваімі ўладарнымі крокамі Я знітоўваю кожны свой крок.

Так у паэзіі Г. Бураўкіна, у яго самай першай кнізе намецілася ўзаемасувязь, узаемапранікненне гэтых двух пачаткаў — інтымнага і грамадзянскага, лірыкі асабістай і пачуцця грамадскага, прапушчанага праз душэўны вопыт паэта, насычанага страсцю і хваляваннем. Я не знаходжу ў гэтых двух пачатках «антыномію» «я» і «мы», пра якую пісаў А. Вярцінскі, рэцэнзуючы кнігу выбраных вершаў Г. Бураўкіна («Бібліятэка беларускай паэзіі»), выдадзеную ім у 1969 годзе (Літаратура і мастацтва, 16 студзеня 1970 г.). Гэтыя два пачаткі — лірычны і публіцыстычны — існуюць у паэзіі Г. Бураўкіна ў больш складанай дыялектычнай узаемасувязі.

«Майская просінь» змясціла шэраг аўтабіяграфічных матываў. Як, скажам, было не расказаць паэту пра раку маленства, густыя саснякі Расоншчыны, амаль паўдзённы блакіт яе неба. «Каб не быў чалавекам, я б жаўранкам быў, і спяваў бы нястомней за ўсіх і званчэй, каб рабілася людзям ад песні лягчэй» — такія эмацыянальна-псіхалагічныя, маральныя вытокі і эстэтычныя ўстаноўкі паэтавай песні, якая пачыналася з закаханасці ў жыццё, са здзіўлення перад яго цудам, з незвычайнай душэўнай узрушанасці. Гэтыя рысы і потым застануцца стрыжнявымі асаблівасцямі паэтычнай і чалавечай (у дадзеным выпадку гэта, відаць, адно і тое ж) натуры Генадзя Бураўкіна.

Не сакрэт, што часта першая кніга не дае адказу на пытанне пра аўтара — паэт ён ці не. «Майская просінь» Бураўкіна, нават гэтыя працытаваныя намі радкі, не пакідалі сумненняў, што нарадзіўся малады паэт, які, як тая губка, убіраў свежыя жыццёвыя ўражанні, набываў веды.

Пачэснае месца занялі ў ёй вершы пра асваенне цаліны; аўтар пабыў там яшчэ студэнтам універсітэта. У вершы «Сашка» ён гераізуе працу маладога цалінніка з-пад Полацка, які па сутках не здымаў са штурвала рук: мёрз у дашчаных вагончыках і пісаў вясёлыя пісьмы землякам. Выпадак, што й казаць, жыццёвы: чалавек малапрыкметны, «асцярожны і кволы», як гаворыцца пра яго ў вершы, знаходзіць і сцвярджае сябе ў працы, якая дае яму фізічную і маральную загартоўку.

Сучаснік і яго працоўныя здзяйсненні вабяць паэта. Ён закаханы ў будаўнікоў, якія пад калючым ветрам спяваюць на рыштаваннях, «схаваўшы пад пахі азяблыя пальцы». Можа, гэтаму малюнку і не стае поўнай «аб’ектыўнай» праўдзівасці, але паэт так бачыць, і паводле яго светаўспрымання гэта лагічна. Для маладога героя паэта вельмі важна і дорага адчуваць, «што нешта значыш на працавітай сваёй зямлі».

Савецкі вымпел на Месяцы і кніга Маякоўскага, дарогі студэнцкага лета і сустрэча з каханай, подзвіг партызан — пра ўсё ён пісаў з юнацкім запалам і шчыра.

Слабы бок гэтых вершаў — фактаграфічнасць, адносна неглыбокае пранікненне ў сутнасць з’яў, іх відавочная раздробленасць. Зрэшты, усё гэта з лішкам кампенсавалася тым, паўтараю, юнацкім запалам, няўрымслівасцю, што вызначалі самаадчуванне маладога паэта.

Я іду з усімі                       і смяюся, Я іду з усімі                       і пяю.

Калектывізм, дэмакратычнасць, душэўная адкрытасць перад сябрам, рамантычнасць — відавочныя рысы характару маладога героя паэзіі Генадзя Бураўкіна, які, здавалася, больш за ўсё жадаў быць зразуметым чытачом.

Такая акалічнасць не перашкодзіла зараджэнню і развіццю ў яго творчасці новага пазітыўнага працэсу — узмацненню ў другой палавіне 60-х гадоў асабовага лірычнага патэнцыялу. Яго заўважыў Ю. Свірка (Полымя, 1970, № 6), цытуючы прыведзеныя вышэй радкі («Я іду з усімі і смяюся…»), як доказ таго, што паэт (верш напісаны ў 1957 годзе) успрымаў людскі, чалавечы «натоўп» у яго, так сказаць, агульнасці, не надта пільна прыглядаючыся да кожнага паасобку. «А пройдзе восем гадоў,— пісаў далей Ю. Свірка, — і ён адчувае, што жыццё не прагулка, што людзі пазнаюцца не толькі на вясновай вуліцы. Паэт пільней прыгледзіцца да іх і не пабаіцца назваць сваім імем тупога мешчаніна, п’яніцу, скрытага нягодніка».

Адзін чытае газету І ніяк зразумець не можа, Чаму там усё так правільна, А ў яго на рабоце                                   начальнік Выпісвае тры газеты (Усе, як адна, цэнтральныя) І лаецца горш, чым рамізнік, І зяцю дае кватэру, І маніць штодзень «вярхам».

Ю. Свірка, на маю думку, правільна адзначыў творчае пасталенне свайго калегі, для якога паэзія была не забавай, а спосабам пазнання свету.

З цягам часу мы ўсё глыбей і больш будзем ведаць Г. Бураўкіна як празаіка, журналіста, кінадраматурга, зрэдку — літаратурнага крытыка, але паэзія застаецца яго пастаяннай, сардэчнай — на ўсё жыццё — любоўю і захапленнем.

Песня Г. Бураўкіна пачалася на высокай хвалі паэтычнай актыўнасці, вельмі характэрнай для ўсёй нашай літаратуры канца 50 — пачатку 60-х гадоў. Яго, як і іншых, паклікалі ў дарогу бяскрайнія бальшакі, якім няма ні канца ні краю. З першых кніг Генадзь Бураўкін зарэкамендаваў сябе як паэт шырокага душэўнага жэсту, які ідзе ў яго ад закаханасці ў родную зямлю, яе людзей, у іх гераічную гісторыю і слаўны сённяшні дзень. Гэтай зямной закаханасцю народжаны любоў і нянавісць паэта.

Г. Бураўкін належыць да таго пакалення маладых беларускіх літаратараў, што ўвайшлі ў літаратуру ў канцы 50-х гадоў. Той жа ўзрост, тая ж праблематыка, той жа ідэйны пафас… Яго творчае станаўленне, інтэнсіўнае фарміраванне мастацкай індывідуальнасці прыпадае, як і ў іх, на 60-я гады. Няма нічога дзіўнага ў тым, што сваімі вершамі гэтае пары Г. Бураўкін нярэдка пераклікаецца з іншымі паэтамі свайго пакалення. Але ідэал для яго — Маякоўскі. Зрэшты, ён і сам гэтага не тоіць:

«Я люблю Маякоўскага за яго прамату. Я ведаю, хто ў яго сябры, хто ворагі, я ведаю, дзе ён „волком бы выгрыз“ розную брыду, а дзе ад шчасця „разулыбил“ бы твар. Я ўсюды бачу ясную грамадзянскую пазіцыю паэта» (Маладосць, 1969, № 7, с. 181).

Другая кніга «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963) па агульнай танальнасці мала чым адрознівалася ад першай. Пабудаваная на сцвярджальных інтанацыях, у якіх, аднак, часам адчувалася і запытанне, яна сведчыла, як паслядоўна паэт імкнуўся апраўдаць сваю ўрачыстую дэкларацыю, абвешчаную на самым пачатку творчага шляху («Я хачу прайсці па зямлі самым верным, любімым сынам»), не адмаўляючыся ад палкага слова, ад узнёслых пачуццяў, якімі яго, «грамадзяніна дваццатага стагоддзя» (так з гордасцю гаворыць ён пра сябе), шчодра надзяліла жыццё, уласная біяграфія.

Паэта цягне туды, дзе адбываюцца цікавыя і значныя падзеі камуністычнага будаўніцтва — на заводы, фабрыкі, у навукова-даследчыя лабараторыі, на новабудоўлі.

Часопіс «Маладосць» камандзіраваў яго на будаўніцтва нафтагіганта на Дзвіне. Так з’явіўся цікавы лірычны цыкл, ці, дакладней, лірычны рэпартаж «Полацк», старонкі якога запоўнілі вясёлыя няўрымслівыя шафёры і экскаватаршчыкі, верхалазы і цеслі… Як і кожны рэпартаж, ён крыху інфармацыйны, але ў ім шмат хвалюючых мясцін. «Мазольныя рукі» застаюцца адной з галоўных умоў павагі да чалавека. Такая думка вынікае з «лірычнага рэпартажу» пра машыніста Брэсцкага дэпо Фёдара Фадзеева і яго сяброў «Ляці наперад, паравоз!..».

У ліпені — жніўні 1962 года Г. Бураўкіну давялося быць у складзе савецкай дэлегацыі на Міжнародным маладзёжным фестывалі ў Хельсінкі. З фестывальнымі вершамі ў яго паэзію упершыню ўвайшла замежная тэма са сваімі малымі і вялікімі адкрыццямі.

Пазітыўныя ідэалы сацыялістычнага ладу паэт сцвярджае актыўна і разнастайна. І — у тым ліку — праз публіцыстычнае адмаўленне праяў старога, аджыўшага. Я б не сказаў нечага вельмі істотнага пра другую кнігу Г. Бураўкіна, каб не прыгадаў вядомы яго верш «*** Адышлі ў нябыт панегірыкі…». Гэта — адзін з лепшых вершаў, які яшчэ раз пераканаў нас у значным лірыка-публіцыстычным таленце паэта, у адмаўленні ім паэзіі рытарычна-параднай, паэзіі панегірыкаў.

«І філасофія, і публіцыстыка, — гаварыў ён пра адну з кніг паэтэсы Д. Бічэль-Загнетавай, — у яе натуральна і паслядоўна вырастаюць з быту, з тых штодзённых турбот, клопатаў і трывог роднай зямлі, міма якіх не мае права праходзіць родная літаратура» (Полымя, 1968, № 6, с. 185).

Свет не просты — даводзіць і яго паэзія. У другой кнізе сустракаліся даволі нечаканыя радкі:

Я часам сам сябе не пазнаю: Разважлівы,              спакойны і цвярозы, Пра маладосць бясхмарную маю Усё часцей ка мне прыходзіць роздум.

Роздум прыходзіў, гэта правільна, але эстэтычна ён пакуль што рэалізоўваўся мала. А звязаны быў, безумоўна, з далейшым накапленнем у паэта грамадзянскіх якасцей, іх маральнай завостранасцю.

У кнізе «Культура творчасці» А. Адамовіч слушна і справядліва адзначаў: «Пісьменнік становіцца творчай індывідуальнасцю не раней, чым ён адчувае сябе грамадзянінам. Толькі ў тым выпадку, калі ў чалавеку абуджаецца вострае пачуццё асабістай адказнасці за ўсё, што адбываецца навокал, у жыцці, толькі тады проста таленавітая асоба ператвараецца ў сапраўды творчую індывідуальнасць: у мастака паяўляецца свой, змястоўны погляд на свет, узнікаюць свае адносіны да жыцця, а тым самым і свой стыль». Грамадзянскасць, накіраванасць таленту, яго маральнае напаўненне, эстэтычная і сацыяльная пазіцыя і вызначаюць творчую індывідуальнасць паэта.

Па вершах паэта 60-х гадоў бачна ўзмацненне пачуцця адказнасці, асабістай далучанасці да ўсяго, што адбываецца на зямлі.

Я дзякую за ўсё,                        Зямля-карміліца… Не вінавачу ў тым цябе ніколькі, Што наш сусед                        падскоквае на мыліцы, Што бацьку                  дождж прадказваюць                                                  асколкі.

Праблема ставіцца пакуль што квола, няўпэўнена, але яна ўсё ж такі «намацваецца», існуе для паэта, паварочваецца ў яго творчасці рознымі сваімі гранямі. Яна ўзнікла яшчэ ў зборніку «Майская просінь», і з цягам часу гучанне яе ўзмацнялася.

Аднагодак кожны мой раскажа, Колькі меў у першым класе бед: Як рабілі мы чарніла з сажы, Як пісалі на лістах газет… Я пазнаў тады акрайца хлеба Самую суровую цану, Палюбіў густую просінь неба, Люта зненавідзеўшы вайну.

Паэзія Г. Бураўкіна — гэта, калі гаварыць сцісла, гісторыя духоўнага станаўлення яго пакалення, ранняга яго ўзмужнення. Ва ўсякім разе яна дае для гэтага надта цікавы матэрыял, вобразна сведчыць, што на жыццёвы вопыт і светапогляд Г. Бураўкіна, як і яго сяброў-равеснікаў, у вельмі значнай ступені паўплывала вайна. Заканамерна таму, што перажытае ў ваенныя, партызанскія гады і, можа, па-свойму не менш цяжкія і гераічныя пасляваенныя стала неад’емнай часткай мастацкага свету паэта.

Вельмі характэрную для пакалення равеснікаў гісторыю паэт расказаў у вершы «Бязбацькавічы», прысвечаным Р. Барадуліну. Гэта драматычны расказ пра тых аднагодкаў, каго вайна «сурова назвала бязбацькавічамі», даўшы права на максімальную маральную патрабавальнасць.

Важная і ўсё ўзрастаючая якасць другой кнігі Г. Бураўкіна — праблемнасць мастацкага мыслення, цікавасць да пытанняў няпростых. У вершы «*** Вучоныя — разумныя людзі…» ён усхвалявана разважае аб тым, да якіх вынікаў можа прывесці чалавецтва неабмежаваны рост узбраенняў. Да паэта прыйшло ўменне ўважліва і засяроджана ставіцца да жыцця, разгледзець у факце з’яву і завастрыць на ёй гаворку. Значнасцю ідэі, тэмпераментам, пераканальнасцю і навізной формы вылучаліся многія яго рэчы.

У вершы «Дзень нараджэння ў генерала» (пачатак 60-х гадоў) паэт вядзе гаворку аб праблеме выхавання моладзі, паказвае духоўную спустошанасць «грывастых бамбізаў», якіх больш за ўсё вабіць «замежны джазавы гром».

Платы двухметровыя                           на трэскі крышыць гатоў, Калі, сыта ікаючы,                           спаць кладуцца мяшчане, А раз’юшаныя сабакі                           салаўёў выганяюць з садоў.

Што ж, аўтар, магчыма, і правільна «намацаў» праблему, аднак вырашае яе празмерна абагульнена. Але гэта толькі пачатак. Тэма варожасці мяшчанства да хараства, прыгажосці, чалавечнасці будзе распрацоўвацца публіцыстычнымі сродкамі ў яго паэзіі.

Публіцыстычнай паэзіі заўсёды было шмат работы. І гэта добра адчувае Г. Бураўкін, для якога публіцыстычнасць, як неспакой і трывога, як любоў і нянавісць, больш чым блізкія. Пра гэта гавораць многія яго вершы.

Ды і сам паэт — у «Аўтабіяграфіі»:

«Я знаю, што два мае зборнікі вершаў („Майская просінь“, 1961, і „З любоўю і нянавісцю зямною“, 1963) не бездакорныя. Але ніколі я не пісаў несумленна і няшчыра — і таму я не саромеюся сваіх вершаў». Гэта шчырае і праўдзівае самапрызнанне мастака.

Адна з галоўных рыс мастацкага мыслення Г. Бураўкіна і яго паэтыкі — кантрастнасць фарбаў, супрацьстаўленне думак, падзей, эмоцый. І гэта бярэ пачатак у душэўнай актыўнасці паэта, яго грамадзянскасці, у той інтэнсіўнасці пазнання свету, якой жыве яго паэзія.

Зборнік «Дыханне» — чарговы, трэці па ліку — паказаў далейшае пашырэнне тэматычных і мастацкіх даляглядаў паэта.

Пра паэзію Г. Бураўкіна больш і глыбей пачала гаварыць крытыка, адзначаючы, што ў яго кнігах выразна адчуваецца пульс часу. І гэта ў многім сапраўды так. У вершах Г. Бураўкіна, адзначаў Дз. Бугаёў, гаворачы пра яго кнігу «Дыханне», «гулка б’ецца сэрца сучасніка, выразна праслухоўваецца напружаны пульс чалавека, заклапочанага ўсімі трывогамі нашага вялікага і грознага стагоддзя з яго практычнасцю, суровай цвярозасцю і складамі вадародных бомб».

Крытык меў рацыю: у кнізе «Дыханне» на новым узроўні спазнавалася супярэчлівая складанасць свету.

Тым не менш творчы шлях Г. Бураўкіна, як і кожнага сапраўднага паэта, нельга ўяўляць як суцэльны шэраг поспехаў і перамог. Не, мелі месца, на маю думку, і промахі. Нехта аднойчы заўважыў, што адчуванні лірычнага героя Бураўкіна часам бывалі занадта катэгарычныя, ім бракавала ўдумлівай засяроджанасці. Гэта можна заўважыць у некаторых вершах кнігі «Дыханне», у паэме «Чужая споведзь», у якіх выявілася аўтарскае непрыняцце споведзі «ціхенькага палахліўца», гэтага «маленькага чалавечка» 60-х гадоў XX стагоддзя. Пафас паэта можна зразумець і, без сумнення, ухваліць, калі ён гаворыць:

Я проста                         ненавіджу палахліўцаў І аб’яўляю «ціханькім» вайну. Я сэрца поўню лютасцю зацятай Да іх —              цішэй вады, ніжэй травы. Далі нам век дваццаты,                                   з’езд дваццаты — На смеласць чалавечую правы.

Але калі гаворка ідзе пра канкрэтнага героя, пра «чалавека сярод людзей», то чытачу абавязкова патрэбны падрабязнасці: хто ён? адкуль? чаму так сталася? хто ў гэтым вінаваты? і г. д., словам, патрэбна сацыяльная «біяграфія», з’явы, відаць, вельмі цікавай і актуальнай. Няма патрэбы спяшацца асуджаць, важна, каб абвінаваўчы прысуд «шэранькаму чалавеку» прагучаў абгрунтавана, аб’ектыўна і пераканаўча. Інакш кажучы, патрэбен аналіз усёй сукупнасці абставін, што прывялі да маральнага злачынства.

А ўвогуле кніга «Дыханне» сведчыць, што да паэта прыйшла сталасць — і жыццёвая і паэтычная. Запамінаецца трыпціх «Неба і зямля» з гэтай кнігі, твор асабісты, я б нават сказаў аўтабіяграфічны ў тым сэнсе, што Г. Бураўкін раскрывае аўтабіяграфію свайго пакалення, як ён яе адчуў і перажыў. Кранае сваім публіцыстычным гучаннем верш «Пра сціпласць», дзе расказваецца пра нейкага «бойкага дзядзьку», што «пляваў на мой народ і край». Праўда, і тут сустракаюцца непрадуманыя радкі:

Глынуўшы ком абразы даўкі, Мы дзядзьку «выдалі» з пляча. А побач быў таварыш даўні і… акуратненька маўчаў…

Невядома, хто гэты «даўні таварыш», але наўрад ці правільны такі спосаб вырашэння канфліктаў — «выдаць з пляча» — і ў жыцці і ў паэзіі. Разумееш і падзяляеш непрыняцце паэтам усякага нейтралізму, усякага «мая хата з краю» і сімпатызуеш яго герою, які так страсна жадае сцвердзіць на свеце справядлівасць і дабро. Але такая паспешлівасць, як у вершы «Пра „сціпласць“», усё ж такі мала прыймальная для нас. Да вырашэння падобных канфліктаў варта падыходзіць больш удумліва і больш грунтоўна, улічваць усе «пазіцыі». Зрэшты, гэта «накладныя выдаткі» нялёгкіх пошукаў паэта ў тонкай сферы маральна-этычнага, бо паэт сам добра ведае і раіць іншым (у вершы «Сябру, які заўсёды злосны»): «Не спяшайся людзей аблаяць, пастарайся іх зразумець».

Л. Гінзбург у сваёй кнізе «О лирике» пераканаўча гаворыць, што рэалізм у лірыцы далёка не тое, што рэалізм, скажам, у эпасе, прозе. Рэалістычны метад у лірыцы звязаны з паглыбленнем паэта ў «дыялектыку душы», з адкрыццём і сцвярджэннем пэўнай эстэтычнай самацэннасці працэсу духоўнага жыцця чалавека. У арсенале прыёмаў лірычнага абагульнення няма такога, якім карыстаецца проза, — разгорнутая знешняя характарыстыка. Яна прывяла б (і прыводзіць) лірыку да апісальнасці. Адзіны для паэта шлях да стварэння паўнацэннага лірычнага характару ляжыць праз найбольш глыбокае і поўнае раскрыццё ўнутранага свету чалавека. Ён раскрываўся ў Г. Бураўкіна ў такіх харошых, свежых вершах, напісаных, як гэта ўласціва паэту, на шырокім грамадзянскім дыханні:

Не шукайце красы за морамі,— Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі,— Прыязджайце да нас на Полаччыну, Пахадзіце яе прасторамі.

Або:

У любві да цябе я не раз буду клясціся. Не таму, каб ты помніла клятву маю, Проста, дзе ні пабуду —                           у Смаргоні ці Клясцінах,— Я ўсё болей цябе пазнаю…

Г. Бураўкін заўсёды шмат працаваў. І не толькі як мастак. Вельмі дабратворна, плённа адбілася на творчым росце і грамадскім сталенні паэта яго праца карэспандэнтам «Правды» па Беларусі. Гэта была вялікая школа пазнання жыцця.

Паэзія Г. Бураўкіна стала разнастайнай у жанравых адносінах, у ёй стыкуюцца лірыка і эпас, інтымныя матывы чаргуюцца з адкрытай публіцыстыкай, як у вершы «Ідзе працэс…» Паэт ведае патаемную мову лесу і ракі і горача выкрывае праявы мяшчанства ў нашым грамадстве («Зусім „бязгрэшным“»).

Па праўдзе кажучы, Г. Бураўкін ніколі не імкнуўся ісці па шляху падкрэсленых форматворчых навацый. Не будзем гаварыць, добра гэта ці дрэнна, падкрэслім толькі, што больш за ўсё яго цікавілі і вабілі адкрыцці ў самім жыцці, у яго ідэйна-маральным змесце. З аднаго боку, лірычнае пераадоленне, паэтызацыя будзённай рэальнасці, з другога — заглыбленне ў яе надзённыя праблемы. Праблемнасць мыслення становіцца галоўным фактарам творчасці паэта, яе ўнутраным стымулам.

Наколькі паэт вырас, стаў самастойней і глыбей у ідэйных і мастацкіх адносінах, яскрава пасведчыла кніга «Жніво» (1971). Яна даказала, што мінула для Г. Бураўкіна тая «пераходная пара» вызначэння таленту і асобы, якую прыходзіцца пераадольваць, відаць, кожнаму сапраўднаму паэту, што няспынна расце і мяняецца. Ён стаў больш строгім і патрабавальным да сябе, у нечым, магчыма, традыцыйней і прасцей. Паслухайце, як сам ён пра гэта гаворыць:

Хто раней,                хто пазней, Толькі ўсе Зноў і зноў Мы прыходзім Да простых,                як хлеб і паветра, Высноў: Што жыццё чалавеку — Любому — Даецца адно, І што,                як ні надточвай, Кароткае вельмі яно. І што праўда на свеце Адна — Без крупінкі маны, І што шчасця на свеце Няма Без сваёй стараны…

Гэтыя радкі толькі знешне, «інтанацыйна», спакойныя, унутрана яны палемічныя, ідэйна завостраныя, ды і прастата іх зусім не ардынарная, таму што яна арганічна вынікае з перажытага, з асабістага вопыту. І справа не ў тым, што быццам бы раней паэт не разумеў гэтага, не, але цяпер ён глыбей пранік у жыццё, больш спасціг яго складанасць і прастату.

Рост кожнага мастака звязаны з рознага роду зменамі ў яго светаадчуванні, мастацкай сістэме, мове і г. д. Але нешта важнае ўсё ж такі застаецца пастаянным, быццам бы недаступным уплывам часу. У Г. Бураўкіна гэтае пастаяннае, нязменнае — яго грамадзянскі тэмперамент, напорыстасць палеміста, зайздросная здольнасць мысліць смела і праблемна.

Страсна публіцыстычны, напрыклад, яго верш «Кампрамісы», у якім ён адстойвае бескампраміснасць жыццёвай пазіцыі свайго сучасніка.

Ты толькі збоч,                         ты толькі збойся, Зняверся ў нечым хоць на міг — І лоўка прашмыгне забойца Тваіх сяброў, ідэй тваіх.

Апошняе дзесяцігоддзе ўзбагаціла голас паэта новым гучаннем, новымі адценнямі. Ён, мне здаецца, становіцца больш медытатыўным, філасофскім. Цяга да вечных маральных каштоўнасцей у сучасным свеце ўсеагульная; яна закранула і паэзію Г. Бураўкіна, адбіўшыся на яе ідэйным і стылёвым ладзе. Душэўная энергія паэта, якая ў першых яго кнігах, здаралася, выступала ў форме дэкларацый (яркіх і па-свойму цікавых), запэўненняў, цяпер усё часцей увасабляецца ў жывую матэрыю вобразаў і роздумаў. Такі верш пра родную «вясковую хаціну». Пра яе, пра родную вёску, лес, раку ён шмат пісаў і ў ранейшых кнігах. Але цяпер голас яго загучаў з новым душэўным уздымам, на новай эмацыянальнай хвалі. Яна выразна адчуваецца ў дэталях, вельмі прадметных па сваёй мастацкай фактуры:

Мая вясковая хаціна, Пасляваенны горкі лёс! Прымі мяне, бадзягу-сына, У цёплы цень сваіх бяроз. І дзверы, што выходзяць к лесу, Но замыкай хварасціной, Хай злосна зарыпяць завесы, Даўно не мазаныя мной. Хай у струхлелых сценах цесных Сустрэнуць зноў мяне спакой, Старэнькі стол,                        прапахлы цестам І мокрай рыбінай луской. Вуглы закопчаныя тыя, Дзе ціха плакаў хлапчуком…

Вясковае пасляваеннае дзяцінства засталося ззаду, але сувязь з вёскай, з зямлёй не абрываецца. У адным з вершаў паэт успамінае бацьку-хлебароба, якога, на шчасце, ніякія хваробы не бяруць (не так, маўляў, як нас, гараджан), бо сілы дае яму «сівая доктарка — Зямля».

Вялікае замілаванне да роднай зямлі засталося назаўсёды. Бываць дома для паэта — маральны абавязак, а памяць аб мінулым — адна з форм духоўнага жыцця.

Ідэал паэта — усебакова развітая чалавечая асоба, чалавек «ва ўвесь рост», гаспадар «зялёнай зямлі», наследнік гераічных традыцый, улюбёны ў прыгажосць сацыялістычнай рэальнасці. Такі чалавек спалучае ў сабе любоў да працы і песню. Яго аблічча бачыцца паэту ў постацях сучаснікаў, у асобе Юрыя Гагарына, у абліччы гераічных камісараў грамадзянскай вайны, да канца адданых справе рэвалюцыі.

Пяру Г. Бураўкіна належыць яркі твор пра Юрыя Гагарына — «Паэма расстання». З самага пачатку аўтар звяртаецца да свайго ўлюбёнага прыёму супрацьстаўлення: вясенняе абуджэнне прыроды («раставаў сакавік, як апошняя снежка») і гібель Юрыя Гагарына. Г. Бураўкін яшчэ раз паказаў сябе як пранікнёны лірык. Адно з лепшых месц паэмы — вобраз сонца ва ўспрыняцці Юрыя, гэтага вялікага жыццялюба:

Ён любіў сонца. Ён сам быў падобны да сонца, Якім яго дзеці малююць — З шырокай усмешкай і вачамі, поўнымі святла.

У паэме, як і ў жыцці, Гагарын паўстае звычайным, рэальным чалавекам і чалавекам легендарным адначасова. Яго гібель асэнсоўваецца як вялікая страта для чалавецтва, як трагедыя. І неадступна б’ецца ў скроні думка: «не збераглі!..» А з другога боку — «А ці захацеў бы ён, ці дазволіў сябе ад будзённых клапот берагчы?»

Хіба ён бы змог                        стаць                                жывым экспанатам, Музейным дзівам,                        цацкай для новых эпох, Калі быў            чалавекам,            касманаўтам,            лётчыкам І быць інакшым                        не мог?

Намаганні чалавецтва на шляхах прагрэсу неад’емныя ад вялікага духоўнага і фізічнага напружання, ад рызыкі, ахвяр. У подзвігу Юрыя Гагарына праявілася неўтаймаванасць чалавечага пазнання, подзвіг гэты — адно з самых яркіх звенняў сусветнага прагрэсу, ён увесь — у будучыні.

У той жа кнізе «Жніво» змешчана другая паэма Г. Бураўкіна — «Хатынскі снег».

М. Гіль пісаў пра творчую гісторыю паэмы: «Пра ўзнікненне задумы твора Г. Бураўкін расказваў аднойчы па тэлебачанні. Неяк ён трапіў у Хатынь (сённяшнюю, вядома) зімою, яму раптам зусім па-асабліваму ўбачылася трагедыя, якая адбылася тут 22 сакавіка 1943 года. Нарадзіўся вобраз снегу. Спачатку белага: „застагнаў, загаласіў пад нагамі белы балючы снег“. З белага балючага ён ператварыўся ў чырвоны, гарачы, а пасля трагедыі — у чорны, жалобны».

Паэма «Хатынскі снег» належыць, без сумнення, да лепшага, што ўвогуле напісана ў нас пра Хатынь. Гэта своеасаблівы рэквіем, прысвечаны ўсім, хто загінуў на беларускай зямлі ад рукі фашысцкіх злачынцаў. Паэт імкнецца ў поўнай меры адлюстраваць глыбіню і ўвесь жах трагедыі яе жыхароў, расказаць пра ўсё, нічога не ўпусціўшы. Карціны, намаляваныя ім, поўныя вялікай выяўленчай сілы:

Ужо не іскры,              а снапы пякельнага полымя На галовы абрынуліся са страхі. І людзі ад іх адбіваліся рукамі голымі. І засквірчэлі на плячах кажухі. Ад немага крыку                        абвалілася пуня. Грымнулі вобзем дзверы. І ўпала,              як чырвоны куль. Халоднага снегу шукала                                  сляпая бабуля, А знайшла толькі жменю гарачых куль. Страчылі кулямёты                      па агню,                                  па стогнах і плачу. Радзеў і падаў               ахрыплы пакутны крык. І вось застаўся адзін толькі енк дзіцячы, Але і ён              пахіснуўся І знік.

Нас у аднолькавай ступені хвалюе ў гэтай рэчы Г. Бураўкіна праўда паказу падзей і праўда аўтарскага перажывання.

У паэме «Хатынскі снег» шмат праўдзівых дэталей гэтай жахлівай трагедыі. Вельмі рэльефна намаляваны асобнымі трапнымі мазкамі пакуль што яшчэ мірны ранак у Хатыні: зарыпеў калодзежны журавель, бухнула ў студні аб лядок вядро, грымнула каля прыпечка бярэмя бярозавых дроў, кукарэкнуў певень, дзвынкнуў аб даёнку струмень малака, смачна запахла над вёскай дымком… Гэтыя дэталі вясковага побыту перад нашэсцем карнікаў выглядаюць па-чалавечаму значна і цёпла.

Многія творы Г. Бураўкіна расказваюць пра мінулую вайну, яе ахвяры, пакуты і гераізм народа, здзейснены ім векапомны подзвіг. Паэт ведае, як і сёння пакутуюць ветэраны ад старых асколкаў і куль, што заселі глыбока ў целе, ля сэрца, ад іх нічым не закрыцца — «ні акопам, ні бранёю, ні мінулай пераможнаю вайною».

Г. Бураўкін нарадзіўся ў 1936 годзе, вайна прыйшлася на яго дзіцячыя гады, але многае — жудаснае— запомнілася і яму, малому…

«…Мы стаім на ўзгорку трыма радамі: першы, рэдзенькі — мужчыны, дзяды; другі, заплаканы, няроўны — жанчыны з малымі на руках і трэці — мы, каму шэсць — дзесяць — дванаццаць гадоў. На нас нацэлены кулямёт, за ім — як сёння помню — ляжыць здаравенны немец у даўгім шынялі. Стаяць на ўзгорку і паліцаі — там, за кулямётам, па той бок. Мы: чакаем, чакаем стрэлаў. Плачуць жанчыны, маўчаць дзяды. А стрэлаў усё няма. Ідуць хвіліны, гадзіны. Мы дрыжым ад холаду. За кулямёт кладзецца ўжо другі немец. А стрэлаў усё няма…

Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі. Было цёмна і цесна. Для малых адвялі палок, мы сагрэліся на ім і пачалі валтузню. А маці наглыя плакалі і чамусьці абдымаліся: „Ну, даруй, калі што не так было…“, „Даруй, Рыпішка…“. Я тады не ведаў, што дзверы лазні былі забіты цвікамі, што лазня абкладзена саломай і паліцаі пайшлі шукаць газы ці бензіну. Я тады многае не разумеў. Мне было сем гадоў…» (з аўтабіяграфіі Г. Бураўкіна).

Тое, што Г. Бураўкін піша аб вайне, скіравана супраць вайны, супраць чалавечых ахвяр і пакут. Ёсць загад сэрца, абавязак перад загінуўшымі, памяць пра іх — і ўсё гэта дзеля тых, хто жыве. І тут ён, думаецца, вельмі блізкі да Мікалая Маёрава — вядомага савецкага паэта, які загінуў на вайне. Тады, у 1941-м, ён сказаў:

…И пусть не думают, что мертвые не слышат, когда о них потомки говорят.

Следам за «Жнівом» з’явілася яшчэ адна кніга Г. Бураўкіна пад назвай «Выток» (1974). Думаю, што маюцца ўсе падставы гаварыць аб новай якасці лірызму ў яго паэзіі. Піша паэт быццам бы па-ранейшаму проста, але гэта, безумоўна, новая якасць прастаты, азоранай высокім маральным ідэалам. Думка ўсё глыбей пранікае яго радок, не змяншаючы аднак ні эмацыянальнага пафасу, ні публіцыстычнай страснасці.

Такая рыса сённяшняй літаратуры, як апалітызм, у апошніх паэтычных зборніках Г. Бураўкіна заявіла аб сабе досыць выразна. Паглыбіўся псіхалагізм ягонай лірыкі, значнае пашырэнне атрымала яе сацыяльна-філасофская аснова, гістарызм паэтычнага мыслення.

Стаю каля сівой красы, Хаджу па гулкіх сутарэннях — І чую продкаў галасы, І бачу нашых дзён карэнні.

Нездарма апошнім часам у паэзіі Бураўкіна пабольшала такіх слоў і паняццяў, як «выснова», «выток». Думаецца, менавіта ў гэтым рэчышчы роздуму паэта нарадзіўся верш «Камісары», у якім сцвярджаецца духоўная, ідэйная роднасць сённяшняга пакалення моладзі з тым, якое прымала актыўны ўдзел у барацьбе з контррэвалюцыяй. Героі грамадзянскай вайны, мужныя бальшавіцкія камісары ўвасабляюць для паэта сумленне цэлай эпохі.

Мы іх перагналі па ўзросту, Сягнулі да зорак сівых. І ўсё ж, як падлеткі, зайздросцім І лёсу, і пафасу іх.

І марай свяшчэннаю самай у сэрцах надзея гарыць, Што нас не ўпікнуць камісары — Суровыя нашы сябры.

Маральны рыгарызм камісараў далёкай грамадзянскай імпануе сённяшняй моладзі, рыцарам абавязку, чэсці, высокай чалавечай годнасці.

«Паэт нашай эпохі,— пісаў Яўген Вінакураў,— гэта мастак, які ўмее дыялектычна бачыць свет, разумець яго складанасць, шматбаковасць з’яў». І далей: «Інфармацыі для паэзіі мала. Ёй павінна быць уласціва такая якасць, якую я назваў бы духаўздымнасцю» (Правда, 5 сакавіка 1974 г.).

Мне заўсёды імпанавала ў таленце Г. Бураўкіна «духаўздымная» страснасць палеміста, вострае маральнае бачанне жыцця, гатоўнасць ісці нават на рызыку, калі ён глыбока перакананы ў сваёй праваце. Перадаліся гэтыя якасці і кнізе «Выток».

Я не люблю людзей, якія Не маюць ворагаў зусім І носяць кулакі цяжкія, Не паспытаныя нікім. За дабрату стаю сцяною. І ўсё ж не давяраю ім, Што абдымаюцца са мною І з непрыяцелем маім.

Словам, перад намі паэт, якім ён быў і раней: заўсёды гатовы да спрэчкі, да сутыкнення думак, да бою. «Што паробіш, калі ціхманы я ніколі не быў эмалі», — прызнаецца ён у адным з вершаў.

Калі ў сучаснай беларускай паэзіі шукаць сваякоў Г. Бураўкіна па творчаму духу і грамадзянскаму напалу слова, то гэта будзе, безумоўна, Пімен Панчанка з яго нізкім «болевым парогам» і тонкім адчуваннем пульсу часу. Іх родніць смеласць, здольнасць і гатоўнасць кожную хвіліну ісці на бой за свае перакананні. У іх мы знаходзім тую разнастайнасць сацыяльных інтанацый, якія нязменна суадносяцца з жыццём, штодзённай стваральнай дзейнасцю нашага грамадства.

Юрась Свірка некалі правільна заўважаў, што «манера пісьма Г. Бураўкіна адкрытая. Ён свае думкі не хавае за глыбокія падтэксты, не абрывае недагаворкай. Таму яго вершы гучаць напорыста, публіцыстычна, набліжаючыся часам да палемікі» (Полымя, 1970, № б, с. 184). Аднак цяпер, думаецца, мы маем справу з новым узроўнем палемічнага стылю паэта. З аднаго боку, узбагацілася праблематыка паэзіі Г. Бураўкіна, абвастрыўся яе маральны максімалізм. А з другога — больш паслядоўным стаў працэс мастацкага пазнання. Цяпер у гэтым працэсе няма такіх «правалаў», якія трапляліся раней.

У лірыцы паэта значнае месца заняў аналіз самаадчування, роздум над сваім месцам у буднях жыцця.

Успамінаюцца шляхі ўсе, І прызнаешся ў цішы, Што па-блазенску мітусіўся І часта,                 як хлапчук,                             спяшыў, І нёс вядро сваё няпоўным, І спатыкаўся шмат разоў, І хваляваўся не галоўным, А выпадковай драбязой…

Лірыка Г. Бураўкіна робіцца своеасаблівым дзённікам паэтавай душы, але гэта не толькі не выключае яго грамадзянскай актыўнасці, а наадварот — абумоўлівае яе.

Нялёгкі талент грамадзянскасці — у разуменні паэта — гэта ўменне бачыць і думаць над пытаннямі свайго часу, імкнучыся зразумець і вырашыць іх. Праўда, не ўсе і не заўсёды, вядома, яны бываюць падуладны пяру паэта — любога паэта. Але Г. Бураўкіна гэта не бянтэжыць: смеласці і энергічнасці ў яго хапае. Нават, паўтараю, там, дзе «паэтычнае» вырашэнне тэмы здаецца на першы погляд мала надзейным, паэт знаходзіць свой нечаканы, свежы паэтычны ход. Як, напрыклад, у вершы «Уцякаюць хлопцы ў гарады», дзе ён кранае актуальную праблему сённяшняй вёскі — міграцыю сельскага насельніцтва, разумеючы аб’ектыўную заканамернасць гэтай з’явы.

І без іх, хто пакінуў вёску, «на палях не ўзыдзе кураслеп…» — упэўнена зазначае паэт,

Ды пад старасць хлопцам                       здасца дзівам, Як гэта зямля                     без іх                              радзіла Аржаны незамянімы хлеб.

У другім месцы паэт выказваецца яшчэ больш катэгарычна: «Колькі б нам за жар-птушкай услед не ганяцца, усё роўна прыблудзім назад у сяло…» З гэтым, вядома, можна спрачацца. Мяне асабіста не вабіць падобнае «почвенничество». Пад ім, на мой погляд, няма глебы.

У кнізе «Выток» роздум паэта пад маральным абавязкам людзей, над іх узаемаадносінамі ўзмацняецца: «Мы слухаем маўклівае міжзор’е, а блізкіх нам не можам зразумець». У другім месцы ён усклікае:

Як многа ў нас звычайнасці! Як мала ў нас адчайнасці!

Пазнаецца, «адчайны», грамадска заклапочаны голас паэта ў вострым з’едліва-выкрывальным вершы «Сабакары», антымяшчанскім па свайму гучанню, скіраваным супраць тых «дзябёлых кабет» і «джынсовых дзецюкоў», што — у згодзе з модай ды каб, крый божа, не адстаць ад яе — абзаводзяцца сабакамі: «вязуць, вядуць, нясуць, як дзетак, сабак і сучак „прагуляць“». І, павінен прызнаць, з пазіцыяй паэта нельга не пагадзіцца: «Я б паважаў іх, каб не бачыў, што ім дайсці няма калі ад клопатаў пра лёс сабачы да клопатаў пра лёс зямлі…»

Магчыма, у апошніх словах і гучыць рэха той фарсіраванасці прысуду, якая мела некалі месца ў некаторых вершах паэта, але, паўтараю, сказаны яны вельмі шчыра. Мастацкае пазнанне жыцця, асабліва такое інтэнсіўнае, як у Бураўкіна, не гарантавана ад супярэчнасцей, і гэта заўсёды трэба мець на ўвазе.

У кнізе «Выток» голас паэта гучыць паўнакроўна і шматгранна. Яго паэзія, безумоўна, пашырае свае геаграфічныя, інтэрнацыянальныя межы. Глыбокае ўражанне пакідаюць «Чатыры песні пра Эрнеста Чэ Гевару» і верш «Памяці Пабла Нэруды», у якім выяўляецца погляд на месца вялікага чылійца ў сучасным свеце:

Ён быў паэтам. І калі яго неслі на могілкі, За ім           жанчынай няўцешнай                    ішла эпоха.

Так, не слабее грамадская пранікнёнасць кніг паэта, не бяднее іх эмацыянальны спектр, рамантыка, захапленне жыццём!

Вы чуеце —              чаромха расцвіла? Гайда ў лясы,              у веснавыя нетры, Раз’ятраныя, халастыя ветры! Гуляюць ад сяла і да сяла.

Такія радкі і вершы сцвярджаюць і наша ўспрыняцце свету, жыцця, прыроды, вучаць любіць і любавацца ёю.

Дыялектыка «інтыму» і «публіцыстычнасці», якія адно аднаго ўзбагачаюць, здавён характэрна для лірызму Г. Бураўкіна, для стылю яго паэтычнага мыслення. У кнізе «Выток» шмат такіх вершаў, дзе паэт дае прастор свайму лірычнаму пачуццю, сэрцам дакранаючыся да родных мясцін, пейзажаў, краявідаў…

Духоўнае, палітычнае пасталенне паэта станоўча адбілася як на росце майстэрства, ідэйнай, маральнай сталасці таленту, так і ў адчуванні эстэтычнай моцы і сілы слова, уменні выкрасаць з яго дастатковую паэтычную энергію.

Тэхніка, як вядома, зусім не вычэрпвае паняцця майстэрства. Але ў добрага майстра і тэхніка на вышыні. Паглядзіце, як хораша інструментаваны наступны верш Г. Бураўкіна (аўтар назваў яго «Ціхі верш»):

Ціхая засень старэнькай альтанкі. Ціхае шчасце — Шэпат каханкі. Ціхія гукі. Цёплыя рукі. Лісця чаромхі вячэрняя споведзь. Вусны дыханне спалохана ловяць. Сіняя ціша Зоркі калыша. Крылаў птушыных апошнія ўзмахі. Святло патушылі шэрыя гмахі. Чуеш, Як б’ецца Сэрца ля сэрца?

Паэту добра вядома, што рэалістычны мастацкі вобраз не проста адлюстроўвае аб’ектыўную рэальнасць, ён валодае ўласнай эстэтычнай рэальнасцю, і мастак не проста пазнае рэчаіснасць, ён умешваецца ў яе, тым больш праз лірычны вобраз, дзе суадносіны паміж асобаю і грамадствам выяўляюцца непасрэдна.

Рэдка, вельмі рэдка, але ўсё ж такі пракідаюцца яшчэ ў паасобных вершах паэта (нават у апошніх кнігах) выпадкі, калі яму здраджвае, на мой погляд, мастацкі густ. Размова ідзе аб наступных радках:

Не закрыць                  ні радасцю,                                   ні бытам Тых,               што ўпалі ніцма на лаўжы. Колькі іх,                  забітых                                   і забытых, Пад нагамі нашымі ляжыць! (З кнігі «Жніво»)

У апошнім радку ёсць непажаданае зніжэнне ўзроўню паэтычнай мовы, думка становіцца абездухоўленай, спрошчанай.

Аднак гэта — толькі асобныя дэталі, яны не парушаюць агульнага добрага ўражання ад яго работы.

У 1977 годзе з’явілася кніга вершаў «Варта вернасці», за якую Генадзь Бураўкін удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі. Кніга ўражвае многімі творамі, асабліва паэмай «Ленін думае пра Беларусь» (1976), якая стала важкім укладам у беларускую паэтычную Ленініяну. «Ленін думае пра Беларусь» — рэч значная, пакуль што недастаткова ацэненая крытыкай. Аднак гэта не толькі твор «на тэму» — тут праз аб’ектыўны жыццёвы матэрыял знайшла надзвычай шырокае і поўнае выяўленне сама асоба паэта з уласцівымі яму поглядамі, думкамі, страсцямі. Уладзімір Ільіч паказаны ў адзін з вельмі складаных, напружаных момантаў у жыцці маладой савецкай краіны. На зыходзе студзень трывожнага 1919 года — вайна, голад, бандытызм. Некалькімі словамі, але вельмі дакладна (будуючы іх лесвічкай) ўзнаўляе паэт памятныя абрысы часу:

Памылкі.             Здрада.                       Сабатаж.                                   Няўдачы…

Трэба было быць Леніным, каб, нягледзячы на яраснае супраціўленне контррэвалюцыі, упарта весці карабель да намечанай мэты.

Кіраўнік Саўнаркома працаваў у сваім кабінеце, калі прынеслі тэлеграму з Мінска, з Беларусі — і яму прыгадалася мінулае, правінцыяльны гарадок Мінск, 15 ліпеня 1900 года, калі ён наведаў гэты горад, едучы за мяжу. Уладзімір Ільіч прыпамінае гэты дзень, кароткую гадзінку, калі цягнік спыніўся на Мінскім вакзале і ён выйшаў на перон, затым на плошчу, сустрэў цікаўнага да ведаў хлапчука.

Але Ільіч прыпамінае не толькі дзень, а і ўсю доўгую, шматпакутную гісторыю беларускага народа, яго выдатных дзеячаў — Скарыну, Каліноўскага, Купалу… Асабліва моцны атрымаўся ў паэме раздзел пра Каліноўскага, постаць якога паўстае з радкоў паэта ва ўсёй сваёй высакароднасці, велічы, мужнасці і чысціні.

Можа зморшчыцца строгі гісторык: «Факты выбраў на свой капыл. Гэтак нехта напіша скора — Ленін думаў і… пра Капыль…»

Думаецца, няма чаго яму моршчыцца: факты адпавядаюць іх жыццёвай і паэтычнай прыродзе і асэнсаваны яны па-сапраўднаму глыбока і па-майстэрску. Хачу адзначыць не толькі рост майстэрства, але і сталасць, маштабнасць паэтычнай думкі Г. Бураўкіна, які здолеў (і ўражанне такое, што — без цяжкасці) напісаць рэч з вельмі прасторнымі духоўнымі даляглядамі.

Працэс пазнання, шлях да ісціны, у тым ліку да ісціны мастацкай, цяжкі і супярэчлівы. Г. Бураўкін яго адольвае настойліва і энергічна.

Прымаю гэты свет раскуты З яго журбой і барацьбой. Іду, гатовы на пакуты, На неспакой і вечны бой,—

так сказаў ад імя ўсіх Г. Бураўкін. Гэта — яго крэда.

Арыенціры памяці (Васіль Зуёнак)

Равеснік Рыгора Барадуліна, ён і пачынаў разам з ім, аднак першую кнігу выдаў значна пазней за яго. Гэта было (калі не лічыць зборніка вершаў для дзяцей пад назвай «Вясёлы калаўрот» — 1965) «Крэсіва» — кніга лірыкі, што ўбачыла свет у 1966 годзе. Цікава зараз перачытваць першыя кнігі нашых знакамітых паэтаў. У іх, як і, відаць, ва ўсіх першых кнігах, шмат дэкларацый, рытарычных зваротаў, воклічаў, абяцанняў. Былі яны і ў Васіля Зуёнка. Адчувалася, што гэты паэт любіць прастор!

Мільёны год,              мільёны год Да сонца З цемені ірваўся. Мільёны год,              мільёны год Іду, Іду — І не спынюся. На ніве смерці і жыцця Мне вечна              юным быць аратым, Бо ўсіх пачаткаў              я — працяг І ўсіх працягаў              я — пачатак.

Сучасны чалавек ва ўспрыняцці В. Зуёнка — фігура маштабная. Гэта — вечны чалавек, вечны і заўсёды малады, «юны араты», якому падабаецца такая «пасада» на зямлі. Разам з тым (хоць у гэтым вершы і дэкларатыўна) ён адчувае сябе звяном у ланцугу чалавечай пераемнасці. Яго стваральная актыўнасць грунтуецца на гуманістычных традыцыях працоўнага чалавецтва. Аднак, як бачыце, гэта была празмерна абагульненая, рамантызаваная постаць героя (тут адчуваўся, відаць, уплыў Э. Межэлайціса) выглядала досыць абстрактна. Яе патрэбна было зазямліць, наблізіць да рэальных праблем і клопатаў.

Вельмі плённым перыядам росту, інтэнсіўных пошукаў і адкрыццяў сталі для В. Зуёнка, як і для іншых паэтаў, 60-я гады, калі паднялася цана на сапраўднасць пачуцця, вызначылася перспектыўная тэндэнцыя: інтэнсіўнае самасцвярджэнне абвастрыла пачуццё формы, стылю, рушыла наперад паэтыку. Да верша вярталася напружанасць духоўнага пошуку. Аказалася, што ўсе — не толькі самыя значныя — падзеі маюць права на ўвагу. Зуёнак засведчыў сваю здольнасць адкрыць паэзію ў звычайным і прывычным для ўсіх. Ніхто, скажам, не пачуў, як «яблык упаў дасвеццем — ля Халопеніч, на Беларусі…», «а шар зямны здрыгануўся…» Тут знаходзім характэрную для таго часу — 60-х гадоў — стылявую прыкмету — масштабнасць успрымання рэчаіснасці і (гэта ўжо больш індывідуальнае, «зуёнкаўскае») скіраванасць да свету вёскі. Ён жыве яе справамі. Аднойчы яму нават давялося стаць «грамавержцам»: быў сухмень, а ў прыезд паэта дадому выпаў — на радасць землякам — дождж! (верш «Добры прыезд»). Маштаб, узбуйненне, гіпербалізацыя ў яго не супярэчаць праўдзе жыцця, у адлюстраванні якога ён заўсёды імкнуўся да шырокіх абагульненняў.

Ралля — аснова, Зерня ўток няспынна Кідаю я рукою агрубелай,— І тчэцца,               тчэцца мудрая тканіна — Жыццё…

З гэтаю рысаю светаўспрымання паэта звязаны яго інтэлектуалізм і філасафічнасць, якія грунтуюцца не толькі на асабістым вопыце паэта, але і на вопыце цэлых пакаленняў яго землякоў.

Каб нараджэння не знаў я, Дык стаў бы, напэўна, нарогам І поле ўзараў бы. Жытнёвым бы зернем упаў я У цёплую, ціхую глебу І рунню б узяўся. На ніву сасмяглую                           летам Праліўся б гаючай, жывучай Вадою…

Вясковая тэма заўсёды шмат значыла для яго. «Маё сэрца ў жыце б’ецца перапёлачным боем»; «жыву сяўбой, бяру сяўбой»; «Прыходзіць хлеб у хаты. Ён ад зямлі, а з ім ўсё — гасціны, заручыны, вяселлі, парадзілі, і геній, што ў стагоддзях уваскрэсне…» Ён перакананы: «сэнс жыцця — у працы», тут паядналіся для яго практычны і духоўны пачаткі, сялянскае і мастакоўскае. І ў гэтым сэнсе паэт ідзе, калі так можна сказаць, за сваімі продкамі. «Продкі мае, — піша ён у аўтабіяграфіі,— людзі простай сялянскай працы. Яны ўлагоджвалі зямлю-карміцельку, здабывалі хлеб свой. І калі ўзносілі малітву, дык не аб вечным жыцці, а найбольш аб ім — аб хлебе надзённым. Яны спрадвеку былі нашымі аднадумцамі: яны былі матэрыялістамі — няхай сабе стыхійна, неўсвядомлена, без кручкаватага шкалярскага мудраслоўя. Яны гаварылі: паміраць ладзься, а жыта сей. І ў гэтым быў залог бессмяротнасці…» Яшчэ ў першай яго кнізе быў цікава разгорнуты вобраз:

Дні — колавыя спіцы, А час — агонь-рысак. Стрымай,           стрымай,                        вазнічы, Фурманку-паражняк…

Сэнс гэтых радкоў дастаткова зразумелы — паэт выступае за змястоўнасць, напоўненасць чалавечага жыцця добрымі справамі. І паглядзіце, як ён графічна — «горкай» — пабудаваў радок «стрымай, стрымай, вазнічы», быццам бы і сапраўды па ім з усё нарастаючай хуткасцю коціць парожняя фурманка. Народны вопыт, народная мараль сталі асновай паэтычнай канцэпцыі. Адсюль той «запас трываласці» ў яго вершах, які адзначаў у адным з артыкулаў А. Грачанікаў.

«Крэсіва» — першая кніга вершаў, якія адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Р. Барадулін, — не была кнігай пачаткоўца: голас паэта гучаў натуральна і вельмі шчыра.

У 1969 годзе ўбачыла свет другая кніга вершаў В. Зуёнка «Крутаяр», якая развівала думкі, закладзеныя ў першым зборніку. «Асноўны яе матыў,— пісаў А. Вярцінскі,— памяць вясковага дзяцінства, роднай вёскі». Хаця ў цэлым яна, на нашу думку, не стала значным крокам наперад, аднак у многіх творах шырока і пераканаўча праявіўся дэмакратызм паэта, яго павага да жыцця. Больш удалым аказаўся зборнік «Сяліба» (1973) — вершы і паэмы аднайменнай назвы, якія істотна наблізілі аўтара да сучасных жыццёвых пытанняў і турбот.

Я сябра кожнай птушцы, Ва ўсіх —                наперахоп: Бярэ гляшэц у пушчу, Бакас — на расцяроб, А салаўі — на спеўку, А жаўранкі — у рунь…

Для В. Зуёнка — сялянскага сына, які нарадзіўся і жыў на ўлонні прыроды, гэта гучала вельмі арганічна. Нездарма адзін са сваіх зборнікаў нарысаў і замалёвак, выдадзены ў 1962 годзе, ён назваў: «Любіць прыроду — любіць Радзіму». Пачуццё «сябра кожнай птушцы» прывілося аўтару «Сялібы» з дзяцінства, аднак, безумоўна, з цягам часу, з гадамі яго «прыродныя» адчуванні нашмат узбагаціліся. Паэт адчуў небяспеку для ўсяго чалавецтва з боку тых, хто атручвае паветра стронцыем, іншымі смяротнымі рэчывамі і рознымі суперсучаснымі відамі ўзбраенняў, накіраванымі на магчымасць змены надвор’я і прыроднага асяроддзя ў ваенных мэтах.

Ідуць дажджы.                А птушкі млеюць І нема падаюць на дол.

Дождж — дарунак нябёс, заступнік жыцця — ператвараецца ў нешта зусім супрацьлеглае. Свет поўны супярэчнасцей. Неабходнасць абароны прыроды мысліцца паэтам у адзінстве глабальных намаганняў чалавека ў барацьбе за сусветную гармонію. В. Зуёнку не ў меншай ступені, чым іншым пісьменнікам старэйшага пакалення і равеснікам, уласціва задумвацца над сэнсам і тайнамі чалавечага жыцця, гісторыі, над «чалавечымі якасцямі», ад якіх залежыць лёс прыроды, лёс планеты. Яшчэ, помніцца, у першым зборніку быў змешчаны выдатны верш «*** Тры вышыні, тры сілы знаю ў лесе…» Аўтар павёў у ім зацікаўленую размову не толькі пра лёс беларускіх лясоў, але і пра родную культуру. Верш цікавы сваёй канцэптуальнасцю і духоўнай напоўненасцю. Паэт пераконвае ў глыбокай сувязі і ўзаемазалежнасці, якая існуе паміж галінамі і каранямі, паміж мінулым і будучым. «Чаму дух смольны з нашых хат знікае і гніль вянцы бярэ? І гэтак вяла і глуха так чаму пяюць цымбалы?» — вось пра што клопат паэта. В. Зуёнак — адзін з прызнаных майстроў канцэптуальнага, так сказаць, верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця. Дэталі і падрабязнасці часцей за ўсё патрэбны ім для асэнсавання больш агульназначных пытанняў. Паэзія ўжо не можа абмежавацца знешне зразуметымі дабратой і гуманнасцю, якія самі па сабе, безумоўна, прыгожыя. Паэты хочуць самастойна даследаваць рэальны змест гэтых катэгорый. Разам з павышэннем грамадскай актыўнасці паэзіі ўзрастала яе імкненне да аналізу.

У сваіх вершах і паэмах ён разглядае чалавека не толькі як частку грамадства, але і як частку прыроды і гісторыі. Ужо ў першай кнізе В. Зуёнка паявіліся матывы, звернутыя ў гістарычнае мінулае.

Мачулішча… Відаць, і пры Ярыле Ільны ў нас сеялі, Вымочвалі ў Мачыле. Бель-кужаль пралі, ткалі, вышывалі, Кашулі ў кайстры Напамінкам клалі…

Паэт нібыта ўзнаўляе нейкі старажытны міф, які ў сваім духоўна-практычным (ці наадварот — практычна-духоўным) значэнні дайшоў да нашых дзён. Яго мастацкі свет па многіх прыкметах блізкі да фальклорнага ўспрымання рэчаіснасці, аднак гэта свет нашага сучасніка, узброенага і ўзбагачанага веданнем многага з таго, што стала даступна ў наш час.

В. Зуёнка некаторыя беларускія крытыкі нездарма называюць сонцапаклоннікам: «Сонца — па рупнасці — брат мой», — камса ён. Старажытныя паэтычныя погляды і вераванні беларусаў застаюцца для яго вобразатворным эстэтычным матэрыялам. Ён майстар своеасаблівага паэтычнага «калажа»: вобраз, узяты з сівых пластоў старажытнай міфалогіі і фальклору, паэт умее наставіць у сучасны кантэкст. Гэта — прынцыповы падыход: паглыбляецца змястоўнасць і паэтычная прывабнасць верша. Для прыкладу прывядзём яго верш «Дуб у чатырох вымярэннях»:

На небе сёмым, быццам на палку, Ён веццем плечы трэ маладзіку, А каранямі хвошча ў падзямеллі Чарцей,                 бы дружка коней на вяселлі… Камель — як печ:                           раздаўся ў сем абхватаў — Стагоддзямі абветраны, шурпаты… Каб зрэзаць дужага,                           здавён казалі людзі, Піл не было,              няма,              ды і не будзе.

Відаць, ёсць свой «зорны час» у тым знамянальным моманце, калі навеліст сядае за раман, а паэт-лірык бярэцца за паэму. Адразу, на самым пачатку творчага шляху, узяцца за такія палотны не лёгка: яны патрабуюць значнай падрыхтоўкі, вопыту, духоўнага назапашвання, роздуму, каб усё гэта сінтэзаваць у абсягу новых якасна іншых жанраў з іх надзвычай высокімі патрабаваннямі. «Маўчанне травы» В. Зуёнка — не першая ягоная паэма: да гэтага была «Сяліба», увогуле прыхільна сустрэтая чытачом і крытыкай, якая, між іншым, адзначала глыбіню мыслення аўтара, сур’ёзнасць яго задумы, клопат пра агульную «сялібу» людзей — свет, у якім яны жывуць. Паэма «Сяліба» была напісана ў 1970 годзе. Сёння шмат гавораць пра ўплыў НТР на свядомасць чалавека, пра выхаванне яго адносін да навакольнага асяроддзя, пра месца літаратуры, паэзіі ў гэтых складаных працэсах — вось да якіх пытанняў звярнуўся аўтар «Сялібы». Чалавек і навакольнае асяроддзе, прырода, час, сувязь мінулага і будучыні — усё гэта яго вельмі цікавіць. «Саперніцтва з прыродай — непазбежнасць, — гаворыць у ёй паэт, — як непазбежнасць — розум у прыродзе». Аднак, пры ўсім пры тым, «саперніцтва» — «яно не бой крывавы… Хто, як не мы, ёй у бядзе паможа», калі парушаецца гармонія ў прыродзе? Можа дапамагчы толькі чалавек і перш за ўсё, як лічыць В. Зуёнак, камуніст:

Мы, камуністы,                     з бою —                                  як салдата — Выносім на руках сваіх                                         планету. Мы раны забінтуем ёй, загоім, Перададзім — блакітную —                                  нашчадкам…

У гэтых радках непасрэдна, публіцыстычна выказаны актыўнаваяўнічая, наступальная грамадзянскасць паэта, вера ў будучыню нашай цудоўнай блакітнай планеты, вядучыя сацыяльныя сілы эпохі.

Язычніцкая адухоўленасць гэтай рэчы не супярэчыць актуальнасці яе зместу. У паэме «Сяліба» паэт прыходзіць да ёмістага, сацыяльна і маральна насычанага эпічнага абагульнення, шырока разгорнутага ў прасторы і часе.

У 1979 годзе ён напісаў новую паэму — «Маўчанне травы».

Далёка не кожнай паэмы хапае на цэлую кнігу (маецца на ўвазе, зразумела, не памер твора), «Сялібы» напэўна, не хапіла б. «Маўчанне травы», трэба адзначыць, адпавядае такім патрабаванням: гэта па-сапраўднаму маштабны мастацкі свет, «паэма лёсу» як называе свой твор аўтар. Называе не без падстаў — гаворка ідзе пра няпросты жыццёвы шлях чалавека, у якім адлюстраваўся народны лёс на цяжкіх, пераломных этапах гісторыі, ад дакастрычніцкіх часоў да нашых дзён. Паэма ўражвае шырынёй і ўгрунтаванасцю светапогляду паэта, глыбокім роздумам над лёсам роднага краю, які паэтызуецца ў вобразе веснагоркі — прыдарожнай гары-кургана.

Веснагорка, маці Беларусь, І адкуль, скажы, не перла намець?.. На крыжах — Скарына і Кастусь, Лёс народа, сэнс яго і памяць. На крыжах кружыў з усіх Еўроп Вецер злы з крывавым чадам Азій. Ды знаходзіў люд мой чарнатроп І да сонца зноў і зноў вылазіў.

Зрэшты, В. Зуёнак не першы ў беларускай літаратуры спрабуе асэнсаваць пытанне аб гістарычным лёсе народа. Але, як вядома, шляхі мастакоўскіх пошукаў шматстайныя — у кожнага свой…

Беларуская паэзія здаўна славілася сваімі ўстойлівымі эпічнымі традыцыямі, пачатак якім паклалі народныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», а таксама творы Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча. Нельга не прыгадаць таксама ў гэтай сувязі імёнаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, многіх іншых і, магчыма, у першую чаргу А. Куляшова, дасягненні якога ў галіне эпічна-паэмных форм асабліва ўражваюць.

Што ж новага адкрыў, ідучы па ўжо традыцыйнаму шляху, В. Зуёнак?

Адным сказам ці абзацам тут не адбудзеш. Пачнём з таго, што яго паэма — пры ўсёй сваёй эпічнай заглыбленасці — аўтабіяграфічная. Пра сваё перажытае хто лепш раскажа, акрамя цябе! «Перадаверыць» гэта каму іншаму цяжка, нават немагчыма. Падзеі ў В. Зуёнка адбываюцца недзе ва ўсходняй частцы Беларусі — у родных мясцінах паэта, вёсцы з абаяльнай назвай Узбор’е.

Палёўка пры лесе — Узбор’е — Вёска — сорак двароў: На захад — жытное горне, На ўсход — перазовы бароў,—

так пачынаецца паэма, у якой аўтар паэтызуе сваё Узбор’е — блізкае яму і бясконца дарагое: «Бываюць жа цуды зямныя! І ёсць паміж іх старана: то баравая заные, то жніўная ў сэрцы струна». Поле і лес — тая сфера жыццядзейнасці ўзборцаў, у якой праходзіла спакон вякоў іх гістарычнае існаванне. Узброены пачуццём свядомага гістарызму, аўтар ідзе да вытокаў — хоча даследаваць карані сацыяльнага і духоўнага жыцця народа.

І тут, у паэме, вельмі шмат лірычных адступленняў, падказаных аўтару ўспамінамі дзяцінства, якія, аднак, не толькі не супярэчаць эпічнаму пачатку, але і паглыбляюць яе праўдзівасць, узмацняюць верагоднасць і цеплыню пачуццяў. Гэта тыповая беларуская вёска, што, як гаворыцца, «спрадвеку жыве з мазаля».

Вяснуецца ў полі з сяўнёю, П’е жніўнем з ламоткіх крыніц І боханам — сонцу раўнёю — Уваходзіць на покут святліц. Ля борцяў узятак цікуе, Румуе калоды на сплаў, Цяслярыць і скрыпкі штукуе — Ніхто не прыліпне да лаў!

Звярніце ўвагу на паэтычнае майстэрства, на дакладнасць і ёмістасць слова ў Зуёнка, на сакавітасць пісьма. Ён умее адным штрыхом — праз дэталь, «мікравобраз» — даць цэласную карціну вясковага працоўнага ўкладу. Цудоўна напісаны сцэны ў карчме, перабудова вёскі на новы лад, замалёўкі на касьбе, рытуал вясковай лазні, у якой чалавек выганяе бярозавым венікам хворасць і стому пасля працоўнага тыдня. Паэма — уся! — прасякнута народным духам, ахутана атмасферай фальклорнага сінкрэтызму. У слове паэта спалучаюцца адлюстраванне і выражэнне, паказ і гучанне, думка і пластыка. Зрэшты, у іншым выпадку яму, відаць, цяжэй было б так глыбока пранікнуць у свет народнага жыцця. Ён умее цаніць устойлівыя народныя выразы, у якіх адклаліся цэлыя пласты жыццёвага вопыту чалавека. Жыхары Узбор’я ўспрымаюць сваё жыццё-быццё праз старую прымаўку: «Няўродзіцца — ліха і ліха — як песня маўчыць». А якія песні ведаў народ!

Купалка, вяснянка, калядка, Талочніца, жніўка, кума, Скакуха, любоўніца-звадка І тая — каб сват не драмаў…

Сёння шмат спрачаюцца пра сувязь літаратуры і фальклора. Паэма «Маўчанне травы» пераканаўча пацвярджае і сцвярджае гэту сувязь, здольную дзейсна ўзбагачаць светаўспрыняцце сучаснага чалавека, надаць яму адчування, на якой вялікай таўшчыні часу ён стаіць. Гэты час у многім адшліфаваў маральны і духоўны ўклад жыцця. У ім угадваюцца самыя старажытныя — язычніцкія рысы светаўспрыняцця чалавека. Ля вёскі знаходзілася гара Веснагорка, вядомая з даўніх-даўніх часоў. «Буяла Веснагорка паганствам штовясну: спяванкі, жарты, скокі, арэлі, карусель, пад поўняй аднавокай — трава ды жаўтазель».

Паэт вітае вясенняе абуджэнне прыроды, дрэў і травы…

І ўсё ж такі паэма, відаць, не адбылася б як паўнацэннае эпічнае палатно, калі б даўняе, спрадвечнае не было б так арганічна спалучана з сучаснасцю, як яно спалучана ў «Маўчанні травы». Менавіта гэтым яна і цікавая. Са з’яўленнем на сцэне галоўнага героя — Васіля — вызначаецца асноўная праблематыка твора. Гэты чалавек чымсьці нагадвае коласаўскага Міхала з паэмы «Новая зямля». Не чужыя яму і Мікіта Маргунок з «Краіны Муравіі» А. Твардоўскага, Кандрат Майданнікаў з кнігі М. Шолахава «Узнятая цаліна», Дзяніс Зазыба з раманаў І. Чыгрынава і іншыя героі — «характаралогія» гэтага тыпа даволі шырокая ў савецкай літаратуры. У гэтых творах, апрача галоўных і другарадных персанажаў, ёсць яшчэ адзін вельмі важны герой — гэта сама «зямля», якая адыгрывае значную ролю ў мастацкай канцэпцыі кожнага пісьменніка. Яна — аснова ўсяго. У гэтым пераконваешся з першых старонак паэмы, калі ўзнікае бойка паміж Васілём і Семкам у карчме. Яна — з-за зямлі…

У адной з аповесцей сучаснага малдаўскага пісьменніка Іона Друцэ ёсць такая думка: «Чалавека павінна пракарміць зямля, на якой ён жыве, — гэта старадаўні саюз, заключаны нашымі продкамі з зямлёй, на якой яны аселі, і гэты саюз павінен быць для нас святым». Вось, думаецца, дзе вытокі маралі, блізкай і роднаснай Васілю. Аднак ён не паўтарае нікога са сваіх знакамітых (успомненых вышэй) папярэднікаў — у яго сваё жыццё, свой лёс.

У старым селяніне сышліся — і ад гэтага нікуды не дзенешся — і працаўнік, і ўласнік. Такой супярэчнасцю, зразумела, адзначана і свядомасць Васіля. І ўсё ж такі ўласніцкі пачатак развіты ў ім — у адрозненне, скажам, ад кулака Сёмкі — куды меней, чым пачуццё працаўніка з яго любоўю да зямлі, з якой ён звязвае сваё жыццёвае прызванне. У складаны час давялося жыць гэтаму чалавеку. У самым пачатку паэмы гучыць «прэлюдыя жалезнай птушкі», якая не перастае яго праследваць праз усё жыццё, якое змясціла ў сабе некалькі войнаў, рэвалюцыю, пераломную эпоху калектывізацыі, Айчынную вайну і многае іншае. Гэта сапраўдны эпічны, «паэмны» герой, у якім адлюстраваліся цэлыя пласты народнага вопыту. Рамкі яго біяграфіі ўключаюць вялікія абсягі пераясытага. «Як ты выжыў, адкажы, народзе?»— так ставіць пытанне аўтар, і ўся паэма, як справядліва пісаў пра яе А. Лойка ў артыкуле «Выпраўленне ў людзі» (Літаратура і мастацтва, 1982, 28 лютага), з’яўляецца спробай адказаць на яго.

Постаць Васіля — героя паэмы — трагічная. Столькі страт давялося зазнаць яму за жыццё. Нялёгкія дарогі вялі яго да праўды, да таго, каб паяднаць «праўду зерня з праўдай барацьбы». Думка паэта, скіраваная да сацыяльных пытанняў веку, глыбока раскрывае ўнутраны свет героя, яго маральную сутнасць, сувязі з навакольным асяроддзем — грамадствам, прыродай, зямлёй. Аўтар ідзе, мне здаецца, па лініі павышэння ідэйных і маральных патрабаванняў да свайго героя. Але ён не канструіруе яго, не сачыняе. Такога героя «сачыніла» само жыццё з яго класавымі супярэчнасцямі. Ён — удзельнік першай сусветнай вайны. Паранены. Вярнуўся ў родную вёску, заняўся гаспадаркай, асеў на зямлі. Паэма яшчэ і яшчэ раз нагадвае пра складанасць і цяжкасць шляхоў селяніна да лепшай долі. І ў гэтым важная заслуга паэта, які імкнецца ўлічыць усе ўмовы і акалічнасці жыцця свайго Васіля.

Асоба зуёнкаўскага героя, яго духоўны рост раскрываюцца ў працы, у паўсядзённых клопатах. Залішне, напэўна, часта наша літаратура бачыла ў селяніна нейкую злую, косную, рэтраградную сілу. «Маўчанне травы» перадае і аблічча эпохі ў яе руху да новых форм жыцця, і светаадчуванне чалавека.

Не адразу ўсвядоміў Васіль значэнне калектывізацыі, не лёгка далося яму абагульненне сродкаў вытворчасці на вёсцы, шмат сіл забрала барацьба з кулацтвам і лайдакамі. Побыт у паэме сацыяльна ёмісты, насычаны барацьбой і драматызмам. Паэт асэнсоўвае новую рэчаіснасць у цеснай сувязі з агульначалавечай філасофскай праблематыкай. Як суадносіцца асабістае і агульнае, «прыватнае» жыццё і жыццё «гістарычнае» — вось што хвалюе паэта. Ёсць падставы гаварыць пра шырокую светапоглядную аснову паэмы. Аўтар паказвае, як няпроста даваліся гэтаму чалавеку пошукі свайго месца ў жыцці, як ён настойліва шукаў адказу на пытанне «як жыць?» Маральна-псіхалагічная атмасфера паэмы вельмі напружаная, таму што аўтар прад’яўляе да свайго героя вельмі высокія патрабаванні.

Разам з тым ён выкрывае прыстасаванца і кар’ерыста Трыхана, які не перастае страчыць даносы на Васіля. Гэты чалавек — носьбіт грамадскага зла…

У. Калеснік у артыкуле «Эстафета лёсу» («Неман», 1982, № 1) асабліва падкрэсліваў інтэлектуалізм паэзіі В. Зуёнка. Адна з прыкмет інтэлектуалізму гэтага паэта — маштабнасць светаўспрымання і абагульненняў, наяўнасць такіх сацыяльна-філасофскіх антыномій, увасобленых у мастацкіх вобразах, як Васіль і Трыхан.

Значнае, важкае абагульненне — вобраз Васіля, які мае шмат агульнага, як даводзіць А. Лойка, з купалаўскім мужыком, — асабліва ў плане маральным, духоўным, у сэнсе чалавечай годнасці. Аднак вобраз Васіля ў адрозненне ад купалаўскага мужыка — індывідуалізаваны. Шукаючы тыповае, непаўторнае ў сваім героі, паэт пазбягае сумарнасці, ролевасці, што характэрна для лірычнага персанажу ў некаторых творах Купалы і Коласа. Час гістарычны, калектыўны ў Зуёнка вельмі арганічна спалучаецца з часам асабовым. «Маўчанне травы» сваімі жанравымі магчымасцямі ўзнімаецца, на нашу думку, да рамана, у якім эпічнае, лірычнае і драматычнае зліліся ў адзіны высакаякасны мастацкі сінтэз. Зрэшты, і раман не можа замяніць паэмы (асабліва такой, як «Маўчанне травы») з яе выдатнымі мастацкімі магчымасцямі і якасцямі, якія праяўляюцца надзвычай шматетайна.

В. Зуёнак — паэт зямных працоўных спраў, якія ў яго ўспрыманні ўзнімаюцца да вышыні духоўнага акту, калі ўся чалавечая істота гарманічна спалучаецца з аб’ектыўным светам. Напрыклад, у цудоўных апісаннях падзей календара земляроба: касьба, жніво, ворыва… Вось выйшлі касцы — цяпер ужо калектыўна — на сенажаць.

Размах, разгон! Ці тое, як бывала — На вузенькай палосцы ў два заходы: Касу ўгамоньвай, каб не спудлавала І да суседа не залезла ў шкоду. Як пашырэў ты сёння, луг без межаў!

Гэта былі прыкметы новай, сацыялістычнай явы…

Мірную стваральную дзейнасць герояў паэмы спыніў германскі фашызм у 1941-м. Але ён не мог спыніць самога жыцця: Васілю даводзіцца змагацца і сеяць хлеб, ён звязаны з партызанамі… Шлях яго не лёгкі і не просты, ды інакшым ён, напэўна, і не мог быць.

Тэарэтыкі і да гэтага часу не перастаюць сцвярджаць, што толькі лірыка-ўтваральны пачатак здольны ідэйна і мастацкі апладніць сучасную паэму. Не, аказваецца, гэта не так. Герой «Маўчання травы» выходзіць за межы свайго «я»: яго «прыватнае» жыццё ўзнімаецца да гістарычнага быцця, а духоўны пафас складае пачуццё патрыятызму, абавязку перад зямлёй і грамадствам.

«Маўчанне травы» расчынена ў мінулае і ў будучыню. У селяніне, у яго любві да зямлі, працавітасці, маралі, паэт бачыць вялікую стваральную сілу. Менавіта да такой думкі прыводзіць паэма В. Зуёнка. Паэт пераканаўча гаворыць пра адзінства «зерня праўды» і «праўды зерня». «Я з полем звязан не кавалкам хлеба — тут і жыццё, і смерць, і бессмяротнасць», — вось перакананне галоўнага героя. Ён пражыў цяжкае, складанае, але сумленнае жыццё. Пражыў на зямлі, абараняючы яе, вырошчваючы на ёй хлеб, востра адчуваючы адказнасць за свае паводзіны.

Гэтым паэма скіравана ў будучыню.

У 1982 годзе ўбачыў свет новы зборнік вершаў В. Зуёнка «Світальныя птушкі». Духоўны свет гэтай кнігі фарміруецца ўжо на самых першых яе старонках.

У працы — сэнс, і плён, і праўда, І запавет, стары, як свет: Каб ніва ўладжвалася спраўна І не буяніў пустацвет, І з іншай радасцю не знацца — На ўсё жыццё — адзін урок: Хлеб не расце пад гром авацый. І ў гэтым — тайна. І зарок.

Крыху дыдактычна? Магчыма. Аднак вынашана, узважана, праверана, атрымана ў спадчыну і перададзена як запавет — наступнікам.

У новай кнізе выразна адчуваецца ранейшая сацыяльна-эстэтычная аснова творчасці паэта.

Я трыццаць год на асфальце, А ўсё яшчэ цяжка хаджу — Сутулены, Нібы за плугам, Над баразною — Плечы да сонца.

Але «ўток» у многім іншы: у параўнанні з папярэднім і кніга гэта выглядае больш шматстайнай, дынамічнай. Часцей, чым раней, бачым паэта ў дарозе, у руху, у назіраннях, што, безумоўна, павялічвае магчымасці для размовы пра сучасныя з’явы грамадскага жыцця. Адпаведна мяняецца і стылістыка: з’яўляюцца рысы нарысавасці, дзённікавасць, рэпартаж, замалёўкі.

Такая акалічнасць, відаць, не дазволіла аўтару змясціць усё падрад — з’явіліся асобныя раздзелы: «Перарастаю трывогамі», «Адкуль homo sapiens» і інш. Чацвёрты раздзел складае прысвечаная земляку касманаўту Уладзіміру Кавалёнку паэма «Агонь і сонца», якая мае падзагаловак: «Дванаццаць сеансаў касмічнай радыёсувязі з неабходнымі адступленнямі». Паэма цікавая як, калі так можна сказаць, мастацкі каментарый да думак, перажыванняў, выказванняў касманаўта, які толькі што вярнуўся з палёту. Твор кранае, як шчодрае і праўдзівае адлюстраванне ўнутранага свету нашага сучасніка, які знаходзіцца на самых перадавых пазіцыях навукова-тэхнічнага прагрэсу. Народнасць светаадчування тут арганічна паяднана з інтэлектуалізмам і філасафічнасцю. Пераконваючыся ў гэтым, даруеш аўтару і некаторую сумарнасць, уласцівую галоўнаму вобразу, і адценні ілюстрацыйнасці, што пакінулі свой след на асобных старонках.

Што яшчэ ўласціва ўсёй кнізе — гэта нераўнадушнасць, неспакой.

Узараны ўспамінамі, Як нарогамі поле. Пад спякоту палынную Засеяны болем. Прарастаю трывогамі, Як зямля каранямі, Як імкненне — дарогамі, Як цемень — агнямі. Узыходжу чаканнем, Як вечнасць, бясконцым, Як травінка праз камень: Без сонца — да сонца. Узлятаю надзеямі, Як жаўранак весні. Толькі дзе яны, дзе яны — Поля жніўнага песні?

Якая вобразнасць! Які круты, «палявы» замес!

Стыль Зуёнка караніцца ў народнай творчасці, але ён — сучасны! Таму што ўбірае ў сябе стылёвы і светапоглядны вопыт літаратуры XX ст.

Цікавы па сэнсу і духоўных абсягах вобраз агню — агонь выступае як рухавік жыцця: «Натура вечная, а формы — ад агню, жыццё расце на сонечных сугрэвах». Язычніцкія ўяўленні гарманічна спалучаюцца з навуковымі ведамі сучаснага чалавека.

Умоўна-асацыятыўнае асваенне свету не супярэчыць яго шматколернасці і сакавітасці фарбаў, яго пластыцы:

Прагрукатаў над хатаю і знік За небам сёмым                            сіні штурмавік. Аблокамі застылі ў вышыні Кавалкі                 цішыні.

Словам, стыль паэта вельмі ёмісты. У яго — свая «чаканка», вобразнасць найбольш звязана з імкненнем да маштабнасці, глабальнасці светаўспрымання, да шырокіх, духоўна завостраных абагульненняў. Звычайнае, бытавое ён умее ўзняць надзвычай высока. Пра ленінскі плед, які падарыла Уладзіміру Ільічу маці, у Зуёнка сказана:

Усёй планеты ўсе мацерыкі Ён ахінае з матчынай рукі.

Паэт даследуе стан свету, даследуе своеасабліва. Ён, паводле слушных назіранняў Г. Далідовіча, «не сканцэнтроўваецца на сабе, але сканцэнтроўвае свет у сабе, асэнсоўвае яго, жыццё, дабро і зло, шукае ідэйна-маральны ідэал, сваю пазіцыю — здабывае чароўны агонь паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1982, 16 ліпеня). Гэта дазваляе яму вастрэй адчуць зменлівасць свету. Паэтычны пошук у Зуёнка звязаны з ростам асобы, узбагачэннем духоўнага свету чалавека стваральнай памяццю. Пафас кнігі — у непрымірымасці да прыстасавальніцтва, прагматызму, да мяшчанскай спажывецкай філасофіі, якая спараджае бездухоўнасць, дэгуманізуе чалавека. І гэта якраз тое, што надае кнізе цэласнасць, канцэптуальнасць, што аб’ядноўвае яе раздзелы ў адно.

Адчуваецца, што аўтара вельмі хвалюе пытанне пра маральна-эстэтычныя адносіны да рэчаіснасці. Ён зноў і зноў асэнсоўвае сваё мастацкае крэда, разуменне місіі паэта. «Я не кумір — я чорны раб» — так пачынаецца яго верш пра свой паэтычны абавязак. Як разумець гэты выраз — «чорны раб»? Пачытаем далей:

Я не выбраннік — я крыло Рукою замяніў пачварнай І ў зрэнкі, як у жарало, Штодня ссыпаю плён базарны.

Мне пры гэтым успамінаецца пушкінскі «Прарок».

И внял я неба содроганье, И горний ангелов полет, И гад морских подводный ход, И дольней лозы прозябанье.

Пушкін у сваім вершы стварыў вобраз паэта — барацьбіта за праўду і непадкупнасць, якому наканавана пранікаць у глыбінную сутнасць з’яў. Разважанні В. Зуёнка аб долі і прызванні паэта — у рэчышчы пушкінскай традыцыі: аўтар «Світальных птушак» бачыць абавязак паэта ў пазнанні шматстайнасці жыцця ва ўсім яго аб’ёме («Нутро эпохай прарасло»), у чалавечнасці («Багоў заўжды на свеце многа, бо чалавекам быць — цяжэй»). Ён не абыходзіць эмпірычную стракатасць быцця, паэтызуе «стыхію і розум дарог», якія вяртаюць чалавека да адчування жыццёвай праўды.

З гэтым, мне здаецца, звязаны і моўныя пошукі В. Зуёнка.

Ён любіць, ведае смак слова гутарковага: наўслед, зблот, зляканы, вычварае, рукацца…

У В. Зуёнка, як некалі трапна сказаў І. Шклярэўскі,— «свой слоўнікавы фонд». «Вагар! Слоў ліхвяр — знай — яшчэ не змагар», — хто яшчэ з беларускіх паэтаў можа гэтак сказаць? Ён ведае, як на новы лад пераасэнсаваць старое слова ці выраз, надаць яму новае адценне: Архімед меў намер «рычагом падасверыць свет». Здараецца, што часам прыдумае новае слова: шыльдуйся.

С. Ясенін некалі любіў казаць: «Я адчуваю сябе гаспадаром у рускай паэзіі і таму ўцягваю ў паэтычную мову словы ўсіх адценняў, нячыстых слоў няма».

Для В. Зуёнка за словам звычайна стаіць з’ява, таму ён і ўважлівы да яго сацыяльнага гучання.

Адвыклі казаць: «Купіў», Гаворым часцей: «Дастаў…» Адвыклі казаць: «Грабе», Гаворым часцей: «Сабраў…»

В. Зуёнак — гэты філосаф — можа, як ніхто, уважлівы і цярпімы да чалавечых недахопаў, але ён востра крытыкуе адыход ад высокіх маральных норм: «Развучыліся гаварыць — пераходзім на ананімкі». Паэт выступае супраць прагматызму і утылітарнасці — у гэтым, паўтараем, пафас яго паэзіі. «Каму эпохі — каму панчохі». Гэта яму вядома. Але як узняцца на новы абсяг быцця? Што дзеля гэтага трэба зрабіць? В. Зуёнак хоча шырока зірнуць на чалавека. Можа, таму яго герой шмат пытаецца: «Пытаннем на свет чалавек зірнуў». Гэта павялічвае жыццёвую напоўненасць верша, яго эстэтычную ёмістасць. Яго хвалююць фундаментальныя пытанні чалавечага быцця, сучасную нашу рэчаіснасць ён уключае ў кантэкст агульначалавечай філасофскай праблематыкі. «На скрыжаваннях сусвету хто мы і колькі нас?» Паэзія павінна канцэнтраваць у сабе і нацыянальную і агульначалавечую свядомасць. «Мой люд, сябе не збудзься, мой лёс, не стань бяскрылым». Пашырэнне сацыяльна-гістарычных, духоўных даляглядаў — вось што ў значнай ступені ўласціва паэтычным пошукам В. Зуёнка. Ён хоча стварыць пэўную маральную атмасферу, фарміруе духоўнае аблічча чалавека, сістэму яго каштоўнасных арыенціраў.

Якія гэта арыенціры?

Першы з іх, магчыма, — памяць. Чалавечая памяць асэнсоўваецца В. Зуёнкам як вялікая духоўная каштоўнасць. «Дай, памяць, сілу мне, апору дай і цвердзь».

Бяспамяцця вякі З душы хай ападуць: Цяжкія жарсцвякі — А мёртвыя жывуць!

Буйным планам убачана постаць салдата Вялікай Айчыннай вайны:

З-пад гусеніц, з-пад руін, З агню безыменных страт Са смерцю адзін на адзін Апошнім выходзіць салдат…

Гэты салдат — увасабленне нашага сумлення, маральнасці. Паэт справядліва трывожыцца за нашы маральныя, духоўныя вышыні, якія, здараецца, «і сёння здаюць».

І засціць салодкі дым Вышыні і гарады.

Салдат, што ўявіўся паэту неспакойным прывідам — увасабленнем маральнай чысціні, павінен дапамагчы вярнуць гэтыя «вышыні і гарады».

І ў сэрцах заснуў салдат, якому ўсё браць назад.

«Найпершае назначэнне мастацтва — праз прызму мінулага і існага праектаваць будучае» — так разумее задачы мастака аўтар «Світальных птушак». Яму ў нечым вельмі блізкая думка вядомага савецкага паэта Мікалая Ушакова, які сцвярджаў, што «жыццё чалавека становіцца цікавым толькі ў судакрананні з гісторыяй і часам».

«Жывеш, пакуль жывыя, хто нарадзіў цябе, хто на кругі зямныя праводзіў у журбе» — у гэтым таксама праяўляецца актыўнасць беларускага паэта ў адносінах да часу.

Другі «арыенцір» — «вочы прыроды». За гэтым вобразам і тэмай у творчасці В. Зуёнка стаіць — як і ва ўсёй сучаснай літаратуры — адчуванне той небяспекі, якая тоіцца ў супердынамізме сучаснага жыцця, у недахопе часу, павярхоўнасці і хуткаплыннасці ўражанняў. Усё гэта можа абярнуцца нецікавасцю да навакольнага свету, імітацыяй духоўнага жыцця. «Вочы прыроды» ў Зуёнка таксама надзелены маральнай актыўнасцю.

Прыходзіць жа аднойчы Такая вышыня: Глядзяць прыроды вочы Штоночы і штодня. Глядзяць табе насустрач, Глядзяць табе наўслед. І ты ўжо — невідушчы — Бачыш цэлы свет…

Паэзія В. Зуёнка, як бачым, вельмі паказальная для духоўных пошукаў сучаснай беларускай літаратуры.

Атожылак долі сялянскай (Юрась Свірка)

Даўно прачытаў, але і сёння гучаць у душы радкі Юрася Свіркі:

Заглядаю я ў вёску, як ў слоўнік, Каб упэўніцца, што правільна пішу.

Не аднаго мяне паланілі яны — і не толькі лаканічна-выразным майстэрствам, але і сваёй маральнай скіраванасцю, глыбокай павагай да сваіх знакамітых землякоў-аднавяскоўцаў, да іх пачэснай хлебаробскай працы…

Гэта — не «русаізм» (заклік быць бліжэй да прыроды), а трывалая повязь з роднай зямлёй.

Радзіма Ю. Свіркі — Бягомльшчына. Тая гераічная партызанка-Бягомльшчына, якая столькі нацярпелася за час вайны. Адно слова «Палік» — і перад вачыма паўстаюць падзеі народнага гераізму, трагедыя, вышыня духу і самаахвярнасць.

Бягомль — значны асяродак партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну. У снежні 1942-га брыгада «Жалязняк» знішчыла там нямецка-фашысцкі гарнізон. З таго часу да прыходу Савецкай Арміі на Бягомльшчыне дзейнічалі органы Савецкай улады. Гэта, безумоўна, важныя акалічнасці фармавання духоўнай біяграфіі паэта, аднак у першых вершах тэма перажытага за вайну амаль адсутнічае.

Я заўтра на золку Паеду дадому — У ціхі Бягомль, партызанскі раён, Туды, Дзе мне кожная хата вядома, Дзе далеч гудзе ад пчаліных раёў.

Першая кніжка з ласкавай назвай «Шэпчуцца ліўні» з’явілася ў 1959 годзе, калі — як грыбы пасля цёплага дажджу — выходзілі зборнікі Е. Лось, У. Караткевіча, Я. Непачаловіча, Р. Барадуліна, І. Калесніка, С. Гаўрусёва і іншых. У вершах Ю. Свіркі нас абступае мілы свет вясковых уражанняў паэта (сасновая хата, бярозавыя прысады, шолах сенажацяў, шум задумлівых бароў), тое, што помнілася, сагравала сэрца пасля таго, як давялося пакінуць вёску, паехаўшы на вучобу ў сталічны універсітэт.

З’яўленне першай кнігі — справа адказная. Аднак гэта не азначае, што ў кнізе павінны быць толькі добрыя вершы. У сапраўднага паэта, калі ён творчая асоба, а не рамеснік, цікавыя нават слабыя вершы, паколькі ў іх таксама ў пэўнай меры адлюстравана нейкая грань яго душы, пошук сваіх вобразаў.

Паэтыка Ю. Свіркі грунтавалася на някідкай канкрэтна-пачуццёвай вобразнасці, якая на першых парах не перашкаджала яму расказваць пра ўбачанае, адчутае. Голас яго быў шчыры, ціхі, даверлівы.

Зорак, як зерня, на небе высокім насыпана ў жніўні. Дзесьці за лесам далёка-далёка шэпчуцца ліўні. Чутна, як спаць укладаюцца ветры Там, за гарамі. З бору дыхнула цёплым паветрам. Пахне грыбамі. А ў поўнач, здаецца, усё анямела, Ціха ў прасторы. І толькі раз-пораз яблыкам спелым Падаюць зоры…

Хораша — ці не праўда?

Тут пакуль што няма яшчэ той унутранай духоўнай напружанасці, уласцівай для яго вершаў пазнейшай пары, але праўда пачуццяў, уменне ўбачыць прыгажосць свету былі. «Трэба паважаць натуральныя межы таленту», — сказаў ён у рэцэнзіі на адну з кніг своеасаблівага магілёўскага паэта В. Матэвушава (Полымя, 1973, № 9), але яе гэта натуральнасць бачыцца і ў самога Ю. Свіркі.

Другая кніга — «Вечнасць» (1963) — тэматычна паглыбіла першую, умацавала ў яго паэзіі такую рысу, як біяграфічнасць. Так, у яго лірыцы па-свойму, у сваім «павароце», знайшла адбітак духоўная біяграфія — яго і яго пакалення. Вясковы чалавек, ён рана стаў гараджанінам — і гэта спарадзіла новыя адценні ў светаўспрыманні, якое зафіксавалася ў вершы: «З кожным днём раблюся я чужым кветкам палявым, лугам і росам…» Такія прызнанні мала да чаго абавязвалі, магчыма, толькі абвастралі пачуццё роднага кутка, роднай прыроды, але значнай маральнай нагрузкі яны пакуль што не нясуць.

У другім зборніку знаходзім парасткі ўмоўна-асацыятыўнага мыслення:

Недапетая песня ляжыць ля магілы Акрываўленым жвірам…

Паэт усё часцей звяртаецца да ўмоўнасці. Скажам, у падыходзе да тэмы космасу. Тады чалавек рабіў першыя крокі ў касмічную прастору, пачынаў інакш, чым раней, глядзець на Месяц і зоры. І гэта падзея не магла не адбіцца ў паэзіі: паэты імкнуцца па-новаму ўбачыць свет і асэнсаваць ролю чалавека ў ім. З чым толькі не параўноўваўся Месяц — з шабляю, бубнам, падковай, — Свірка знаходзіць свае словы:

…мне здаецца Месяц Тонкай дужкаю, Якой пабочны выдзяляюць сказ. За гэтай дужкай — Многа тайнаў месціцца, Іх за адно жыццё не разгадаць. І варта жыць, Каб неба ўсё — ад Месяца Да самых дробных зорак — прачытаць.

Пазней «касмізм» у яго набудзе нейкія новыя, вельмі зямныя, звычайныя рысы: «Не, зусім мне гэта не здалося: Саўгануўся ў высі Млечны шлях. Нібы лодка на пясчаным плёсе, мякка захісталася Зямля». Паэт раскажа пра сваю «захопленасць зорамі» і неадступную любоў да зямлі:

Перад ёю пакорна схіляюся. Пазычаю святло у бяроз. Я — атожылак долі сялянскай — Ад яе, як ад маці, адрос…

«Схіляюся — сялянскі» — у асэнсаванні жыцця прымае ўдзел нават рыфма.

Аднак паэт імкнуўся не толькі «апісаць» свет, зарэгістраваць усё новае. Ён усё больш пераконваўся, што аснову індывідуальнасці складаюць сацыяльныя, маральныя рэсурсы, якія ў яго маюцца і якія неабходна выразіць у непаўторна-асабістай форме.

Трэцяя кніга — «Баравіна» (1967) — паказала, што ён хоча разабрацца ў складаных з’явах сучаснага жыцця, паяднаць у сваім разуменні свету сучаснасць і будучыню. Дзеля гэтага ізноў звяртаецца да ўмоўных сітуацый.

Хачу прачнуцца я Праз сотні год, Паслухаць траў і ветру шапаценне. Хачу я толькі на адно імгненне Паслухаць, Як жывеш ты, мой народ… Калі пачую: Ты жывеш народ (Па голасу пазнаю беларусаў), Тады спакойна на пагост вярнуся І зноў засну — На сотні тысяч год.

Я не назваў бы гэты верш удалым: думка выказана наіўна і залішне прамалінейна, хаця і шчыра. Таксама штучна выглядае ўмоўнасць і ў вершы «Вячэрні эскіз»:

У грубцы дровы аж гудуць, гараць. Я вечарам адзін сяджу ля грубкі. Здаецца, Што выходзіць з дроў зара І на мяне глядзіць, як на парубшчыка.

Аднак і першы і другі вершы сведчаць, што ў паэта адбываецца працэс удакладнення, так сказаць, маральных каштоўнасцей.

А вось новая для Ю. Свіркі інтанацыя. Новая і, здаецца, адзіна магчымая ў гэтым вершы:

Я ў дарозе не падбіўся, Заскрыпелі палазкі. І адкуль вы узяліся, Падвязіце, леснікі! Можа, годы мы дагонім, Маладзіцца чалавек! Як жывое дзіва — коні У стальны касмічны век.

У «Баравіне» ўзрушвае маральная вастрыня паэтычнага ўспрымання рачаіснасці, адчуванне адказнасці за сказанае слова, за «пасаду» паэта. Думка аб тым, што верш паэта — яго грамадзянскі ўчынак, не новая, але заўсёды надзённая. Для Ю. Свіркі яна становіцца прынцыповай і знаходзіць выяўленне ў лірыцы. Гаворачы пра сваю пашану да вёскі, ён знаходзіць тут свой «ракурс». Любоў павінна правярацца справай. Скажам, напіша паэт пра «маляўнічасць родных краявідаў», а нехта з землякоў спытае: «Навошта ж ты ад нас, сынок, паехаў, калі ў нас такая прыгажосць?»

Верш, інакш кажучы, абавязаны пераконваць і духоўна, і эстэтычна. Дзеля гэтага, відаць, павінна ўмацоўвацца філасофская, светапоглядная аснова паэзіі, трэба паглыбляць праўду жыцця.

Да «вясковай» тэмы ў нас звяртаюцца многія, аднак нярэдка яна трактуецца без апоры на агульнаграмадскую аснову. Ю. Свірка, знаўца вясковай рэчаіснасці, меў падставы з гэтай нагоды сказаць, што «часта ў творчай практыцы з сапраўднай баявітасцю і натуральнасцю паэзіі мяжуецца „асцярожненькая гульня ў смеласць“. Гэта нараджае вершы-загадкі са шматзначнымі намёкамі…» Разважаючы пра лёс вёскі, ён сцвярджае чалавека цэласнага, вернага бацькоўскім запаветам, вернага сабе. Сустрэўшы ў горадзе маладых сваіх землякоў — учарашніх школьнікаў, паэт не можа не папракнуць іх, хаця б у думках: «У школе ж на „пяцёркі“ сачынялі: „Люблю цябе, бацькоўская зямля“».

Паэт — за натуральнасць, ён шукае…

У «Баравіне» знаходзім выдатны верш «Маці раніцу будзіць», які перадае паэзію вясковай раніцы з усімі яе бытавымі рэаліямі:

Спатыкаецца ў зрубе Вядзерца заспанае І нырае ў ваду — У крышталь трапяткі…

Бытавое не зніжае каэфіцыент абагульнення: дрэва жыцця ўяўляецца яму так: «карэнне жывучае — вёскі, а пышная крона — сталіцы…» («Дрэва жыцця»).

Разам з тым у «Баравіне» трапляюцца і вершы слабыя, малавыразныя на думцы («Ты, сонца…», «Кранеш умела ты струну…», «Жывая пліта»).

Часам асэнсаванню прыродных з’яў не хапае глыбіні і разумення іх натуральнасці. Убачыўшы на абочыне шашы гіпсавых мядзведзяў, што дастаюць з калоды мёд, паэт напісаў верш «Пчаліны гуд у ліпах тоне недзе», у якім абрушыўся на мядзведзяў, асудзіў мядзведжы «вякамі неапраўданы разбой», з-за якога церпяць пчолы. І ўсё без ценю жарту. Хочацца спытаць: ці варта траціць з такога выпадку столькі эмацыянальнага запалу? Здаралася і так, што паэту не ставала густу — парушалася пачуццё меры:

Хаджу ў кіно я не адпачываць. Не слухаць гул снарадаў і зенітак,— Здаецца, Што прыходжу падбіраць Параненых,                  кантужаных,                                    забітых.

Наўрад ці трэба так услых гаварыць пра сябе.

Усё гэта, думаецца, выдаткі пошукаў, недахопы, якія ішлі, як ні дзіўна, ад жадання выказацца найбольш поўна і дакладна, пазбавіцца драбнатэм’я.

Нярэдка здараецца так, што паэты зноў і зноў вяртаюцца ў сваіх перажываннях да тых падзей, пра якія ўжо пісалі. Яны быццам бы перапісваюць саміх сябе. І гэта, думаецца, натуральна. У паэзіі такое бывае — мастак, на новай аснове, на новым вітку пазнання — успамінае пражытае і перажытае… «Гара майго дзяцінства паніжэла», — гаворыць ён у адным з вершаў. Але, нягледзячы на гэта, «адсюль убачыць можна Казбек свой, і Эльбрус, і Эверэст». Важна, якая гэта духоўная, маральная вышыня!

Да цыкла вершаў «Падсочаная сасна» («Баравіна»), у якім аўтар гаворыць пра лес як пра катэгорыю духоўную, ён узяў эпіграф з М. Танка — «Лес мой шумны! Можа нікому я столькі не вінен, як табе…»

Лес мой, бог мой! Мы разам з табою калелі. Пашчапаны, паранены ты Той апошняй вайной…

Сасна здаецца яму нечым падобнай да зеніткі.

У творчасці Ю. Свіркі гучыць любоў беларуса да лесу, любоў не толькі гаспадара, спажыўца, але і чалавека, для якога лес — крыніца эстэтычнай асалоды, летапіс яго жыццёвага лёсу. «Многім я абавязаны лесу, — прызнаецца паэт у аўтабіяграфіі,— ён заўсёды неадступна ішоў са мною. І мне хочацца думаць пра яго, гаварыць з ім як з чалавекам, услухоўвацца ў яго голас і настройваць свае думкі на яго вольны спеў».

Ю. Свірка ўмее гаварыць вобразна, будаваць цікавыя метафары. Пра дуб у яго сказана: «Ён маланкам галовы адкручваў і каціў іх студзіць пад абрыў». Але найбольш ён цэніць думку. Мудрасць і дабрата паэта відаць у наступным вершы, які ўвесь успрымаецца як разгорнутая метафара ці прытча. Двое ў лодцы — ён і яна…

След дарожкай на азёрнай сіні. Два буслы ў чатырох руках Адпіхаюць лодку на глыбіні, Дзе вада страшнейшая за страх. Што ні ўзмах — Пляскоча лодка далей, Аж вірыць пад вёсламі вада. І знікаюць двое ў сіняй далі, Паглядзіш — відаць і не відаць… Адплывайце далей, адплывайце. Вёслы на ўсе пёры ў ваду! Адпіхайце далей, адпіхайце Смутак, і нявернасць, і бяду.

Здавалася б, нічога асаблівага, усё проста. Але ж гэта паэзія, хаця мы нават не ведаем, хто тыя двое ў лодцы і куды яны плывуць. Не проста разабрацца ў прыродзе такіх вершаў, але, паўтараю, гэта — паэзія.

У 1971 годзе выйшаў зборнік вершаў «Крэўнасць». Ю. Свірка ўмее даваць ёмістыя імёны сваім кнігам — «Вечнасць», «Баравіна», «Крэўнасць», «Аўтограф», «Памятная вярста», «Біяграфія памяці», якія добра выражаюць іх змест. Пачынаючы, здаецца, ад «Крэўнасці», у яго загучалі публіцыстычныя ноты, раней не надта для яго характэрныя. Але гэта хутчэй за ўсё філасофская публіцыстыка, якая патрабуе ўлічваць усё. Першаступеннае значэнне надаецца тут светапогляднаму фактару.

Паэзія Ю. Свіркі выходзіць на новыя абсягі.

У канцы 60-х, пачатку 70-х гадоў у творчасць Ю. Свіркі прыходзіць ленінская тэма: «Нараджэнне», «І зразумелы ён і родны…» і іншыя вершы.

Пазней ён напіша добры верш «І я калісьці верыў у паданні…», у якім пераказвае народную легенду аб тым, як правадыр хадзіў на Беларусі, перадае гутарку з сялянамі:

Папіў бы ён крынічнае вадзіцы І пра жыццё павёў бы сказ такі: «Усюды — дзе ні гляну — маладзіцы, Няма вайны, а рэдка мужыкі». І мой народ, Хоць не хлусіў ніколі (Абы не засмуціць правадыра), Даводзіў бы: «Усе мужчыны ў полі. Цяпер вясна — гарачая пара».

У новых кнігах паэта ізноў ажыла памяць аб вайне, аб перажытым («Балада пра танец», «Лясная лазня», «Партызанскія ўдовы»). На гэты раз ён ужо не можа і, відаць, не хоча абмяжоўвацца зярнятамі праўды, а ідзе ў сутнасць з’явы — у, як кажуць, «праўду зерня».

У зборніку «Аўтограф» (1974) чытаем:

Засталося б толькі поле, Сонца, зерне, баразна. Засталася б толькі воля, І любоў, і сівізна. Засталіся б толькі дзеці І тугая сінь нябёс — І тады на цэлым свеце Хопіць шчасця, хопіць слёз. Засталіся б толькі песні І чырвоны сцяг жыцця — А тады ўсё уваскрэсне Без пачатку і канца.

На якую тэму напісаны гэты верш? Ён — прыклад кантакту, як кажа паэт, паміж «сэрцам і сэрцам карандаша».

Сёння ўжо вельмі не проста падзяліць творчасць Свіркі на тэмы. Сказаць, што гэта, маўляў, верш пра дзяцінства, гэта — у абарону міру, гэта — пра адпачынак на ўлонні прыроды нельга. Тут тэма супадае з ідэяй, з лёсам, з адчуваннем маральнай адказнасці за ўсё. І адказнасці не дэкларацыйнай, а па сутнасці… Яму ўсё гэта вельмі блізка. Тэма становіцца для паэта чымсьці ўнутраным, арганічным.

Хто яшчэ сярод сучасных беларускіх паэтаў так скажа: «Ці ад холаду, ці ад цаны чырванее на лаўцы каліна?»

А вось верш, які дае вельмі яскравае ўяўленне пра Ю. Свірну, яго канцэпцыю жыцця, яго творчыя магчымасці. Дазволю сабе прывесці тут яго поўнасцю — ён варты гэтага і красамоўней любых пераказаў і разваг:

Хаджу адзін па спелым садзе, Свіцяцца яблыкі з сукоў. Я не хаваюся ў засадзе. Не каравулю хлапчукоў. Хачу паслухаць зор гаворку. Даверыўшыся цішыні, Пагаманіць з вячэрняй зоркай Пра вечнасць і пра нашы дні. Даўно ўжо сад не слепіць макам. І яблыкі не без пары Патрабавальна, але мякка Зямлі пашэптваюць: «Бяры!» Ім надакучыла спяліцца, Адно жаданне ў іх жыве, Каб адарвацца, Абрасіцца І пакачацца па траве. І не збаяўшыся, звысоку Даказваць хочацца зямлі, Што недарма цягнулі сокі, Што недарма вясной цвілі. Каб паляцець, Знаходзяць выйсце: Агледзяць між сукоў прасвет І, расхінуўшы ціха лісце, Кідаюцца у белы свет. Я бласлаўляю сад. Дарожку, Калі пад яблыні ідзеш, Каб пад антонаўскай бамбёжкай Адчуць, Што ты яшчэ жывеш.

Верш — згадзіцеся са мной — вельмі сімпатычны. Вось у ім паэт якраз не апісвае рэчаіснасць, а вырансае яе праз сваё душэўнае намаганне — натуральнае, нязмушанае, высакароднае. Твор гэты можна трактаваць, як у пэўным сэнсе метафару чалавечага жыцця, існавання, суаднесенага з прыродай, якая вучыць нас і выхоўвае і патрабуе высокага маральнага самаўсведамлення. Паэт — па ўсім відаць — звяртаецца да надзвычай важных пластоў сваіх духоўных набыткаў.

Пашырэнне духоўных даляглядаў звязана з узмацненнем гістарызму, што вельмі характэрна для зборніка «Біяграфія памяці» (1981). «Минувшее проходит предо мною» — сказана ў пушкінскім «Барысе Гадунове». Ю. Свірку з асаблівай сілай помніцца тое, што звязана з гераізмам народа, з яго любоўю да міру, з тым, што ён здзейсніў, стварыў на шляхах гісторыі, што пакінуў у спадчыну наступным пакаленням. Ён трывожыцца тым, што часам у моладзі паслабляюцца сувязі з вопытам папярэднікаў.

Чуецца, што слоўнікі патрэбны Тым, хто не чытаў пры смаляках, Тым, хто не насіў кашулі зрэбнай, Не хадзіў у чунях і лапцях; Хто не бачыў, як рака дыміцца, Хто гадае, дзе шчупак, дзе сом, Не адрозніць жыта ад пшаніцы, Грэчку пераблытае з аўсом; Хто не начаваў на лузе росным, Хто не бачыў быстрых коней бег,— Тлумачэння сарамліва просіць Слову зразумеламу — начлег. Не на пенсіі яшчэ вы, словы, З вас яшчэ не сыплецца труха. Слоўнік, растлумач жа ім талкова, Што такое жорны і страха…

Не падумайце, крый божа, што паэт выступае за вяртанне да зрэбнай кашулі. Не. Ён толькі хоча сказаць, што забыўшы мінулае, нельга па-сапраўднаму ўбачыць і ацаніць сучаснае… Гістарызм спалучаецца такім чынам з гуманізмам.

Кнігі Ю. Свіркі — ступені яго творчага росту, голас яго чуцён у калектыве беларускіх паэтаў. Трэба спадзявацца, што ён будзе ўзбагачацца новымі жыццёвымі фарбамі. Гаворачы словамі паэта, жыццё — адказнейшы экзамен, яго здаеш, пакуль жывеш.

Углядацца ў жыццё (Анатоль Грачанікаў)

Анатоль Грачанікаў не надта шануе верлібр, але сваю вершаваную аўтабіяграфію ён даверыў яму.

Сэрца — Жыцця майго гадзіннік, Заведзены ў 1938 годзе…

«Саракагоддзе — строгая пара…» Прыйшла яна і да яго. Услед за сваімі сябрамі-равеснікамі, якіх мы называем «шасцідзесятнікамі» (творчая сталасць іх прыпадае — у каго раней, у каго пазней — на 60-я гады), А. Грачанікаў таксама выдаў кнігу выбранага — «Калі далёка ты…» (1979). Яна аб’яднала лепшае з пяці папярэдніх яго зборнікаў…

Многія, многія вершы спыняюць нашу ўвагу. Шукаем такія, якія маглі б больш расказаць пра яго індывідуальнасць. Ну вось хоць бы гэты:

Адвяснуе восень                       на зазіміны, Бакены зашыюцца пад гаць. Сінія асеннія асіннікі У смузе марознай зазіхцяць. Ёсць ў іх Журба неверагодная, Саладжавы і гаркавы пах, Ад якога — усё такое роднае, Што аж слёзы, Слёзы на вачах.

Ён, думаецца, вельмі характэрны для А. Грачанікава, бо сведчыць пра талент тонка адчуваць жыццё, «прапускаць» яго праз уласнае сэрца і лёс, рабіць яго і нашым духоўным набыткам. Не шмат паэтаў, якія ўмелі б звычайную, так сказаць, тэму (у дадзеным выпадку агульную для ўсіх тэму патрыятызму) ператварыць у нешта глыбока ўнутранае, інтымнае… С. Гаўрусёў тонка адчуў індывідуальнаць А. Грачанікава: «Чытаючы вершы паэта, празрыстыя і як бы асветленыя праменнямі знутры, можна падумаць, што яны даюцца яму лёгка. Гэта ўяўленне памылковае. Нікому і ніколі прастата не давалася проста. Праблематыка яго твораў пераконвае, што сёння, відаць, немагчыма паспяхова пісаць пра зямлю, не ведаючы таго, што адбываецца ў космасе» (Літаратура і мастацтва, 1979, 19 кастрычніка).

Як паэт ён даўно — магчыма, з самай першай сваёй кнігі «Магістраль» (1964) — прызнаны і грамадскасцю, і крытыкай. Яго зборнікі не паўтараюць адзін аднаго, а паказваюць відавочную лінію росту. Маюць поспех — я сам таму сведка — яго выступленні на літаратурных вечарах, сустрэчах з чытачамі, аматарамі паэзіі. Па ўсім відаць, што радок паэта крануў чалавечыя сэрцы і знайшоў сваё месца ў літаратуры.

Якое ж яно — месца А. Грачанікава ў сучаснай паэзіі?

У першых жа сваіх вершах ён пайшоў, як гэта і павінна быць уласціва паэту-лірыку, ад уласнай біяграфіі чалавека, які запомніў гераізм і мужнасць народа ў вайну («На фронце бацька. Маці — партызанка»), нягоды цяжкай пасляваеннай пары (паэма «Сонечны звон»), армейскія будні, вучобу, працу на чыгунцы, зноў вучобу і зноў працу…

«Няма замены паэтам!» — гаворыць ён у адным з вершаў, прысвечаным Максіму Багдановічу. І гэта праўда: кожны чалавек — непаўторны і незамянімы. іТым больш паэт — яго асоба павінна быць бачна здалёк. Нездарма нават узнікненне лірыкі як роду літаратуры звязваюць з тым момантам, калі чалавек усвядоміў сваю асобу. Лірыка і пачала даследаванне і сцвярджэнне чалавечай індывідуальнасці і непаўторнасці, у якой адлюстравалася грамадскае жыццё. Зрэшты, наколькі помніцца, А. Грачанікаў ніколі асабліва не гнаўся за «індывідуальным» стылем. Проста ён быў праўдзівы, адкрыта і непасрэдна выяўляючы сябе ў вершы. Найбольшыя ўдачы першых кніг (вершы «Вера», «Лашак», «Гарадская ўскраіна», «От каб быў я такі, як цень!..», «Калодзеж капаюць», «Поле», «Над Белай Руссю…», «Той танец» і іншыя) з’явіліся непасрэдным вынікам яго жыццёвага вопыту і вельмі асаблівага ўспрыняцця і асэнсавання рэчаіснасці. Яны былі звязаны са шчырасцю героя, з устаноўкай на справядлівасць. Словам, у цэнтры пераважнай большасці яго твораў аказалася рэальнае чалавечае «я», што і абумовіла цікавасць да іх з боку крытыкі і чытача.

Нездарма многія пералічаныя вершы і шмат якія неназваныя па праву ўвайшлі ў сучасныя анталогіі беларускай паэзіі на розных мовах. Дарэчы, сёння іх выдаюць усё больш і больш.

Некалі Іван Мележ, якому, дарэчы, вельмі падабалася паэзія яго земляка (Грачанікаў таксама нарадзіўся на Палессі), адкрыў для сябе «простую», як ён казаў, ісціну: «калі „стыль — гэта чалавек“, то каб стыль мастака праявіўся больш выразна, своеасабліва, трэба, каб выразна праявілася асоба чалавека, яго светаадчуванне, яго погляды, яго матэрыяльны і духоўны вопыт. Чалавек не толькі не павінен хаваць сябе, а, наадварот, адкрывацца ва ўсёй шырыні, глыбіні і шчырасці. Не трэба здавацца ні горшым, ні лепшым, чым ты ёсць, трэба быць самім сабою. Усякая штучнасць будзе ў шкоду. Ніякі фальш не пройдзе без следу».

Так вось, прыкладна, і зрабіў А. Грачанікаў. Нават у самай першай кнізе ён здолеў застацца сам сабою.

На фронце бацька. Маці — партызанка. Цяпла у хаце нашай не стае. І я з’язджаў з гары крутой на санках, Каб усцягнуць ламачча на яе. Гарэў агонь. Агонь цяпла і веры. У грубцы і ў вачах братоў маіх. Мы нанач шчыльна зачынялі дзверы, Але на ключ не замыкалі іх.

Некаторыя паэты робяць упор на яркую, пукатую вобразнасць. У А. Грачанікава яна выглядала досыць сціпла, «неэфектна», нават крыху заземлена, але затое рэалістычна, праўдзіва. З яго вершаў паўставаў цудоўны край — Палессе са сваімі людзьмі (сімпатычныя вясковыя дзядзькі і цёткі), прыродай, звычаямі. Ён давярае жыццю, людзям, зямлі…

Там, паміж Гомелем — Кіевам, Над Сожам крылы ўскінула І кліча мяне, нібы кнігаўка, Вёска мая — Шарпілаўка. Стоміцца сэрца, здарожыцца, Ды ноччу і днём трывожыцца: Як там бацькі і родзічы, Дубровы і курганы? Жыву, іх усюды помнячы? Ці помняць мяне яны?

«Успамін машыніста», «На перагоне», «Завадскі аркестр» — А. Грачанікаў мог «выкрасаць» паэзію з фактаў даволі звычайных, будзённых, знаходзячы ў іх незвычайнае, па-чалавечы вельмі прывабнае. Індывідуальнасць яго апладнялася сацыяльна значнымі, грамадзянскімі адчуваннямі паэта, і гэта кампенсавала запаволенасць, некаторы недахоп тэмпераменту.

Літаратура, як вядома, толькі тады ставіцца жывой справай, калі імкнецца асэнсаваць жыццё грамадства, усвядоміць сваё месца ў кантэксце з ім. Мастак — можна сказаць — чалавек з сацыяльным сумленнем, ён павінен быць у творчасці на ўзроўні грамадскага дзеяча.

Што складае аснову творчай індывідуальнасці? На мой погляд, наяўнасць таленту і выразнае пачуццё асобы, шырыня грамадзянскіх даляглядаў. Уласна кажучы, асоба — гэта і ёсць сукупнасць сацыяльных грамадскіх адносін.

Наступныя кнігі («Круглая плошча» — 1971, «Грыбная пара» — 1973) узмацнілі адчуванне сучаснасці. Зрэшты, у кожнага паэта адчуванне сучаснасці — сваё. У Грачанікава яно звязана з глыбінёй светапогляду, ён не ўспрымае сучаснага без мінулага, без яго героікі і ахвяр, якія выхоўваюць пачуццё адказнасці, фарміруюць маральны свет паэта.

Зборнік «Круглая плошча» адкрываўся вершам «На Палессі…»

На Палессі — спрадвеку, як быццам званы, Несціхана сівыя звіняць курганы…

Гэта падаюць свой голас продкі: «Добры дзень вам, нашчадкі! Добры дзень вам, зямляне!»

Паглыбляецца і ўзбагачаецца пачуццё патрыятызму, абвастраючы праніклівы лірызм, шчырасць і непасрэднасць паэтычнага выяўлення.

Краю мой родны і мілы! Чую ў світальнай цішы, Як твае стогнуць магілы, Як твае плачуць крыжы. Маеш і долю і волю Не анямеў, не аглух. Твайго ж незагойнага болю Жыве ў маім сэрцы дух.

Сінтэз сучаснага і мінулага ў яго паэзіі абумовіў асаблівасці светаўспрымання, буйны план.

У вершы «Адведкі» паэт стварае велічны вобраз жанчыны-маці, якая пакідае родны падворак, каб «убачыць магілы пяці партызанаў-сыноў».

Праз сёлы, бары і палеткі, І праз спачуванні людзей Маці ідзе ў адведкі, Маці ідзе да дзяцей.

З мастацкага боку верш «Адведкі» вабіць здзіўляючай арганічнасцю нязмушанай сувязі, узаемаспалучанасці ўзнёслага і бытавога. На досвітку, па-святочнаму ўрачыста збіраецца маці ў свой шлях.

Плыў ранак спелаю шыпшынай. Даўно не мелася ў старой Ні гэтай лёгкасці птушынай, Ні гэтай яснасці былой. І ў гэты ранак светла-звонкі З рахманым сонцам на чале Спявалі пеўні, і даёнкі, І дапрызыўнікі ў сяле.

І адно не супярэчыць другому — паэт, асэнсоўваючы сувязі паміж людзьмі і жыццём, паміж мінулым і будучыняй, прарываецца да высокага ўзроўню гуманізму, які ўбірае ў сябе шматстайнасць чалавечых клопатаў і турбот.

Чытаючы зборнік «Круглая плошча», адчуваеш, што думкай аўтара рухае імкненне спазнаць сэнс і сутнасць чалавечага быцця, адкрыць і асэнсаваць складанае і супярэчлівае адзінства ўзаемаадносін людзей і рэчаіснасці. Паэт усё ўважлівей углядаецца ў жыццё. Паказальным быў у гэтым сэнсе верш «Матацыклісты».

Матацыклісты шпараць па шашы. Паветра рэжуць, як электрапілы, У рокаце — надрыўны крык душы, Нібыта рух высмоктвае з іх сілы.

Уразіла не толькі адмысловая аркестроўка. Чамусьці, па нейкай пабочнай асацыяцыі, успомніўся верш другога паэта гэтага пакалення — Бэлы Ахмадулінай «Мотороллер» («Завиден мне полёт твоих колёс, о мотороллер розового цвета!..»). І тут і там прысутнічае дух сучаснасці, хаця кожны з гэтых твораў арыгінальны і незалежны ад другога. Паэт хоча пранікнуць у свет адчуванняў маладых людзей:

Што думаюць, сціскаючы рулі, Яны ў рухомай гэтай адзіноце, Калі абрысы неба і зямлі Знікаюць на бязлюдным павароце? Ім сутнасць руху хочацца спазнаць І падміргнуць свайму былому хвацка. І хлопцы ашалелыя ляцяць Па магістралях Брэста, Бранска, Брацка.

Пытанне зададзена — у чым «сутнасць руху»? Сапраўды, у чым яна? Над разгадкаю б’юцца і паэт, і яго героі:

Ім рэжа вочы вецер, сонца, пыл. Інспектары — Дзіравяць ім талоны, А у саміх, відаць, свярбяць далоні, Ды часам вопыт пазбаўляе сіл. Яны, пасуравелыя, глядзяць: Ухабаў менш — спакуса большай стане. Было дарогу цяжка збудаваць, Наладзіць рух на ёй — куды складней.

Часцей бачым яго ў роздуме. Вучыцца заўважаць бег часу, пранікліва ўзірацца ў гарадскую ўскраіну, якую насяляюць учарашнія вяскоўцы.

Ён не проста фіксуе рэальнасць, а стварае яе нанава — намаганнямі душы. Ён не траціць свежасць успрыняцця: «кожнае дрэва лагодна па салаўю калыша» — такім яму ўбачыўся старажытны парк у родным Гомелі.

Паэт паказаў сябе як праніклівы лірык, які ўмее ў лірычным перажыванні сканцэнтраваць падзеі

І з’явы навакольнага свету. Над Белай Руссю — белы снег, Нібыта чыстае сумленне, Нібыта светлае збавенне За самы патаемны грэх. На досвітку запахне снег Малінава-празрыстым сокам. І сад, заружавелы ў сне, Зазвоніць ціха каля вокан.

Родныя краявіды глыбока хвалююць паэта, ім аддадзена частка яго сэрца, кусочак самай патаемнай і шчырай любові, якая вядома чалавеку з дзяцінства. Рэчка, луг, поле, лес — гэта тое, што спадарожнічае нам з дзяцінства, фарміруючы нашы ўяўленні.

Як добра, што ёсць яшчэ гэта на свеце: Гром паблажэла рохкае недзе, І хлопчык абпырсканы весела едзе Па лужынах цёплых на веласіпедзе. І не прэюць у лузе пракосы, І ўвесь свет малады і босы!

Гэтыя простыя рэаліі свету ўвасабляюць у сабе яго прыгажосць, цэласнасць і гарманічнасць. Далучэнне да натуральнага, зямнога азначае далучэнне да хараства, гарманічнасці. У гармоніі — таксама ісціна, — гэта заўважана даўно.

Усе вершы А. Грачанікава, як правіла, вельмі асабістыя: у кожным прысутнічае сам паэт са сваімі адчуваннямі, думкамі і пачуццямі. Аднак яго «я» паўстае не вонкава — яно арганічна сплаўляецца з радком, з кожнай яго клеткай, выступаючы, як голас самога жыцця.

Зборнікі вершаў «Грыбная пара» (1973) і «Начная змена» (1975) вывелі іх аўтара ў першыя рады беларускай паэзіі. Яны сведчылі не толькі пра павелічэнне жыццёвага вопыту паэта, але і пра схільнасць яго да філасофскага паглыблення ў рэчаіснасць.

Усё часова на зямлі, часова… Але жыве дзіцячы смех і слова, У небе сонца, пад гарой — крыніца, І завязі жывая таямніца Гасцюе ў свеце, як раней гасціла. О Беларусь! Мяне ты узрасціла, Дала мне мову, песню, зрок і слых, Каб імі надзяліў дзяцей сваіх…

Паэт імкнецца сцвердзіць важнейшыя каштоўнасці чалавечага жыцця, зразумець і ўсвядоміць дыялектыку пастаяннага і зменлівага. Ён задумваецца над праблемай прагрэсу — руху грамадства да больш дасканальнага стану.

Плыві наперад, Карабель жыцця! Народу мой! Ад нематы збавёны, Плыві да новых дзён Пад ветразем чырвоным, Мінаючы ўсе бухты забыцця!

Аднак шляхі прагрэсу няпростыя. «Усё гучней — трывога пра зямлю, пра хлеб, і лес, і чыстую крыніцу…»

Нам зберагчы б увесь зямны абшар, Каб не наклікаць новыя турботы. Так, перад тым як накапіць нектар, Майструюць пчолы клапатліва соты. Не пашкадуй нектару ім, прагрэс! А што мы самі знаем аб прагрэсе? Маўчыць прагрэс, маўчыць, як цёмны лес.

Паэзія, на думку А. Грачанікава, з’яўляецца ідэйным, маральным забеспячэннем чалавечага прагрэсу («Не сыравіна мы для руху. Хай будзе рух нам для паслуг»). Яе абавязак — мацаваць сувязь чалавека з роднай зямлёй, са стваральнай працай народа, прыродай і гісторыяй. Такая думка прачытваецца ледзьве не ў кожным творы паэта.

Р. Бярозкіна ў зборніку «Начная змена» асабліва ўзрушыў верш «Карло Каладзе». Пра гэты верш знакаміты крытык напісаў спецыяльны артыкул «Калі паэт і паэзія — тэма…» (Літаратура і мастацтва, 1978, 9 чэрвеня). Карло Каладзе, пра якога напісаны верш, — вядомы сучасны грузінскі паэт, з ім А. Грачанікаў не раз вандраваў па Грузіі.

Паплечнік ён І старцу, і герою, Рачулцы горнай, Стромкаму платану. Яго я параўноўваю з гарою, Ні з кім больш Параўноўваць я не стану.

Верш беларускага паэта праўдзіва ўзнаўляе нацыянальны свет духоўнага быцця грузінскага народа.

Не той пясняр, хто голасна спявае І змардаваны ад натугі чэзне, А той, хто сам не ведае, не знае, Чаму народ так прагна паўтарае Даўным-даўно ім складзеныя песні.

«Беларускі паэт, — зазначае Р. Бярозкін, — здолеў перадаць увесь уласцівы паэту грузінскаму жыццёвы аб’ём у яго нацыянальна тыповых рысах душы і прыроды, злітых разам».

Добрых, глыбокіх вершаў у А. Грачанікава шмат: «*** Так. Вечнасці вірлівая рака…», «Вам наканавана ісці далей», «*** На нейкім невядомым рубяжы…», «Пара жніва», «*** Вучуся і ў старых, і ў маладых…» Гэты рад можна прадоўжыць лепшымі вершамі са зборніка «Дрэва на выспе» (1977) — «Марозны дзень», «Чэрвеньскі ранак», «Неба і дол», «Дрэва на выспе», «Салаўіны гай», «Шлюбныя ночы», «Ёсць у жыцці…», «На зрэзе дзён маіх…», «Зоркапад…», «Рытмічны грукат электрычкі…», — што ўражваюць эмацыянальным пранікненнем у сацыяльныя калізіі часу, значнай канцэнтрацыяй думкі і ў той жа час натуральнасцю душэўнага такту, нязмушанасцю лірычнай інтанацыі.

Мяне ўзрушыў вось гэты сціплы па сваіх фарбах эцюд:

А вось і бульба зацвіла. Густы струменіць Пах бульбяны Аж на зарэчныя паляны З памаладзелага Сяла. У гурце Дзівяцца мужчыны, Што палагаднелі жанчыны. І ў хатах Стала больш цяпла… Што значыць — Бульба зацвіла.

Пра што ён сведчыць — гэты надзвычай сімпатычны верш? Несумненна пра тое, што паэт арганічна далучаны да свету перажыванняў і радасцей чалавека (асабліва вясковага), што яму блізкая паэзія яго працоўнага быцця. Адчуваючы яе душой, ён умее перадаць гэтую паэзію ў вершы.

Паміж радкоў, у падтэксце, бачыцца іншае — цана чалавечай радасці, свету, якім папярэднічае нялёгкі будзень, відзён шчыры характар працаўніка, адзінства ў ім «утылітарнага» і духоўнага. «Святочны» — адзін з любімых эпітэтаў паэта.

Святочна нада мной звінеў жаўрук. Над гаем зелянелі аблачыны. І быў святочны іх павольны рух У гэтыя святочныя хвіліны.

Ёсць такое азначэнне «ціхая» паэзія. Пры ўсёй яго ўмоўнасці, гэта цэлы напрамак у сучаснай паэзіі, які можа пахваліцца такімі імёнамі, як Мікалай Рубцоў, Уладзімір Сакалоў, Анатолій Жыгулін, Станіслаў Куняеў і іншыя, чые творы адпавядаюць грамадскім патрэбам часу, сведчаць пра жыццяздольнасць класічнай паэтыкі. «Ціхасць» — прыкметна фармальна-стылёвая (калі памятаць, што форма змястоўная) рыса паэзіі А. Грачанікава, якому экспрэсІ5і мала або зусім не ўласціва. Ён сузіральна спакойны, быццам ведае нейкую асаблівую тайну жыцця.

Разам з тым ён вельмі пластычны.

Верш «Шлюбныя ночы» сваёй пластыкай і сакавітай выяўленчасцю, усёй унутранай атмасферай —

Густую ядранасць наўкол Гайдае выспелая ціша. Ліст у паветры нешта піша І моўчкі падае на дол —

нагадаў мне выдатнае апавяданне К. Чорнага «Вераснёвыя ночы».

Выяўленчая традыцыя, якую развівае А. Грачанікаў,— псіхалагічна насычаная пластыка, непаспешлівасць апісанняў, увага да дэталяў і падрабязнасцей, сакавітасць стылю — у нацыянальным рэчышчы развіцця беларускай літаратуры.

Пэўнае месца ў яго паэзіі займаюць асацыяцыі з галіны жывапісу. Адзін з любімых яго мастакоў — К. Пятроў-Водкін.

Шчырасць, непадробнасць пачуцця, імкненне ісці да абагульнення ад факта жыцця — гэта заўсёды было моцнаю рысаю Грачанікава. Сапраўдных пачуццяў ён патрабуе і ад сваіх герояў. Ён умее заўважыць тыповае ў жыцці.

Цыркачачка! Матацыклістка! — Ату! — услед крычаць. — Ату! Хто ты? Багіня? Аферыстка? Навошта шлем — Ды на фату?

Нявеста і «салідны» жаніх ужо адчынялі дзверы загса, калі падруліў матацыкліст — малады хлопец, якога дзяўчына кахала па-сапраўднаму, і каханне перамагло!

Ажно сціскае вецер скроні, Зайздросна крэкчуць цягачы. А мо ўцякаеш ад пагоні, Ад першай шлюбнае начы? А недзе, сплюшчаны бядою, Упершыню адчуўшы шок, Таксі шукае пехатою Т вой зганьбаваны жанішок. І хто цяпер у свеце цэлым Прыпыніць рух шалёны твой? …Матацыклістка ўся ў белым Над анямелаю шашой.

Яго верш, як бачым, у адным выпадку ўмее быць напеўным, лагодна-рахманым, у другім — рэзкім, адрывістым, дынамічным.

Сёння заўважаецца павелічэнне асацыятыўных магчымасцей яго паэтычнага мыслення. Пра гэта сведчыць верш «Дрэва на выспе», які даў назву адной з яго кніг. Эмацыянальна ёмісты вобраз «дрэва на выспе», якому надакучыў лясны тлум і захацелася «ў цішыні пабыць аднаму», — шматстайны па свайму сэнсу. У ім чытаюцца лірыка-аўтабіяграфічныя думкі пра сцвярджэнне чалавекам свайго прызвання, таленту, імкнення дзярзаць, ісці, нягледзячы на перашкоды, уперад, падаваць прыклад і пракладаць след іншым.

Лірыка А. Грачанікава робіцца больш філасафічнай, разважлівай. Ён хоча ахапіць жыццё ў багацці яго супярэчнасцей, вострых пытанняў — «На ўзлобінах дзялянак баравых я думаю пра мёртвых і жывых». Раз-пораз чуецца ў свеце паэта «самотны голас зязюлі», і думаецца тады: «свет не такі мядовы, свет не такі шчаслівы». Ён прагне спасцігнуць яго сутнасць, і працэс пазнання ў яго не пазбаўлены драматызму («я пахадзіў аднойчы ў мудрацах. Спіна мая і зараз у рубцах»).

Крытыка правільна звярнула ўвагу на новыя матывы ў яго вершах. Р. Бярозкін у рэцэнзіі на зборнік «Круглая плошча» пісаў: «Малады паэт сёння як бы „пераключае“ энергію на тыя непадманна-ўстойлівыя каштоўнасці народнага быту, працы, якія надаюць кожнаму чалавеку, незалежна ад ягонага месца ў практычным жыцці, адчуванне маральнага арыенціру».

А. Грачанікаў мае сваю вёску, сваю радзіму і гісторыю. І гэта — адна з ліній яго паэзіі, лінія, якая ўзмацняецца. Чытачы не абмінулі ў свой час яго верш «Калодзеж капаюць».

Калодзеж капаюць! Калодзеж капаюць!.. Чыстае ўсё на сябе апранаюць. Не сварацца цёткі. Не кураць мужчыны, Як быццам сабраліся тут на радзіны…

Аўтар услаўляе чалавечую згоду, пачуццё калектывізму.

Паэтычны стыль А. Грачанікава, пазбаўлены знешняй экспрэсіўнасці, эфектнасці мастацкіх прыёмаў, павышанай асацыятыўнасці, вызначаецца сваёй унутранай змястоўнасцю, арыентацыяй на глыбіннае раскрыццё духоўных каштоўнасцей сучасніка.

У яго творах вёска адкрываецца часцей за ўсё з пункту гледжання ўчарашняга вяскоўца, які воляю лёсу аказаўся гараджанінам. Аднак яго «карнявіна адвечная» — тут, у старой вясковай хаце.

Тэма роднай хаты, роднага парога — скразная ў яго творчасці. Даўно жывучы ў сталіцы, ён усё ж такі зрэдку прыязджае ў родную вёску. У вочы кідаюцца перамены, якія там адбываюцца. Сёння для яго вельмі характэрны, на маю думку, матыў вяртання на родны парог —

Дым коміна над роднай хатай, Стажок маленькі за хлявом. Стаю ў двары, як вінаваты, Зайсці баюся ў родны дом.

Гэта сітуацыя вельмі паказальная для ўнутранай біяграфіі лірычнага героя. Яна надзвычай сучасная. Зрэшты, вяртаюцца дадому, у вёску, па неаднолькавых прычынах. Прыгадваюцца розныя — «утылітарныя» — патрэбы. Патрэбна ж, скажам, і гараджаніну сала. У вершы А. Грачанікава — пра іншае:

Прыйшоў сюды не на спатканне, Не жабраваць прыйшоў сюды. І не шукаць у хваляванні Маленства даўняга сляды. Не за адным глытком паветра, Што вее з родных берагоў, Ляцеў і ехаў я праз нетры І пехатой сюды ішоў.

У паэзіі шмат залежыць ад эстэтычнай і маральнай забяспечанасці. Адной выяўленчай дасканаласці мала. Трэба, каб за радком стаяла жыццё, паводзіны, лёс. Лепшыя ягоныя творы ўзнаўляюць яго ўнутраную біяграфію пакалення.

У гэтым вершы аўтар якраз і імкнецца глыбока і шматбакова асэнсаваць свае адносіны да роднай хаты, спасцігнуць іх філасофскі корань.

І не крыўдую я на долю, Што з роднай хатай развяла. Нідзе на свеце і ніколі Яна чужой мне не была. І ўсё ж зазначу я нясмела, Употай нават ад сябе, Што наша хата пастарэла У нейкай сцішанай журбе. Бы нешта ёй адной вядома, Чаго і нам не зразумець. Ну вось і ўсё. Ізноў я дома, Каб зноў удалеч паляцець.

Думаецца, гэты верш яскрава выяўляе светапогляд паэта. У ім няма нічога ад так званага «почвенніцтва». Ёсць глыбокі роздум над сучаснасцю, любоў да Радзімы.

Паэзія А. Грачанікава ўзбагачаецца новымі рысамі народнага жыцця, духоўнага свету чалавека. Добра сказана ў яго пра партызанскія салюты: «Свінцова-цяжкім коласам тугім вы леглі ў сноп Вялікай Перамогі». Паэта хвалюе быццё народа, яго паэзія, песня: «Народ без бесні — не ўмее, народ без песні — нямее».

Інтанацыі роздуму — у многіх вершах. Аднак часам ён выступае ў празмерна агульных формах, абстрактна і ўяўна глыбакадумна. «Жыццё, жыццё! Ты не праходзіш бокам, але і не ратуеш ад бяды». Банальнасцей трэба пазбягаць. Менавіта да такой — занадта агульнай — высновы прыходзіць паэт у вершы «Народ і песні»:

Вякамі раны лячыла, Айчына мая. Айчына. Змагалася, ваявала, А песні ўсё ж спявала.

Думка правільная, але, так сказаць, не на ўзроўні А. Грачанікава. Стыль верша, яго інтанацыя не спалучаліся з асобаю паэта. Думка выступае задужа спакойнай, нейтральнай.

Сённяшняя яго паэзія ўслаўляе мудры вопыт часу. Лірычны герой вяртаецца на высечаную баравую дзялянку, але без сякеры і пілы. Яму часцей, чым раней, хочацца пабыць у адзіноце, сярод прыроды, з якой у яго моцныя душэўныя сувязі, адчуванне яе першароднасці.

Аснежаны спакой лясны. Нідзе — ні грукату, ні шуму. Змяняе лёгка дума думу, І свет спагадны і не злы. Ні мудраца і ні прарока, Дыміць крыніца пад гарой. І ўсё балючае — далёка, І ўсё гаючае — з табой.

Адчуванне прыроды пранізвае яго лірычнае перажыванне свету, з’яўляючыся ў значнай ступені маральным арыенцірам, які дапамагае зразумець сваё месца ў свеце, знайсці ўнутраную раўнавагу. Паляшуку родам, які рос на ўлонні прыроды, яму блізкая і зразумелая «асенняя музыка траў». Прырода праясняе душу, абуджае лепшыя пачуцці, вяртае «ад мітусні да яснасці душы». Паэту не па душы голы практыцызм сучасных мяшчан. Сквапнаму свету мяшчан ён супроцьпастаўляе мудрую філасафічнасць прыроды, вясновы світанак напаўняе яго душу прадчуваннем шчасця і дабра. У яго жыве неабходнасць пакланіцца небу і зямлі — «Прырода падсілкуе і прывеціць і забярэ з сабою назаўжды».

Прырода, лес, цішыня вабяць паэта. Яму ўласціва пантэістычнае напаўненне вобразу, нават калі ён гаворыць пра сённяшнія сацыяльныя праблемы.

На зрэзе дзён маіх, Як быццам на камлі, Растуць трывогі часу і зямлі.

Значнае месца ў паэзіі А. Грачанікава займаюць касмічныя матывы, якія сведчаць пра ўзбуйненне яго сацыяльных і інтэлектуальных даляглядаў.

Таемна з вышынь Стажары Глядзяць на род чалавечы. Што бачыцца ім, што сніцца? Што хочацца ім сказаць? Ноч. Пара касавіцы. Вельмі рана ўставаць.

Касмічнае ў яго знітавана з зямным, штодзённым — адно без другога не існуе.

Апошнім часам паэт усё часцей звяртаецца да жанра паэмы. Помніцца яго паэма «Бясконцыя рэйкі» (1976), якая пачынаецца панарамай вакзальнага шматлюддзя: «Краіну, нібы ў разрэзе, заўсёды можна ўбачыць тут». Вакзалы… Ёмістае паняцце, яно пра многае гаворыць чалавеку XX стагоддзя. «Праз вас, як быццам эшалоны, прайшлі суровыя гады».

Тэма гэтая, як вядома, не новая для савецкай паэзіі. Зрэшты, у кожнага — свой вакзал…

На тым вакзале, які асабліва запомніўся паэту, цыганка спявала песню, спявала: «як умела», ад душы. Аўтар пытаецца, як магла зберагчыся, захавацца гэта песня «на скрыжаванні ўсіх эпох», сярод жыццёвай мітусні? Гэта першае пытанне, якое ён ставіць, але не спыняецца на ім, а пераходзіць да другога — «чаго мы ўсе на свеце варты?»

Жыццё, перш за ўсё сваё жыццё, паэт метафарызуе ў паняцці «магістральнай паласы», але глыбока не раскрывае яго, абмяжоўваючыся агульнымі намёкамі: «І я даваў. І мне давалі, ці гаспадар быў я, ці госць…»

Адначасова магістраль — гэта і чыгунка, дзе і паэту, і ягонаму герою некалі давялося працаваць, жыць і дружыць з сябрамі-таварышамі. Пагляд у мінулае напомніў яму маленства, гаркату блакадных дзён вайны («На ўсё жыццё ваенны час на мне свае узоры вышыў»). Паэма напоўнена пачуццём удзячнасці ўсім добрым людзям, што трапілі на жыццёвым шляху. Машыністу Яўмену, што вучыў маладых:

— Шануйце, хлопцы, зрок і слых, Больш думайце, менш гаварыце…

Словам, «Бясконцыя рэйкі» — гэта роздум аб жыцці — «мінулае і перспектыва з узростам бачацца ясней». Але твору не заўсёды стае эпічнага дыхання і дзеяння, псіхалагічнай заглыбленасці, грунтоўнасці.

Больш глыбокім творам уяўляецца мне яго паэма «Палескі трохкутнік» (1982). За фантастычнымі прыгодамі яе героя Яўхіма, які падаўся «ў госці» да іншапланецян, бачны рэальны «сюжэт» гэтай рэчы. Гаворка ідзе пра тую палескую зямлю, што месціцца ў «трохкутніку» паміж Гомелем, Лоевам і Рэчыцай. Гэта — радзіма паэта, зямля, багатая на цікавых людзей. А. Грачанікаў расказвае пра гераічную гісторыю роднага краю, пра яго непаўторнае прыроднае аблічча. Па ўсім адчуваецца, што аўтар нераўнадушны да сваіх родных мясцін, што ён ведае іх і моцна любіць. І гэта немалаважная акалічнасць плённа адбілася на стылёвым ладзе паэмы, надаўшы ёй своеасаблівай «рэгіянальнай» непаўторнасці.

Кнігі А. Грачанікава, бясспрэчна, сведчаць пра самабытны талент паэта, яго адметную індывідуальнасць і вялікія магчымасці мастацкага асваення свету. У лепшых творах паэта вабіць глыбіня і прыгажосць мастацкага слова, духоўная насычанасць, напружанасць маральнага пошуку.

Гэта — перспектыўная лінія яго творчасці.

Разгадваючы тайны быцця (Яўгенія Янішчыц)

Паэты з’яўляюцца нечакана.

Невядомае імя — Жэня Янішчыц — пракінулася на старонках рэспубліканскага друку (а потым і выйшла за яго межы) недзе ў сярэдзіне шасцідзесятых, разам з імёнамі Алеся Разанава, Казіміра Камейшы, Леаніда Дайнекі, Юркі Голуба і іншых на той час зусім яшчэ маладых паэтаў. Толькі што ў літаратуру ўлілася магутная хваля іх папярэднікаў — Р. Барадулін, Е. Лось, Г. Бураўкін, П. Макаль, У. Караткевіч, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч, Д. Бічэль, Ю. Свірка, М. Арочка, Я. Сіпакоў…— пакаленне, трывала змацаванае адзінствам жыццёвага вопыту, горкімі перажываннямі ваенных год, глыбінёй уражанняў, пра якія яны таленавіта расказалі ўжо ў сваіх першых кнігах. Новага ўсплёску быццам бы не прадбачылася (літаратурныя хвалі ўзнікаюць як вынік значных сацыяльных падзей і зрухаў), і тут раптам з’яўляецца новае «племя» — маладое, пакуль што незнаёмае. Праўда, на гэты раз маладыя паэты ішлі не такімі шчыльнымі радамі, як іх папярэднікі, але пэўныя спадзяванні, трэба сказаць, спраўдзілі, выбіраючы свае, нязведаныя шляхі ў літаратуры.

Над першай сваёй кніжкай — «Снежныя грамніцы» — Яўгенія Янішчыц (к таму часу яна стала з Жэні Яўгеніяй і вучылася ўжо, помніцца, на апошнім курсе універсітэта) працавала шмат і доўга. Выйшла кніга ў 1970 годзе.

Адна справа — вершы, рассыпаныя па перыёдыцы, калі сустракаеш іх час ад часу, асобна ці нізкаю, другая — калі яны сабраліся пад адну вокладку, у кнігу, тым больш першую. Гэта — істотная. Індывідуальнасць паэта праяўляецца паўней, набывае новыя якасці, правярае сваю сапраўднасць, бярэцца на іспыт. «Снежныя грамніцы» такі іспыт вытрымалі.

Першая кніга запомнілася натуральнасцю, маладосцю, а галоўнае — непрыдуманасцю пачуццяў. У ёй неяк лёгка, прыгожа і тонка адбіўся юнацкі свет паэтэсы — уражанні, хваляванні, мроі:

Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Пачынаецца ўсё з любві, Нават самая простая з’ява.

Малады голас гучаў надзвычай шчыра, арганічна:

Хаджу па нівах, па лугах азёрных, Начую летуценна ў будане І думаю, чаму мне так прасторна? І песня прылятае да мяне… Прыносіць мне дары свае дуброва — То верас, то крыніцу, то грыбок. Уліваецца, нібы ручай, у мову Палескі нетаропкі гаварок.

Тут можна было заўважыць нават пэўную сінкрэтычнасць паэтычнага пачуцця — першапачатковую як бы непадзельнасць яго на тэмы, ідэі, вобразы. Маладая паэтэса «выспеўвала» сябе, сваю непасрэднасць, успрыманне свету.

Д. Бугаёў у рэцэнзіі на «Снежныя грамніцы» трапна сказаў: «…гэта маладосць гаворыць так натуральна і свабодна, што часамі нават ствараецца ўражанне, нібы вершы Яўгеніі Янішчыц нараджаюцца як бы самі сабой» (Полымя, 1971, № б, с. 213).

«Будзь мне мамай, Радзіма мая»; «дзень добры, булькатлівая крыніца, давай уперагонкі пабяжым»; «і на слёзы першыя і смех — белаю бяссонніцаю снег»; «пачынаецца ўсё з любві — першы поспех і першыя крокі» — гэтыя і іншыя душэўныя жэсты вабілі сваёй эмацыянальнай паўнатою, чалавечай адкрытасцю і сведчылі пра несумненныя здольнасці аўтара. Хвалявалі нават яе юнацкі наіў, рамантычнасць гераіні, нязмушанасць лірычнага перажывання.

Многія, хто пісаў пра першую кнігу Янішчыц, прыводзілі адтуль наступны верш, вельмі характэрны для яе індывідуальнасці:

Да сустрэчы. Да сустрэчы. Белы вецер. Сіні дзень. Ходзіць сонца па зарэччы Па калені у вадзе. Над ракою дзве вярбіны — Дзве журботныя сястры. Па-над цёплай лугавінай Ноч запальвае кастры. Старажытных соснаў веча, Птушак грай і смех людзей. Да сустрэчы.              Да сустрэчы. Сіні вецер.              Белы дзень.

У ім відаць якраз тая «сінкрэтычнасць» перажывання, нават пэўны «міфалагізм» (як рыса паэтычнага ўспрымання рэчаіснасці) мыслення, пра што я гаварыў вышэй, характарызуючы творчае аблічча маладой паэтэсы. Ён — верш «Да сустрэчы» — адзін з лепшых у гэтай сімпатычнай кнізе.

Паэтэса адкрывала свет па-свойму, не абмінаючы, між іншым, народна-песенных інтанацый, якія гучалі ў яе не сказаць каб свежа, але даволі ўпэўнена:

Я расой абмываю ногі, На вірлівую ваду Праганю тугу-трывогу, Сыпкім берагам пайду. Ты скажы мне, рэчка Лана, Падкажы, палын-трава, І чаму баліць ад рання Маладая галава?

Былі, зразумела, творы, дзе перажыванні выглядалі больш псіхалагічна індывідуалізаванымі, сваімі:

У добры шлях! У добры час! Трывога адкалосіцца… Смяешся ты — і я ў адказ, Хоць смех на слёзы просіцца.

Паэтэса пачынала разумець складаную дыялектыку пачуццяў сваёй гераіні, іх адценні. У жыцці, адчувала яна, нярэдка так і здараецца…

Словам, гэта была сур’ёзная заяўка на цікавы лірычны характар. Знешніх адзнак часу тут было не шмат, тым не менш вершы былі вельмі сучасныя па гучанню, па самому паэтычнаму ладу. Паэтэса ішла «ад сябе». Логіка яе — перш за ўсё эмацыянальная.

Сёння шмат разважаюць пра сутнасць паэтычнага — пра «тайну» паэтычнага феномена. Паэзія Я. Янішчыц не выклікала сумненняў у сваёй сапраўднасці, і «тайна» ў ёй была. Мне яна бачыцца ў своеасаблівасці лірызму паэтэсы — празрыстага, ціхага, някідкага, песенна-плаўнага. Яўгенія Янішчыц — лірык перш за ўсё, цалкам і поўнасцю. У яе радку вабіла магіл тону, гуку, музыкі, якія прыцягвалі да сябе, нібыта закалыхвалі і зачароўвалі. Аснову яе інтанацыі складалі музычнасць, напеўнасць радка — матэрыяльнасць, пластычнасць быцця і свету цікавілі яе менш. Дзве вярбіны над ракою, ноч, кастры — з верша «Да сустрэчы» — не столькі рэальныя, колькі ўмоўныя, узятыя паэтэсай з народна-песеннай стыхіі. Тое ж самае можна сказаць і пра расу, палын-траву і г. д.

Лірызм паэтэсы, асабліва ў першай кнізе, існаваў па-за знешнім светам прадметаў і рэчаў — як іх эмацыянальна-песенны адбітак, як гук і мелодыя. І першай кнізе такая акалічнасць не шкодзіла. Аднак надалей трэба было, каб лірызм змяшчаўся ў саміх прадметах, а не прыдаваўся звонку — з іншых сістэм і паэтак. (Зрэшты, гэта — яе праграма і на будучыню.)

Ёсць у літаратуры паняцце «жаночая лірыка». Яна мае свае вяршыні ў сусветнай паэзіі. Леся Украінка, Марына Цвятаева, Ганна Ахматава, Саламея Нерыс… Па-рознаму праяўляецца ў іх жаноцкасць, не перашкаджаючы, між іншым, гучанню матываў па-сапраўднаму грамадзянскіх.

Жаноцкасцю, суладдзем, ласкай павеяла ад першай кнігі Янішчыц:

Прыедзь у край мой ціхі, Тут продкаў галасы, Тут белыя бусліхі І мудрыя лясы. Хапае на Палессі І сонца і вады. І што ні двор — то песня, Што вёска — то сады. Па травах светла-шызых Мы пройдзем ля ракі, Дзе, мыючы бялізну, Вядуць сваё жанкі…

Жаноцкасць у паэзіі Янішчыц звязана якраз з музычнасцю яе верша, некаторай ідэалізацыяй рэчаіснасці, інтымнымі інтанацыямі, унутранай даверлівасцю, схільнасцю да эмацыянальнага абжывання свету. І наўрад ці меў падставы Д. Бугаёў у спрэчцы з А. Грачанікавым, які ў артыкуле «Ручаіны дзён маладых» даводзіў, што «Снежныя грамніцы» хвалююць і «першароднасцю пачуццяў і думак», і «кволасцю і безабароннасцю перад людзьмі і светам». З «першароднасцю пачуццяў» Д. Бугаёў згодзен («гэта святая праўда!» — ён), з «кволасцю і безабароннасцю» — не. І дарэмна. Сфера паэтычнага ў Янішчыц, прынамсі ў першай кнізе, уключала, думаецца, і эстэтычна змястоўную кволасць гераіні, і яе безабароннасць перад светам.

У далейшым, зразумела, дабрата і безабароннасць паэтэсы і яе гераіні мелі патрэбу ў развіцці актыўна-гуманістычнага пачатку, каб не патраціць талент на дробязі, на апяванне малаістотнага.

Жыццё Яўгеніі Янішчыц пачалося на вясковым улонні. Нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна. Каларыт Палесся перайшоў у вершы, дзе можна напаткаць і вёску з прыгожай назвай Велясніцы, і раку Лану, і сімпатычныя постаці землякоў паэтэсы — цётку Клаву, дзеда Цішу, Усцінню і іншых. Ад гэтага паэзія яе не зрабілася рэгіянальнай, наадварот, заснаваная на зямных, жыццёвых пачуццях, яна стала яшчэ больш сімпатычнай, праўдзівай.

Паэтэса цэніць у сваіх земляках, сучасных палешуках, працавітасць, душэўную трываласць, чалавечнасць. Адчуваецца, што яна як мастак вельмі шануе народны характар — і ў гэтым маральна-этычная аснова яе творчай пазіцыі, якая многае вызначае ў яе паэзіі.

Палескі каларыт адбіўся не толькі ў назвах, імёнах, персанажах. Ён пранік у паэзію Янішчыц глыбей, абумовіўшы яе самыя няўлоўныя эстэтычныя адценні — музыку, колер, настрой, увесь духоўны кантэкст, звязаны з народным складам паэтычнага мыслення.

Вёска — як малая радзіма — з’яўляецца на кожным вітку творчага шляху паэтэсы вельмі жаданым пунктам вяртання яе з жыццёвых вандровак:

Таму і жыць, і жыць мне тут заўсёды, Любіць твой дух настойна-смаляны, Пакуль бруяцца бэзавыя воды І як стагоддзі роднае прыроды — Стаяць на вечнай варце валуны.

Палеская тэма — як тэма вёскі, маральных каштоўнасцей народнага жыцця — у разнастайнасці адценняў праходзіць праз усе яе кнігі: «пахне кмінам, зорамі палае ціхае палескае сяло» (зборнік «Дзень вечаровы»).

Доўгія шляхі і павароты, Звабны бляск, і мітусня, і шум Аціхаюць,              калі мне вароты Вёска адчыняе, як душу.

Неяк, разважаючы пра вядомы зборнік Канстанцыі Буйло «Курганная кветка», Янішчыц падкрэслівала невыпадковасць назвы — «Курганная кветка». Такая невыпадковасць ёсць і ў самой Янішчыц. Помню, мяне здзівіла назва — «Снежныя грамніцы». Даўняе, «праславянскае», язычаскае, можна сказаць, слова «грамніцы» паэтэса вынесла на вокладку. Чаму? Якую сувязь яно мела са зместам кнігі? Пра гэта здагадаўся не адразу. Цяпер хачу падзяліцца некаторымі меркаваннямі на гэты конт.

Назва — «Снежныя грамніцы» — не для таго толькі, каб здзівіць чытача свежым, «росным» словам. Тут, у гэтых двух пявучых словах, я чытаю пэўны падтэкст. Паводле старажытна-язычаскіх павер’яў, «грамніцы» — дзень 15 лютага, калі зіма сустракаецца з вясной; у гэты дзень (ці ў які іншы, «суседні») здараецца, што ў зімовым небе неспадзявана прагрукоча гром. У «Снежных грамніцах» ёсць пра гэта радкі:

Рана ўсталі маладзіцы Ды да студняў за вадой — Праславянскія грамніцы На радзіме лугавой. Непаўторныя мінуты Бальшакоў і блізкіх сёл: Хоць лютуе люта люты — Неба ясніцца вакол.

Гром — зімой! Калі яго ніхто не чакае! Гэтаксама нечакана, выклікаўшы здзіўленне, прагучала песня нашай паэтэсы: талент — заўсёды нечаканасць. Вось у чым для мяне сэнс назвы, якая ўяўляецца своеасаблівым, «янішчыцкім» паэтычным вобразам, увасобленым у адпаведную мастацкую форму, арыгінальнасць якое надае тонкая інструментоўка на пявучасць, меладычнасць.

Ёсць свой змест і ў назвах другой і трэцяй кніг — «Дзень вечаровы» і «Ясельда» з іх выразнай гукавой інструментоўкай і ўнутранай устаноўкай на народнае.

Вершы Янішчыц, і асабліва першы яе зборнік, былі прыхільна сустрэты паэтамі і крытыкамі.

З прыязнасцю пісаў пра паэтэсу Ніл Гілевіч. Ён вельмі правільна і тонка адзначыў (маючы, у прыватнасці, на ўвазе верш «Да сустрэчы…»): «Адна з асаблівасцей лірычнага самавыяўлення ў Янішчыц заключаецца ў тым, што не заўсёды можна з поўнай вычарпальнасцю сказаць, пра што напісаны верш… Гэта — паэзія, якая нячутна, накшталт сонечнага святла, уваходзіць у цябе, каб выклікаць у душы і сэрцы такі ж вясенні сонечны настрой, каб і ты, падуладны яе магічным чарам, прычасціўся да радасці і ўрачыстасці жыцця».

Высокая ацэнка!

Ясна было, што маладая паэтэса ведае магчымасці слова, хаця верш яе, на першы погляд, здаваўся залішне традыцыйным і даволі сціплым і немудрагелістым. Паэтэса выказвалася з дзіўнай лёгкасцю і непасрэднасцю. Пытанне аб майстэрстве, здавалася б, і не стаяла. Аднак прастата яе верша не мае нічога агульнага са спрошчанасцю. Паэзія тут добра ўзгоднена з «паэтыкай», форма са зместам. Аўтару вядомыя сіла гукапісу і ўвогуле значэнне актыўнай формы, здольнай дынамізаваць змест.

Сані, сані… Даль за палазамі. Добрае, спакойнае святло. Сыпле снегам, Дыша маразамі Роднае палескае сяло…

Унутраная і знешняя форма гэтых радкоў вельмі збліжаныя. Слова выклікае гук, гук узбагачае сэнс і ўяўленне.

«Ёсць усе падставы сцвярджаць, — вельмі слушна гаварыў у той жа рэцэнзіі Д. Бугаёў,— што як быццам даволі традыцыйныя па форме, не абцяжараныя штучнай мудрагелістасцю, вершы Янішчыц на самай справе не такія простыя, як можа здавацца спачатку, Іх прастата мае за сабою значную паэтычную культуру».

Тут з крытыкам можна поўнасцю згадзіцца.

Паэтэса ўмее ствараць інтанацыю. Дзеля гэтага парушае традыцыйныя памеры, апускае асобныя склады, танізіруе верш, выразна інструментуе радок.

І самае галоўнае ў мастацтве Я. Янішчыц — народная аснова, якая арганічна пераплятаецца з сучасным «утокам» — той паэтычнай культурай, пра якую пісаў Бугаёў.

Прыгледзьцеся да наступнага верша (са «Снежных грамніц»):

Долу далонь. Дарога крутая. А за спіною бор вырастае. Ты ў бары ваду бяры. Не шапчы на вушка. Зажуруся без пары Па залётных птушках. Ой ты, бор векавы, Зялёная мята. Не падняць галавы, Не дайсці да хаты… — Да-а-вя-дзі-і! — Рэха даль гукае. Пераблытаўся шлях і вечар. Долу далонь —                на развітанне. Песня — на сустрэчу.

Сімпатычны верш! Як хораша спалучыліся ў ім сучаснае і народна-частушачны матыў, абумовіўшы псіхалагічнасць пачуцця, яго гнуткасць і рухомасць.

А вось верш з кнігі «Ясельда» — з іншага псіхалагічнага кантэксту:

Для сваёй адзінае дачушкі На вякі (вядома ж, на вякі!) Вышыла матуля мне падушкі, Лёгкія,              як дым,                           пухавікі. Вунь яны,                прывезеныя з дому, Хораша цвітуць, як сенажаць. …Ты даруй мне, мама, што мілому, Так, як ты, не ўмею мякка слаць.

Сёння шмат гавораць пра асацыятыўны пачатак, звязаны з разнастайнымі ўмоўнасцямі. У Янішчыц эфект асацыятыўнасці дасягаецца іншымі — больш традыцыйнымі — сродкамі.

У яе кнігах, па сутнасці, няма кніжнасці, літаратуршчыны, якая вельмі замінае маладым паэтам, асабліва пачаткоўцам. Янішчыц шукае натхнення ў жыцці, звяртаецца да жывога народнага слова. Яе паэзія прарастала галасамі продкаў — касцоў і жней. «Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта» — гэты матыў, які так ёміста адбіўся ў паэзіі Аляксея Пысіна, хвалюе і мастацкае ўяўленне Янішчыц.

І ўсё ж такі пытанне сувязі з жыццём не здымалася. Каэфіцыент яго пераламлення ў яе творах трэба было пастаянна павялічваць.

Першая кніга з «сінкрэтызмам» яе агульнаэмацыянальнага тону, засведчыўшы несумненныя здольнасці паэтэсы, падказвала патрэбу ў большым «зазямленні» яе паэзіі, у звароце да канкрэтыкі, забеспячэнні эмоцыі канкрэтнасцю і дакладнасцю паэтычнага выяўлення.

Другі зборнік, «Дзень вечаровы», выйшаў толькі праз чатыры гады — у 1974-м.

У другой кнігі заўсёды ёсць свая асаблівасць: часам здараецца, што на яе паэта не хапае. Пра «Дзень вечаровы» так не скажаш — там ёсць шэраг удалых вершаў. Але кнігай — этапнай кнігай — ён, на мой погляд, не стаў. У лепшым выпадку абазначыў пачатак нейкай новай паласы ў творчасці паэтэсы.

У ім яна прадоўжыла тэму «Снежных грамніц»:

Люблю,              калі сыдуць марозы: Бясконцы раздольны прастор — Зялёная радасць бярозак І сіняя радасць азёр.

Тут таксама шмат музыкі, меладычнасці, напеўнасці. Але адчування таго, што паэтэса хоча сказаць нам нешта вельмі важнае, істотнае, — такога адчування няма. Новай песні быў патрэбны «і крыгалом, і дождж», які мог бы расчляніць юнацкую «сінкрэтычнасць» мыслення, надаць мысленню аналітычнасці.

У першай кнізе Янішчыц з першага ж верша ўзнікае тэма Радзімы, якая некалі «быццам маці… за руку ўдалячынь павяла».

У другой яна атрымала працяг:

Колькі па свеце схадзілі, Ператапталі бяды, Толькі дыханне Радзімы Кліча здалёку заўжды.

Аднак усё ж такі паняцце Радзімы патрабавала большай як сацыяльнай, так і духоўнай напоўненасці і асабістай акрэсленасці. Паступова гэтыя якасці з’яўляліся. Умацоўвалася асабістасць у адносінах да свету.

Цяпер паэтэса пыталася:

Хто я ў лясах тваіх, Радзіма? Радзіма, Хто я ў палях?

Што там, наперадзе — «дарога, бездараж, спакой?..» Узнікае матыў трывогі, прадчуванняў — «прыйшла ў сад, які ўвесь барвовы!..» А думала: «Прыйду ў зялёны сад…»

У «Снежных грамніцах» прысутнічаў «наіў» як адна з граняў паэтычнага. Ён не шкодзіў першым вершам. Дарэчы, паэтэса ўмела абыграць і сам «наіў», надаўшы яму пэўную эстэтычную значнасць. Захапленне жыццём, замілаванасць (праўда, без лішняга пафасу) чыталіся амаль у кожным вершы. Тут з’явіўся матыў няўпэўненасці — «як за падманам, за туманам іду павольна над ракой…». Для маладой, уражлівай душы такія адчуванні, думаецца, натуральныя. Як-ніяк, надыходзіў узрост сталасці…

Першая кніга сведчыла, што паэтэса здольная была заўважаць і некаторыя супярэчнасці навакольнага жыцця, «крыгалом бяды», чалавечы боль, драму і нават трагедыю («У бабулі Паланеі пяць сыноў і пяць магіл», або пра цётку Клаву — «на чатыры пакоі адна»). Але з цягам часу больш глыбокае ўспрыманне свету павінна было ісці поруч з больш глыбокай сацыяльнай насычанасцю вершаў.

Прыхільнікі таленту паэтэсы чакалі ад яе далейшага ўзмацнення цікавасці да таго, што называюць сапраўдным драматызмам эпохі. Адзнакі яго можна было адчуць у вершы «Жанчына мыла і маўчала…». Гаворка ў ім ішла пра ўдаву, муж якой не вярнуўся з вайны:

Жанчына чуйна ўспамінала На схіле жнівеньскага дня… Як вышыванка, расцвітала Над удавою вышыня. А заўтра рана уставаць… А заўтра зноў чаканне пошты… Яна не ведала, навошта Кашулю брала паласкаць.

Драматызм выразна выступае ў вершах-рэквіемах, прысвечаных памяці Змітрака Астапенкі, Міколы Сурначова, Лёні Якубовіча, а таксама ў такіх радках: «Як лёгка ступаць па дарозе, як цяжка праходзіць жыццё!» — гэта гучыць як вывад з перажытага.

Добры верш «Цётка Воля», у якім гаворыцца пра тыповую для нашага часу сітуацыю: павырасталі дзеці і раз’ехаліся па белым свеце, пакінуўшы родную хату, бацькоў. І засталася цётка Воля адна…

Прыкметай жыццястойкасці таленту Янішчыц з’яўляецца яе пастаянны роздум над сваім творчым шляхам: «Вельмі часта адмаўляюць апісанне як „голую эмоцыю“. І выстаўляюць на першы план паэзію думкі. Так, А. Вярцінскага і П. Макаля адносяць да „рацыянальных“, а Р. Барадуліна і В. Вярбу да „эмацыянальных“ паэтаў.

Але, прашу дараваць, усе гэтыя тэрміны дастаткова ўмоўныя. Час бярэ сваё, і нельга ўжо цяпер забывацца нам пра самае галоўнае — пра сінтэтычнасць мастацтва. Бо пачуцці або думка паасобку ніколі не змогуць даць нам цэласнага ўражання».

У «Дні вечаровым» Янішчыц больш задумваецца над сваім прызваннем, месцам у жыцці. З’яўляецца вобраз «чайкі над залівам», з якой яна параўноўвае сябе:

Я і сама паміж вятроў Уся — палёт суровы, Калі шукаю, як сяброў, Загубленыя словы.

Гэта — не поза. Якая б то ні была — поза для Янішчыц выключана. Закон яе — натуральнасць. Паэзія для яе — жыццяпіс. Працытаваныя радкі сведчаць пра шматстайнасць жыцця, сярод якога яна апынулася, пра яго супярэчлівасць, цяжкасці.

«Са мною, песня, разам пакутуй і мудрэй», — гаворыць яна ў другой сваёй кнізе. У ёй — у параўнанні з першай — шырэй тэматыка. «…Гарыць касцёр дзесь у далёкім Чылі, а іскры залятаюць да мяне».

Кола трывог пашыраецца…

Некалі ў адным з артыкулаў (пасля выхаду першай кнігі) Я. Янішчыц пісала, што «развіццё паэзіі цесна звязана з ростам асобы, з яе духоўна-асабістым пачаткам. І паэзія нараджаецца тады, калі ў душы самога творцы адбываецца значны духоўны пераварот…»

Сказана шчыра і правільна.

Дорачы мне некалі першую сваю кнігу «Снежныя грамніцы», Жэня Янішчыц напісала на першай старонцы: «Успомніце калі-небудзь, як палеская Ясельда выходзіць са сваіх берагоў…» Калі гэты вобраз дастасаваць да творчага шляху паэтэсы, то можна сказаць, што Ясельда выйшла з берагоў не ў першай кнізе і не ў другой, а ў трэцяй, якая так і завецца — «Ясельда». Справа, вядома, не ў назве.

«Ясельда» — гэта адчуванне прастору, якое ўвесь час расло ў лірыцы Янішчыц, вяртанне — на новым вітку жыццёвага вопыту — на «кругі свае».

Знешне паэтэса хоча паказацца вельмі спакойнай (лірызм яе ніколі не быў задужа тэмпераментны). Але ў зборніку «Ясельда» павялічыліся, на мой погляд, духоўная запоўненасць верша, лірыка-драматычны падтэкст: «Прывяла песня на губах ці не таму, што знала страты?..» Паэтэса глыбей заглядвае ў чалавечую душу, імкнецца ўзняцца над «стратамі», горнецца да людзей.

Унутрана блізкім ёй становіцца стары Салавей (з аднайменнага верша) з яго спакойнай думай:

Што хутка снег пакрые паплавы, Скуе мароз загоны да астатку, І каб на зіму скошанай травы Хапіла ўдосталь маладому статку.

І хай гэтым радкам не стае сацыяльнага тэмпераменту, абвостранасці, яны сведчаць, што ход думак ідзе плённым шляхам.

У паэзію паэтэсы ўваходзяць лёсы аднавяскоўцаў. Яе ўвагу прыцягнула жыццё Усцінні, што адна гадуе дачку і не верыць у здраду мужа. У першай кнізе маладая паэтэса прызнавалася: «Не шукаю гаманлівай славы і вучуся сціпласці ў кабет». Цяпер яна напісала цудоўную «Баладу вернасці», прысвечаную вясковым жанчынам.

Да вас бяжыць знаёмая дарога, Да вас вязу няпэўны свой настрой. А вы адкуль з такою дабрынёй І да мяне, і да майго малога?

Праўдзівыя, нявыдуманыя пачуцці, нязмушаныя, шчырыя рухі душы…

Некалі ў самых першых вершах загучала тэма кахання — вельмі пяшчотная, інтымная. Яна атрымала працяг ў «Дні вечаровыя», «Ясельдзе». Адзін з удзельнікаў нядаўняй дыскусіі «Паэзія і свет», якая вялася на старонках «Литературной газеты», гаворачы пра тэму кахання ў сучаснай лірыцы, заўважыў, што гэта — адна з рэдкіх тэм сённяшняй паэзіі, што цікавасць да яе паслабла. Паэзія Янішчыц даказвае адваротнае. Асабліва ў зборніку «Ясельда».

У «Ясельдзе» сэрца гераіні ахоплена каханнем:

Дай бог з табою мне не сустракацца, Застанься там,                      на беразе,                                     дзе мы Яшчэ не ўмеем нават цалавацца, Не адчуваем холаду зімы.

Сёння лірычнае пачуццё Яўгеніі Янішчыц стала больш складаным і шматгранным, набліжаным да складанасці самога жыцця.

У вершах пра каханне жыве «жаночая памяць сэрца». Сярод іх ёсць прыклады паўнакроўнай лірыкі — хвалюючай і драматычнай:

Няпраўда, ужо не сумую, Але, затуманіўшы зрок, На ўсіх скрыжаваннях раўную Твой голас, твой позірк, твой крок. Блакітам поўняцца яблыкі Славянскіх адкрытых вачэй. Мне сёння любіць безаглядна Высокая выпала чэсць. Да смагі, да хрусту, да болю, Да самай апошняй з мінут Іду і бягу за табою, Зрываючы путы пакут. О божа, няпраўда, што свята У мяне засталося на чвэрць, Я сёння настолькі багата, Што ўжо не баюся збяднець!

Але не ўсе інтымныя вершы такія. У некаторых пачуццё выступае збедненым, адналінейным — гэта асабліва там, дзе гераіня гаворыць пра сваё расчараванне, пра няспраўджаныя надзеі. Трэба быць вышэй.

Крытыка заўсёды называла талент Янішчыц шматабяцальным. Сёння мы можам сказаць: многія абяцанні спраўдзіліся.

І для Яўгеніі Янішчыц наступіла пара падрахункаў і справаздач. Ранейшая яе гераіня, з якой мы пазнаёміліся ў «Снежных грамніцах» — бесклапотнае дзіцё, — знікла беспаваротна. Жыццё пачынаецца нанова. Узмацняецца маральнае, грамадзянскае стаўленне да рэчаіснасці.

Лірызм набывае характар нарысавасці ў лепшым значэнні гэтага паняцця — у значэнні дакладнасці малюнка і істотнасці таго, што паэтэса хоча сказаць. Прывяду верш «Сінін» (Сінін — назва палескай вёскі).

Тут, дзякуй богу, ўсе здаровы: Калі прывык хварэць калгас! …На красавіцкі луг карова Вядзе цялятка ў першы клас. Дзівуецца                зямляк з-за мора На незвычайны ў вёсцы план, Дзе ў кожнай хаце па шасцёра Малых і шустрых сінічай. А вёска з попелу ўваскрэсла — Пад Сініном Сінін крычыць. Ды за бяседнай чаркай песня Яшчэ з-пад кораня гучыць. Нясе учэпіста вядзерца ў малой руцэ даярчын сын. …Не прывядзі разбіць мне сэрца Аб немату тваю, Сінін!

У «Ясельдзе» шмат выдатных вершаў — «Балада вернасці», «Марыля», «Бацькава дарога», «Вёсцы», «Спыню свой крок…», «Апавяданне пра жытнёвы сноп», «Ясельда», «Не дакарала, не журыла…» і іншых — з уласцівай для іх шырокай заглыбленасцю, калі не абмінаюцца супярэчнасці, складанасці, праблемы жыцця, калі сваё арганічна сінтэзуецца з агульным, выпрабоўваецца ім.

Дасягненні, якімі была адзначана «Ясельда», замацаваліся ў новым зборніку лірыкі «На беразе пляча» — 1980 год. Ён сведчыць, што цікавасць да чалавечых лёсаў у паэтэсы паглыбілася. Яна ўмее заўважыць і ацаніць унутраную прыгажосць чалавека.

Цяжкія ў Матроны Зрок, галава, Слязу аброніць — Жухне трава. Глухая да песні, Матрона пяе: «Куды ж вас панесла, Сыночкі мае?»

З вершаў Я. Янішчыц паўстае ўнутраны свет сучаснай жанчыны, яе любоў да жыцця, працавітасць, шчасце мацярынства, хараство і дабрыня. Яе паэзія шматструнная, у ёй знаходзім плённае зліццё самых шматстайных імгненняў, з якіх складваецца наша жыццё.

«І дзякуй лёсу, — гаварыла паэтэса ў адным з нядаўніх інтэрв’ю, — што, прыглядаючыся да краю свайго, да людзей, непазбежна ловіш сябе на думцы аб супярэчлівых тайнах быцця».

Станаўленне паэтэсы працягваецца. Ёсць падставы верыць у яе новыя поспехі.

Замест заключэння

Гарыць вогнішча…

Далёка не ўсе постаці тых, хто знаходзіцца вакол яго, адлюстраваліся ў гэтай кнізе. Варта было б расказаць і пра Сцяпана Гаўрусёва, Алега Лойку, Міколу Арочку, Дануту Бічэль-Загнетаву, Рамана Тармолу, Уладзіміра Паўлава, Веру Вярбу, Кастуся Цвірку, Янку Сіпакова і пра многіх іншых. Аднак і тыя, з кім мы тут сустрэліся, сведчаць, што паэзія рухаецца шырокім фронтам творчых пошукаў, што яна надзвычай разнастайная.

Н. Гілевіч вельмі дасціпна пісаў на гэты конт: «Наша беларуская паэзія мне ўяўляецца нашым жа беларускім лесам, дзе вельмі хораша і зусім натуральна суседнічаюць усе пароды дрэў, што растуць адвеку на гэтай зямлі, на берагах Дняпра і Сожа, Немана і Буга, Дзвіны і Віліі, Прыпяці і Пцічы, Бярэзіны і Гайны, Свіслачы і Шчары…» (Літаратура і. мастацтва, 1969, 18 ліпеня).

Сацыялізм мае патрэбу ў такіх развітых мастацкіх індывідуальнасцях. Буржуазныя літаратуразнаўцы нярэдка папракаюць нас тым, што быццам бы савецкая літаратура надта аднастайная, прыземленая, пазбаўленая вялікіх пазнавальных і эстэтычных магчымасцей. Паэзія пераконвае, што гэта не так, што творчыя патэнцыі савецкага мастацкага слова значныя, што ўдзельная вага творчай індывідуальнасці ў літаратуры надзвычай вырасла.

Аснову творчай індывідуальнасці паэта складае яскрава выяўлены лірычны характар, непаўторная чалавечая асоба. Яго ўплыў увесь час узрастае.

Пафас літаратуры — пазнанне чалавека. З гэтым звязаны яе сённяшнія дасягненні.

На пачатку XX ст. Я. Ф. Карскі, характарызуючы тагачасную беларускую паэзію, справядліва зазначыў, што ёй «яшчэ шмат застаецца зрабіць для абмалёўкі асобы з народа: нідзе не выяўлена ўсебакова душа беларуса. Чытач спытае, які ў яго маральны воблік, які пераважна ў яго характар, нават якое ў яго светаўспрыняцце, якімі ідэаламі ён жыве, як ён глядзіць на такую таямніцу назва якой жыццё».

На ўсе гэтыя пытанні наша паэзія паступова адказвае. Быў час, перыяд 20-30-х, нават 40-х гадоў, калі наша паэзія (і не толькі беларуская) несла на сабе некаторы адбітак аскетызму. Героі часта былі безуважлівыя да ўсяго таго, што называюць асабістым жыццём, бо вырашалі праблемы куды больш сур’ёзныя і першачарговыя. Сёння мы пераадолелі тыя гаспадарчыя цяжкасці, якія турбавалі краіну 30–40 гадоў назад, дасягнулі немалых поспехаў у задавальненні народных патрэб. Узняўся жыццёвы ўзровень савецкага чалавека, а разам з ім і запатрабаванні. Развіты сацыялізм паставіў у цэнтр грамадскага жыцця чалавечую асобу ў дыялектыцы яе ўзаемаадносін з грамадствам. Растуць духоўна-маральныя патрэбы чалавека — гэта аб’ектыўны працэс, які выяўляе тую заканамернасць сталага сацыялізма, што знайшла адлюстраванне ў новай Канстытуцыі СССР: «У адпаведнасці з камуністычным ідэалам „Свабоднае развіццё кожнага ёсць умова свабоднага развіцця ўсіх“ дзяржава ставіць сваёй мэтай пашырэнне рэальных магчымасцей для прымянення грамадзянамі сваіх творчых сіл, здольнасцей і дараванняў, для ўсебаковага развіцця асобы».

Для пісьменніка зразумець чалавечую асобу — значыць наблізіцца да разумення грамадства ў цэлым. Асабовы пачатак жывіць творчасць паэтаў.

Сёння, відаць, кожнаму літаратару стала ясна, што росквіт творчай індывідуальнасці немагчымы без страснага маральнага пошуку, спавядальнасці, без свайго — асабістага — адкрыцця агульнай ідэі часу.

У творчасці паэтаў сярэдняга пакалення адбываюцца працэсы насычэння сацыяльнымі матывамі, якія ўсё арганічней становяцца іх асабістымі перажываннямі. Падзейнасць страціла тую ролю, якую яна адыгрывала пятнаццаць — дваццаць год назад: душэўнае жыццё паэта выяўляе сябе больш непасрэдна, адкрыта.

Інтэнсіфікацыю лірычнага перажывання, давер да асабістага знаходзім таксама ў інтымнай лірыцы гэтага часу. Яна аказваецца ўнутрана вельмі ёмістай, каб перадаць радасць жыцця і прагу чалавека да маральнай дасканаласці.

Інтэлектуальныя магчымасці сучаснай асобы растуць. Паэзія роздуму якраз і з’яўляецца яркім праяўленнем інтэлектуальнага жыцця савецкага народа.

«Высокае імкненне мысліць у вершах, — зазначае А. Міхайлаў,— становіцца характэрнаю рысай творчага сталення. Што б там ні казалі і ні пісалі наконт інтэлектуалізму яго праціўнікі, але гэта асаблівасць духоўнага жыцця нашага грамадства ў наш час праяўляецца ў любой сферы дзейнасці. Калі ў буржуазным грамадстве інтэлектуалізм носіць элітны характар, а ў дэмакратычных „нізах“ насаджваецца антыінтэлектуалізм, то атмасфера жыцця ў нашым грамадстве ўсяляк садзейнічае інтэлектуальнаму ўзбагачэнню кожнага чалавека. Лірыка філасофскага роздуму — толькі адно з праяўленняў інтэлектуальнага жыцця савецкага грамадства» (Литературная газета, 1970, 24 чэрвеня).

Філасафічнасць у паэзіі не азначае разрыву з эмацыянальнасцю. Жывыя чалавечыя эмоцыі заўсёды ў ёй прысутнічаюць. Адначасова паэзія з’яўляецца адным са сведчанняў светапогляднай шырыні сацыяльна-грамадскіх даляглядаў мастацкага бачання.

Узмацненне маральнага пафасу, імкненне спасцігнуць праўду жыцця дапамагаюць вастрэй ставіць асабовую праблематыку. Паэзія аналізуе чалавека, яго сутнасць. Для яе ўласціва ўсё большае заглыбленне ў псіхалагічны «мікрасвет» чалавека. Паэзія пранікае ўсё глыбей у асобу, а праз яе — у сутнасць часу. Асоба, такім чынам, выступае як своеасаблівы інструмент паэтычнага выяўлення рэчаіснасці. «Нам перадаць імкнецца час усе свае прыкметы, пакуль пад сонцам круціць нас ганчарны круг планеты» (Р. Барадулін).

70-я гады — перыяд ускладнення, драматызацыі лірычнага адчування свету, павелічэння ёмістасці паэтычнага перажывання, якое ўключае ў сябе новыя універсальныя супярэчнасці часу. Чалавек, грамадства, прырода, гісторыя — менавіта ў сферы гэтых, ёмістых з’яў і паняццяў сучасная літаратура шукае сваю праблематыку.

Крыніцы ўзбагачэння мастацкага вопыту чалавека разнастайныя. «Коленая эпоха, — сцвярджаў французскі мастак Маціс, — непазбежна прыносіць з сабой сваё разуменне святла, сваё асаблівае адчуванне прасторы. Наша цывілізацыя нават тым, хто ніколі не рабіў самалётаў, надала новае разуменне неба, адчуванне працягласці прасторы».

А змены сацыяльныя? Хіба яны слаба ўплываюць на мастака? Пра лексіку кажуць, што яна першы паказчык, «лакмусавая папера», ўсялякіх змен, якія адбываюцца ў паэзіі. Ды гэта, відаць, і сапраўды так. Ужо адно параўнанне мовы сучасных беларускіх паэтаў з паэтычным маўленнем пачатку стагоддзя сведчыць пра значнасць пройдзенага шляху. Сімвалам беларускага жыцця-быцця некалі былі (у тым ліку і ў паэзіі) «саха», «каса», «лучына». На змену ім прыйшлі «трактар», «нафта», «транзістар». За два апошнія дзесяцігоддзі ў паэзію ўвайшло шмат новых слоў і паняццяў: касманаўт, кібернетыка, біясфера, генетыка, міжпланетная станцыя, многія навуковыя тэрміны — з хіміі, фізікі, біялогіі і г. д. У 60-я гады ў літаратуру, у вершы, улілася новая лексіка — мова вуліцы, народная стыхія, якая несла з сабой «пах жыцця», яго водар.

У сучаснай паэзіі, і не толькі ў творах, пра якія ідзе размова ў гэтай кнізе, адчуваецца старажытная традыцыя — дух сівых эпох, язычніцтва.

Жывая сувязь яднае гэта пакаленне з традыцыямі Я. Купалы, яго эстэтыкай і паэтыкай.

Перасыпаю сонечны пясок, Вучуся простай шчырасці                                  ў Купалы. На кросенцах,              дзе гукі не ступалі, Сную, не дыхаючы, паясок. (Д. Бічэль-Загнетава)

Выдатны савецкі літаратуразнаўца Міхаіл Бахцін адзначаў, што «твор мастацтва не можа жыць у будучых стагоддзях, калі ён не ўвабраў у сябе неяк і мінулыя стагоддзі. Калі б ён нарадзіўся ўвесь суцэльна сёння (гэта значыць, у сваёй сучаснасці), не працягваў бы мінулага і не быў бы з ім істотна звязаны, ён не мог бы жыць і ў будучым. Усё, што належыць толькі цяперашняму, памірае разам з ім».

Думка, выказаная М. Бахціным, мае вялікае метадалагічнае значэнне для асэнсавання заканамернасцей развіцця ўсёй літаратуры. У 60-я гады некаторым здавалася, што прагрэсіўны рух паэзіі звязаны з распадам традыцыйнай вершаванай формы і ўсталяваннем свабоднага верша — верлібра. Час паказаў, што ў паэзіі могуць творча суіснаваць, спаборнічаць розныя тыпы верша. Ясна адно: жыць без паэзіі нельга.

Умовы існавання і працы сучаснай паэзіі своеасаблівыя. Усе мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі вострай ідэалагічнай барацьбы двух сацыяльных светаў, у якой не можа не прыняць дзейснага ўдзелу паэзія, бо гэтая барацьба ў канчатковым выніку з’яўляецца змаганнем за чалавечыя душы, за перамогу разумнасці і дабра. І кожнаму чалавеку, а паэту ў першую чаргу, трэба дакладна адчуваць сваё месца ў гэтай складанай і адказнай палітычнай сітуацыі, калі справа ідзе пра лёс самых дарагіх для нас ідэалаў.

Паэты актыўна ўдзельнічаюць у гэтай барацьбе і вершамі прыцэльна-публіцыстычнага характару, і творамі, у якіх відзён рост духоўнага багацця савецкага чалавека.

Ёсць падставы спадзявацца на іх далейшыя поспехі.

Вогнішча ўсё больш разгараецца.

Оглавление

  • Уступ
  • Свет паэта (Аляксей Пысін)
  • Праўда перажытага (Еўдакія Лось)
  • Грамадзянскасць — якасць паэтычная (Ніл Гілевіч)
  • Абсягі сучаснасці (Пятрусь Макаль)
  • Свежасць першаадкрыцця (Рыгор Барадулін)
  • Вершы мае — пісьмы (Анатоль Вярцінскі)
  • Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін)
  • Арыенціры памяці (Васіль Зуёнак)
  • Атожылак долі сялянскай (Юрась Свірка)
  • Углядацца ў жыццё (Анатоль Грачанікаў)
  • Разгадваючы тайны быцця (Яўгенія Янішчыц)
  • Замест заключэння Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Ля аднаго вогнішча», Уладзімір Гніламёдаў

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства